Ігар Міхайлавіч Лучанок
Іга́р Міха́йлавіч Лучано́к (6 жніўня 1938, Менск — 12 лістапада 2018, Мінск) — беларускі кампазітар і педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1973), народны артыст Беларусі (1982) і СССР (1987)[2], заслужаны дзеяч культуры Польшчы. Прафесар. Ганаровы грамадзянін Мар’інай Горкі, Мінска і Сальска (Растоўская вобласць, Расія)[3].
Ігар Міхайлавіч Лучанок | |
---|---|
![]() | |
Асноўная інфармацыя | |
Дата нараджэння | 6 жніўня 1938 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 12 лістапада 2018[1] (80 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Краіна | |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Музычная дзейнасць | |
Прафесіі | кампазітар, музычны педагог, кінакампазітар |
Грамадская дзейнасць | |
Партыя | |
Член у | |
Прэміі | |
Узнагароды | |
![]() | |
![]() |
БіяграфіяПравіць
Нарадзіўся ў Мінску ў сям’і лекара Міхаіла (Міхася) Лукіча Лучанка і настаўніцы Аляксандры Герасімаўны, якія пабраліся шлюбам у 1931 годзе. Жылі ў здымным пакоі ў доме па Ігуменскім тракце (цяпер вул. Маякоўскага). Праз 38 дзён пасля народзінаў сям’я пераехала ў пасёлак Пячэрск (Магілёўскі раён), бо бацька атрымаў накіраванне на працу ў Магілёўскую псіхіятрычную бальніцу. Да атрымання адукацыі ўрача ў Беларускім медыцынскім інстытуце бацька з 20 лютага 1926 г. працаваў скрыпачом у Беларускім вандроўным тэатры пад кіраўніцтвам Уладзіслава Галубка[4]. Маці была родам з Бабруйска, паходзіла са шляхецкага роду Жукоў і скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «хімія і біялогія».
З лета 1940 г. да канца чэрвеня 1941 г. сям’я жыла ў Магілёве, у доме чыгуначнікаў на Першамайскай вуліцы. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны бацьку адправілі ваенным урачом 3-га рангу ў Гомель у складзе самаходнай лятучкі № 710 для ратавання параненых. Калі пачаліся нямецкія бамбардзіроўкі Магілёва, вярнуўся з маці і сястрой Ларысай у пасёлак Пячэрск (цяпер частка Магілёва). У ліпені 1941 г. з’ехаў з маці і сястрой у станіцу Марозаўская (Растоўская вобласць, РСФСР). Зімавалі на бліжэйшым хутары Бакланава. У пачатку 1942 г. бацька перавёз сям’ю ў Сталінград, дзе некалькі дзён давялося начаваць на вакзале. Адтуль выехаў з сям’ёй у Сальск (Растоўская вобласць), куды бацьку накіравалі служыць ваенным урачом. Там пайшоў у 1-ы клас чыгуначнай школы № 9[3].
На пачатку жніўня 1946 г. вярнуўся з сям’ёй у таварным вагоне ў Беларусь, дзе бацька Міхаіл Лукіч пачаў працаваць урачом у чыгуначнай амбулаторыі на станцыі Пухавічы і атрымаў жытло[5]. Адвучыўся з 2-га па 5-ы класы ў Мар’інай Горцы (Пухавіцкі раён, Мінская вобласць), дзе яго сям’я жыла ў дзедавай хаце па вуліцы Фрунзэ, д. 73[6], якую бацька ў хуткім часе перавёз з вёскі Язоўкі. Ад бацькі атрымаў першыя ўрокі музыкі, для чаго той набыў акардэон-чвэрць, цымбалы і чорнае піяніна[4].
