Іракскія паўстанцы
Іракскія паўстанцы (араб. المتمردون العراقيون, таксама інсургенты, партызаны і баевікі) — узброеныя групы часоў Іракскай вайны 2003—2011 гадоў, апазіцыйныя да новага ўраду Ірака і сіл міжнароднай кааліцыі, якія акупавалі краіну. Інсургенты прадстаўлены шматнацыянальным складам, удзельнічаючы ў канфлікце з-за ідэалагічных і фінансавых меркаванняў, у тым ліку з-за прапагандысцкага ўплыву. Паўстанцы праводзілі розныя ваенныя і тэрарыстычныя аперацыі супраць урада Ірака, замежных вайскоўцаў, прыхільнікаў новага рэжыму і мірнага насельніцтва.
Актыўны паўстанцкі рух пачаўся пасля ўварвання ў 2003 годзе ў Ірак.
Гісторыя
правіцьУмовы ўзнікнення
правіцьПасля тэрактаў у Нью-Ёрку ў 2001 годзе ЗША пачынаюць шырокую кампанію па барацьбе з тэрарызмам. Пад удар трапіў рэжым Садама Хусейна, якога амерыканскія ўлады абвінавачвалі ў пасобніцтве тэрарыстам і наяўнасці зброі масавага паражэння. У сакавіку 2003 года Штаты разам з саюзнікамі ўварваліся ў Ірак і зрушылі дзеючы ўрад.
Для кіравання акупаванай краінай у канцы красавіка была створана часовая кааліцыйная адміністрацыя, узначаленая адстаўным генералам Джэем Гарнерам, які, аднак, ужо ў маі быў зменены Полам Брэмерам. Наўзамен старога рэжыму замежныя войскі пачалі дэмакратызацыю і лібералізацыю краіны. Палітычныя перамены не ўладкоўвалі прыхільнікаў зрынутага кіраўніка дзяржавы. Адначасова частка праціўнікаў Садама Хусейна мела іншыя планы наконт перабудовы Ірака і не прымала заходні варыянт[1][2]. Сам факт прысутнасці замежнага войска, якое на культурным узроўні было абсалютна чужым, успрымаўся асобнымі грамадзянамі як «новы крыжовы паход», з чым неабходна было змагацца ў рамках «свяшчэннага джыхаду»[3]. Акрамя палітычных і ідэалагічных матываў, меў месца і сацыяльна-эканамічны фактар. Пасля амерыканскага ўварвання ўся сістэма кіравання і эканоміка часоў Садама была разбурана і насельніцтва апынулася ў цяжкай сітуацыі, што заахвоціла іракцаў далучыцца да ўзброеных груповак[4].
Падобнае стала следствам загаду часовай адміністрацыі №1 «Дэбаасіфікацыя іракскага грамадства», па якім праводзіўся комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на адхіленне ад пасад членаў іракскага аддзялення партыі Баас, якая аб’яўлялася цяпер па-за законам[5]. У дапамогу быў створаны Камітэта па дэбаасітызацыі пад пачаткам Нуры аль-Малікі[6].
Таксама сур’ёзна ўдарыў загад №2 «Роспуск арганізацый», згодна з якім аб’яўляліся па-за законам і былі распушчаны міністэрствы абароны і інфармацыі, паліцыя, служба разведкі, Нацыянальнае бюро бяспекі, Упраўленне нацыянальнай бяспекі, апалчэнне федаінаў, Нацыянальны Алімпійскі камітэт і практычна ўсе грамадскія арганізацыі, у тым ліку дзіцячыя і моладзевыя[7]. Немалаважную ролю адыграў дэкрэт №39 аб замежных інвестарах, у якім былі прадстаўлены распрацаваныя раней стымулы для прыцягнення інвестараў у іракскую эканоміку[8]. Будучая прыватызацыя праходзіла пры ўмовах, калі дырэктары найбуйнейшых прадпрыемстваў былі выгнаны і апынуліся па-за законам, таксама як і найбольш заможныя людзі, якія маглі б удзельнічаць у куплі прадпрыемстваў. Замест гэтага прыходзілі выведзеныя з-пад юрысдыкцыі замежныя кампаніі, што выкуплялі прадпрыемствы (паводле прынятых дэкрэтаў, яны мелі магчымасць валодаць прадпрыемствам у краіне на 100%). Эканоміка Ірака перабудоўвалася з сур’ёзнымі перагібамі ў бок інвестараў (якія і аказваліся больш за ўсё ў выгадзе) і без уліку інтарэсаў Ірака і меркаванні яго грамадзян[9].
Законы часовай адміністрацыі ўзмацнілі паграшэнне становішча ў краіне і стымулявалі зараджэнне ўзброеных фарміраванняў[9].
Іракская вайна
правіцьНекаторы час незадаволенасць выяўлялася праз пратэстныя дэманстрацыі, але такія акцыі звычайна заканчваліся разгонамі з ужываннем гумовых куль і іншых спецсродкаў[10]. У Эль-Фалуджа 28 і 30 красавіка 2003 года па антыкааліцыйных шэсцях нават адкрыты агонь на паражэнне, што прывяло да гібелі 20 чалавек. Шмат у чым прычынамі падобных сітуацый сталі асобныя грамадзяне, якія прыносілі на мітынгі зброю[10][11].
