Аблога Бялграда (1456)

(Пасля перасылкі з Аблога Бялграда, 1456)

Аблога Бялграда 1456 года — бітва паміж венгерскімі і асманскімі войскамі, якая адбылася 422 ліпеня 1456 года. Пасля ўзяцця Канстанцінопаля ў 1453 годзе асманскі султан Мехмед II сабраў сілы для падпарадкавання Венгерскага Каралеўства. Непасрэднай мэтай удару была выбрана памежная крэпасць у Бялградзе (венг.: Nándorfehérvár). Абарону крэпасці падрыхтаваў венгерскі дваранін і военачальнік Янаш Хуньядзі, які ўдзельнічаў да гэтага ў шматлікіх бітвах супраць туркаў.

Аблога Бялграда
Dugovics.jpg
Аблога Бялграда ў 1456 годзе
Дата 4 ліпеня22 ліпеня 1456 года
Месца Бялград, Каралеўства Венгрыя (у наш час — Сербія)
Вынік Вырашальная перамога Венгрыі
Праціўнікі
Coat of arms of Hungary.svg Каралеўства Венгрыя Ottoman flag.svg Асманская імперыя
Камандуючыя
Венгрыя Янаш Хуньядзі Ottoman flag.svg Мехмед II
Сілы бакоў
7000 венгерскіх і сербскіх абаронцаў крэпасці, каля 12 000 салдат у арміі Хуньядзі і 30 000–35 000 у арміі Капістрана Па ранніх ацэнках максімум 100 000 чалавек[1]
Страты
Невядома каля 20 000 забітымі[2]
Commons-logo.svg Аўдыё, фота, відэа на Вікісховішчы

Аблога перарасла ў вялікую бітву, у якой Хуньядзі ўзначаліў спантанае контрнаступленне, у выніку якога быў захоплены турэцкі лагер. Паранены Мехмед II быў вымушаны зняць аблогу і адступіць. Паводле меркавання некаторых сучаснікаў, аблога Бялграда вырашыла лёс хрысціянства[3].

Па загадзе Рымскага Папы Калікста III званы ўсіх цэркваў званілі штодня апоўдні, заклікаючы вернікаў на малітву за абаронцаў горада. Аднак у многіх краінах (напрыклад, у Англіі і Іспаніі) вестку пра перамогу атрымалі да гэтага распараджэння, таму звон стаў сімвалізаваць перамогу. Папскае распараджэнне не было адменена, і традыцыя захоўваецца ў каталіцкай і некаторых пратэстанцкіх цэрквах.

Падрыхтоўка да бітвыПравіць

Падрыхтоўка да аблогі была распачата венгерскім бокам у канцы 1455 года пасля прымірэння Хуньядзі з палітычнымі праціўнікамі. Хуньядзі за свой кошт забяспечыў бялградскую крэпасць прыпасамі, узброіў яе і пакінуў у ёй моцны гарнізон пад камандаваннем швагра Міхая Сіладзьі і старэйшага сына Ласла, а сам заняўся зборам падмацавання і стварэннем флоту. Хуньядзі не карыстаўся падтрымкай знаці, якая асцерагалася яго ўзмацнення, і распараджаўся толькі ўласнымі рэсурсамі.

Дзякуючы дапамозе каталіцкай царквы і асабліва францысканскага манаха Іаана Капістрана, які прапаведаваў крыжовы паход супраць туркаў, Хуньядзі ўдалося прыцягнуць сялян і дробных землеўладальнікаў. Яны былі дрэнна ўзброены (многія мелі толькі прашчы і косы), аднак поўныя рашучасці. Ядро войска Хуньядзі складала невялікая група наймітаў і некалькі атрадаў дваранскай конніцы. Усяго венграм удалося сабраць 25–30 тысяч чалавек.

АблогаПравіць

 
Бялградская крэпасць у Сярэднявеччы. Бачны верхні і ніжні горад і палац.
 
Схема бітвы. Аранжавым колерам пазначаны пазіцыі турэцкіх войскаў, зялёным — наступ венграў.

Да таго як Хуньядзі ўдалося сабраць войска, армія Мехмеда II (яе колькасць па ранніх ацэнках складала 160 000, паводле новых даследаванняў — 60–70 тысяч чалавек) падышла да Бялграда. Сіладзьі, які кіраваў абаронай замка, меў у сваім распараджэнні 5 000 — 7000 чалавек венгерскага гарнізона, а таксама салдат-сербаў. 4 ліпеня 1456 года пачалася аблога. 29 чэрвеня 1456 года туркі пачалі абстрэльваць крэпасць з узвышэння.

