Інстытут беларускай культуры

(Пасля перасылкі з Інбелкульт)

Інстытут беларускай культуры, скарочана Інбелкульт або ІБК — вышэйшая шматгаліновая навукова-даследчая ўстанова, першая ў гісторыі Беларусі. Інстытут быў заснаваны 30 студзеня 1922 у Мінску на базе Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР, і існаваў да 1928 года, калі быў ператвораны ў Беларускую акадэмію навук.

Інстытут беларускай культуры
Інбелкульт
Абрэвіятура ІБК
Штаб-кватэра Койданаўская вуліца (цяпер Рэвалюцыйная, 15), Мінск, Беларусь
Юрыдычны статус Урадавая ўстанова
Тып арганізацыі навуковая арганізацыя
Кіраўнікі
Старшыня Сцяпан Некрашэвіч (да 1924 года), Усевалад Ігнатоўскі
Заснаванне
Дата заснавання 22 студзеня 1922
Ліквідацыя
Дата скасавання 31 снежня 1928
Колькасць супрацоўнікаў 400 (1926 год)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Будынак у Мінску, у якім у 1922-28 гадах знаходзіўся Інбелкульт
(вул. Рэвалюцыйная, 15. У часы ІБК будынак меў адрас Койданаўская, 19)

Заснаванне

правіць
 
Навуковая камісія Інбелкульту, 1922 год. Сядзяць злева направа: Я. Купала, А. Круталевіч, Я. Лёсік, С. Некрашэвіч, У. Чаржынскі, В. Шэмпель, М. Байкоў. Стаяць злева направа: Міхаіл Грамыка, Лявон Більдзюкевіч, Часлаў Родзевіч, Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас), Кастусь Гадыцкі-Цвірка, Язэп Дыла.

У чэрвені 1921 пры НКА ствараецца Акадэмічны цэнтр. Адной з задач, пастаўленых перад ім, было кіраўніцтва ўстановамі, якія маюць за мэту навуковую работу, запрашэнне ў Беларусь і падрыхтоўку ўласных навуковых сіл[1].

На працягу 1921 года ў структуры Акадэмічнага цэнтра НКА БССР існавала 17 устаноў. Пад адзінаццатым нумарам у справаздачы пазначаны Інстытут беларускай культуры[2]. Дакумент з назвай «Звесткі аб дзейнасці ўстаноў НКА на 01.09.21 г.» інфармуе пра наяўнасць навуковых устаноў: «1. Інстытут беларускай культуры (арганізуецца)…». У іншым варыянце ў першым пункце адсутнічае слова «арганізуецца»[3]. За 1921 ІБК «зрабіў падрыхтоўчую работу да арганізацыі ўсіх беларускіх навуковых устаноў у адзін навукова-даследчы Інстытут беларускай культуры, які павінен адкрыць сваю дзейнасць у гэтым, 1922 г.»[4]

Інстытут беларускай культуры пачаў сваё існаванне на пачатку 1922 года, замяніўшы сабой Навукова-тэрміналагічную камісію[5]. У. М. Ігнатоўскі адзначаў, што у канцы 1921 года ІБК пачаў фактычнае існаванне, фармальна ІБК замацоўваецца ў пачатку 1922[6]. Вучоны сакратар М. М. Гуткоўскі ў кастрычніку 1921 адносіў да навуковых устаноў, адначасова з НТК, Інстытут беларускай і яўрэйскай культуры[7]. Паводле звестак, ІБК мусіў мець у сваім складзе 7 секцый. Аднак ствараюцца толькі дзве: этнолага-лінгвістычная (са слоўнікавай, тэрміналагічнай і літаратурна-даследчай камісіяй) і прыродазнаўчая (з геолага-глебазнаўчай камісіяй). У. М. Ігнатоўскі пісаў: «Інбелкульт у пачатку 1922 года ўпітвае ў сябе Тэрміналагічную камісію, каторая перастае існаваць самастойна»[8].

Арганізацыя працы

правіць

Першы статут ІБК пакуль не выяўлены, з-за кепскай захаванасці матэрыялаў 1920-х гадоў. Аднак некаторыя паведамленні таго часу даюць магчымасць скампанаваць інфармацыю, якая ўтрымлівае асноўныя палажэнні статута[9]. У распрацоўцы першага статута ІБК удзельнічалі У. І. Пічэта, Я. Ф. Карскі, З. Х. Жылуновіч (Цішка Гартны), Я. Л. Дыла.

Старшыні: С. М. Некрашэвіч (1922—1924), У. М. Ігнатоўскі (1924—1926, з 1927 прэзідэнт).

Першыя супрацоўнікі: У. В. Чаржынскі (сакратар ІБК), М. В. Азбукін, М. Я. Байкоў, Л. Більдзюкевіч, М. А. Грамыка, М. М. Гуткоўскі, К. М. Міцкевіч (Я. Колас), І. Д. Луцэвіч (Я. Купала), Ч. І. Родзевіч і іншыя.

