Абрам Езафовіч

падскарбі літоўскі

Абрам (Абрагам) Езафовіч Рабічковіч, або Абрагам Ёзафавіч[2], у хрышчэнні Ян (? — кастрычнік 1519) — вялікалітоўскі дзяржаўны і гаспадарчы дзеяч.

Абрам Езафовіч
Герб «Ляліва»
Герб «Ляліва»
Земскі падскарбі літоўскі
1509 — 1519
Папярэднік Богуш Міхал Багавіцінавіч
Пераемнік Богуш Міхал Багавіцінавіч
Смерць 1519(1519)
Ламазы
Род Абрамовічы і Юзэфовічы-Глябіцкія[d]
Бацька Езаф Рабчык
Дзеці Васіль-Ян, Канстанцін, Марына
Веравызнанне праваслаўе[1]

Біяграфія

правіць

Сын Іосіфа (Езафа) Рабчыка, які браў у арэнду збор мыта ў Кіеўскім ваяводстве, брат Міхеля. На пачатку XVI ст. прозвішчы шырока не ўжываліся, таму з крыніц Рабічковіч болей вядомы пад імем па бацьку — Езафовіч, пад ім Абрам і ўвайшоў амаль ва ўсе даведнікі.

Пасля разбурэння Кіева татарамі ў 1482 годзе перасяліўся ў Вільню. Каля 1488 года перайшоў з іўдаізму ў праваслаўе і служыў вялікаму князю Казіміру. Быў старостам смаленскім (узначальваў гарадскую адміністрацыю), войтам менскім і берасцейскім.

З 1494 года гараднічы, з 1514 — староста ковенскі, староста солецкі, падскарбі земскі літоўскі ў 1509[3]/1510[4]—1519 гадах.

Браў у арэнду мыта і корчмы па ўсім ВКЛ (Вільня, Смаленск, Берасце, Менск, Коўна, Новагародак, Полацк і іншыя). Даваў значныя пазыкі вялікім князям Аляксандру і Жыгімонту Старому, быў іх галоўным крэдыторам. Вялікі маршалак літоўскі Ян Забярэзінскі прыняў яго ў свой род з наданнем герба «Ляліва», што пацвердзіў Жыгімонт Стары (1507). У валадарства Жыгімонта Старога яўрэйская сям’я Рабічковічаў з Бярэсця стала галоўным і амаль адзіным адкупшчыкам вялікага князя.

За час свайго кіравання фінансамі ВКЛ пэўна адмежаваў вялікакняжацкія даходы ад дзяржаўных, цэнтралізаваў фінансавы апарат ВКЛ, ажывіў дзейнасць Віленскага манетнага двара.

Ад вялікага князя Аляксандра ў 1506 годзе атрымаў маёнтак Вайдуны ў Віленскім павеце, Падгорскае ў Смаленскім павеце, Шэйпічы ў Менскім павеце, частку Раканцішскай пушчы. Купіў Новы Двор і Жараслаўку ў Гарадзенскім павеце, горад і замак Солец у Сандамірскім ваяводстве.

Меў сыноў Васіля (у каталіцтве Ян, пам. 1546, быў войтам берасцейскім) і Канстанціна (войт менскі), дачку Марыну.

Валянцін Калнін звязвае пачатак будаўніцтва Мірскага замка з атрыманнем вялікага крэдыту Юрыем Іллінічам ад Абрама Езафовіча, але сама гісторыя атрымання гэтай пазыкі даволі заблытаная.

Зноскі

  1. Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy, t. VIII, Ziemia brzeska i województwo brzeskie XIV‒XVIII wiek / пад рэд. А. РахубаWarszawa: 2020. — С. 211. — ISBN 978-83-65880-89-5
  2. Абрамовічы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
  3. ЭнцВКЛ 2005.
  4. Абрамовічы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).

Літаратура

правіць