Першы выпадак, які класіфікуецца як партызанская акцыя, адбыўся яшчэ 28 красавіка (у дзень нараджэння Садама Хусейна) у горадзе Масул, калі па войсках ЗША быў адкрыты кулямётны агонь. Бой працягваўся на працягу 45 хвілін і стаў найбуйнейшым інцыдэнтам з моманту ўстанаўлення кантролю сіл кааліцыі над горадам[12]. Падобныя атакі сталі паўтарацца і расці ў колькасці, а з асобных атрадаў ствараліся цэлыя ўзброеныя групоўкі. Спачатку супраць кааліцыі выступілі члены і прыхільнікі Баас, якая была кіруючай на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Да нападаў далучыліся рэшткі іракскіх войскаў і фармаванняў «Фідаін Садам». Апошняя ўяўляла з сябе апалчэнне з найбольшых лаяльных звергнутаму рэжыму грамадзян. Да лета ў Іраку афарміліся тры партызанскія групы: «Іракскі Нацыянальны фронт фідаінаў», «Іракскія брыгады супраціву» і «Мусульманскія барацьбіты ўсёпераможнай веры»[13].
У 2004 годзе па канфесійнай прыкмеце вылучыліся дзве асноўныя галіны паўстанцкага руху — суніцкі і шыіцкі[14]. Цэнтр першага быў размешчаны ў так званым «суніцкім трохвугольніку», а менавіта ў горадзе Эль-Фалуджа. Ядром другога стала Басра і багдадскі раён Садр-Сіці. Увесну для ЗША і іх саюзнікаў склалася найбольш крытычная сітуацыя, калі, апроч партызанскі нападаў у тыле, давялося змагацца з баевікамі адразу на два фронты: у Эль-Фалуджы на захадзе супраць сунітаў, і ў правінцыях на поўдзень ад Багдаду, душачы шыіцкае паўстанне[15]. Некаторыя сярэднія і буйныя гарады або іх часткі цалкам кантраляваліся мясцовымі баевікамі. Жыццё на падкантрольных тэрыторыях, у залежнасці ад груповак, магла рэгулявацца як строгімі нормамі шарыяту[15], так і свецкімі законамі даваеннага Ірака[16]. Іх вызваленне для кааліцыі суправаджалася значнымі цяжкасцямі і часам праваламі. Тады замежныя сілы пайшлі на мірныя перамовы з паўстанцамі. 28 красавіка было дасягнута пагадненне з сунітамі ў Фалуджы[17], а 30 жніўня заключыла перамір’е з шыітамі[18]. Аднак дамоўленасці насілі часовы характар, мелі на ўвазе спыненне агню на пэўных тэрыторыях і з пэўнымі групоўкамі, што ніяк не адбілася на інтэнсіўнасці баявых дзеянняў.
Паралельна з барацьбой супраць замежнікаў і новых уладаў, розныя фарміраванні паўстанцаў часам уступалі адзін з адным ва ўзброеныя сутыкненні, паколькі супраціў з’яўляўся разнастайным і яго члены мелі шэраг ідэалагічных і рэлігійных спрэчак. Асабліва гэта тычылася барацьбы шыітаў з сунітамі і праіранскіх сіл (пераважна шыітаў, прыхільнікаў ісламскай рэспублікі) з баасістамі (пераважна сунітаў). У 2006—2009 гадах гэта супрацьстаянне прыняло свой апагей[19][20]. У той жа час сілы, звязаныя з Аль-Каідай (салафіты), хоць і з’яўляліся суніцкімі і антыіранскімі, але не заўсёды супрацоўнічалі з суніцка-баасісцкім супрацівам (суфіты), якія нават крытыкавалі іх за тэрор супраць мірных грамадзян[21]. У 2006—2007 гадах паміж гэтымі сіламі нават успыхнуў узброены канфлікт[22]. Аднак падчас абодвух бітваў за Фалуджу вясной і ўвосень 2004 г. дадзеныя бакі аб’ядналіся дзеля абараны горада.
Галоўным чынам ад сварак баевікоў пакутавалі мясцовыя жыхары, што былі ахвярамі тэрактаў і міжканфесійных сутыкненняў. У названы перыяд ад дзеянняў партызан загінулі як мінімум 69 760 мірных грамадзян[23]. У 2006 годзе на захадзе краіны для абароны іракцаў ад тэрору была сфарміравана кааліцыя апалчэнняў трыццаці плямёнаў, якая атрымала назву «Савет выратавання Анбара». Групоўка ваявала выключна супраць салафіцкіх ісламістаў, пры гэтым супрацоўнічала адначасова і з міжнароднай кааліцыяй, і з суфійскімі баевікамі і Баас[24].
Пачынаючы з 2008 года актыўнасць інсургентаў паступова скарачалася[25]. Шмат у чым такія вынікі сталі магчымыя дзякуючы стратэгіі «Новы шлях наперад» (The New Way Forward), больш вядомай як «Вялікая хваля» (Surge[26]). Пра пераход да яе 10 лютага 2007 года заявіў асабіста прэзідэнт ЗША Джордж Буш. У сваім выступе перад нацыяй ён прызнаў, што раней дапусціў памылкі ў іракскім пытанні, а таксама адзначыў, што асноўнымі прычынамі папярэдніх правалаў сталі недахоп войскаў і недастатковая свабода дзеянняў амерыканскага камандавання. Новая стратэгія прадугледжвала адпраўку ў Ірак дадатковых сіл у 21,5 тыс. вайскоўцаў і ўзмацненне мер па ахове мяжы. Да гэтага часу ў Ірак перыядычна накіроўваліся дадатковыя войскі, як правіла, на час нацыянальных выбараў або ў сувязі з чарговым абвастрэннем сітуацыі. Розніца заключалася ў тым, што ўзмацненне кантынгенту павінна было працягнуцца на досыць доўгі тэрмін. Акрамя таго, калі раней амерыканскія войскі пакідалі вычышчаныя ад баевікоў раёны, то план «вялікай хвалі» прадугледжваў, што яны будуць заставацца ў іх для працяглага падтрымання бяспекі[27].
