Абезгалоўліванне

Абезгалоўліванне (ад слова галава) — фізічнае аддзяленне галавы жывой істоты ад цела. Абезгалоўліванне можа быць наўмысным, гэта — забой сельскагаспадарчай птушкі,[1] дэкапітацыя эксперыментальных жывёл,[2] забойства, ці выкананне смяротнага пакарання; ажыццяўляецца пры дапамозе адмысловай прылады — гільяціны ці сякуча-рэжучых прылад — сякеры, мяча, нажа. Ненаўмыснае абезгалоўліванне можа адбыцца ў выніку выбуху, аўтамабільнай аварыі і іншых няшчасных здарэнняў. Самагубства праз абезгалоўліванне хоць і рэдка, але сустракаецца: у 2003 годзе брытанец пазбавіў сябе галавы пры дапамозе ўласнаручна пабудаванай гільяціны з электрычным запускам[3].

Юдзіф і Алаферн (Караваджа, 1598—1599 гады)

Абезгалоўліванне безумоўна прыводзіць да смерці мозгу ў выніку рэзка прагрэсуючай ішаміі, акрамя выпадкаў, калі адсечаная галава неадкладна прышываецца да свайго ці чужога цела са сшываннем крывяносных судзін і аднаўленнем кровазвароту, як гэта паказана ў працах У. П. Дземіхава.[4] Смерць мозгу надыходзіць на працягу некалькіх хвілін пасля аддзялення галавы ад цела. Гісторыі пра тое, што галава глядзела на ката, пазнавала сваё імя і нават спрабавала казаць, з’яўляюцца, з пункту гледжання нейрафізіялогіі, моцна перабольшанымі. Галава траціць прытомнасць праз 300 мілісекунд пасля адсячэння і незваротна спыняецца амаль уся вышэйшая нервовая дзейнасць, у тым ліку здольнасць адчуваць боль. Некаторыя рэфлексы і сутаргі цягліц твару могуць працягвацца яшчэ некалькі хвілін.

Абезгалоўліванне ў гісторыі

правіць

Абезгалоўліванне служыла відам смяротнага пакарання на працягу тысячагоддзяў. У сярэднявечнай Еўропе дзяржаўным і крымінальным злачынцам адсякалі галовы і выстаўлялі іх на агляд натоўпу. Пакаранне смерцю праз абезгалоўліванне мячом (ці сякерай, любой баявой зброяй) лічылася «высакароднай» і ўжывалася галоўным чынам да арыстакратаў, якія, быўшы ваярамі, лічыліся падрыхтаванымі да смерці ад мяча. «Невысакароднымі» відамі пакарання смерцю былі павешанне і спаленне.

 
Абезгалоўліванне мячом (1556 год)

Калі меч ці сякера была вострым, а кат умелым, вынікам пакарання смерцю была хуткая і адносна бязбольная смерць. Калі ж зброя была дрэнна завостраная ці кат няспрытны, для адсячэння галавы магло спатрэбіцца некалькі ўдараў. Па гэтай жа прычыне прысуджанаму завязвалі вочы: каб у вырашальны момант ён не тузануўся. Таксама прысуджаным раілі заплаціць кату, каб той сумленна выканаў сваю працу.

 
Абезгалоўліванне кітайцаў (1901 год)
 
Пакаранне смерцю праз абезгалоўліванне. На фотаздымку добра відаць бруі крыві, якія б’юць з сонных артэрый
  • Абезгалоўліванне пры дапамозе гільяціны было распаўсюджанай механізаванай формай Смяротнага пакарання, вынайдзенай незадоўга да французскай рэвалюцыі. Мэтай вынаходства было стварэнне бязбольнага і хуткага метаду пакарання смерцю. Пасля таго, як галава была адсечана, кат паднімаў яе і паказваў натоўпу. Існавала меркаванне, што адсечаная галава магла бачыць на працягу прыкладна дзесяці секунд. Такім чынам, галаву чалавека паднімалі, каб ён мог перад смерцю ўбачыць як смяецца з яго натоўп. Гільяціна шырока выкарыстоўвалася ў Францыі падчас французскай рэвалюцыі і заставалася галоўным відам смяротнага пакарання мірнага часу аж да яе скасавання ў 1981 годзе. Апошні пакараны публічна быў серыйны забойца Яўген Вейдман (фр.: Eugene Weidmann) 17 чэрвеня ў 1939 гадзе ў Версалі.
  • У Германіі гільяціна выкарыстоўвалася з XVII—XVIII стагоддзяў і была стандартнай прыладай смяротнага пакарання, нароўні з сякерай. Апошняе пакаранне смерцю пры дапамозе сякеры адбылася ў 1935 г., калі Беніта фон Фалькенхайн і Рэната фон Натцмер былі абезгалоўлены за шпіянаж у карысць Польшчы. У нацысцкай Германіі гільяцінаванне ўжывалася да крымінальных злачынцаў. Па адзнаках, каля 40000 чалавек было абезгалоўлена ў Германіі і Аўстрыі паміж 1933 і 1945 гадамі. Гэты лік складаецца з барацьбітоў супраціву самой нацысцкай Германіі і акупаваных ёю краін. Паколькі барацьбіты супраціву не належалі да рэгулярнага войска, яны лічыліся звычайнымі злачынцамі і, у шматлікіх выпадках, адвозіліся ў Германію і былі гільяцінаваны. Абезгалоўліванне лічылася «невысакародным» відам смерці, у супрацьлегласці растрэлу.

