Ірына Уладзіміраўна Дрыга

беларускі дзяржаўны дзеяч

Ірына Уладзіміраўна Дрыга (руск.: Ирина Владимировна Дрига; нар. 9 снежня 1970, Мінск) — дзяячка рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. З 2010-х гадоў адказвае за цэнзуру і рэпрэсіі ў сферы культуры Беларусі[1][2][3][4]. Кандыдатка педагагічных навук (1998).

Ірына Уладзіміраўна Дрыга
першы намеснік Міністра культуры Рэспублікі Беларусь[d]
2 мая 2014 — лістапад 2018
Нараджэнне 9 снежня 1970(1970-12-09) (53 гады)
Адукацыя
Навуковая ступень кандыдат педагагічных навук (1998)
Дзейнасць дзяржаўны дзеяч
Узнагароды
медаль «За працоўныя заслугі»
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Раннія гады правіць

Скончыла ў 1992 годзе Мінскі інстытут культуры. У 1992—1999 гадах працавала лабаранткай кафедры бібліятэказнаўства, была аспіранткай кафедры бібліяграфіі і дакументазнаўства, затым выкладчыцай кафедры бібліяграфіі і дакументазнаўства Беларускага ўніверсітэта культуры[5]. Абараніла ў 1998 годзе дысертацыю па педагогіцы «Сістэма бібліяграфічнай інфармацыі па мастацтве ў Рэспубліцы Беларусь: тэарэтыка-метадычныя праблемы»[6].

Дзяржаўны функцыянер правіць

 
Надзея Усава, Ірына Дрыга, Уладзімір Пракапцоў. Ноч музеяў 2014 года ў Мінску

З 1999 года функцыянер у сферы ідэалогіі пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У 1999—2014 гадах — вядучы спецыяліст, галоўны спецыяліст аддзела аналізу працы сродкаў масавай інфармацыі інфармацыйна-аналітычнага кіравання, саветнік-кансультант упраўлення аналізу працы сродкаў масавай інфармацыі Галоўнага ўпраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі; галоўны саветнік упраўлення інфармацыйнай і сацыяльна-культурнай палітыкі галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення, а потым і начальнік упраўлення інфармацыйнай і сацыяльна-культурнай палітыкі галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення сацыяльна-культурнай палітыкі галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь[5].

У 2011 годзе склала «чорны спіс» беларускіх музыкаў, якім забараняліся канцэрты ў Беларусі, выступы на радыё і тэлебачанні[1].

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 мая 2014 года № 407 прызначана першым намеснікам Міністра культуры Рэспублікі Беларусь[5]. Падчас працы на пасадзе ўласна займалася цэнзурай п’ес і спектакляў на сцэнах беларускіх тэатраў. Пры яе падтрымцы Міністэрства культуры маніпулявала з вынікамі конкурсаў на размеркаванне дзяржаўнай падтрымкі ў вобласці культуры[7].

У снежні 2014 года падпісала пастанову, якая змяніла граніцы ахоўнай зоны мемарыяла «Курапаты», праз што пазней каля гэтага месца, дзе ў сталінскія часы расстрэльвалі людзей, скандальна з’явіўся рэстаран «Поедем поедим»[6].

У канцы кастрычніка 2018 года перад пачаткам кінафестывалю «Лістапад» стала вядома, што ягоная дырэкцыя не будзе браць удзел у выбары фільмаў для нацыянальнага конкурсу, а канчатковае рашэнне застаецца за камісіяй, на чале якой — першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга. Пазіцыю камісіі Дрыга растлумачыла тым, што нацыянальны конкурс для кінасуполкі з’яўляецца адным з самых галоўных, таму вырашана было пашырыць спектр асоб, якія будуць займацца адборам. Кінасупольнасць успрыняла новаўвядзенне як спробу цэнзуры. Камісія не дапусціла на фестываль працы рэжысёраў Андрэя Кудзіненкі, Андрэя Куцілы, а таксама альманах Мікіты Лаўрэцкага і Юліі Шатун. Узнікла небяспека, што такое ўмяшанне можа паўплываць на акрэдытацыю «Лістапада» ў Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў FIAPF. У выніку стваральнікі дзвюх карцін знялі фільмы з конкурсу, а кінакрытык Андрэй Расінскі заклікаў кінематаграфістаў не пускаць фільмы на фестываль, пакуль Ірына Дрыга не будзе звольнена[6]. Выказалі сваю пазіцыю і міжнародныя госці фестывалю: асуджэнне ў бок чыноўніцы Дрыгі прагучала са сцэны з вуснаў журы ФІПРЭСІ[7]. У лістападзе 2018 года звольнена з пасады намесніка Міністра культуры[2]. Па звальненні засталася працаваць у Міністэрстве, на студзень 2019 года займала пасаду начальніка галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы[8].

Пасля 2020 года правіць

Пасля пачатку палітычнага крызісу 2020 года ў Беларусі Ірына Дрыга кіруе палітычнымі рэпрэсіямі ў сферы культуры[3][4]. Сама Дрыга адкрыта заяўляе пра існаванне забароны на прафесію ў Беларусі, а таксама тлумачыць працэдуру вяртання для артыстаў «Заяві аб сваёй пазіцыі і адзначся ў адпаведнай прыналежнасці да пэўнай групы людзей. Другое — паўдзельнічай у культурных праектах, якія маюць грамадска-палітычны характар»[9].

У 2023 годзе займае пасаду начальніка галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры[10].

16 лістапада 2023 года звольнена з пасады начальніка Галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва. Неўзабаве пасля гэтага Дрыга заняла пасаду начальніка ў аддзеле Беларускай кінематаграфіі[11].

Зноскі

  1. а б Латушка: Аўтар «чорнага спіса» музыкантаў — Ірына Дрыга . Наша Ніва. Праверана 11 кастрычніка 2023.
  2. а б Ірына Дрыга, якая змяніла межы ахоўнай зоны ў Курапатах, звольненая з Міністэрства культуры . Наша Ніва. Праверана 11 кастрычніка 2023.
  3. а б Сфера культуры Беларуси в 2022–2023 годах. Репрессии. Тенденции. Беларускi ПЭН. Праверана 11 кастрычніка 2023.
  4. а б Главное — поддерживать власть. После 2020-го на высоких должностях в Беларуси оказалось немало неожиданных людей — рассказываем (руск.). Зеркало (16 жніўня 2022). Праверана 11 кастрычніка 2023.
  5. а б в Первый заместитель — Дрига Ирина Владимировна
  6. а б в Скандалы с Куропатами и «Лістападам». Чем запомнилась Ирина Дрига Архівавана 13 лістапада 2018.
  7. а б А. Курэйчык «Оскар» и розовая дама // БелГазета : газ.. — Мн.: 26 снежня 2018. — В. 1174. — № 48.
  8. Ірына Дрыга засталася працаваць у Міністэрстве культуры . Наша Ніва. Праверана 11 кастрычніка 2023.
  9. В Минкультуры Беларуси высказались о черных списках артистов (руск.). belarus.kp.ru.
  10. "Будзе вельмі цікава!" На галоўны канцэрт свята "Купалле" ў Александрыі прададзены ўсе білеты . blr.belta.by (28 чэрвеня 2023). Праверана 11 кастрычніка 2023.
  11. Непатапляльную Ірыну Дрыгу знялі з пасады. Але ў Міністэрстве культуры яна застаецца . Наша Ніва. Праверана 26 лістапада 2023.

Спасылкі правіць