Абарончая аперацыя на Беларусі (1941)
Абарончая аперацыя на Беларусі — баявыя дзеянні Чырвонай Арміі супраць войск нацысцкай Германіі на тэрыторыі Беларусі з 22 чэрвеня да пачатку жніўня 1941 ў ходзе Вялікай Айчыннай вайны.
Напярэдадні вайны
правіцьНа пачатак вайны ў прыгранічнай зоне Заходняй асобнай ваеннай акругі (22 чэрвеня пераўтворана ў Заходні фронт, камандуючы генерал арміі Дз. Р. Паўлаў) знаходзілася 26 дывізій 3-й (генерал-лейтэнант В. І. Кузняцоў), 10-й (генерал-маёр К. Дз. Голубеў) і 4-й (генерал-маёр А. А. Карабкоў) армій прыкрыцця. Усе стралковыя і 1 кавалерыйская дывізіі гэтых армій размяшчаліся ў раёнах, што прымыкалі да дзяржаўнай мяжы; 13 дывізій (8 танкавых, 4 матарызаваня і 1 кавалерыйская) складалі другі эшалон армій. Акрамя гэтага, у распараджэнні камандуючага акругі было 18 дывізій, у т. л. 12 недакамплектаваных стралковых дывізій. Большасць дывізій другога эшалона размяшчаліся за 400 — 600 км ад дзяржаўнай мяжы. З 8 танкавых дывізій 2 былі ўкамплектаваны танкамі прыкладна на 50%, 4 — менш чым на 50%, 2 не мелі танкаў.
Першыя дні вайны
правіць22 чэрвеня 1941 паміж 3.00 і 3.30 вермахт перасёк мяжу з СССР. Паўгадзінны прамежак пачатку наступлення быў звязаны з дыферэнцыяцыяй часу ўзыходу сонца ўздоўж усёй лініі фронту. З 44 дывізій, большасць размяшчаліся ў казармах, вучэбных лагерах альбо знаходзіліся ў стане пераходу да раёнаў дыслакацыі паблізу дзяржаўнай мяжы[1].
У Заходняй асобнай ваеннай акрузе паветраным налётам падверглася 26 аэрадромаў, і ў першыя дні вайны яна страціла 738 самалётаў (41 %). Становішча ўскладнялася тым, што праціўнік нанёс удары пераважна па аэрадромах, дзе базіраваліся самалёты новых тыпаў. Вялікія страты савецкай авіяцыі і якасная перавага нямецкіх самалётаў дазволілі немцам захапіць ініцыятыву ў паветры. Часці і злучэнні акругі не былі адмабілізаваныя і разгорнутыя на рубяжах, прадугледжаных планам прыкрыцця, войскі не былі своечасова прыведзеныя ў баявую гатоўнасць. Нападзенне праціўніка застала войскі ў раёнах раскватаравання і ў лагерах.
Супраць дывізій першага эшалону праціўнік раніцай 22 чэрвеня перайшоў у наступленне сіламі каля 40 дывізій групы армій «Цэнтр» (камандуючы Ф. фон Бок). Першымі ў бой з перадавымі нямецкімі часцямі ўступілі савецкія пагранічнікі; маючы толькі стралковую зброю, яны аказалі зацятае супраціўленне. На правым фланзе Заходняга фронту, дзе дзейнічалі войскі 3-й арміі, пачалі выходзіць і ахопліваць яго злучэнні, што прарваліся на левым крыле Паўночна-Заходняга фронту (3-я танкавая група, левафланговыя карпусы 9-й арміі вермахта). Гэта нямецкая групоўка налічвала 11 дывізій, з 26 чэрвеня яна ўжо цалкам дзейнічала супраць Заходняга фронту. У выніку сілы праціўніка на Заходнім фронце склалі больш за 50 дывізій. У ходзе аперацыі ў бітву пачалі ўступаць 18 дывізій другога эшалону Заходняга фронту, а з нямецкага боку — 7 — 8 дывізій, вылучаных з рэзерву галоўнага камандавання сухапутных войск. Усяго ў баявых дзеяннях на заходнім напрамку ў першы тыдзень вайны з савецкага боку ўдзельнічалі 44 дывізіі, не ўкамплектаваных да штату ваеннага часу, а з боку праціўніка — 60 дывізій, у т. л. 9 танкавых і 7 матарызаваных. Асабліва значнай была перавага нямецкіх войск на сувалкаўска-маладзечанскім і брэсцка-баранавіцкім напрамках, дзе ішлі вырашальныя баі.