Пасля 2011 года
правіцьПасля вываду амерыканскіх войск у 2011 годзе баявыя дзеянні не скончыліся. Паўстанцы працягнулі барацьбу з цэнтральным урадам і замежнымі прыватнымі ваеннымі кампаніямі[28], а таксама ўсё яшчэ канфліктавалі паміж сабой. У ходзе грамадзянскай вайны 2011—2017 гадоў, што рушыла за Іракскай вайной, шыіцкія групоўкі сталі саюзнікамі багдадскіх уладаў. Такім чынам, пачынаючы з 2014 года паўстанцамі з’яўляюцца толькі суніцкія атрады. У гэты час самай магутнай групоўкай стала суніцка-салафіцкая арганізацыя «Ісламская дзяржава Ірака і Леванта» (ІДІЛ). ІДІЛ фактычна стала ваяваць супраць усіх і рыхтавалася да наступлення на сталічны Багдад, захапіўшы 1/3 тэрыторыі краіны. Дзякуючы аб’яднанню розных іракскіх і замежныя сіл, атрымалася перайсці ў контрнаступленне, а ўжо летам 2017 года адбылося вызваленне Масула, пасля чаго «Ісламская дзяржава» ў Іраку пачала слабець[29]. Са снежня 2017 года яе атрады перайшлі да падпольнай дзейнасці, час ад часу ажыццяўляючы пэўныя акцыі[30]. У падобным становішчы знаходзіліся таксама іншыя суніцкія ісламісты і прыхільнікі Баас, што не толькі змагаліся з праўрадавымі сіламі, но і ваявалі паміж сабой і «Ісламскай дзяржавай». Сярод апанетаў апазіцыі таксама былі канфлікты. Непасрэдна паміж ЗША і праіранскімі групоўкамі перыядычна адбываліся сутыкненні, што ў 2020 годзе амаль не прывяло да пачатку буйнамаштабнай вайны Штатаў з Іранам. Аднак у большасці ўдзел замежных сіл, у прыватнасці ЗША, абмяжоўваўся каардынацыяй дзеянняў і правядзеннем спецаперацый[31].
Склад
правіцьГрупоўкі і ідэалогіі
правіцьСярод інсургентаў вылучаюцца наступныя плыні:
- Шыіцкія баевікі — прадстаўнікі кірунка ісламу, дзе Алі ібн Абу Таліба і яго нашчадкі прызнаюцца адзінымі законнымі спадчыннікамі і духоўнымі пераемнікамі прарока Мухамада (Армія Махдзі, Хезбала, Катаіб Хезбала, Асаіб Ахль аль-Хак).
- Суніцкія баевікі — прадстаўнікі кірунка ісламу з акцэнтам на прытрымліванні Суны прарока Мухамеда, удзеле абшчыны ў выбары свайго халіфа.
- Баасісты — прыхільнікі Садама Хусейна, ідэалогія якіх з’яўляецца разнавіднасцю панарабізма (Баас, Армія людзей накшбандзійскага ордэна, Аль-Аўда, Вышэйшае камандаванне джыхаду і вызвалення, часткова Ісламская армія ў Іраку).
- Сацыялістычныя рэвалюцыянеры.
- Суфійскія ісламісты (Ісламская армія ў Іраку, Джамаат Ансар аль-Суна, Армія людзей накшбандзійскага ордэна).
- Іракскія нацыяналісты — прыхільнікі версіі самавызначэння Ірака. Выступалі за тэрытарыяльную цэласнасць краіны, уключаючы Кувейт і Хузестан (Іракскі ХАМАС, Рэвалюцыйная брыгада 1920 і Баас).
- Салафіцкія ісламісты і паслядоўнікі руха вахабізм (Аль-Каіда, Армія адзінабожжа і джыхаду, Армія пераможнай абшчыны, Ансар аль-Іслам, Ісламская дзяржава Ірак).
- Баасісты — прыхільнікі Садама Хусейна, ідэалогія якіх з’яўляецца разнавіднасцю панарабізма (Баас, Армія людзей накшбандзійскага ордэна, Аль-Аўда, Вышэйшае камандаванне джыхаду і вызвалення, часткова Ісламская армія ў Іраку).
Баасісты падтрымлівалі аднаўленне даваенных парадкаў у краіне. Яны імкнуліся да адраджэння арабскай культуры і каштоўнасцяў, вяртання аднапартыйнай дзяржавы, сацыялізму і адхілення палітычнага плюралізму на нявызначаны прамежак часу для выканання сваіх заяўленых мэтаў. Іх ідэалогія заснавана на прынцыпах арабскага нацыяналізму, панарабізму і ідэях сацыяльнага прагрэсу. У галіне рэлігіі яны прытрымліваліся свецкага падыходу[32]. Сярод баасістаў пераважалі суніты, паколькі пры Садаме яны з’яўляліся пануючай групай[1][2]. Партыя Баас зблізілася з той часткай суніцкіх ісламістаў, якая прытрымлівалася суфізму — рэлігійна-містычнай практыцы, галоўнай мэтай якой з’яўляецца распрацоўка тэарэтычных падставаў і практычных спосабаў, што забяспечваюць магчымасць непасрэдных зносін чалавека з Богам, прапаведуючы містычную некарыслівую любоў да Алаха, жадаючы зліцца з ім. Канчатковай мэтай суфізма лічыцца знішчэнне сваіх якасцей як асобы, што павінна пацягнуць поўнае спалучэнне, зліццё з чароўнай ісцінай[33].
