Абраз Фальковіцкай Маці Божай

Абраз Фальковіцкай Маці Божай — цудатворная ікона з колішняга мястэчка Фальковічы, размешчанага за 13 кіламетраў ад горада Віцебска, па Маскоўскай шашы (цяпер гэта месца паміж в. Друкава і дачамі). Святкаванне Фальковіцкай іконы Божай Маці адбываецца 28 жніўня і 4 верасня[1].

Фальковіцкая ікона Божай Маці была знойдзена ў XVIII стагоддзі. Месцам яе здабыцця стаў бярозавы гай на беразе ракі Ласасіны[2][1]. На гэтым месцы з’яўлення быў пабудаваны храм у гонар Маці Божай, у якім знойдзеная ікона праславілася шматлікімі цудамі[1].

Рэвізійны запіс за 1785 год называе ўжо Фальковіцкую ікону Маці Божай старажытнай і сцвярджае, што яна даўно вядомая сваёй дабрадатнасцю і цудамі[1].

У вайну 1812 года Фальковіцкі храм пацярпеў ад французаў. Адзін салдат прыставіў лесвіцу да іконы з намерам зняць з яе шату. Але толькі яго рука дакранулася да шаты на іконе, як лесвіца абарвалася і, падаючы, салдат атрымаў смяротнае калецтва. Крывавая пляма засталася на падлозе да апошняга часу, і нават фарба была не ў стане знішчыць сляды праведнага гневу Божай Маці[1].

Асабліва праславіўся абраз Божай Маці ў 1831 годзе. У гэты час нечакана пачалася эпідэмія халеры, якая трымала ў жаху ўсё насельніцтва мястэчка. Сабраўшыся ў царкве, людзі прасілі святара абысці крыжовым ходам з іконай Фальковічы. Адразу ж пасля гэтага смяротнасць у гэтым мястэчку паменшылася, і слава пра ікону Божай Маці хутка распаўсюдзілася не толькі ў краі, але і за яго межамі[1].

У перыяд барацьбы з верай Фальковіцкая царква была разбурана, цудатворны абраз быў згублены, пазней зніклі і самі Фальковічы[2].

Зноскі