Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі

Інстытут генетыкі і цыталогіі (англ.: Institute of Genetics and Cytology), скарочана ІГІЦ НАНБ — навукова-даследчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заснаваная ў кастрычніку 1965 года[1].

Інстытут генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Міжнародная назва Institute of Genetics and Cytology of the National Academy of Sciences of Belarus
Заснаваны 1965
Дырэктар Людміла Эдуардаўна Макарына-Кібак
Супрацоўнікаў
  • 130 чал. (2018)
Аспірантура спецыяльнасці: 03.01.06 Біятэхналогія; 03.01.07 Малекулярная генетыка; 03.02.07 Генетыка
Дактарантура па спецыяльнасці: 03.01.06 Біятэхналогія; 03.01.07 Малекулярная генетыка; 03.02.07 Генетыка
Размяшчэнне Сцяг Беларусі Беларусь, Мінск, Першамайскі раён, вул. Акадэмічная, д. 27
Сайт igc.by (руск.)(англ.)
Узнагароды
Дзяржаўная прэмія БССР Дзяржаўная прэмія БССР Дзяржаўная прэмія БССР

На 2018 год кірункамі дзейнасці Інстытута было: вывучэнне структурна-функцыянальнай арганізацыі геномаў раслін, жывёл, мікраарганізмаў і чалавека; генетычная і клетачная інжынерыя; распрацоўка генетычных асноў адбору раслін, жывёл і мікраарганізмаў; стварэнне выніковых геномных біятэхналогій для сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, спорту і аховы навакольнага асяроддзя; вывучэнне пытанняў біябяспекі, захавання генетычных рэсурсаў і нагляд за іх выкарыстаннем. Ажыццяўляўся прыём у аспірантуру па 3-х спецыяльнасцях: генетыка, малекулярная генетыка і біятэхналогія. У дактарантуру прымалі па спецыяльнасці генетыка[2]. На 2023 год у ІГЦ працавала звыш 155 даследчыкаў, з іх 2 акадэмікі, 3 члены-карэспандэнты, 8 дактароў навук і 40 кандыдатаў навук[2]. З 2005 года Інстытут штогод выдаваў па-руску зборнік навуковых прац «Малекулярная і дастасоўная генетыка» (ISSN 1999-9127)[3]. Міжнародныя даследаванні ажыццяўляліся сумесна з 33 установамі з 11 краін:

Структура

На 2023 год Інстытут генетыкі і цыталогіі ўключаў:

  • 8 лабараторый — 1) экалагічнай генетыкі і біятэхналогіі, 2) генетычнай і клетачнай інжынерыі, 3) цытагеномікі раслін, 4) нехрамасомнай спадчыннасці, 5) малекулярнай генетыкі, 6) генетыкі чалавека, 7) генетыкі жывёл, 8) малекулярных асноў стабільнасці геному;
  • групу біяінфарматыкі
  • 2 Нацыянальныя каардынацыйныя цэнтры — біябяспекі і генетычных рэсурсаў;
  • Цэнтр калектыўнага карыстання «Геном»;
  • Аддзел навукова-інавацыйнай працы;
  • Рэспубліканскі цэнтр геномных біятэхналогій;
  • Рэспубліканскі банк ДНК чалавека, жывёл, раслін і мікраарганізмаў[2].

Паслугі

На 2018 год Інстытут генетыкі і цыталогіі аказваў наступныя паслугі:

  • аналіз харчовай сыравіны і прадуктаў харчавання на ўтрыманне генетычна мадыфікаваных інгрэдыентаў (ГМІ);
  • аналіз відавой прыналежнасці мясных складнікаў;
  • ДНК-пашпартызацыя і ДНК-пазначэнне сельскагаспадарчых раслін, жывёл і мікраарганізмаў па гаспадарча-карысных прыкметах;
  • генетычнае ўсталяванне відавой прыналежнасці асятровых;
  • ДНК-выпрабаванне схільнасці чалавека да спадчынных захворванняў;
  • аналіз генаў, адказных за індывідуальныя асаблівасці чалавека (спартыўная паспяховасць і адчувальнасць да лекаў);
  • аналіз фрагментацыі ДНК сперматазоідаў;
  • распрацоўка і ацэнка нарматыўна-прававой базы ў галіне біябяспекі;
  • правядзенне семінараў і кансультацый па пытаннях бяспекі генна-інжынернай дзейнасці;
  • садзейнічанне доступу да генетычных рэсурсаў і сумеснага выкарыстання выгод[2].