Канкуруючая салафіцкая галіна, якую ўзначальвала Аль-Каіда, выступала з заклікамі арыентавацца на лад жыцця і веру ранняй мусульманскай абшчыны, на праведных продкаў, кваліфікуючы як біда ўсе пазнейшыя новаўвядзенні ў названых сферах, пачынаючы з метадаў сімволіка-алегарычнай трактоўкі Карана і сканчаючы разнастайнымі новаўводзінамі, прыўнесенымі ў мусульманскі свет яго кантактамі з Захадам[34]. Прадстаўнікі дадзенага кірунку з’яўляліся найбольш радыкальнымі прыхільнікамі ісламу і часцей здзейснялі тэрарыстычныя акты, чым суфіты[21][35][36].
У сваю чаргу шыіцкія інсургенты выступалі за стварэнне ісламскай рэспублікі (як у суседнім Іране). Гэта павінна была быць дзяржава, цалкам пабудаваная на мусульманскіх асновах і традыцыях з пануючай роляй ісламскага духавенства, але пры захаванні дэмакратычных інстытутаў[1][2].
Сцягі і сімволіка
правіцьУ перыяд Іракскай вайны паўстанцы выкарыстоўвалі наступную сімволіку:
-
Дзяржаўны сцяг Ірака 1991—2004 гадоў.
-
Сцяг партыі Баас.
-
Лагатып «Арміі людзей накшбандзійскага ордэна».
-
Лагатып «Найвышэйшага камандавання джыхаду і вызвалення».
-
Лагатып «Рэвалюцыйнай брыгады 1920».
-
Лагатып «Джамаат Ансар аль-Суна».
-
Лагатып «Арміі пераможнай абшчыны».
-
Лагатып «Ісламскай арміі ў Іраку».
-
Сцяг «Арміі адзінабожжа і джыхаду».
-
Сцяг «Аль-Каіды».
-
Сцяг «Ісламскай дзяржавы Ірак».
-
Сцяг «Ансар аль-Іслам».
-
Сцяг свяшчэннага джыхаду.
-
Сцяг «Арміі Махдзі».
-
Сцяг «Катаіб Хезбала».
Вядомыя дзеячы
правіць- Ібрагім Ізат ад-Дуры (†) — пераемнік Садама Хусейна, лідар Баас і «Вышэйшага камандавання джыхаду і вызвалення».
- Муктада ас-Садр — лідар «Арміі Махдзі», кіраўнік шыіцкіх паўстанняў 2004 і 2008 гадоў.
- Абу Мусаб аз-Заркаві (†) — заснавальнік і кіраўнік ісламісцкай групоўкі «Армія адзінабожжа і джыхаду», член «Аль-Каіда».
- Каіс аль-Хазалі — заснавальнік і кіраўнік ісламісцкай групоўкі «Асаіб Ахль аль-Хак», былы член «Арміі Махдзі».
- Абу Аюб аль-Масры (†) — другі кіраўнік Аль-Каіды ў Іраку пасля гібелі аз-Заркаві, першы лідар групоўкі «Ісламская дзяржава Ірак».
- Абу Умар аль-Багдадзі (†) — эмір «Ісламскай дзяржавы Ірак».
- Абу Сулейман — паплечнік Абу Аюба аль-Масры, член «Аль-Каіды» і «Ісламскай дзяржавы».
- Фараж Ахмад Нажмудзін — лідар «Ансар аль-Іслам».
- Абдула аль-Джанабі — член «Ісламскай дзяржавы», адзін з кіраўнікоў абароны Фалуджы ў 2004 годзе.
- Абу Дуа (Абу Бакр аль-Багдадзі) — трэці лідар «Ісламскай дзяржавы».
- Махамед Юніс аль-Ахмед — лідар баасісцкай падпольнай арганізацыі «Аль-Аўда».
Замежныя байцы
правіцьНа 2006 год у краіне дзейнічала 15—20 тысяч інсургентаў, 700—2000 з іх былі замежнікамі (большай часткай з Алжыра, Сірыі, Судана, Егіпта і Саудаўскай Аравіі). У Ірак яны накіроўваліся для ажыццяўлення «свяшчэннага джыхаду» супраць «крыжакоў» (сіл кааліцыі)[3]. Замежнікі прыбывалі галоўным чынам праз тэрыторыю суседняй Сірыі[37][38][39], адкуль затым ехалі ў правінцыю Аль-Анбар[40], дзе альбо асядалі, альбо шлі ў іншыя вобласці краіны. Найбольшая іх колькасць прымыкала да суніцкіх атрадаў, асабліва часта прыезджыя далучаліся да Аль-Каіды. Іракскія сілы гэтай групоўкі практычна ўвесь час узначальвалі менавіта замежнікі, напрыклад, егіпцянін Абу Аюб аль-Масры[41] і іарданец Абу Мусаб аз-Заркаві[42].
Сярод шыіцкіх сіл адзначаліся члены ваенізаванага крыла ліванскай партыі «Хезбала»[43].
Акрамя мусульман з краін Усходу, перыядычна з’яўляліся паведамленні аб грамадзянах заходніх краін. Паводле рапарту шэфа брытанскай разведкі MI5 Элізы Мэнінген-Булер прэм’ер-міністру Тоні Блэру, больш за 70 брытанскіх вайскоўцаў, ідэнтыфікаваных па пасведчаннях асобы, перайшлі на бок праціўніка[44]. Кансультатыўны савет маджахедаў Фалуджы 18 лістапада 2004 г. распаўсюдзіў прэс-рэліз, у якім паведамлялася, што адзін амерыканскі афіцэр з падначаленым яму падраздзяленнем перайшоў на бок паўстанцаў. Аднак ніякіх фактычных доказаў, указаных у прэс-рэлізе, не было пададзена[45].