У жніўні 1950 г. пераехаў на наёмную кватэру ў Мінск, дзе паступіў у 6-ы клас па цымбалах музычнай школы пры Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі[5]. Настаўнікам быў цымбаліст Аркадзь Астрамецкі, які стаў лаўрэатам 1-га Усесаюзнага агляду выканаўцаў на народных інстументах. У 1951 г. бацькі самі пераехалі ў Мінск, дзе атрымалі пакой па вул. Фрунзэ, д. 3[4]. У 1952 г., у 14 гадоў быў залічаны ў Дзяржаўны народны аркестр БССР, якім кіраваў Язэп Жыновіч[7]. У 9-м класе застаўся на 2-і год, каб працягнуць навучанне па класе фартэпіяна[3] ў Рыгора Шаршэўскага. Затым паступіў у Рэспубліканскі ліцэй пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі па класе кампазіцыі[5] у Віктара Белага. У час навучання ў Беларускай кансерваторыі быў ленінскім стыпендыятам[4].
У верасні 1956 г. стаў піяністам толькі створанага Львом Молерам джазавага ансамблю, які праз 5,5 месяцаў рэпэтыцыяў даў адзіны канцэрт, прысвечаны Дню Савецкай арміі, у мінскім Доме афіцэраў у прысутнасці маршала Сямёна Цімашэнкі. У 1961 г. скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класах кампазіцыі яе рэктара Анатоля Багатырова і піяніна Рыгора Шаршэўскага[7].
Па размеркаванні да 1962 г. выкладаў у Гомельскім музычным вучылішчы, пасля чаго лекаваўся ў Есентуках (Стаўрапольскі край, РСФСР). Затым уладкаваўся на кафедру музыкі Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. У 1963 г. на прапанову рэктара Беларускай кансерваторыі Уладзіміра Алоўнікава здаў іспыты ў Ленінградскую кансерваторыю Дзмітрыю Шастаковічу[4]. У 1965 г. скончыў асістэнтуру-стажыроўку Ленінградскай кансерваторыі пад кіраўніцтвам прафесара Вадзіма Салманава і ўступіў у Саюз кампазітараў Беларусі. У кастрычніку 1967 г. пакінуў выкладанне на кафедры кампазіцыі Беларускай кансерваторыі (1300 гадзін) і паступіў у аспірантуру Маскоўскай кансерваторыі, якую скончыў у 1970 г. пад кіраўніцтвам прафесара Ціхана Хрэннікава, старшыні Саюза кампазітараў СССР[7].
З 1980 г. старшыня праўлення Беларускага саюза кампазітараў. У 1982—1986 гг. рэктар Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі[2]. У 1985 г. песня «Майскі вальс» на яго музыку і словы Міхаіла Ясеня прагучала ў выкананні Яраслава Еўдакімава на Усесаюзным тэлефестывалі «Песня года»[8]. У лютым 1985 г. стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. У 1989—1991 гадах — дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР[4]. У 1993 г. выступіў адным з ініцыятараў стварэння Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці; Таварыства народнай дыпламатыі.
За савецкім часам удзельнічаў у 3-х Сусветных фестывалях моладзі і студэнтаў у Берліне (Германская Дэмакратычная Рэспубліка), Гаване (Куба) і Маскве. На Кубе сустракаўся з Фідэлем і Раўлем Кастра[3]. Да 2012 г. правёў 20 сольных канцэртаў у Маскве паводле сваіх твораў[6].
На 2016 г. перанёс 3 клінічныя смерці[4].
У ноч з 1 на 2 лістапада 2018 года ў Ігара Лучанка адбыўся інсульт, з 2 лістапада знаходзіўся ў рэанімацыі ў аддзяленні неўралогіі Гарадской клінічнай бальніцы хуткай дапамогі Мінска. Памёр 12 лістапада 2018 года[9].
Развітанне з кампазітарам адбылося 14 лістапада ў мінскім Доме афіцэраў[10]. Пахаваны на Усходніх могілках[11].