Мехмед падзяліў войска на тры часткі. Румелійскі корпус, які знаходзіўся на правым флангу, меў большую частку з 300 гармат (астатнія знаходзіліся на караблях). На левым была разгорнутая цяжкая пяхота з Анатоліі. У цэнтры знаходзілася асабістая гвардыя султана, янычары пад камандаваннем Заганас-пашы і стаўка камандавання. Флот памерам больш за 200 караблёў знаходзіўся на паўночным захадзе ад горада: ён павінен быў патруляваць дрыгвы і не дапусціць падыходу да крэпасці падмацаванняў, а таксама кантраляваць на паўднёвым захадзе раку Саву, каб прадухіліць абыход пяхоты з флангу. З усходу Дунай закрывалі сіпахі, задачай якіх было не дапусціць абыходу туркаў з правага флангу.

 
Гатычная фрэска ў Касцёле Бязгрэшнага зачацця Дзевы Марыі ў Оламаўцы (Чэхія), створаная ў 1468 годзе. Верагодна, адна з першых выяў бітвы. У цэнтры намаляваны Іаан Капістран, злева са сцягам у руцэ — Янаш Хуньядзі.
 
Аблога Бялграда ў 1456 годзе (з турэцкага манускрыпта XV стагоддзя).

Вестка пра пачатак аблогі заспела Хуньядзі на поўдні Венгрыі, дзе ён набіраў лёгкую кавалерыю для арміі, з дапамогай якой збіраўся зняць аблогу. Пасля злучэння з сіламі папскага легата кардынала Іаана Капістрана, якія галоўным чынам складаліся з сялян, Хуньядзі рушыў на Бялград. У цэлым, пад камандаваннем Капістрана і Хуньядзі знаходзілася ад 40 000 да 50 000 чалавек.

Малалікія абаронцы спадзяваліся галоўным чынам на сілу бялградскага замка, які быў у той час адным з лепшых на Балканах. Пасля таго як Стэфан Лазаравіч у 1404 годзе перанёс у Бялград сталіцу Сербскай дэспатыі, была праведзена вялікая праца па ператварэнні невялікага старога візантыйскага замка ў надзейнае сучаснае ўмацаванне. Замак меў тры лініі абароны: ніжні горад з кафедральным саборам, гарадскім цэнтрам і портам на Дунаі, верхні горад з чатырма брамамі і падвойнай сцяной, у якім размяшчалася войска, а таксама ўнутраны замак з палацам і вялікім данжонам. Бялградскі замак стаў адным з найбольш значных дасягненняў ваеннай архітэктуры Сярэднявечча.

14 ліпеня 1456 года Хуньядзі падышоў да цалкам акружанага горада са сваёй дунайскай флатыліяй. У той жа дзень яму ўдалося прарваць марскую блакаду, патапіўшы тры вялікія асманскія галеры і захапіўшы чатыры вялікія і дваццаць малых суднаў. Знішчыўшы флот султана, Хуньядзі атрымаў магчымасць пераправіць войскі і пастаўляць у горад неабходны харч. Была ўзмоцнена абарона крэпасці.

Аднак аблога не была знята. У выніку інтэнсіўнага артылерыйскага абстрэлу, які доўжыўся тыдзень, сцяна крэпасці была прабіта ў некалькіх месцах. 21 ліпеня Мехмед II загадаў пачаць агульны штурм крэпасці, які пачаўся з заходам сонца і працягваўся ўсю ноч. Наступаючая турэцкая армія захапіла горад і пачала штурм крэпасці. У крытычны момант штурму Хуньядзі загадаў абаронцам скідваць падпаленае прасмоленае дрэва і іншыя лёгкаўзгаральныя матэрыялы. У выніку янычары, якія змагаліся ў горадзе, апынуліся адрэзаныя сцяной агню ад сваіх таварышаў, якія спрабавалі прабіцца ў верхні горад праз праломы ў сцяне.

Жорсткая бойка ў верхнім горадзе паміж акружанымі янычарамі і салдатамі Сіладзьі скончылася поспехам хрысціян: венграм удалося адкінуць наступаючых ад сцен. Янычары, якія заставаліся ўнутры, былі знішчаны, а турэцкія войскі, што спрабавалі прабіцца ў верхні горад, панеслі цяжкія страты.

Калі турэцкім салдатам амаль удалося ўзняць сцяг султана на вяршыні бастыёна, салдат-серб Цітус Дугавіч вырваў яго і разам з ім скокнуў са сцяны. За гэта самаахвяраванне сын Янаша Хуньядзі, венгерскі кароль Мацьяш Корвін праз тры гады дараваў сыну Цітуса дваранства.

БітваПравіць

 
Аблога Бялграда. Турэцкая мініяцюра 1584 года

На наступны дзень бітва прыняла нечаканы абарот. Нягледзячы на загад не спрабаваць рабаваць турэцкія пазіцыі, частка войска выйшла з-за разбуранага вала і заняла пазіцыі ўздоўж турэцкай лініі. Спробы сіпахаў рассеяць іх не ўвянчаліся поспехам. Да венграў за сцяной пачалі далучацца ўсе новыя салдаты, і інцыдэнт хутка перарос у поўнамаштабную бітву.

