Ізі Харык

яўрэйскі паэт і грамадскі дзеяч
(Пасля перасылкі з І. Харык)

Ізі (Іцхак-Лейб[1]) Харык (Ісак Давыдавіч Харык; 17 сакавіка 1898, Зембін, цяпер Барысаўскі раён — 29 кастрычніка 1937, турма НКУС, Менск) — беларускі яўрэйскі паэт, грамадскі дзеяч, публіцыст. Пісаў пераважна на мове ідыш. Член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР (з 1936), член ЦВК БССР (1931—1937)[2].

Ізі Харык
Асабістыя звесткі
Псеўданімы Зембін А.З.
Дата нараджэння 17 сакавіка 1898(1898-03-17)
Месца нараджэння
Дата смерці 29 кастрычніка 1937(1937-10-29) (39 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт
Мова твораў беларуская і ідыш
Грамадская дзейнасць
Член у
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Абрам Бразер. Бюст Ізі Харыка.

Біяграфія правіць

Нарадзіўся 17 сакавіка 1898 годзе ў мястэчку Зембін у сям’і шаўца. Вучыўся ў хедары, а таксама народнай рускай школе Зембіна. У юнацкія гады працаваў рабочым на фабрыках і заводах Мінска, Барысава, Гомеля, аптэкарам у Барысаве[3]. У 1917 годзе пераехаў у Мінск на сталае жыхарства. Быў бібліятэкарам, загадчыкам агульнаадукацыйнай школы. У 1919 годзе пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію. Служыў санітарам[3]. Прымаў удзел у баях польска-савецкай вайны на тэрыторыі Беларусі. У 1921—1922 гадах вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на медыцынскім факультэце. Жыў у Менску на вуліцы Нова-Раманаўскай, 33[3][1]. З 1922 года вучыўся ў Вышэйшым літаратурна-мастацкім інстытуце імя В. Брусава. У 1927 годзе скончыў Маскоўскі ўніверсітэт.

Пасля вяртання ў Менск у 1928—1937 гадах быў спачатку сакратаром[3], а з 1930 года — адказным рэдактарам яўрэйскага часопіса «Штэрн» («Зорка»). Старшыня секцыі яўрэйскіх пісьменнікаў Саюзе пісьменнікаў БССР з часу яе заснавання ў 1934 годзе. Адзін з шасці суаўтараў «Пісьма беларускага народу вялікаму Сталіну» (1936)[3]. Разам з шэрагам іншых беларускіх пісьменнікаў у жніўні 1936 года падпісаў зварот да Сталіна з заклікам «да канца раскрыць і знішчыць усе змяіныя гнёзды трацкісцка-зіноўеўскай фашысцкай хеўры»[4].

4 жніўня 1937 года ваенны пракурор санкцыянаваў пастанову аб ператрусе, арышце і прыцягненні Ізі Харыка ў якасці абвінавачанага, але яе выкананне было прыпынена. 11 верасня 1937 года Народны камісар унутраных спраў БССР Барыс Берман падпісаў ордар на «вобшук і арышт грамадзяніна Харыка Ісаака Давідавіча, які пражывае ў г. Менск, Савецкая, 148/19, кв. 52» (Дом спецыялістаў). Аднак Ізі Харыка ў Менску не было — ён праводзіў водпуск у Пухавіцкім раёне ў Доме адпачынку літаратараў, дзе і быў арыштаваны. Ужо 17 верасня, пасля катаванняў, Ізі Харык згадзіўся з усімі абвінавачваннямі[5].

21 кастрычніка 1937 года быў зацверджаны спіс з 56 беларускіх дзеячаў, якіх прапаноўвалася расстраляць. Пад № 52 там значыўся Харык Ісак Давідавіч. Расстрэл быў санкцыянаваны подпісамі Сталіна, Молатава, Кагановіча, Варашылава, Мікаяна[5]. Увечары 28 кастрычніка 1937 года Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР Ізі Харык як «член трацкісцка-зіноўеўскай арганізацыі» быў прыгавораны да расстрэлу. Пасяджэнне па яго справе пачалося ў 17 гадзін 45 хвілін і доўжылася 15 хвілін[5]. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў сутарэннях менскай унутранай турмы НКУС (т. зв. «амерыканкі») Ізі Харык быў расстраляны (разам з больш за 100 дзеячамі беларускай культуры, мастацтва і навукі, а таксама грамадскімі дзеячамі БССР). Пасмяротна рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 13 чэрвеня 1956 года.

Сям’я правіць

Быў жанаты з Дзінай Звулаўнай Харык (1911—2003), з якой гадаваў двух сыноў (Юлія і Давыда). Дзіна Харык была арыштаваная 5 лістапада 1937 года, 28 лістапада асуджаная як «член сям’і здрадніка радзімы» да 8 гадоў лагераў, этапаваная ў Караган­дзінскі канцлагер НКВД Казахскай ССР (Акмолінскі лагер жонак здраднікаў радзімы). Вызваленая ў 1946 годзе, вярнулася ў Мінск. Рэабілітаваная ў 1956 годзе[6].

