Аб’яднаная тэрытарыяльная грамада

Аб’ядна́ная тэрытарыя́льная грамада́ (укр.: Об'єднана територіальна грома́да) — першасны орган мясцовага самакіравання ва Украіне.

У адпаведнасці з рэформай дэцэнтралізацыі тэрытарыяльныя грамады замянілі сельскія, пасялковыя і гарадскія саветы, утвораныя яшчэ ў часы СССР. Станам на 2020 год аб’яднанымі тэрытарыяльнымі грамадамі пакрыта ўся тэрыторыя Украіны акрамя Аўтаномнай Рэспублікі Крым, дзе яны будуць утварацца ўжо пасля дэакупацыі.

СутнасцьПравіць

Тэрытарыяльная грамада ствараецца як аб’яднанне жыхароў некалькіх разрозненых вёсак, мястэчак або гарадоў у адно адміністрацыйнае ўтварэнне. Пасля аб’яднання ствараецца новы адміністрацыйны цэнтр (як правіла, ім становіцца найбуйнейшы населены пункт), а ў ім — новы, агульны для ўсіх аб’яднаных населеных пунктаў савет і іншыя органы самакіравання. Утварэнне АТГ стала магчымым дзякуючы рэформе дэцэнтралізацыі.

Аб’яднаная тэрытарыяльная грамада, адміністрацыйным цэнтрам якой вызначаны горад, з’яўляецца гарадской тэрытарыяльнай грамадой, цэнтрам якой вызначана пасёлак гарадскога тыпу — пасялковай, цэнтрам якой вызначана сяло — сельскім. У вёсках, дзе пражывае больш за 50 жыхароў, выбіраюць сельскага старасту, які ўваходзіць у выканаўчы камітэт аб’яднанага савета.

Стварэнне АТГ спрашчае атрыманне грамадзянамі адміністрацыйных паслуг і набліжае адпаведныя органы да месца пражывання людзей: у кожнай АТГ ствараецца свой Цэнтр надання адміністрацыйных паслуг (ЦНАП).

ФінансыПравіць

Пасля ўтварэння, АТГ атрымлівае рэсурсы населеных пунктаў і адпаведныя паўнамоцтвы. Акрамя гэтага, АТГ пераходзяць на прамыя бюджэтныя адносіны з дзяржаўным бюджэтам, не падпарадкоўваюцца адпаведнаму раённаму савету, а самі вызначаюць кірункі развіцця і мэты, на якія маюць выкарыстоўвацца заробленыя грошы. Аб’яднаныя грамады атрымліваюць такія ж даходы, якія раней атрымлівалі толькі гарады абласнога значэння, бо пасля аб’яднання ў бюджэце АТГ застаецца:

  • 60 % падатку на даходы фізічных асоб;
  • 100 % падатку на маёмасць;
  • 100 % адзінага падатку;
  • 5 % акцызнага падатку з рознічнага гандлю (тытунь, алкаголь, нафтапрадукты);
  • 100 % падатку на прыбытак устаноў камунальнай уласнасці;
  • 100 % плацяжоў за наданне адміністрацыйных паслуг;
  • 25 % экалагічнага падатку.

З дзяржаўнага бюджэту АТГ непасрэдна атрымліваюць грошы на адукацыю, медыцыну, спорт, культуру, сацыяльную абарону.

ЛітаратураПравіць

  • Закон Украіны ад 5 лютага 2015 года № 157-VIII «Аб добраахвотным аб’яднанні тэрытарыяльных грамад».

СпасылкіПравіць

Зноскі