Цяжкае становішча склалася на левым крыле Заходняга фронту, дзе супраць чатырох дывізій першага эшалону 4-й арміі наступала 10 дывізій праціўніка. Войскі 4-й арміі не былі своечасова разгорнуты і не выкарысталі для абароны зручную мясцовасць у раёне Брэста. 42-я і 6-я стралковыя дывізіі адступалі з раёна Брэста пад ударамі авіяцыі і артабстрэлам. Частка гэтых дывізій і некаторыя падраздзяленні пагранічнага атрада, абапіраючыся на ўмацаванні Брэсцкай крэпасці, аказалі ворагу стойкае супраціўленне.
Пад вечар 22 чэрвеня ўзнікла пагроза глыбокага ахопу нямецкімі танкавымі злучэннямі абодвух флангаў Заходняга фронту, цэнтр якога быў моцна высунуты на захад. Цяжкае становішча склалася на беластоцкім выступе, дзе абарону займала 10-я армія, якая, не вытрымаўшы націску, пачала адыходзіць.
У сваіх дзеяннях камандаванне было ў значнай ступені звязана ўказаннямі наркома абароны СССР С. К. Цімашэнкі пра неабходнасць разгрому ўдарных груповак нямецкіх войск. Аднак спробы нанясення контрудараў 22 і 23 чэрвеня сіламі другіх эшалонаў армій прыкрыцця — 11-м механізаваным корпусам у паласе 3-й арміі і 14-м механізаваным корпусам у паласе 4-й арміі на брэсцкім напрамку мелі нязначны поспех.
Для выканання дырэктывы наркома абароны СССР камандуючы фронтам стварыў конна-механізаваную групу ў складзе 11-га механізаванага корпуса 3-й арміі, які ўжо дзейнічаў, 6-га механізаванага корпуса і 36-й кавалерыйскай дывізіі 10-й арміі пад агульным камандаваннем намесніка камандуючага фронтам генерал-лейтэнанта І. В. Болдзіна. Контрудар гэтай групы, праведзены 23 і 24 чэрвеня, толькі скаваў 4 пяхотныя дывізіі праціўніка і на некалькі дзён затрымаў іх у раёне Гродна. Разам з тым, контрудар затрымаў у беластоцкім выступе не менш як на 2 дні савецкую 3-ю і 10-ю арміі, што ў тым становішчы было немэтазгодным, бо іх войскам пагражала поўнае акружэнне.
Перамяшчэнне савецкіх войск з маладзечанскага напрамку ў раён Ліды з мэтай арганізацыі наступлення супраць сувалскай групоўкі праціўніка прывяло да таго, што 24 чэрвеня, калі асноўныя сілы 3-й танкавай групы пасля заняцця Вільнюса рушылі да Мінска, напрамак Вільнюс — Мінск апынуўся амаль непрыкрытым. Таму дывізіям, сканцэнтраваным у Мінску, было загадана тэрмінова заняць абарону Мінскага ўмацаванага раёна.
Недастаткова зладжанымі былі дзеянні савецкіх войск і на баранавіцкім напрамку. Нямецкія танкавыя дывізіі захапілі рубеж па р. Шчара і падышлі да Баранавіч, а зтым, развіваючы наступленне, апярэдзілі савецкія войскі і 27 чэрвеня занялі Слуцк. 28 чэрвеня баранавіцкая групоўка Заходняга фронту пад ударамі нямецкіх танкавых дывізій адступіла на 20 км на поўнач ад Баранавіч.
Пад вечар 28 чэрвеня сілы праціўніка, якія наступалі ад Гродна на поўдзень і з раёна Бельска на паўночны ўсход, злучыліся ў раёне Крынак (на р. Свіслач) і адрэзалі шляхі адыходу савецкім войскам, што знаходзіліся ў раёне Беластока. Адначасова з боку Бельска праціўнік выйшаў да Ваўкавыска, а рухомыя злучэнні 2-й нямецкай танкавай групы занялі Слонім. На наступны дзень вораг акружыў левафланговыя часці 10-й арміі на паўднёвы ўсход ад Ваўкавыска.
Са складу 3-й і 10-й савецкіх армій адыход на ўсход працягвалі толькі 4 стралковыя, 1 танкавая і 1 кавалерыйская дывізіі. Астатнія войскі гэтых армій змагаліся ў тыле ворага.
Абарона Мінска
правіцьБаі на подступах да Мінска былі кравапралітныя і скарацечныя. Да 28 чэрвеня пераважаючым сілам ворага процістаялі разрозненыя, абяскроўленыя часці і падраздзяленні з армій прыкрыцця, механізаваныя і пяхотныя карпусы і дывізіі 13-й арміі пад камандаваннем П. М. Філатава. Ад нямецкага бамбардзіравання з самалётаў Мінск пацярпеў няшмат[2]. Аднак увесь горад, за выняткам прыгарадаў, згарэў ад падпалаў савецкімі спецкамандамі, якія мелі за мэту пакінуць ворагу знішчаны горад[3].