Творчасць правіць

Першыя вершы апублікаваў у 1920 годзе (часопіс «Камуністычны свет», Масква). Аўтар зборнікаў паэзіі на ідышы «Трапятанне» (Менск, 1922), «На зямлі» (Масква, 1926), «Душой і целам» (паэма, 1928), «Вершы і паэмы» (Кіеў, 1930), «Хлеб» (паэма, Харкаў, 1930), «Круглыя тыдні» (1932), «Ад полюса да полюса» (Менск, 1934), «Наша бадзёрасць» (Кіеў, 1934), «Вершы і паэмы» (1935), «Пяць паэм» (Менск, 1936), «На чужым балі» (паэма, Менск, 1936), «Душой і целам» (выбранае, Масква, 1970), «Лірычныя матывы» (Масква, 1994). У 1926 годзе ў менскім альманаху «Цайтшрыфт» быў змешчаны нарыс Ізі Харыка «Лейзер Шэйнман — бадхен з Зембіна», прысвечаны дзеду паэта[7] (дзед Лейзер стане і прататыпам галоўнага героя паэмы «На чужым балі», напісанай у 1935 г.).

У перакладзе на беларускую выйшлі «Выбраныя творы» (Мінск, 1958), «Выбранае» (Мінск, 1969), на рускую — «Стихи» (1935), «Стихи и поэмы» (Масква, 1958), «От полюса к полюсу» (Масква, 1971). У 1998 годзе ў Мінску выйшаў зборнік «Отсель кричу в грядущие года…» (пераклады на рускую)[2], у 2008 г. — двухмоўная кніга Ізі Харыка «Туга па чалавеку» на ідышы з паралельнымі перакладамі на беларускую[8].

Перакладаў на ідыш Міхася Чарота, Якуба Коласа. Асобныя творы Ізі Харыка перакладалі на беларускую Пятрусь Броўка, Генадзь Бураўкін, Рыгор Бярозкін, Пятро Глебка, Хведар Жычка, Кастусь Кірэенка, Аркадзь Куляшоў, Уладзімір Паўлаў[9], Вольф Рубінчык[10], Ганна Янкута[11] і інш. Многія з вершаў Ізі Харыка (напрыклад, урыўкі з паэмы «Хлеб») сталі песнямі. Напісаны і песні на верш Ізі Харыка «Ў шэрым змроку» (пераклад Ганны Янкуты) і «Век настане такі…» (пераклад Рыгора Бярозкіна).

Ацэнкі правіць

Максім Танк згадваў у дзённіках:

  ...Перачытаў вершы Ізі Харыка, падораныя калісьці мне яго жонкай Дзінай. Вершы яго вызначаюцца лірычнасцю, змястоўнасцю сярод тагачаснай барабаннай паэзіі. Некаторыя з іх я калісьці перакладаў...
19.XI.1993[12]
 

Памяць правіць

У 1998 годзе адна з цэнтральных вуліц вёскі Зембін атрымала імя Ізі Харыка[3].

У 2017 годзе ў рамках праекта «(Не)расстраляная паэзія/1937—2017» праведзена адкрытая лекцыя, прысвечаная Ізі Харыку[13], напісана песня на яго вершы[14]. У тым жа годзе з’явіўся беларуска-польскі фільм «Зніклая паэзія», дзе папулярна распавядаецца пра Тодара КляшторнагаМойшэ Кульбака, Юлія Таўбіна, Ізі Харыка[15].

Зноскі

  1. а б Вольф Рубінчын. Пачакайма, затрымаймася… (В. Р.)  (31 жніўня 2022). Праверана 29 кастрычніка 2023.
  2. а б http://nasb.gov.by/rus/members/correspondents/kharik.php
  3. а б в г д е Лекция В. Рубинчика об Изи Харике. belisrael.info (3 кастрычніка 2017). Праверана 29 кастрычніка 2023.
  4. В. Рубінчык пра Якава Бранштэйна. belisrael.info (10 лістапада 2017). Праверана 29 кастрычніка 2023.
  5. а б в Последние дни Изи Харика
  6. Леанід Маракоў. Ахвяры і карнікі. Ізі Харык. Архівавана з першакрыніцы 28 лістапада 2022.
  7. Вершы Ізі Харыка (ІII) + дадатак. belisrael.info (25 верасня 2017). Праверана 29 кастрычніка 2023.
  8. Вольга Бабкова — пра габрэйскую прастору ў беларускай літаратуры . Радыё Свабода (22 снежня 2012). Праверана 29 кастрычніка 2023.
  9. ВЕРШЫ ІЗІ ХАРЫКА (І) - Independent Israeli site / אתר ישראלי עצמאי / Независимый израильский сайт / Незалежны iзраiльскi сайт /Незалежний ізраїльський сайт. belisrael.info (14 жніўня 2017). Праверана 29 кастрычніка 2023.
  10. Рубінчык Уладзімір Паўлавіч. lit-bel.org. Праверана 29 кастрычніка 2023.
  11. Ізі Харык (איזי כאריק ). Вітанні праз моры. Вершы - па-беларуску | Часопіс "ПрайдзіСвет". Праверана 29 кастрычніка 2023.
  12. Збор твораў у 13 тамах. Т. 10. — С. 683.
  13. Ізі Харык (1896-1937). Адкрытая лекцыя Вольфа Рубінчыка (+новая песьня Сьветы Бень)(нявызн.). Праверана 29 кастрычніка 2023.
  14. Сьвета Бень - У шэрым змроку (на словы Ізі Харыка)(нявызн.). Праверана 29 кастрычніка 2023.
  15. Як нарадзілася «Зніклая паэзія». belisrael.info (8 лістапада 2017). Праверана 29 кастрычніка 2023.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць