Ірландыя (востраў)
Ірландыя (ірл.: Éire, англ.: Ireland) — трэці па велічыні востраў у Еўропе, адзін з двух найбуйных Брытанскіх астравоў. Большую частку яго тэрыторыі (пяць шостых) займае Рэспубліка Ірландыя, на паўночным усходзе размешчана Паўночная Ірландыя, якая ўваходзіць у Злучанае Каралеўства.
Ірландыя | |
---|---|
ірл. Éire | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 84 421 км² |
Насельніцтва | 6 197 100 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 73,41 чал./км² |
Размяшчэнне | |
53°21′04″ пн. ш. 7°55′16″ з. д.HGЯO | |
Краіны | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Геаграфічнае становішча
правіцьРазмешчаны паміж 6° 20'—10° 20' з. д. і 51° 25'—55° 23' пн. ш. (крайні паўночны пункт — мыс Малін-Хэд). З усходу абмываецца Ірландскім морам, а таксама пралівамі Св. Георгія і Паўночным, з захаду, поўначы і поўдні — Атлантычным акіянам. Працягласць з захаду на ўсход — каля 300 км, з поўначы на поўдзень — каля 450 км. Плошча вострава — 84 тыс. км².
Усходнія берагі Ірландыі пераважна нізінныя, паўднёвыя — мелкабухтавыя, заходнія — парэзаны глыбокімі залівамі. Найбуйнейшыя залівы — Голуэй, Шанон, Дынгл і Донегал на захадзе, Лох-Фойл на поўначы. Паблізу заходніх берагоў Ірландыі мноства скалістых астравоў (архіпелаг Аран і інш.).
Геалогія
правіцьТэрыторыя Ірландыі адносіцца да маладой платформы галоўным чынам з каледонскай складкавай асновай, што выступае на паверхню на паўночным захадзе, усходзе і паўднёвым усходзе вострава. Будова большай часткі тэрыторыі прадстаўлена сістэмай брытанскіх каледанідаў, што падзяляюцца на дзве зоны: метамарфічныя (на поўначы і паўночным захадзе) і неметамарфічныя (займаюць большую частку тэрыторыі, за выключэннем паўднёвага і паўднёва-заходняга раёнаў). Зона метамарфічных каледанід складзена верхнепратэразойска-кембрыйскімі метамарфізаванамі тэрыгенна-карбанатнымі пародамі з праслоямі вулканічных адкладаў (крышталічныя сланцы, гнейсы, пігматыты, граніты) і перасечана буйным разломам (левым зсувам Грэйт-Глен); узрост складкаватасці і метамарфізма — ранні ардовік (грампіянская фаза). Неметамарфічныя каледаніды ўтвораны кембрыйска-ардовікска-сілурыйскімі тэрыгеннымі і карбанатнымі адкладамі (пясчанікі, сланцы, кангламераты); у іх паўночнай частцы прысутнічаюць ардовікскія астравадужныя вулканіты (туфы). Заключная фаза складкаватасці ў гэтай зоне адбылася ў раннім — пачатку сярэдняга дэвону; дэфармацыі суправаджаліся пранікненнем буйнога бататаліта Ленстэр у паўднёва-ўсходняй Ірландыі (горы Уіклаў). Метамарфічныя і неметамарфічныя каледаніды раздзелены рыфтагенным прагінам (заходнім прадаўжэннем грабена сярэдзіннай даліны Вялікабрытаніі), запоўненым девонскай маласай (старажытны чырвоны пескавік, ці Олд-Рэд), які ўключае базальты. Паўднёвей ад маласавага прагіна адсочваецца шоўная зона старажытнага акіяна Япетус, пры закрыцці якога сфарміравалася вобласць каледонскай складкаватасці.
У паўднёвай і паўднёва-заходняй частцы Ірландыі з паўднёвага ўсходу працягваецца складкаватая зона герцынскага ўзросту, дзе складкавасць і насоваўтварэнне адбываліся з канца сярэдняга карбону (судэтская фаза) да сярэдзіны ранняй пермі (заальская фаза). У Ірландыі складкаваты фундамент на вялікіх плошчах перакрыты асадкавым чахлом (пясчанікі, кангламераты, сланцы, вапнякі і вугляносныя пароды), які ў межах каледанідаў пачаў фарміравацца з позняга дэвона, а ў межах герцынідаў — з позняй пермі. На паўночным усходзе пашыраны мезазойскія марскія адклады і палеагенавыя базальты.
У Цэнтральнай нізіне развіта покрыва чацвярцічных ледавіковых, водна-ледавіковых, рачных, азёрных і інш. адкладаў.