28 чэрвеня ў 17 гадзін нямецкія танкі і мотапяхота ўварваліся ў Мінск. Цераз суткі нямецкія войскі замкнулі чарговы «кацёл» вакол дывізій Заходняга фронту, што абаранялі Мінск.
Вынікі першага тыдня вайны
правіцьГрунтоўная падрыхтоўка да агрэсіі, нечаканасць і магутнасць удару, высокая мабільнасць нямецкіх войск на рашаючых напрамках, грубейшыя пралікі вярхоўнага палітычнага і ваеннага кіраўніцтва СССР дазволілі нямецкаму камандаванню авалодаць стратэгічнай ініцыятывай і хуткімі тэмпамі прасоўвацца ў глыб савецкай тэрыторыі.
Да канца чэрвеня 1941 г. войскі Заходняга фронту пацярпелі сур'ёзнае паражэнне. 30 чэрвеня яго сілы складалі 16 значна аслабленых дывізій і 150 самалётаў (у т. л. 52 знішчальнікі). Войскі Заходняга фронту, што засталіся, ужо не маглі стварыць суцэльнага фронту абароны на ўсход ад Мінска.
Каб апраўдаць страты і няўдачы ў пачатку вайны, І. В. Сталін вырашыў абвінаваціць у гэтым камандаванне Заходняга фронту. 2 ліпеня быў абвінавачаны і расстраляны камандуючы фронтам Дз. Р. Паўлаў. На яго месца прызначаны маршал С. К. Цімашэнка. Для правядзення «прафілактычных» мерапрыемстваў на Заходні фронт у якасці члена Ваеннага савета накіраваны нарком Л. З. Мехліс. 6 ліпеня Сталіну была паслана тэлеграма за подпісам Цімашэнкі, Мехліса і першага сакратара ЦК КП(б)Б П. К. Панамарэнкі пра «злачынную дзейнасць» камандавання фронту, у т. л. начальніка штаба, намесніка камандуючага ВПС і начальніка артылерыі, камандуючага 4-й арміяй і інш.
Стаўка галоўнага камандавання фактычна пачала фарміраванне другога складу Заходняга фронту.
Зноскі
- ↑ Великая Отечественная война 1941—1945. История Великой Победы / Под ред. В. А. Золотарева. — М., 2005. — С. 15.
- ↑ Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сяньня. — Менск: Навука і тэхніка, 1993. — 416 с. ISBN 5-343-01458-5.С. 259
- ↑ Тамсама.
Літаратура
правіць- Андрющенко, Н. К. На земле Белоруссии летом 1941 года / Н. К. Андрющенко; АН Белорусской ССР, Ин-т истории; Под ред. Я. С. Павлова. — Мн.: Наука и техника, 1985. — 234, [1] с.
- Галіцын А. С. Абарончая аперацыя на Беларусі 1941 // ЭГБ, Т. 1.
- История Великой Отечественной войны Советского Союза, 1941 — 1945: в 6 т. / [Ин-т марксизма-ленинизма при ЦК КПСС, Отдел истории Великой Отечественной войны]; Ред. комиссия: П. Н. Поспелов (предс.) [и др.]. Т. 3: Коренной перелом в ходе Великой Отечественной войны (ноябрь 1942 г. — дек. 1943 г.) / [Л. Н. Абаева и др.]. — М.: Военное издательство, 1961. — 658, [4] с., [66] л. ил., карт.
- История второй мировой войны, 1939 — 1945: в 12 т. / [Ин-т военной истории Мин-ва обороны СССР и др.]; Гл. ред. комиссия: А. А. Гречко (предс.) [и др.]. Т. 4: Фашистская агрессия против СССР. Крах стратегии «молниеносной войны» / [Н. Г. Андроников и др.; Редкол.: Н. Г. Андроников (гл. ред.) и др.] — М.: Военное издательство, 1975. — 535 с., [54] л. ил., карт.
- На земле Беларуси: канун и начало войны. Боевые действия советских войск в начальном периоде Великой Отечественной войны / Абатуров В. В., Бушуева Т. С., Виноградова Н. Н. и др.; Ред. Абатуров В. В. — МО РФ, Институт военной истории МО РФ, МО РБ, Военно-научное управление ВС РБ.– М., 2006.
- Пасэ У. С. Вялікая Айчынная вайна // ЭГБ, Т. 2.