Апошняе пакаранне смерцю ў Заходняй Германіі адбылося 12 мая ў 1949 годзе. Быў пакараны Бертольд Вехмейер (ням.: Berthold Wehmeyer) у турме Моабіт у Заходнім Берліне. Да 1966 года абезгалоўліванне ўжывалася ў ГДР, потым яго замянілі растрэлам, паколькі адзіная гільяціна паламалася.

  • У гісторыі Англіі шырока вядомыя выпадкі, калі былі абезгалоўлены дзве каралевы, жонкі Генрыха Цюдора — Ганна Балейн і Кацярына Говард.
  • У Скандынавіі абезгалоўліванне было звычайным метадам смяротнага пакарання. Высакародных людзей каралі смерцю пры дапамозе мяча, прастачынаў — пры дапамозе сякеры. Апошняе пакаранне смерцю праз абезгалоўліванне ў Нарвегіі была выканана ў 1876 годзе пры дапамозе сякеры. Аналагічна — у Даніі ў 1892 годзе. У Швецыі апошняя галава была адсечана гільяцінай у 1910 годзе — гэта было першае ўжыванне гільяціны ў гэтай краіне і апошняе смяротнае пакаранне.
  • У біблейскім адкрыцці Іаана Багаслова абезгалоўліванне названа метадам пакарання смерцю хрысціянскіх мучанікаў эпохі вялікіх ганенняў. Паколькі гістарычных сведчанняў гэтай падзеі не існуе, некаторыя даследчыкі лічаць, што гаворка ідзе пра апошняе вялікае ганенне, якое, па меркаванні вернікаў, павінна адбыцца незадоўга да другога прышэсця Хрыста.
  • У традыцыі Кітая абезгалоўліванне лічылася больш суровай формай пакарання смерцю, чым задушванне, нягледзячы на тое, што задушванню ўласцівыя працяглыя пакуты. Справа ў тым, што кітайцы верылі, што цела чалавека — гэта падарунак яго бацькоў, і таму вяртаць у нябыт рассечанае цела вельмі непачціва ў адносінах да продкаў.
  • У Японіі абезгалоўліванне гістарычна ажыццяўлялася ў якасці другой часткі рытуалу сэпуку. Пасля таго, як самазабойца ўспорваў сабе жывот, другі ўдзельнік рытуалу адсякаў яму галаву катанай, каб паскорыць смерць і палегчыць пакуты. Паколькі для адсякання патрабаваўся навык, толькі абраным дазвалялася браць удзел у рытуале. Да канца перыяду Сэнгоку абезгалоўліванне стала ажыццяўляцца, як толькі здзяйсняльны сэпуку наносіў сабе найменшае пашкоджанне. Акрамя таго, абезгалоўліванне было вышэйшай мерай пакарання. Адна з самых жорсткіх формаў абезгалоўлівання была ўжыта да самураю Ісіда Міцунары, які здрадзіў Такугаве Іэясу. Яго закапалі ў зямлю і павольна адпілавалі яму галаву тупой драўлянай пілой. Гэты від пакарання быў адменены ў перыяд Мэйдзі.
  • У яўрэяў артадаксальная інтэрпрэтацыя Талмуда (Санхедрын 57а) заклікае да абезгалоўлівання яўрэяў за забойства, за саўдзел у ідалапаклонстве разам з жыхарамі горада і таксама неяўрэяў, якія не прытрымліваюцца законаў сыноў Ноя. Варта адзначыць, што равінскі іўдаізм ніколі не прызначаў гэтага пакарання пасля скасавання Сінедрыёна.

Абезгалоўліванне ў сучасным свеце

правіць

Абезгалоўліванні мячом у нашы дні здзяйсняліся ў юрысдыкцыях, падпарадкаваных ісламскаму шарыяту, а таксама ваяўнічымі ісламістамі ў гарачых кропках. Па стане на 2005 год, Саудаўская Аравія, Кувейт, Судан, Аман, Бахрэйн, Іарданія, Ірак, Афганістан, Емен і Катар мелі законы, якія дазваляюць абезгалоўліванне, аднак пэўныя звесткі пра іх ужыванне існуюць толькі ў стаўленні да Саудаўскай Аравіі. Ваяўнічыя ісламісты ў апошнія гады сталі ажыццяўляць абезгалоўліванні пры дапамозе невялікіх нажоў, па памеры падобных з кішэннымі. Таксама абезгалоўліванне захавалася як «спадчына» ў некаторых былых асадах Францыі — Алжыры, Гвінеі, Марока.

Не зусім традыцыйныя выпадкі абезгалоўлівання сустракаліся ў апошні час у некаторых абласцях Калумбіі. Такія ваенізаваныя правыя арганізацыі, як AUC, карыстаюцца гэтым для запалохвання мясцовых жыхароў; іх левыя супернікі з FARC, а таксама крымінальныя банды наркабаронаў таксама час ад часу здзяйсняюць абезгалоўліванні. Часцей за ўсё ў гэтых выпадках выкарыстоўваюцца мачэтэ і бензапілы.

Па некаторых дадзеных, тэрарыстычная арганізацыя Абу Саяф здзяйсняе абезгалоўліванні ў Філіпінах.

Гл. таксама

правіць

Зноскі

  1. Забой птушкі(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 21 снежня 2009. Праверана 27 студзеня 2013.
  2. Загад Міністэрства Аховы Здароўя СССР АД 12.08.1977 N 755 Пра меры па далейшым удасканаленні арганізацыйных формаў працы з выкарыстаннем эксперыментальных жывёл(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 24 лістапада 2020. Праверана 27 студзеня 2013.
  3. BBC NEWS | UK | England | Tyne/Wear | Guillotine death was suicide
  4. At the Cutting Edge of the Impossible