Найважнейшыя карысныя выкапні Ірландыі — руды свінцу і цынку, што ўтрымліваюць таксама серабро.
Рэльеф
правіцьПаверхня ў асноўным раўнінная. На ўскраінах вострава — невысокія горы (вышэйшы пункт — гара Карантуіл, 1041 м) і плато. Уся ўнутраная частка вострава занята Цэнтральна-Ірландскай раўнінай, на захадзе і ўсходзе яна выходзіць да берагоў. Астатнія раёны Ірландіі заняты нізкімі і сярэдневышыннымі моцна рассечанымі эрозіяй і старажытнымі ледавікамі гарамі (Кэры, Уіклаў, Донегал, Морн). Яны часцей за ўсё з’яўляюцца тэктанічным і араграфічным працягам гор Вялікабрытаніі, ад якой Ірландыя аддзялілася ўжо ў познеледавіковы час.
Цэнтральна-Ірландская раўніна акружана невысокімі горнымі масівамі. На поўначы гэта масіў Донегал, ля паўночна-усходняга ўзбярэжжа — горы Антрым, складзеныя базальтавымі лавамі, пад якімі схаваныя пароды рознага ўзросту. На поўдні і каля ўзбярэжжаў значную частку паверхні займаюць глыбока рассечаныя нізкагор'і і сярэднягор'і (Конаўт, Уіклаў). На паўднёвым захадзе знаходзіцца самая высокая частка Ірландыі — горы Кэры з г. Карантуіл. Многія нізінныя ўчасткі ў гарах маюць грабенападобны характар.
На паўночным усходзе Ірландыі (як і ў суседніх раёнах Шатландыі) развіты невысокія базальтавыя плато (Антрым і інш.) з выпрацаванымі ў іх абразійнымі паверхнямі. Гэтыя паверхні дзякуючы характэрным для базальтаў формам выветрывання ў выглядзе шасцігранных слупкоў набываюць нярэдка падабенства з брукаванай дарогаю («Дарога гігантаў» і інш.).
Апроч моцнай тэктанічнай і эразійнай рассечанасці, у рэльефе гор Ірландыі выяўлены сляды старажытнага зледзянення, якія ствараюць пры невялікіх вышынях рэзкі, амаль альпійскі рэльеф. Асабліва гэта прыкметна ў гарах Кэры, складзеных магутнымі тоўшчамі старажытнага чырвонага пескавіку. На іх схілах захаваліся велізарныя цыркі, занятыя азёрамі. Горы Кэры ўступамі абрываюцца да моцна парэзанага ўзбярэжжа вострава.
Марэнныя і друмлінавыя нізмінныя раўніны ляжаць на вапняковай аснове. Сярэдзінная частка вострава занята невысокай (да 120 м) Цэнтральна-Ірландскай раўнінай, складзенай гарызантальна залягаючымі каменнавугальнымі вапнякмі, перакрытымі нераўнамерным покрывам марэнных гіністых адкладаў апошняга зледзянення. Раўніна слаба дрэнаваная, адрозніваецца высокім стаяннем грунтовых вод, моцнай забалочанасцю, што звязана не толькі з гліністымі грунтамі, але і з падсцілаючымі іх маламагутнымі трэшчнавантымі вапнякамі, якія перашкаджаюць фарміраванню паверхневага сцёку. На ёй прадстаўлены ўсе формы карставага рэльефу і карставай гідраграфіі: глыбокія калодзежы, пячоры і галерэі, падземныя рэкі і азёры, што ўтварыліся ў тоўшчах вапнякоў карбону. Раўніну перасякаюць шматлікія озавыя пясчана-жвіровыя грады, па ёй раскіданы групы ўзгоркаў са старажытных парод, а таксама марэнных і камавых.
У паўночнай частцы вострава шматлікія друмлінныя грады чаргуюцца з плоскімі моцна забалочанымі паніжэннямі, складзенымі маламагутнай гліністай марэнай, якая падсцілаецца вапнякамі (а на ўсходзе — ардовікскімі і сілурыйскімі сланцамі). Месцамі таксама развіты карст.
Горы поўдня Ірландыі уяўляюць сабой серыю паралельных антыклінальных хрыбтоў з чырвоных дэвонскіх пескавікоў з вострымі грабянямі, цыркамі, трогамі, азёрамі; хрыбты падзелены сінклінальнымі далінамі ў карбонавых вапняках і сланцах, на захадзе даліны затоплены морам і ствараюць бераг рыясавага тыпу.
Клімат
правіцьКлімат Ірландыі ўмераны акіянічны, вільготны; зіма мяккая, лета халаднаватае. Пераважаюць цёплыя заходнія вятры. Сярэднія тэмпературы студзеня 5…8 °С, ліпеня 14…16 °С. Гадавая амплітуда ваганняў тэмпературы на паўднёвым захадзе Ірландыі складае каля 7…8 °С, на ўсходзе дасягае 10…11 °С.
