Іспанізацыя (ісп.: Castellanización; Hispanización) — працэс добраахвотнага або гвалтоўнага пераходу на іспанскую мову і засваення іспанскай культуры. У самім іспанамоўным свеце адрозніваюцца два блізкія, але досыць выразна размежаваных паняцці: кастыльянізацыя — першасная іспанізацыя пачатку каланіяльнага перыяду, і лацінаамерыканізацыя — другасная іспанізацыя ў краінах Новага Свету. Падчас кастыльянізацыі адбылося першае знаёмства аўтахонных народаў (мая, кечуа, аймара і г.д.) з іспанскай мовай і культурай, і разгарнулася актыўная метысацыя. Падчас каланізацыі, і асабліва пасля атрымання незалежнасці ад Іспаніі, кожная з іспана-амерыканскіх краін паступова набыла свой этнадэмаграфічны каларыт, мала звязаны з сучаснай Іспаніяй. Падчас лацінаамерыканізацыі гэтыя іспанамоўныя субкультуры ўплываюць на іншыя рэгіёны. Гэтак, у другой палове ХХ стагоддзя адбылася актыўная лацінаамерыканізацыя Маямі кубінскімі эмігрантамі, а Х’юстана і Лос-Анджэлеса — мексіканскімі (мексіканізацыя). У адрозненне ад папярэдніх хваль іміграцыі, больш за 75 % лацінаамерыканскіх імігрантаў у ЗША захоўваюць іспанскую мову ў той ці іншай меры.

Гл. таксама

правіць