Аб’ект 802

(Пасля перасылкі з Аб'ект 802)

Аб’ект 802 — назва сакрэтнага ваеннага аб’екта, які на працягу 1950—1980-х гадоў знаходзіўся ў цэнтральнай частцы горада Брэста і выкарыстоўваўся для перагрузкі ўранавай руды. Акрамя «аб’екту 802» у Брэсце існаваў яшчэ адзін падобны перагрузачны пункт «Заходні».

Гісторыя правіць

У 1950-я гады СССР актыўна нарошчваў колькасць ядзернай зброі. Для атрымання неабходных кампанентаў выкарыстоўваліся не толькі магутнасці савецкіх радовішчаў урану, але і руда з Еўропы. Напрыклад, усё руду, здабываную з радовішча каля Яхімава[cs] (Чэхаславакія) спачатку накіроўвалі ў Карл-Маркс-Штат (ГДР), дзе на сумесным савецка-германскім прадпрыемстве «Вісмут»[ru] з яе выпрацоўвалі ўранавы канцэнтрат. Далей канцэнтрат праз Польшчу ішоў на савецкія абагачальныя заводы. Асноўным перавалачным пунктам паміж Еўропай і СССР быў беларускі Брэст.

Тым часам чыгуначная каляя ў Беларусі была на 8,5 см шырэйшая, чым у заходніх суседзяў (г. зв. «шырокая каляя»). У часы СССР колы вагонаў не мянялі — грузы механічна перамяшчалі з адных вагонаў у іншыя. Уранавую руду ў 1950-я гады вазілі на адкрытых чыгуначных платформах кучамі, а потым перагружалі ўручную ў драўляныя скрыні, якія потым перамяшчалі кранамі.

У вагоне, зробленым пад вузейшую каляю (г. зв. «еўрапейскую каляю»), размешчаным на паваротным крузе, адкрывалася тарцовая перагрузачная адтуліна, і руда ссыпалася ў бункер вагона, размешчанага на шырокай каляі. У Брэсце былі дзве такіх перагрузачныя станцыі для ўранавай руды — «аб’ект 802» на вуліцы Машэрава, насупраць Брэсцкай ЦЭЦ, і аб’ект «Заходні» у раёне існай чыгункі, паміж вуліцай Герояў Абароны Брэсцкай крэпасці і чыгуначнай веткай на Варшаву. Стратэгічны «аб’ект 802» у розны час меў назвы «Серп» або «Паштовая скрыня 14587». Курыравала працу брэсцкіх станцый перагрузкі Міністэрства сярэдняга машынабудавання СССР[ru], а потым 8-е галоўнае ўпраўленне Мінатамэнергапрама СССР[ru]. Па розных даных, на пунктах перагрузкі руды пасля 1945 года працавала каля 10 тысяч вайскоўцаў і 25 тысяч палонных немцаў.

Радыяцыйнае забруджанне тэрыторыі правіць

Падчас працэсу ручной перагрузкі руды чыгуначныя адхоны былі абсыпаны кавалкамі гэтага матэрыялу. Па сведчаннях відавочцаў, вышыня пласта дасягала штыка рыдлёўкі. Платформы і вагоны абмывалі вадой (якая сцякала на глебу без якой-небудзь ачысткі або ўтылізацыі). Вываз адкідаў ажыццяўляўся аўтатранспартам без адмысловай герметызацыі кузаваў, груз проста накрывалася брызентам. Калі і па якіх маршрутах ажыццяўляўся вываз радыеактыўнага смецця ў 1950-я гады насельніцтва не інфармавалі. Людзі, занятыя непасрэдна на перавалцы і ўборцы вагонаў, працавалі па 4 гадзіны, рамонтнікі абсталявання — 7-8 гадзін. Пасля закрыцця яхімаўскіх радовішч былі закрыты і перагрузачныя станцыі ў Брэсце.

Хваля цікавасці да месцаў дзе раней ажыццяўлялася перагрузка ўранавай руды ўзнялася пасля аварыі на ЧАЭС[1]. У Брэсце ў пачатку 1990-х гадоў загаварылі пра неабходнасць ліквідаваць небяспечнае смецце і дэзактываваць тэрыторыі каля чыгуначных шляхоў і станцый перагрузкі. Па заказе СССР украінскаму прадпрыемству «ВостГОК» з Жоўтых Вод (Днепрапятроўская вобласць Украіны) было заданне на дэзактывацыю забруджанага ўранам аб’екта ў Брэсце. Завод раней праводзіў падобныя дэзактывацыйныя работы на падобнай перавалачнай станцыі ва ўкраінскім Мукачэве, таму адкіды з Брэста таксама планавалі пахаваць у «хваставіках» (выпрацаваных шахтах) каля ўкраінскіх Жоўтых Вод. Праектныя працы для санацыі «Аб’екта 802» у Брэсце пачаліся, але не былі скончаны з-за распаду СССР. У выніку радыеактыўны аб’ект больш за дзесяць гадоў быў закінуты і абгароджаны драўляным плотам[2].

У 2001 годзе па замове адміністрацыі горада і брэсцкага «Белкамунпраекта» былі праведзены замеры радыеактыўнасці. Яны паказалі ваганні радыеактыўнага фону на паверхні да 120 мкР/гадзіну (пры норме 10-20 мкР/гадзіну). Гама-актыўнасць глебы на глыбіні да паўметра змяняліся ад 500 да 1650 мкР/гадзіну[3]. Былі адзначаны анамаліі ўтрымання ўрану-238, торыя-232. Глеба на пазначанай тэрыторыі ўтрымлівала радон у колькасці, якая перавышала фонавы ўзровень у шмат разоў. Таму пачалася распрацоўка рэгламенту і тэхналогіі правядзення работ. За радыелагічны кантроль работ адказваў Інстытут радыялогіі (Пінск). Большая частка людзей на дэзактывацыйных мерапрыемствах была працаўнікамі з будаўнічага трэста БМС-209 «Брэстспецмантажбуд» горада Кобрына.

На ажыццяўленне работ па дэзактывацыі было выдзелена 5,6 млрд рублёў, па курсе на 2004 год — прыкладна 2,6 млн долараў. Дэзактывацыйныя работы працягваліся чатыры месяцы — з траўня па верасень 2004 года. Падчас дэзактывацыі «аб’екта 802» дэмантаваліся чыгуначныя шпалы, рэйкі і старыя бытоўкі. Пасля гэтага экскаватарам і бульдозерамі здымалі верхні пласт заражанай глебы на глыбіню каля паўметра. Усе адходы дэзактывацыі (каля 23 тысяч метраў кубічных) з дапамогай аўтамабіляў былі вывезены ў «пункт захоўвання адходаў дэзактывацыі» (ПЗАД), які знаходзіўся за 38 кіламетраў ад Брэста, за тры кіламетры ад вёскі Струга, на мяжы Брэсцкага і Маларыцкага раёнаў. Магільнік, праектнай плошчай 3,46 гектараў быў закладзены побач палігона цвёрдых бытавых адкідаў, які належаў Брэсцкаму смеццеперапрацоўчаму камбінату.

Зноскі

Літаратура правіць