Узбраенне
правіцьУ перыяд Іракскай вайны нават прыблізных даных аб наяўнасці на руках у насельніцтва зброі не было ні ў спецслужбаў, ні ў іракскай паліцыі. Назіральнікі зыходзілі з таго, што ледзь не ў кожнага дарослага іракца ці нават падлетка можа быць пісталет, карабін або аўтамат. Пасля падзення рэжыму Садама Хусейна пачаліся масавыя разграбленні зброевых складоў. Акрамя стралковай зброі, у рукі натоўпу трапіла вялізная колькасць выбух-пакетаў, гранат і боепрыпасаў. Скрадзенае альбо заставалася ў руках асобных людзей, альбо неўзабаве выкарыстоўвалася паўстанцамі. Пазней у рукі інсургентаў трапляла зброя з арсенала новай паліцыі Ірака. Да таго ж войскі міжнароднай кааліцыі не мелі магчымасці кантраляваць фактычна адкрытыя межы краіны з Іранам, Сірыяй і Іарданіяй, што дазволіла ажыццяўляць кантрабанду ўзбраенняў[46].
Практычна кожны баявік меў якую-небудзь мадыфікацыю аўтамата Калашнікава, шырокае распаўсюджванне атрымалі гранатамёты РПГ-7 і РПГ-18, сярод кулямётаў — ПК (у тым ліку югаслаўская мадыфікацыя Застава М84[47]), РПК, ККВ і РПД[47]. Прысутнічаў нязначны запас заходняй стралковай зброі і пераносных зенітна-ракетных комплексаў[48]. Частка ўзбраення маральна састарэла, але партызаны паспяхова падтрымлівалі экіпіроўку ў надзейнай стане. Часам эксплуатаваліся абразцы зброі яшчэ Другой сусветнай вайны. У Інтэрнэце можна знайсці кадры з Ірака савецкіх пісталета-кулямёта Шпагіна[49], выраблянага ў 1941—1955 гадах, і кулямёта СГ-43[50] 1943—1961 гадоў вытворчасці. Элітныя падраздзяленні і снайперскія групы (у сярэднім былі колькасцю ў пяць—дзесяць чалавек) мелі найлепшыя абразцы зброі, у тым ліку снайперскія вінтоўкі Драгунова[51].
У грамадзянскую вайну да баевікоў трапляе вялікая колькасць заходняй зброі, а таксама ўзнікае парк ваеннай тэхнікі, шмат у чым за кошт шматлікіх трафеяў, захопленых у перыяд чэрвеньскага наступлення 2014 года і іншых кампаній. Упершыню ў паўстанцаў з’яўляюцца танкі і бронетранспарцёры, у тым ліку Т-55, Т-62, Т-72, МТ-ЛБ, М113, БМП-1 і гэтак далей[52][53][54].
Тактыка
правіцьБаевікі ў Іраку пазбягалі вядзення ўзброенай барацьбы «сіла на сілу» і аддавалі перавагу тактыцы «знікання» з месца кантакту. Тыповымі для іх сталі набегі і засады, галоўным у чым з’яўляецца ўнясенне сумятні ў сістэму вядзення баявых дзеянняў[55]. У пачатку канфлікту інсургенты здзяйснялі адзінкавыя рэйды на невялікія аб’екты, але ўжо ў 2004 г. перайшлі на напады на добра абароненыя базы і калоны. Пры гэтым, калі раней, падарваўшы міну на дарозе пад вайсковым грузавіком, паўстанцы, трохі пастраляўшы дзеля прыкладу, стараліся як мага хутчэй разбегчыся, то з часам пасля выбуху бомбы яны засяроджвалі агонь з гранатамётаў і аўтаматычнай зброі на салдатах, якія ахоўвалі калону, а потым пераносялі яго на іншыя машыны[56]. У большасці нападаў яны дзейнічалі невялікімі групамі ад пяці да дзесяці чалавек, каб захаваць мабільнасць і пазбегнуць выяўлення[51].
Для нападаў на базы партызаны ўтойліва размяшчалі міны на мясцовасці ў яе раёне, пасля чаго абстрэльвалі лагер з мінамётаў і гранатамётаў. Ваенныя выбягалі, каб заняць пазіцыі, але траплялі на міннае поле. Страты падчас такіх рэйдаў з боку абаранялых іншы раз бывалі даволі адчувальнымі. Часам для нападаў выкарыстоўваўся і замінаваны аўтамабіль[56]. Таксама прыцягваліся снайперы[57].
Самай эфектыўнай зброяй паўстанцаў апынуліся кумулятыўныя міны накіраванага дзеяння з інфрачырвоным датчыкам, які спрацоўваў пры перапыненні машынай светлавога прамяня. Яны ўсталёўваліся з выключаным датчыкам. Такім чынам, не было праблем у праходжанні па трасе грамадзянскіх машын. За некалькі секунд да набліжэння ваеннай аўтамашыны, інфрачырвоны датчык уключаўся пры дапамозе мабільнага тэлефона[56]. Часцей за ўсё выкарыстоўваліся 155-міліметровыя артылерыйскія снарады з капсулямі і самаробны асколачны матэрыял, але самаробныя прылады таксама паступова станавіліся буйней па меры таго, як сілы кааліцыі дадавалі да сваіх машын дадатковую браню. Выбухоўкі часта маскіраваліся за прыдарожнымі рэйкамі, на тэлефонных слупах, закопваліся пад зямлю, у кучах смецця, клаліся пад камяні, цэглу ці нават змяшчаліся ў мёртвых жывёлах[58][59].
Яшчэ ў 2005 годзе ў амерыканскім камандаванні адзначалася, што браня ваенных машын не можа паўнавартасна абараніць байцоў ад выбухаў. Магутнасць выбухоўкі іракцаў была такой, што пашкоджанні або поўнае знішчэнне машыны фіксавалася нават у танкаў M1 Abrams. Пры гэтым афіцыйныя прадстаўнікі Міністэрства абароны ЗША падкрэслівалі, што большасць выбуховых прылад усё ж такі ўдаецца своечасова знайсці і абясшкодзіць[60].
