Інстытут цепла- і масаабмену імя А. В. Лыкава НАН Беларусі
Інстытут цепла- і масаабмену імя Аляксея Лыкава (руск.: Институт тепло- и массообмена имени А.В. Лыкова НАН Беларуси) — даследчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заснаваная ў верасні 1952 года пад назвай Інстытут энергетыкі.
Інстытут цепла- і масаабмену імя А. В. Лыкава НАН Беларусі | |
---|---|
руск.: Институт тепло- и массообмена имени А.В. Лыкова НАН Беларуси | |
Абрэвіятура | ІЦМА |
Краіна | |
Адрас | Мінск, Першамайскі раён, вул. П.Броўкі, д. 15 |
Юрыдычны статус | дзяржаўная ўстанова |
Мэта | стварэнне энергаашчаднага абсталявання |
Тып арганізацыі | навуковая |
Кіраўнікі | |
Кіраўнік | Алег Глебавіч Пенязькоў |
Намеснік па інавацыйнай дзейнасці | Валянцін Асташынскі |
Намеснік па навуковай працы | Ігар Ігнаценка |
Навуковая сакратарка | Святлана Данілава-Трацяк |
Заснаванне | |
Дата заснавання | 5 верасня 1952 |
Колішняя назва | Інстытут энергетыкі (да 1963 года) |
Колькасць супрацоўнікаў | 600 (2010 г.) |
Асноўныя асобы | Сяргей Антонавіч Чыжык, Валянцін Аляксеевіч Барадуля, Павел Сямёнавіч Грынчук і Мікалай Уладзіміравіч Паўлюкевіч[2] |
Матчыная арганізацыя | Нацыянальная акадэмія навук Беларусі |
Даччыныя арганізацыі | Навукова-даследчы цэнтр праблем рэсурсазберажэння (Гродна) |
Папярэднік | энергетычны сектар Інстытута торфу |
Узнагароды | |
itmo.by |
На 2018 год ІЦМА ажыццяўляў набор у аспірантуру па 4 спецыяльнасцях: 1) механіка газу, вадкасці і плазмы; 2) цеплафізіка і тэарэтычная цеплатэхніка; 3) хімічная фізіка, гарэнне і выбух, фізіка крайніх станаў рэчыва; 4) прамысловая цеплаэнергетыка. У дактарантуру набіралі па 2 спецыяльнасцях: 1) цеплафізіка і тэарэтычная цеплатэхніка; 2) прамысловая цеплаэнергетыка. Інстытут ажыццяўляў: 1) распрацоўку энергаашчадных прылад цеплаабмену; 2) распрацоўку абсталявання на плазменных тэхналогіях; 3) выраб доследнага абсталявання ў галіне фізікі гарэння; 4) распрацоўку абсталявання для перапрацоўкі адкідаў; 5) распрацоўку абсталявання для атрымання нанаматэрыялаў; 6) выраб топак і кацельняў, цеплаабменнікаў на цеплавых трубах, цеплавых помпаў і халадзільнікаў[3]. З 1958 года Інстытут выдаваў па-руску «Інжынерна-фізічны часопіс» (ISSN 0021-0285), які ў Нідэрландах выходзіў у англамоўнай рэдакцыі.
Структура
правіцьНа 2018 год Інстытут цепла- і масаабмену імя Аляксея Лыкава ўключаў Гродзенскі філіял «Навукова-даследчы цэнтр праблем рэсурсазберажэння» і 6 аддзяленняў: 1) энергетычных сістэм, 2) фізікі і хіміі нераўнаважных асяроддзяў, 3) цеплаабмену і механікі мікра- і нанапамерных сістэм, 4) матэматычнага мадэлявання, 5) фізікі плазмы і плазменных тэхналогій, 6) інфармацыйных сістэм[3].
У 2021 годзе ў складзе Інстытута — 5 аддзяленняў: 1) цеплафізікі, 2) фізікі і хіміі нераўнаважных асяроддзяў, 3) цеплаабмену і механікі мікра- і нанапамерных сістэм, 4) матэматычнага мадэлявання, 5) фізікі плазмы і плазменных тэхналогій.[4]
Гісторыя
правіць5 верасня 1952 года Акадэмія навук БССР зацвердзіла Загад № 427 аб заснаванні Інстытуту энергетыкі на аснове энергетычнага сектару (існаваў з 1946 года) Інстытута торфу. Адразу пачала працаваць аспірантура. У канцы 1950-х — пачатку 1960-х гадоў Інстытут праводзіў даследаванні ў галіне касмічнай і авіяцыйнай тэхнікі, ядзернай энергетыкі, стварэння цепламасаабменных спосабаў і прылад гаспадарчага прызначэння. У Інстытуце правялі даследаванні ўзаемазвязанага цепла- і масаабмену ў капілярна-порыстым целе, дысперснай сістэме, рэалагічным асяроддзі, аэратэрмааптычным прыстасаванні і генератары нізкатэмпературнай плазмы. У 1963 годзе назву змянілі на Інстытут цепла- і масаабмену (ІЦМА). 22 чэрвеня 1965 года з ІЦМА вылучылі Інстытут ядзернай энергетыкі. Таксама са складу ІЦМА ўтварылі Інстытут водных праблем і філіял Энергетычнага інстытута імя Глеба Крыжаноўскага, які з 1986 года стаў Беларускім навукова-даследчым цеплаэнергетычным інстытутам. У 1969 годзе ІЦМА атрымаў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР. У ІЦМА сфармулявалі ўраўненні для апісання пераносу энергіі і рэчыва ў асяроддзі пры фазавым і хімічным пераўтварэнні, знешнім уздзеянні і ва ўмовах патоку. У 1975 годзе ІЦМА надалі імя Аляксея Лыкава. У ІЦМА працаваў акадэмік Міхаіл Ельяшэвіч, члены-карэспандэнты С. С. Забродскі і Б. М. Смольскі[5].
