Інтэрвенцыя Арганізацыі Варшаўскага дагавора ў Чэхаславакію

Інтэрвенцыя Арганізацыі Варшаўскага дагавора ў Чэхаславакію — увод войскаў Варшаўскай дамовы (акрамя Румыніі) у Чэхаславакію, які пачаўся 21 жніўня 1968 года і паклаў канец рэформам Пражскай вясны.

Перадгісторыя правіць

У 1968 годзе ў Чэхаславакіі адбыліся падзеі, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай Пражская вясна — гэта быў перыяд дэмакратычных рэформаў, пашырэння правоў і свабод грамадзян, аслаблення цэнзуры. Курс на рэформы быў узяты кіраўніцтвам Камуністычнай партыі Чэхаславакіі на чале з Аляксандрам Дубчакам. Ён абвесціў сваёй мэтай пабудаваць «сацыялізм з чалавечым тварам» — то бок без рэпрэсій і таталітарызму. Палітыка Дубчака атрымала шырокую падтрымку ў грамадстве.

Гэты рух быў абсалютна мірны, не ішло гаворкі пра адхіленне ад улады камуністаў, забарону партыі і органаў дзяржбяспекі. Але кіраўніцтва СССР і іх хаўруснікаў па Варшаўскаму блоку разглядалі дэмакратычныя рэформы як пагрозу камуністычнай сістэме ў цэлым, яны лічылі падзеі ў Чэхаславакіі «паўзучай кантрэвалюцыяй».

Ход падзей правіць

 
Савецкія танкі ў Празе

Пражская вясна была здушаная ваеннай інтэрвенцыяй СССР і іх хаўруснікаў ва Усходняй Еўропе, якая распачалася 21 жніўня. У Чэхаславакію ў межах аперацыі «Дунай» было ўведзена 300 тысяч жаўнераў і 7 тысяч танкаў (у асноўным гэта былі савецкія войскі).

Савецкая прапаганда тлумачыла, што СССР і іншыя саюзныя краіны «задаволілі просьбу партыйных і дзяржаўных дзеячаў ЧССР аб аказанні неадкладнай дапамогі чэхаславацкаму народу», але гэта была хлусня. Дубчак і яго паплечнікі былі ўзятыя пад варту савецкімі жаўнерамі. Іх сілай вывезлі ў Маскву, дзе 26 жніўня прымусілі падпісаць Маскоўскі пратакол. Дакумент прадугледжваў згортванне рэформаў і размяшчэнне савецкіх войскаў у Чэхаславакіі на пастаяннай аснове. Дубчака адпусцілі, але на пасадзе кіраўніка КПЧ яго замянілі на цалкам лаяльнага Маскве Густава Гусака.

Жыхары Чэхаславакіі спрабавалі арганізаваць грамадзянскі супраціў замежнай агрэсіі, будавалі барыкады ў гарадах, ладзілі акцыі непадпарадкавання, адмаўлялі акупантам у прадуктах. У некаторых выпадках пратэстоўцы кідалі ў бранятэхніку «кактэйлі Молатава», але ўзброенага супраціву акупацыі не было. Чэхаславацкая армія засталася ў казармах.

Вынікі правіць

Падчас уварвання былі забіты ад 108 да 400 мірных жыхароў. Звыш за паўсотні чалавек загінулі ў будынку Чэшскага радыё ў Празе, дзе пратэстоўцы спрабавалі абараніць ад савецкіх войскаў вяшчання незалежнага медыя. Паводле афіцыйных савецкіх звестак, падчас уварвання былі загінулі 12 жаўнераў.

Пасля разгрому Пражскай вясны кіраўніцтва ЧССР узяло курс на палітычныя рэпрэсіі і ўзмацненне кантролю за ўсімі сферамі жыцця. Гэты курс атрымаў назву «нармалізацыя». Тысячы людзей былі арыштаваныя або страцілі працу.