Паўстанцы ажыццяўлялі ўзброеныя напады на цэлыя гарады і населеныя пункты для ўстанаўлення над імі кантролю. Самай буйнай зонай улады партызан стала правінцыя Аль-Анбар на захадзе краіны, якая на пачатак восені 2006 года амаль не катралявалася ні акупацыйнымі сіламі, ні новым іракскім урадам[61]. Тут баевікі пераходзілі да абарончай тактыцы, якая галоўным чынам засяроджвалася ў гарадах. У населеных пунктах ствараліся сеткі тунэляў, бункераў, наглядальных пазіцый і мінных загарод. У многіх дамах усталёўваліся балоны з газам і бочкі з бензінам, якія можна было падарваць. Вуліцы блакаваліся бетоннымі загародамі. Каб перашкодзіць амерыканскім снайперам займаць пазіцыі на дахах будынкаў, лесвіцы латаліся або абвальваліся, што прымушала салдат карыстацца шляхамі, якія прывядуць іх на міны, «расцяжкі» або ў агнявыя мяшкі. Мініраваліся таксама аўтамашыны, кінутыя на дарогах. Агнявые кропкі знаходзіліся нават у мячэцях і школах[48].
Часам, калі кааліцыя пачынала правядзенне аперацыі па знішчэнні партызан або зачыстцы тэрыторыі, паўстанцы з’язджалі або маскіраваліся пад мясцовае насельніцтва. Слабы ўзровень агентурнай сеткі і спецразведкі абумоўлены адмовай у супрацоўніцтве з акупантамі праз жорсткую адплату з боку баевікоў. За дапамогу замежнікам часам забівалі сваякоў агентаў[55].
Аднак інсургенты не толькі праводзілі баявыя вылазкі і напады на варожыя сілы, але і тэрарыстычныя акты[57]. Сярод іх былі выбухі замініраваных машын, напады на мячэці, захоп закладнікаў з жорсткімі патрабаваннямі, напрыклад, вызваленне з палону сваіх паплечнікаў або вывад кантынгенту пэўнай дзяржавы. Найбольш распаўсюджаным было выкарыстанне смяротнікаў, якія падрывалі сябе пры дапамозе «пояса шахіда» ці ж замініраванай машыны. Многія тэракты прайшлі ў рамках барацьбы шыітаў і сунітаў. Яны былі накіраваны супраць мірнага насельніцтва альбо рэлігійных святынь «варожай» галіны ісламу. Як паказваюць інфармацыйныя паведамленні, ахвярамі буйных тэрактаў рэдка станавіліся вайскоўцы кааліцыйных войскаў. Але пры гэтым, іракскія паўстанцы падвяргалі падобным нападам мясцовыя сілавыя структуры[62].
Дапамога паўстанцам
правіцьУ лютым 2004 года кіраўніцтва спецслужбаў часовай кааліцыйнай адміністрацыі заявіла, што паўстанцы з групоўкі «Джэйш Ансар аль-Суна» атрымлівалі дапамогу ад Сірыі і Ірана. У ходзе аперацый на поўначы Ірака, на курдскіх тэрыторыях, былі арыштаваны яе члены, якія пацвердзілі, што атрымлівалі прытулак у гэтых краінах і бесперашкодна пераходзілі праз ірака-іранскую і ірака-сірыйскую мяжу. У іх дакументах таксама былі выяўлены сірыйскія і іранскія візы. Афіцыйныя асобы Ірана і Сірыі катэгарычна адмаўлялі абвінавачанні і, наадварот, падкрэслівалі сваё ўсё нарастаючае ўзаемадзеянне з ЗША ў пытанні барацьбы з сусветным тэрарызмам[63].
Паводле некаторых амерыканскіх крыніц, у перастрэлцы 2 жніўня 2004 года ля Эн-Наджафа на баку баевікоў удзельнічалі байцы ліванскай Хезбалы і КВІР Ірана[64].
У лютым 2007 года ЗША апублікавалі доказы паставак зброі шыіцкай галіне паўстанцкага руху з Ірана. Па словах вайскоўцаў, з дапамогай гэтай зброі за апошнія тры гады былі забіты 170 амерыканцаў. На брыфінгу для прэсы, які праводзіўся ва ўмовах строгіх мер бяспекі, ваенныя дэманстравалі на двух невялікіх сталах выбухоўкі EFP, а таксама набор снарадаў для мінамётаў і гранатамётаў. На іх добра бачны серыйныя нумары, якія, па словах ваенных, паказваюць на непасрэдную сувязь гэтай зброі з іранскімі заводамі. Яны таксама меркавалі, хоць гэтаму і не было прамых доказаў, што іранская кантрабанда гэтых узбраенняў у Ірак для выкарыстання супраць акупацыйных сіл адбывалася з адабрэння іранскага кіраўніцтва. Вайскоўцы заявілі, што падобныя высновы зроблены на аснове агульных ацэнак разведкі[65].
У маі 2009 года Ірак абвінаваціў Сірыю ў прадастаўленні прытулку паўстанцам, якія з яе тэрыторыі абстрэльвалі байцоў новых сілавых структур, і сцвярджаў, што існуюць доказы падтрымкі Сірыяй баевікоў. Акрамя таго, іракскія ўлады лічылі, што нядаўнія тэракты ў Багдадзе былі здзейснены па заказу з Сірыі, а іх выканаўцам было выплачана 10 тыс. долараў. Акрамя ўсяго іншага гаварылася, што на сірыйскай і іранскай тэрыторыях існуюць трэніровачныя лагеры, дзе навучаюць байцоў апазіцыі[66].