У 1977 годзе Вярхоўны Савет БССР узнагародзіў ІЦМА Ганаровай граматай. У Інстытуце прапанавалі дыферэнцыяльныя ўраўненні ўзаемазвязанага цеплапераносу для апісання кінетыкі хімічных працэсаў, апісалі заканамернасці пераносу энергіі і рэчыва. У 1980 годзе супрацоўнікі Інстытуту атрымалі Дзяржаўную прэмію Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі. У 1982 і 1983 гадах — прэміі Савета міністраў СССР. У 1991 годзе з’явілася дактарантура. У 1992 годзе супрацоўнікаў ІЦМА ўзнагародзілі Дзяржаўнай прэміяй Беларусі ў галіне навукі. На 1998 год у складзе Інстытуту працавала: 22 лабараторыі, канструктарска-тэхналагічныя падраздзяленні і доследная вытворчасць. Інстытут выдаваў па-руску «Інжынерна-фізічны часопіс», які перакладалі на англійскую для краін Заходняй Еўропы і ЗША. Асноўнымі кірункамі даследаванняў былі: цеплаперадача і масаперанос у капілярна-порыстым целе, дысперснай сістэме, рэалагічным асяроддзі, турбулентным неаднародным патоку, нізкатэмпературнай плазме і пры ўзаемадзеянні выпрамянення з рэчывам; прылады і спосабы сушкі; плазменныя распрацоўкі; энергазберагальныя спосабы цепламасаабмену, прылады выяўлення цеплавых працэсаў і дынамікі вадкасцей і газаў; энергазберажэнне і навуковыя асновы энергетыкі; спальванне цвёрдага паліва і адкідаў; высокадакладнае паліраванне оптыкі і керамікі; цеплавыя працэсы ў жывых арганізмах у справе медыцыны; мембранны масаперанос; цеплаабменнік на цеплавых трубах, цеплавая помпа і лядоўневае абсталяванне; цеплафізічныя ўласцівасці рэчываў; цепламасаабмен у нераўнаважнай сістэме; ачыстка газавых выкідаў і вадкага асяроддзя; прамочванне шпалы і драўніны; распрацоўка цеплаабменных спосабаў і прылад, навуковых асноў геліятэхнікі і геліяэнергетыкі. На 1998 год у ІЦМА працавалі Б. А. Калавандзін і А. Г. Шашкоў, члены-карэспандэнты Н. М. Дарожкін і Мікалай Уладзіміравіч Паўлюкевіч[5].
Кіраўнікі
правіць- Іван Валошын (1952—1956)
- Аляксей Лыкаў (1956—1965)
- Андрэй Красін (1965—1976)
- Рэм Салавухін (1976—1987)
- Алег Мартыненка (1987—2003)
- Уладзімір Цімашпольскі (2003—2005)
- Сяргей Жданок (2005—2009)
- Анатоль Русецкі (2009—2010)
- Алег Глебавіч Пенязькоў (з 2011 года)
Зноскі
- ↑ а б GRID Release 2017-05-22 — 2017-05-22 — 2017. — doi:10.6084/M9.FIGSHARE.5032286
- ↑ "Навуковая рада"(руск.). Інстытут цепла- і масаабмену імя Аляксея Лыкава. 2018. Праверана 23 верасня 2018.
- ↑ а б Арганізацыі Аддзялення фізіка-тэхнічных навук (Інстытут цепла- і масаабмену) . Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (21 жніўня 2018). Праверана 23 верасня 2018.
- ↑ [1]
- ↑ а б Уладзімір Драгун. Інстытут цепла- і масаабмену імя А. В.Лыкава // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
Спасылкі
правіць- Кантакты (руск.). Інстытут цепла- і масаабмену імя Аляксея Лыкава (4 кастрычніка 2018). Праверана 23 верасня 2018.
- Распрацоўкі (руск.)
- Доследнае абсталяванне (руск.)
- «Інжынерна-фізічны часопіс» (руск.)