Бачачы, што спыніць людзей не ўдаецца, Капістран на чале 2000 сялян пачаў наступ у тыл турэцкай арміі, размешчаны ўздоўж Савы. Адначасова Хуньядзі пачаў напад з крэпасці, мэтай якой быў захоп артылерыйскіх пазіцый, якія знаходзіліся ў турэцкім лагеры.

Захопленыя знянацку і, паводле меркавання некаторых летапісцаў, паралізаваныя страхам туркі пачалі бегчы. Асабістая ахова султана, якая складалася з прыкладна 5000 янычараў, адчайна спрабавала спыніць паніку і адбіць лагер, аднак армія Хуньядзі ўжо ўступіла ў бой, і высілкі туркаў апынуліся беспаспяховымі. Султан асабіста ўдзельнічаў у бітве і забіў у сутычцы рыцара, але быў паранены стралой у сцягно і знепрытомнеў.

Пасля бітвы венгерскія часці атрымалі загад правесці ноч за сценамі ў боегатоўнасці, але турэцкай контратакі ў адказ не было. Пад покрывам цемры туркі паспешна адступілі са 140 вазамі з параненымі. Султан прыйшоў у свядомасць у горадзе Сарона. Даведаўшыся, што яго армія бегла, большасць камандзіраў забіты, а ўся маёмасць страчана, 24-гадовы кіраўнік жадаў атруціцца. Нечаканы напад венграў прывёў да бязладзіцы і цяжкіх стратаў, таму той ноччу пераможаны Мехмед адступіў з рэштай войска ў Канстанцінопаль.

Пасля бітвыПравіць

 
Камень у бялградскім парку Калемегдан з надпісам у памяць пра перамогу над туркамі ў 1456 годзе.
 
Бялградская бітва (венгерская карціна XIX стагоддзя). У сярэдзіне з крыжом у руцэ — Іаан Капістран.

Пасля бітвы лагер венграў ахапіла эпідэмія, ад якой праз тры тыдні (11 жніўня 1456 года) памёр сам Янаш Хуньядзі. Ён быў пахаваны ў кафедральным саборы горада Алба-Юлія, сталіцы Трансільваніі.

Бялградская крэпасць добра праявіла сябе падчас аблогі, таму венгры зрабілі дадатковыя ўмацаванні: у слабых усходніх сценах, праз якія туркам удалося прабіцца ў верхні горад, былі пабудаваны Зіндан-вароты і артылерыйская вежа Небайшы. Гэта была апошняя вялікая мадыфікацыя крэпасці да 1521 года, калі яна была захоплена султанам Сулейманам I Цудоўным.

Падчас аблогі Папа Рымскі Калікст III загадаў апоўдні біць у званы, заклікаючы вернікаў да малітвы за абаронцаў хрысціянства. Аднак у многіх месцах вестку пра перамогу атрымалі раней, і званы білі ўжо ў знак перамогі, таму інтэрпрэтацыя папскага распараджэння была скарэктавана. Традыцыя біць у званы апоўдні захоўваецца дагэтуль.

ЗначэннеПравіць

Перамога пад Бялградам на 70 гадоў спыніла наступ туркаў на Еўропу, нягледзячы на шэраг уварванняў, у прыватнасці, захоп Атранта ў 14801481 гадах і напад на Харватыю і Штырыю ў 1493 годзе. Бялградская крэпасць працягвала абараняць Венгрыю ад туркаў аж да яе ўзяцця ў 1521 годзе.

Далейшае прасоўванне туркаў у Еўропу затрымалася з-за ўзмацнення Венгрыі пры сыне Хуньядзі Мацьяшы Корвіне, неабходнасці стварыць надзейную базу ў нядаўна захопленых Сербіі і Босніі, а таксама ў выніку серыі паражэнняў, нанесеных Мехмеду II васаламі — гаспадаром Валахіі Уладам III Цэпешам (у «начным нападзе») і гаспадаром Малдавіі Стэфанам III Вялікім (бітвы на Васлуі і ў Валя Албэ).

У той жа час хрысціянам не ўдалося развіць поспех і вярнуць Канстанцінопаль. Кароль Венгрыі Мацьяш I не быў прыхільнікам вялікай вайны з Турцыяй і займаўся галоўным чынам абаронай уласных уладанняў. Большая частка Венгрыі была занята туркамі ў 1526 годзе пасля Мохацкай бітвы.

Асманская экспансія ў Еўропу працягвалася з пераменным поспехам да аблогі Вены ў 1529 годзе. Туркі заставаліся значнай сілай і пагражалі Цэнтральнай Еўропе аж да бітвы пад Венай у 1683 годзе.

Зноскі

  1. Јованка Калић-Мијушковић, Београд у средњем веку, Српска књижевна задруга, Београд 1967.
  2. http://militera.lib.ru/h/michaud/39.html Жазеф-Франсуа Мішо, Гісторыя крыжовых паходаў, 2001
  3. End of Europe’s Middle Ages — The Defense of Belgrade by Janos Hunyadi

СпасылкіПравіць