Абацтва

Аба́цтва (лац.: Abbatia) — каталіцкі кляштар, які належыць якому-небудзь манаскаму ордэну, кіруемы абатам (мужчынскі) ці абатысай (жаночы), падпарадкоўваецца біскупу, а часам непасрэдна Рымскаму Папе. Некаторыя абацтвы, якія не трапляюць пад юрысдыкцыю мясцовага біскупа, разам са сваёй тэрыторыяй і духавенствам утвараюць удзельныя (лац.: abbas nullius) ці тэрытарыяльныя абацтвы (лац.: abbas territorialis).

Абацтва Монтэ-Касіна

Першае каталіцкае абацтва — бенедыкцінскае — узнікла ў VI стагоддзі ў Монтэ-Касіна (Італія).

Буйныя і багатыя кляштары ў феадальнай Заходняй Еўропе нярэдка карысталіся вялікім уплывам і аўтарытэтам у грамадстве, гулялі важную эканамічную ролю, аказвалі істотны ўплыў на рэлігійную і свецкую палітыку. Абацтвы з'яўляліся галоўнымі ачагамі заходнееўрапейскай культуры, у якіх захоўваліся і перапісваліся старажытныя рукапісы, вяліся хронікі, ажыццяўлялася навучанне. Абацтвы аказалі ўплыў на развіццё еўрапейскай архітэктуры: першыя ўзоры раманскага стылю з'явіліся ў абацтве Клюні, а гатычнага — у абацтве Сен-Дэні.

Найбольш вядомыя абацтвы — Клюні, Сен-Дэні, Пор-Руаяль, Санкт-Гален, Фульда, Монтэкасіна. У Свяшчэннай Рымскай імперыі найбольш магутныя абацтвы мелі статус імперскіх.

У XVI—XVII стагоддзях абацтвы паступова страцілі свой уплыў на грамадскае жыццё еўрапейскіх краін. Шматлікія абацтвы былі ліквідаваны, але некаторыя працягваюць існаваць і цяпер.

Каталіцкі «Кодэкс кананічнага права» (1983) прыраўнаваў абацтвы да кляштараў.

Літаратура правіць

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1), стар. 16.
  • Вялікая савецкая энцыклапедыя