З-за недахопу матэрыяльных сродкаў вёў даследаванні выключна ў галіне гуманітарных навук: распрацоўка практычных праблем беларускага мовазнаўства, вывучэнне беларускай літаратуры, мастацтва, гісторыі, этнаграфіі, фальклору. У 1923—1924 створаны агранамічная, прыродазнаўчая і медыцынская секцыі. У канцы 1923 на правах пастаяннай камісіі створана Цэнтральнае Бюро краязнаўства. У сакавіку 1924 арганізаваны секцыі этнаграфіі і геаграфіі, мастацтва, права, педагогіка, медыка-ветэрынарная, сацыяльна-эканамічная.

У ліпені 1924 ЦВК і СНК БССР зацвердзілі «Палажэнне аб Інстытуце беларускай культуры», паводле якога ІБК прызнаваўся вышэйшай дзяржаўнай навуковай установай Беларусі. У 1925 у склад ІБК увайшла камісія па вывучэнню прыродных прадукцыйных сіл Беларусі (створана ў 1923 Дзяржпланам БССР), арганізаваны яўрэйскі і польскі аддзелы. У 1926 ІБК вылучаны са складу Наркамасветы БССР і ператвораны ў самастойную навуковую ўстанову пры СНК БССР. На 1 ліпеня 1926 у інстытуце працавала 77 правадзейных членаў, 69 членаў-супрацоўнікаў і 60 членаў-карэспандэнтаў. У яго дзейнасці ўдзельнічалі каля 200 супрацоўнікаў ВНУ.

 
Група беларускіх пісьменнікаў і літаратуразнаўцаў — членаў Інстытута беларускай культуры ў Доме культуры на Фантанцы: у 1-ым радзе — М. Азбукін, У. Чаржынскі; у 2-ім радзе — Ч. Родзевіч, В. Міхальскі, С. Некрашэвіч, Я. Купала, Я. Колас; у 3-ім радзе — А. Круталевіч, М. Гуткоўскі, М. Грамыка. Ленінград (Санкт-Пецярбург), Расія. 1926 год.

У чэрвені 1927 зацверджаны новы статут ІБК. Структура інстытута была набліжана да акадэмічнай. Уключала 2 аддзелы: гуманітарных навук (кіраўнік Некрашэвіч), прыроды і гаспадаркі (кіраўнік А. А. Смоліч). Створана аспірантура. У лістападзе 1927 СНК БССР зацвердзіў склад прэзідыума ІБК: У. М. Ігнатоўскі (прэзідэнт), М. І. Бялуга (віцэ-прэзідэнт), В. Ю. Ластоўскі (сакратар), С. М. Некрашэвіч, С. Л. Гельтман (загадчык польскага сектара), Б. М. Аршанскі (загадчык яўрэйскага сектара) і 14 правадзейных членаў ІБК: Ігнатоўскі (кафедра гісторыі Беларусі), Ластоўскі (кафедра этнаграфіі), Пічэта (кафедра гісторыі права і гаспадаркі Беларусі), А. М. Ясінскі (кафедра ўсеагульнай гісторыі), С. Ю. Матулайціс (кафедра гісторыі Літвы), С. М. Некрашэвіч (кафедра жывой беларускай мовы), Я. Ю. Лёсік (кафедра беларускай навуковай мовы), І. І. Замоцін (кафедра беларускай літаратуры), Я. Купала, Я. Колас, Ц. Гартны (Жылуновіч, кафедра мастацкай літаратуры), М. Ф. Бліадухо (кафедра геалогіі), Смоліч (кафедра геаграфіі), Я. М. Афанасьеў (кафедра глебазнаўства). Працавалі кафедры: гісторыі беларускай мовы (з камісіяй па складанні гістарычнага слоўніка беларускай мовы), жывой беларускай мовы (з камісіямі па складанні слоўніка жывой беларускай мовы), дыялекталагічная (па вывучэнні беларускіх дыялектаў, у складзе кафедры Інстытута навуковай мовы), агульнай гісторыі, гісторыі Беларусі (з камісіямі па вывучэнні грамадскага руху на Беларусі, гісторыі гарадоў і краін Беларусі, гісторыі асветы на Беларусі), гісторыі беларускага права (з археаграфічнай камісіяй), гісторыі народнай гаспадаркі Беларусі, археалогіі Беларусі, этнаграфіі Беларусі (з фальклорнай камісіяй), гісторыі Літвы, глебазнаўства, батанікі (з батанічнай камісіяй і Батанічным садам каля Віцебска), заалогіі (з заалагічным музеем), геаграфіі (з камісіямі геаграфіі і картаграфіі, па складанні геаграфічнага слоўніка Беларусі), хіміі (з Цэнтральнай хімічнай лабараторыяй), антрапалогіі (з лабараторыяй вышэйшай нервнай дзейнасці і антрапалагічным кабінетам), біялогіі (з лабараторыяй эксперыментальнай біялогіі), Інстытут беларускага мастацтва (з камісіямі па вывучэнні гісторыі беларускага мастацтва, беларускага тэатра, беларускай песні і музыкі, музеем беларускага мастацтва), геалагічны інстытут (з секцыяй рэгіянальнай геалогіі). Дзейнічалі камісіі: бібліяграфічная, вайскова-тэрміналагічная, па вывучэнні Заходняй Беларусі, па вывучэнні культуры латышоў, па вывучэнні прамысловасці, па вывучэнні хатніх рамёстваў, па вывучэнні кааперацыі. У сістэму ІБК уваходзілі таксама навуковае таварыства па вывучэнні Беларусі (пры Беларускай сельска-гаспадарчай акадэміі), бібліятэка, друкарня.