Гісторыя

У кастрычніку 1965 года стварылі Інстытут генетыкі і цыталогіі (ІГЦ) на аснове Аддзела генетыкі і цыталогіі Акадэміі навук БССР[5], заснаванага ў 1963 годзе разам з адпаведнай аспірантурай. У Інстытуце працавалі акадэмікі Антон Жэбрак, Пётр Ракіцкі і Мікалай Турбін, члены-карэспандэнты А. М. Іпацьеў і Уладзімір Саўчанка. У 1989 годзе ў Інстытуце з’явілася дактарантура. За савецкім часам даследаванні і распрацоўкі супрацоўнікаў ІГЦ адзначылі Дзяржаўнай прэміяй БССР (1974, 1984) і прэміяй Камсамолу БССР (1990). На 1998 год у ІГЦ працавалі акадэмікі Мікалай Картэль і Любоў Хатылёва, член-карэспандэнт Усавалад Борматаў і 13 дактароў навук. Дзейнічалі: аддзел навуковай інфармацыі і інфарматыкі; селекцыйна-генетычны комплекс, які да 1989 года быў біялагічнай доследнай станцыяй; 10 лабяраторый — 1) малекулярнай генетыкі, 2) гетэрозісу і генетыкі колькасных прыкмет, 3) генетыкі збожжавых культур, 4) мутагенезу, 5) цытагенетыкі раслін, 6) антымутагенезу, 7) агульнай цытагенетыкі, 8) радыяцыйнай генетыкі, 9) нехрамасомнай спадчыннасці, 10) генетыкі фітаімунітэту[6].

Да 1998 года асноўнымі кірункамі даследаванняў Інстытута былі: генетычныя асновы селекцыі (гетэрозіс, поліпляідыя, нехрамасомная спадчыннасць і генетыка імунітэту), індукаваны і спанданны мутагенез, антымутагенез, радыяцыйная генетыка, генетычная і клетачная інжынерыя, матэматычная генетыка. У выніку даследавання палепшылі разуменне гетэрозісу, склалі гіпотэзу ўзаемадзеяння ядзерных генаў і плазмагенаў пры цытаплазматычнай мужчынскай стэрыльнасці. Удалося даказаць важкасць цытаплазматычных спадчынных структур для ўстойлівасці раслін да хвароб, вывучыць генетычныя заканамернасці арганізацыі і выяўлення геномаў раслін. Стварылі арыгінальныя генетычныя зборы збожжавых, зерне-бабовых культур і бульбы. Атрымалі гетэрозісныя гібрыды кукурузы, азімага жыта, цукровых буракоў, ільну, яравой пшаніцы, ячменю і трыцікале. Раянавалі новыя гатункі цукровых буракоў, соі і цяплічных таматаў. Вынікі даследаванняў пра эколага-генетычныя наступствы Чарнобыльскай катастрофы перадалі ў Дзяржкамчарнобыль[6]. За распрацоўкі супрацоўнікаў ІГЦ узнагароджвалі Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь (2002), прэміямі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1993, 1999, 2001, 2003 і 2011) і прэміяй Капцюга (2007)[7].

Адразу пасля 9 жніўня 2020 года з Інстытута генетыкі і цыталогіі былі звольнены трое супрацоўнікаў за ўдзел у пратэстах[8]. Улетку 2021 года да звальнення «са згоды бакоў» вымушаны адначасова некалькі сяброў Свабоднага прафсаюза Беларускага: старшыня першаснай арганізацыі Ксенія Панцялей, скарбнік Аляксандра Носава, кантралёр-рэвізор Ілона Сахарута, сябры Марына Багданава і Марына Шаптурэнка. Таксама пра непадаўджэнне кантракту паведамілі Алене Аксёнавай[8].

Кіраўнікі

Зноскі

  1. Лён 2009, с. 50-51.
  2. а б в г Аб інстытуце(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 1 кастрычніка 2023. Праверана 1 снежня 2023.
  3. Зборнік навуковых прац (руск.)(недаступная спасылка). Інстытут генетыкі і цыталогіі (3 чэрвеня 2018). Архівавана з першакрыніцы 27 кастрычніка 2018. Праверана 22 жніўня 2018.
  4. Нашыя партнёры (руск.)(недаступная спасылка). Інстытут генетыкі і цыталогіі (3 чэрвеня 2018). Праверана 22 жніўня 2018.
  5. Постановление № 115 Совета Министров БССР от 19 марта 1965 г.«Об организации Института генетики и цитологии Академии наук БССР»
  6. а б Мікалай Картэль. Інстытут генетыкі і цыталогіі // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7. — С. 267. — 608 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0130-3.
  7. Галоўная старонка (руск.)(недаступная спасылка). Інстытут генетыкі і цыталогіі (3 чэрвеня 2018). Архівавана з першакрыніцы 21 кастрычніка 2018. Праверана 22 жніўня 2018.
  8. а б Незалежны прафсаюз заявіў пра звальненьні ягоных сябраў у Акадэміі навук. 4 ліпень 2021 Архівавана 9 ліпеня 2021.
  9. Кадровые изменения
  10. Навука. — 2024. — 26 сакавіка. — С.2

Літаратура

  • Лён (руск.) / сост. Л. В. Ловчая; под общ. ред. И. А. Голуба; худож. В. В. Котович. — Минск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2009. — 168 с.: ил..

Спасылкі