ТворчасцьПравіць
Працаваў у розных жанрах (вакальна-сімфанічным, камерна-інструментальным, камерна-вакальным). Найболей плённа — ў песенным. Асноўная вобразная сфера яго песеннай творчасці — лірыка-рамантычная. Ягонай музыцы ўласцівыя яркі меладызм і нацыянальная самабытнасць.
Яго дыпломнай працай сталі сімфонія (1961) і кантата «Курган» (1962) па аднайменнай паэме Янкі Купалы, у далейшым перапрацаваная ў рок-оперу «Гусляр» (1971) для ансамбля «Песняры». Сярод яго асноўных твораў: кантаты «Салдацкае сэрца» (1962), «Невядомы салдат» (кандыдацкая дысертацыя, 1970) і «Зоры над соснамі» (1981); вакальна-сімфанічная паэма «Вайна не патрэбна» (1983), уверцюра-фантазія для сімфанічнага аркестра (1975), струнны квартэт, саната для габоя і фартэпіяна, саната і прэлюдыя для фартэпіяна; вакальныя цыклы «Сіні колер» (1965), трыпціх «Чалавеку патрэбна цішыня» (1966), балады «Апасіяната» на словы Эдзі Агняцвет (1969), «Авэ Марыя» на словы М. Алтухова (1973), цыкл рамансаў «О, Радзіма бацькоў» на вершы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Максіма Танка і Ніла Гілевіча (1980).
У 1966 годзе Ігар Лучанок упершыню праявіў сябе як самабытны кампазітар-песеннік[12]. На Усесаюзным конкурсе савецкай песні яго песня-балада «Памяць сэрца» (на словы паэта М. Ясеня) у выкананні Віктара Вуячыча атрымала першую прэмію (23 кастрычніка 1966 г., ст.журы Леанід Уцёсаў)[4]. Гэтая песня стала вяхой і вызначыла адну з важных тэм яго творчасці ў наступных песнях: «Хатынь», «Каб камяні маглі гаварыць», «Пісьмо з 45-га», «Курган Славы», «Старое кіно», «Майскі вальс». Кампазітар звяртаўся да творчасці многіх паэтаў: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Петруся Броўкі і інш., а таксама расійскіх паэтаў Роберта Раждзественскага, Яўгена Еўтушэнкі. Шчыра выказана любоў да Беларусі ў вядомых песнях «Мой родны кут», «Я хаджу закаханы», «Спадчына», «Жураўлі на Палессе ляцяць». Шырокае кола лірычных песень, такіх як «Вераніка», «Алеся», «Зачарованая мая»[12]. Стварыў таксама песні «Пакуль на Зямлі існуе каханне», «Дарагія мае землякі», «Світанак», «Белы бусел», «Мар’іна Горка» і інш. Агулам на творчым рахунку кампазітара больш як 300 песень, прычым некаторыя з іх, як «Польку беларускую», слухачы лічаць народнымі[13].
Напісаў хоры, творы для эстраднага аркестра, музыку да драматычных спектакляў, радыё- і тэлепастановак, тэле- і кінафільмаў. Аўтар музыкі для дзяцей.
Сям’яПравіць
У шлюбе з Аляксандрай (у дзявоцтве Чэканава), супрацоўніцай музычнай школы, мае двух дзяцей: дачку Святлану (музыкант) і сына Андрэя (юрыст)[3].
ПрысвячэнніПравіць
У 2000 г. галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка» Уладзімір Ліпскі выдаў кнігу «Басанож па зорках» (198 с.) пра Ігара Лучанка[3].