Інстытут разгарнуў значную работу ў галіне геалогіі, глебазнаўства, геабатанікі, геаграфіі, геафізікі, хіміі, вывучэння прыродных рэсурсаў Беларусі. Прыродазнаўчая секцыя даследавала прыроду рэспублікі. Яе экспедыцыі адкрылі паклады фасфарытаў, керамічнай і вогнетрывалай гліны, бурага вугалю, кварцавага пяску, наблізіліся да адкрыцця нафты.

У 1924 секцыя правяла 1-ю Усебеларускую глебазнаўчую канферэнцыю, на якой быў вызначаны план наступных даследаванняў глеб Беларусі. Даследаваліся геаграфія і генезіс глеб, іх урадлівасць. Да 1931 г. былі абследаваны глебы ўсёй рэспублікі і складзена яе зводная глебавая карта. Даследавалася флора і фаўна. У 1923—1928 гг. ІБК арганізаваў шматлікія геабатанічныя экспедыцыі (удзельнічалі В. П. Аўрамчык, Н. А. Збітнеўскі, В. А. Міхайлоўская, В. С. Палянская і іншыя). У выніку з’явіліся работы з апісаннем расліннасці па раёнах рэспублікі. Пад рэдакцыяй Н. П. Кузняцова была складзена геабатанічная карта, Палянская апублікавала спіс 150 найбольш важных відаў раслін і карту іх распаўсюджання ў Беларусі. А. У. Фядзюшын (кіраваў секцыяй заалогіі) даследаваў фаўну рэспублікі. Матэрыялы флоры, фаўны і геалогіі Беларусі былі прадстаўлены ў музеі прыроды (меў заалагічны, батанічны і глебавы аддзелы).

З 1927 г. кафедра геаграфіі вывучала эканамічнае раянаванне рэспублікі і рыхтавала поўнае геаграфічнае апісанне Беларусі. Метэаралагічнае бюро (у складзе прыродазнаўчай секцыі) мела сетку метэастанцый і вяло вывучэнне клімату Беларусі. У 1927 годзе пад кіраўніцтвам А. І. Кайгародава была завершана работа над «Кліматычным атласам Беларусі», які падрыхтавала кафедра метэаралогіі Беларускай сельска-гаспадарчай акадэміі. Медыцынская секцыя вывучала спецыфічныя хваробы Беларусі, санітарны стан вёскі і лекавыя крыніцы рэспублікі. Сельска-гаспадарчая секцыя вывучала сельска-гаспадарчую гаспадарку і распрацоўвала шляхі яе рацыяналізацыі і ўдасканалення. Цэнтральнае бюро краязнаўства пры прэзідыуме ІБК кіравала шырока разгорнутай краязнаўчай работай.

Да канца 1929 года ў Беларусі было 8 акруговых, 100 раённых, 96 мясцовых, 97 школьных і краязнаўчых таварыстваў ВНУ з 10 500 членаў. Краязнаўцы сабралі вялізарны матэрыял, выдалі каля 20 папулярных прац. З 1925 выходзіў часопіс «Наш край», які адыграў важную ролю ў вывучэнні роднага краю. ІБК правёў Першую Усебеларускую краязнаўчую канферэнцыю, Першы з’езд даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі, Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926). Падтрымліваў сувязі з АН СССР, АН УССР, замежнымі даследчымі навуковымі ўстановамі.

 

13 кастрычніка 1928 пастановай ЦВК і СНК БССР рэарганізаваны ў АН БССР.