Гл. таксама
правіцьКрыніцы
правіць- ↑ а б в В. Богданов. Решение о шиитском восстании принималось в Лондоне (Российская газета)
- ↑ а б в Подцероб А.Б. Шиитско-суннитское противостояние в Ираке // Институт Ближнего Востока, 11 января, 2007.
- ↑ а б Мусульмане Ирака объявили войну единоверцам
- ↑ Святослав Князев.«Агрессия против суверенного государства»: как США «спасали» мир от иракского оружия массового поражения // RT, 12 июля 2018
- ↑ .Order #1: De-Ba'athification of Iraqi Society, The Coalition Provisional Authority. 16.05.2003.
- ↑ Ирак в годы С. Хусейна. Конец диктатуры.
- ↑ Order #2. Dissolution of Entities, The Coalition Provisional Authority. 23.05.2003.
- ↑ Order #39. Foreign Investment, The Coalition Provisional Authority. 19.09.2003.
- ↑ а б Руслан Мамедов. Ирак по-американски. Дебаасификация иракского общества (2003–2004 гг.) // РСМД, 11 апреля 2018
- ↑ а б Мирные иракцы убили шестерых британцев из-за собаки и нижнего белья
- ↑ Iraq: U.S. Should Investigate al-Falluja . Human Rights Watch (17 чэрвеня 2003). — «The 18-page report... challenges the U.S. military's assertion that its troops came under direct fire from individuals in the crowd of protesters on April 28. Human Rights Watch found no conclusive evidence of bullet damage on the school where the soldiers were based. In contrast, buildings facing the school had extensive multi-caliber bullet impacts that were inconsistent with U.S. assertions that soldiers had responded with "precision fire."» Праверана September 1, 2013.
- ↑ В Мосуле неизвестные обстреляли американцев из пулеметов // NEWSRU.COM от 28 апреля 2003
- ↑ Иракские партизаны расстреляли американский спецназ
- ↑ Ираку уготована судьба Афганистана // Lenta.ru, 9 июня 2004
- ↑ а б Анатолий Гольдовский. США воюют на два фронта // Газета.Ru, 4 октября 2005
- ↑ Генерал, устроивший американцам «Иракский Сталинград».
- ↑ Первый штурм Фаллуджи - операция "Неусыпная решимость" (апрель 2004)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 17 студзеня 2021. Праверана 6 чэрвеня 2021.
- ↑ «Армия Махди» в Ираке: формирование и развитие // Дмитрий Рустемович Жантиев, Вестник Московского университета. Серия 13. Востоковедение (2012 год)
- ↑ Refugees Report "The Iraqi Displacement Crisis" Refugees International, March 2008.
- ↑ United States Dept. of Homeland Security Fact Sheet on admitting Iraqi refugees to the United States March 2008.
- ↑ а б The ISIS Threat: The Rise of the Islamic State and their Dangerous Potential . Providence Research (25 верасня 2014).
- ↑ A Truce Between U.S. Enemies in Iraq(недаступная спасылка). Time (6 чэрвеня 2007). Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2013. Праверана 5 чэрвеня 2021.
- ↑ Iraq Body Count . www.iraqbodycount.org. Праверана 23 ліпеня 2020.
- ↑ "Sunni Sheiks Join Fight Vs. Insurgency". The Washington Post. March 25, 2007. Праверана May 10, 2007.
- ↑ Официальная статистика Министерства обороны США от 31 марта 2014 (pdf-файл)
- ↑ Слова surge таксама можа перакладацца як «пад’ём», «рост», «усплёск». Гл. Составлен список самых избитых клише в американских СМИ (Lenta.ru)
- ↑ Буш рассказал о новой стратегии США в Ираке (UAToday.net)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 27 лютага 2008. Праверана 3 лютага 2008.
- ↑ As bombs hit Baghdad, Iraq says about 69, 263 killed between 2004 and 2011 . Al Arabiya News. Архівавана з першакрыніцы 4 ліпеня 2013.
- ↑ Победа над ИГ* в Ираке не означает конца борьбы с терроризмом, считают США (руск.). РИА Новости (9 снежня 2017). Праверана 12 студзеня 2019.
- ↑ Постигиловское восстание в Ираке набирает обороты .
- ↑ https://youtu.ru/tQPQ0sod71A(недаступная спасылка)
- ↑ Д. Андерхилл, С. Барретт, П. Бернелл, П. Бернем, и др. Общая редакция: д.э.н. Осадчая И.М. Баасизм // Политика. Толковый словарь. — М.: "ИНФРА-М", Издательство "Весь Мир". (рус.). — 2001.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- ↑ Ислам: ЭС 1991.
- ↑ Islamic Army of Iraq founder: Isis and Sunni Islamists will march on Baghdad
- ↑ A Truce Between U.S. Enemies in Iraq
- ↑ Knickmeyer, Ellen. Looking for Battle, Marines Find That Foes Have Fled-Hunt for Foreign Insurgents Proves Frustrating but Deadly . The Washington Post (15 мая 2005). Праверана 6 ліпеня 2006.
- ↑ Knickmeyer, Ellen. "Military Offensive in Iraq"Iraq(недаступная спасылка). The Newshour. PBS (16 мая 2005). Архівавана з першакрыніцы 15 студзеня 2014. Праверана 6 ліпеня 2006.
- ↑ Black, Ian (2008-10-27). "US forces kill eight in helicopter raid on Syria". London: The Guardian. Архівавана з арыгінала 28 October 2008. Праверана 2008-10-27.