Узнагароды і званніПравіць
- Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР (1973)
- Народны артыст Беларускай ССР (1982)
- Народны артыст СССР (1987)
- Заслужаны дзеяч культуры Польшчы (1989)
- Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі (1967)
- Прэмія Ленінскага камсамола (1972) — за цыкл песень пра Радзіму, партыю, камсамол, актыўную прапаганду савецкай музыкі сярод моладзі
- Дзяржаўная прэмія Беларускай ССР (1976)
- Міжнародная прэмія прафсаюзаў (2001)
- Ордэн Дружбы народаў
- Ордэн «Знак Пашаны»
- Ордэн Францыска Скарыны (1998)
- Першая прэмія на Усесаюзным конкурсе савецкай песні — за песню-баладу «Памяць сэрца» (1966)
- Першы беларус — уладальнік імянной зоркі на Плошчы Зорак Эстрады ў канцэртнай залы «Расія» у Маскве (1999)
- Прэмія ў вобласці культуры і мастацтва «Зоркі Садружнасці» (Савет па гуманітарным супрацоўніцтве і Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельнікаў СНД, 2011)[14]
- Ганаровы грамадзянін Мінска (1999)
- Ганаровы грамадзянін Сальска Растоўскай вобласці
- Ганаровы грамадзянін горада Мар’іна Горка Мінскай вобласці.
- Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці[15]
Цікавыя фактыПравіць
- Мелодыю «Песні пра Мінск» адбіваюць кожную гадзіну куранты на вежы Мінскай ратушы, адноўленай у 2004 годзе.
Зноскі
- ↑ Igor Luchenok // https://historygreatest.com/belarusian-composer-igor-luchenok-died-at-80
- ↑ а б Іна Зубрыч. Лучанок // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 9. — С. 378. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9.
- ↑ а б в г д е Уладзімір Фалалееў. Ігар Лучанок: «Я дапамагаю не толькі сябрам, але нават і ворагам» . Настаўніцкая газета (27 ліпеня 2013). Архівавана з першакрыніцы 22 ліпеня 2015. Праверана 8 жніўня 2017.
- ↑ а б в г д е ё ж Зінові Прыгодзіч. Ігар Лучанок: «Мая палітыка ― гэта мае песні» // Полымя : часопіс. — Верасень 2016. — № 9 (1043). — С. 145-158. — ISSN 0130-8068.
- ↑ а б в Раіса Марчук. Кампазітар з вялікай літары // Літаратура і мастацтва : газета. — 21 чэрвеня 2013. — № 24 (4722). — С. 16. — ISSN 0024-4686.
- ↑ а б Ніна Шчарбачэвіч. «Усё гэта — ад Бога, мамы і трох кансерваторый» // Звязда : газета. — 16 мая 2012. — № 91 (27206). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
- ↑ а б в Надзея Бунцэвіч. Так свецяць сонечныя промні // Культура : газета. — 2 жніўня 2008. — № 31 (849).
- ↑ Надзея Сербіненка, тэлеканал «Беларусь 1». У Мар'інай Горцы прайшоў фестываль песні і музыкі «Майскі вальс» . Белтэлерадыёкампанія (17 мая 2016). Архівавана з першакрыніцы 14 ліпеня 2017. Праверана 8 жніўня 2017.
- ↑ Памёр Ігар Лучанок
- ↑ У Мінску развіталіся з Ігарам Лучанком ФОТЫ
- ↑ Развітанне з Ігарам Лучанком пройдзе 14 лістапада ў Цэнтральным Доме афіцэраў
- ↑ а б blr.belta.by Архівавана 16 лістапада 2018.
- ↑ zviazda.by
- ↑ Навіна: Асаналі Ашымаў стаў лаўрэатам прэміі СНД «Зоркі Садружнасці» Архівавана 18 ліпеня 2014.
- ↑ Нашаму земляку прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці»
ЛітаратураПравіць
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
- Лученок Игорь Михайлович // Кто есть кто в Республике Беларусь: Электронный справочник; БДГ on-line. — Эл. ресурс bdg.by
СпасылкіПравіць
Ігар Міхайлавіч Лучанок у Вікіцытатніку | |
Ігар Міхайлавіч Лучанок на Вікісховішчы |
- Ігар Міхайлавіч Лучанок . Беларускі харавы партал (2 чэрвеня 2010). Праверана 8 жніўня 2017.
- Песні эпохі — zviazda.by