Выданні Інбелкульта

правіць
 
«Экслібрыс Інбелкульта». Мастак Павел Гуткоўскі
  • «Беларуска-расійскі слоўнік» Байкова і Некрашэвіча (1925)
  • «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925» (1926)
  • «Сацыялістычны рух на Беларусі ў пракламацыях 1905 г.» (1927)
  • «Беларуская этнаграфія ў доследах і матэрыялах» (кнігі 1-5, 1926—1928)
  • «Працы і матэрыялы да гісторыі і археалогіі Беларусі» (кнігі 1-3, 1926—1927)
  • «Беларускі архіў» (том 1 — 2, 1927—1928)
  • «Матэрыялы да вывучэння флоры і фауны Беларусі» (том 1 — 2, 1927—1928)
  • «Нарысы гісторыі беларускай літаратуры» М. М. Піятуховіча (часць 1, 1928)
  • «Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва» М. М. Шчакаціхіна (том 1, 1928)
  • «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» П. А. Бузука (часць 1, выпуск 1, 1928)
  • «Дынаміка і геаграфічнае распаўсюджванне паляўнічай фауны БССР» А. У. Фядзюшына (1929)
  • «Матэрыялы да геаграфіі і статыстыкі Беларусі» (том 1 — 2, 1928—1929)
  • Творы М. Багдановіча (том 1 — 2, 1927—1928)
  • «Матчын дар: Думы і песні 1907—1914» А. Гаруна (1929) і іншае.

Інбелкультам выдаваліся «Запіскі аддзела гуманітарных навук», «Запіскі аддзела прыроды і народнай гаспадаркі»; выйшлі 24 выпускі «Беларускай навуковай тэрміналогіі» (1922—1930), «Працы Першай Усебеларускай глебазнаўчай канферэнцыі, 16 — 17 красавіка 1924 г.» (1926), «Працы першага з’езду даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі, 17 — 18 студзеня 1926 г.» (кніга 1, 1926), «Працы Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі»(1927).

Правадзейныя члены Інстытута беларускай культуры 1922 года

правіць

Правадзейныя члены Інстытута беларускай культуры, абраныя ў адпаведнасці са статутам 1922 года[10]:

Правадзейныя члены Інстытута беларускай культуры 1927 года

правіць

Правадзейныя члены Інстытута беларускай культуры, абраныя ў адпаведнасці са статутам інстытута 1927 года[11]:

Зноскі

  1. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей — НАРБ). Ф. 42. Воп. 1. Спр. 535. Арк. 4; Петрыкаў, П. Ц. Інстытут беларускай культуры — 70 гадоў / П. Ц. Петрыкаў // Весці АН Беларусі. Серыя гуманітарных навук. — 1992. — № 5 — 6. — С. 54.
  2. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей — НАРБ). Ф. 42. Воп. 1. Спр. 519. Арк. 40; Петрыкаў, П. Ц. Інстытут беларускай культуры — 70 гадоў… — С. 54.
  3. НАРБ. Ф. 42. Воп. 1. Спр. 100. Арк. 4 адв.
  4. НАРБ). Ф. 42. Воп. 1. Спр. 519. Арк. 40; Петрыкаў, П. Ц. Інстытут беларускай культуры — 70 гадоў… — С. 55.
  5. Белорусская Советская Социалистическая Республика: [История, география, экономика, культура / Предисл. И. А. Адамовича]. — Мн.: Изд. СНК БССР, 1927. — VII, 528 с. — С. 422.
  6. Ігнатоўскі У. Старонка з гісторыі культурнага будаўніцтва ў БССР // Бальшавік Беларусі. — 1928. — № 12. — С. 11 — 12.
  7. Академический центр Наркомпроса ССРБ // Вестник Наркомпроса ССРБ. — 1921. — № 2. — С. 19.
  8. Ігнатоўскі У. Старонка з гісторыі культурнага будаўніцтва ў БССР… — С. 11.
  9. Вестник Наркомпроса БССР. — 1921. — № 2. — С. 33—34; С. Н. [Нкрашэвіч С. М.] Іінстытут беларускай культуры // Вестник Наркомпроса БССР. — 1921. — № 3—4. — С. 13
  10. Інстытут беларускай культуры / АН Беларусі, Ін-т гісторыі; М. П. Касцюк, П. Ц. Петрыкаў, М. У. Токараў і інш; Рэдкал.: М. А. Барысевіч (старш.), М. У. Токараў (адк. сакратар). — Мн.: Навука і тэхніка, 1993. — 255 сс.: іл. — С. 252. — ISBN 5-343-01034-2
  11. Інстытут беларускай культуры / АН Беларусі, Ін-т гісторыі; М. П. Касцюк, П. Ц. Петрыкаў, М. У. Токараў і інш; Рэдкал.: М. А. Барысевіч (старш.), М. У. Токараў (адк. сакратар). — Мн.: Навука і тэхніка, 1993. — 255 сс.: іл. — С. 254. — ISBN 5-343-01034-2

Гл. таксама

правіць