- ↑ Miles, 10 May 2005
- ↑ Ибрагим Аввад Ибрагим Али аль-Бадри ас-Самарраи . ААН (5 кастрычніка 2011). Праверана 23 лютага 2015.
- ↑ Досье: Абу Мусаб Заркави
- ↑ Hizbullah's Role in Attacks Against U.S. and British Forces in Iraq (Праверана 27 красавіка 2012)
- ↑ О большой лжи и американских потерях в Ираке // Беларусь Сегодня, 3 ноября 2005
- ↑ Данные повстанцев: в Эль-Фаллудже американцы потеряли 400 человек, есть перебежчики из армии США
- ↑ Чем воюют иракцы против высоких технологий США? // Deutsche Welle, 14 апреля 2004
- ↑ а б Jones, Richard D. Jane's Infantry Weapons 2009/2010. Jane's Information Group; 35 edition (January 27, 2009). ISBN 978-0-7106-2869-5.
- ↑ а б Александр Гелогаев. Эль-Фаллуджа: борьба за город в условиях господства в воздухе Архівавана 1 ліпеня 2022. // Belarus Security Blog, 10 октября 2018
- ↑ Фота амерыканскага байца з ППШ Архівавана 24 лютага 2013., Відэа, дзе амерыканцы страляюць па мішэні з трафейнага ППШ
- ↑ Small Arms Survey (2012). "Surveying the Battlefield: Illicit Arms In Afghanistan, Iraq, and Somalia". Small Arms Survey 2012: Moving Targets. Cambridge University Press. p. 321. ISBN 978-0-521-19714-4. Архівавана з арыгінала (PDF) 31 жніўня 2018. Праверана 13 сакавіка 2021.
- ↑ а б Вооружение и снаряжение снайперов иракских повстанцев Архівавана 19 кастрычніка 2020. // Современная армия, 6 мая 2013
- ↑ Вооружения запрещённого в РФ «Исламского государства»: факты и цифры (руск.)(недаступная спасылка). Amnesty International (12 жніўня 2015). Архівавана з першакрыніцы 24 ліпеня 2019. Праверана 2 красавіка 2017.
- ↑ Islamic State Weapons in Iraq and Syria (англ.) = Islamic State Weapons in Iraq and Syria // Conflict Armament Research First : Доклад. — L., 2014. — Сентябрь. — С. 18.
- ↑ Iraq: Taking stock: The arming of Islamic State (англ.) = Iraq: Taking stock: The arming of Islamic State // Amnesty International First : Доклад. — L.: Amnesty International, International Secretariat, 2015. — 7 декабря. — С. 44.
- ↑ а б Асимметрия В Вооруженном Противоборстве (Часть 5) Архівавана 4 чэрвеня 2021.
- ↑ а б в Четвертый этап новейшей истории Ирака // Lenta.ru, 18 сентября 2004
- ↑ а б С. Строкань. Багдад взорвался с шести сторон (Коммерсантъ)
- ↑ Blind Into Baghdad
- ↑ AN OUNCE of PREVENTION LOOTED HOPES in IRAQ(недаступная спасылка)
- ↑ Иракские повстанцы научились взрывать самые мощные американские бронемашины Архівавана 13 мая 2021.
- ↑ Thomas Ricks. Situation Called Dire in West Iraq (Washington Post)
- ↑ List of some attacks 2003-2005, Baghdad: Mapping the violence (BBC), Project Iraq Body Count
- ↑ Иракские спецслужбы обвиняют Иран и Сирию в пособничестве повстанцам // Lenta.ru, 22 февраля 2004
- ↑ Al-Nujaba Militia Leader Sheikh Akram Al-Kaabi: IRGC And Lebanese Hizbullah Officers Have Guided Us In Fighting The American Forces Since 2004: 'We Started Using Explosively Formed Penetrators... They Would Explode Inside The Tank, Destroying It And Killing' The Americans Inside
- ↑ США заявляют, что Иран поставляет оружие иракским шиитам // Inopressa: The New York Times, 12 февраля 2007 г.
- ↑ Гумер Исаев: «Сирия как союзница Ирана поддерживает иракских повстанцев» Петербургский востоковед объяснил, почему проамериканское иракское правительство вынуждено стягивать войска на сирийской границе
Літаратура
правіць- Валецкий О.В., Гирин А.В., Маркин А.В., Неелов В.М. Уроки Ирака. Тактика, стратегия и техника в Иракских войнах США. — М.: Издатель Воробьев А.В., 2015. — 212 с.
- Ислам: энциклопедический словарь / Отв. ред. С. М. Прозоров. — М. : Наука, ГРВЛ, 1991. — 315 с. — 50 000 экз. — ISBN 5-02-016941-2.
- Chehab, Zaki. Iraq Ablaze: Inside the Insurgency, I. B. Tauris & Co Ltd. ISBN 1-84511-110-9.
- Who Are the Insurgents? Sunni Arab Rebels in Iraq U.S. Institute of Peace Special Report, April 2005
- Enders, David. Baghdad Bulletin: Dispatches on the American Occupation University of Michigan Press (4 April 2005) ISBN 0-472-11469-7
- O'Connell, Edward. Bruce R. Pirnie. Counterinsurgency in Iraq: 2003–2006/ RAND ISBN 978-0-8330-4297-2.
- Rogers, Paul. Iraq and the War on Terror: Twelve Months of Insurgency. I.B. Tauris. ISBN 1-84511-205-9.
Спасылкі
правіць- Партизанские войны в Ираке и Вьетнаме (сходство и отличия) // Правда.Ру, 5 декабря 2003.
- «Iraq’s Insurgents: Who's Who». Washington Post, 19 March 2006.
- «Iraqi Insurgent Groups». GlobalSecurity.org, 2005.
- Searchable timeline of Iraq occupation