Абраз Маці Божай Браслаўскай

Абраз Маці Божай Браслаўскай, абраз Маці Божай Валадаркі азёраў — адна з хрысціянскіх святынь на Беларусі. Знаходзіцца ў галоўным алтары касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі (г. Браслаў, Віцебская вобласць).

Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Браслаў), галоўны алтар і абраз Маці Божай Браслаўскай

Гісторыя правіць

На тэрыторыі браслаўскай парафіі быў праваслаўны манастыр, які ўзнік у XV ст. па фундацыі віленскага ваяводы Войцеха Манівіда на востраве возера Неспіш. У першай пал. XVII ст. манастыр стаў уласнасцю ўніяцкай царквы, і ў ім пасяліліся базыльяне. Тут, за тры кіламетры ад Браслава, знаходзілася асабліва шанаваная вернікамі цудадзейная выява Маці Божай, якой вернікі аддавалі пашану падчас свята, якую таксама называюць Маці Божай Манастырскай.

З актаў віленскага архіва вядомы трагічны лёс кляштара базыльянаў. У 1832 г. ад удару маланкі ўспыхнуў пажар, які знішчыў усе пабудовы. Ацалеў толькі абраз Маці Божай. Мясцовае паданне гаворыць, што законнікі самі падпалілі свой кляштар падчас буры, баючыся, што пасля касацыі закону базыльянаў ён будзе аддадзены праваслаўным вернікам. Ацалелы абраз быў змешчаны ў браслаўскім касцёле. У 1999 г. дыяцэзіяльны біскуп новаўтворанай Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслаў Блін прызначыў браслаўскі касцёл пад тытулам Нараджэння Маці Божай марыйным санктуарыем Маці Божай Валадаркі азёраў[1].

У сакавіку 2009 года Папа Рымскі Бенядыкт XVI благаславіў кароны для браслаўскага абраза. 22 жніўня ў Браславе арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Іахім Мейснер  (ням.) здзейсніў каранацыю папскімі каронамі цудатворнага абраза Маці Божай Валадаркі азёраў[2]. Гэта сёмы выпадак ускладання Папскіх карон на цудатворныя абразы ў рымска-каталіцкіх храмах Беларусі і першы — на Віцебшчыне[3]. Апякуюць Санктуарыум Маці Божай Валадаркі азёраў ксяндзы-сальватарыяне.

Зноскі