Ападкаў 700—1500 мм, у гарах месцамі больш за 2000 мм. У Ірландыі часта марасяць дажджы, назіраюцца густыя тумны. У Дубліне за год у сярэднім здараецца толькі 6 дзён са снегавым покрывам, а па паўднёвым захадзе Ірландыі снега не бывае. Лета ў Ірландыі халаднаватае і дажджлівае. Перадгорная вобласць Паўднёвай Ірландыі адрозніваецца наибольш мяккім акіянічны кліматам, на схілах тут выпадае да 2500 мм ападкаў.
Гідраграфія
правіцьШмат рэк (найважнейшая — Шанон; іншыя буйныя — Лі, Блэкуатэр, Шур, Нор, Эрн, Бан), азёр (Лох-Нэй, Лох-Дэрн, Лох-Маск і іншыя) і балот (у цэнтральнай частцы). Ірландыю з захаду на ўсход перасякае шэраг каналаў (Вялікі, Каралеўскі, Ульстэнскі, Лаганскі і інш.).
У фармаванні рачной сеткі вялікую ролю адыгрываюць карставыя працэсы. Шматлікія рэкі знікаюць у падземных пустотах і затым ізноў выходзяць на паверхню. Жыўленне іх у значнай ступені адбываецца за кошт карставых крыніц і азёр. Значная частка азёр Ірландыі карставага паходжання.
Глебы
правіцьГлебы Ірландыі малаўрадлівыя. На захадзе, там дзе на паверхню выходзяць вапнякі, пашыраны пусткі. Але на Цэнтральна-Ірландскай раўніне ў сухіх раёнах пераважаюць ападзоленыя бурыя лясныя глебы, месцамі сустракаюцца рэндзіны са значным утрыманнем перагною. На слаба дрэніраваных участках узвышшаў і ў нізінах развіваюцца балотныя глебы і глеязёмы. Забалочаныя тарфянікавыя глебы становяцца ўрадлівымі пасля асушэння.
У гарах пануюць горныя падзолы і буразёмы.
Расліннасць
правіцьДзякуючы мяккаму клімату Ірландыя ўвесь год пакрытая зялёнай расліннасцю, за што стала вядомая як «Ізумрудны востраў». Вегетацыя расліннасці спыняецца ўзімку менш як на месяц.
У далінах Паўднёввай Ірландыі вегетацыя практычна не спыняецца і зімой, аднак моцныя вятры перашкаджаюць развіццю лясной расліннасці. Толькі ў абароненых далінах сустракаюцца невялікія лясы з дуба звычайнага, бярозы, ясеня, вольхі, ляшчыны, у падлеску расце падуб, глог, плюшч, цярноўнік і нават сунічнае дрэва. Маюцца гаі з хвоі. Верхняя мяжа лесу — 180—240 м (ва ўкрытых далінах паўднёвага ўсходу — да 480 м).
Паверхня гор і ўзгоркаў пакрыта верасоўнікамі з ерыкай і дрокамі, сярод якіх сустракаюцца субміжземнаморскія і іберыйскія віды (як правіла, на захадзе вострава), і вялікімі тарфянікамі. Сям-там сутракаюцца прадстаўнікі альпійскай флоры — дрыяда, гарычка.
Лугі з'яўляюцца найбольш, распаўсюджаным тыпам расліннасці. На выхадах вапнякоў бедная травяністая расліннасць. Вялікія забалочаныя плошчы існавалі ў заходняй частцы Цэнтральна-Ірландскай раўніны. Шмат буйных сфагнавых балот. У некаторых раёнах Ірландыі тарфянішчы дагэтуль пануюць у ландшафце, надаючы яму характэрны маркотны каларыт. Аднак многія раней забалочаныя прасторы зараз асушаны і выкарыстоўваюцца як сельскагаспадарчыя землі.
Жывёльны свет
правіцьМіжнароднае значэнне маюць месцы адпачынку пералётных птушак і раёны іх зімоўкі. У запаведніку Уэксфард на паўднёва-усходнім узбярэжжы Ірландыі зімуе палова сусветнай папуляцыі грэнландскай белалобай гусі.
Насельніцтва
правіцьНасельніцтва вострава (абедзвюх частак) — прыблізна 5,7 мільёну чалавек, большая частка з якіх жыве на ўсходнім узбярэжжы. Найважнейшыя гарады — Дублін і Белфаст.
Гл. таксама
правіцьЛітаратура
правіць- Ірландыя // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).