Аглядная вежа (Гомель)

Аглядная вежа — 40-метровая аглядная вежа ў Цэнтральным раёне Гомеля. Знаходзіцца ў парку Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Збудавана пераважна з цэглы[1].

Вежа
Аглядная вежа
Краіна  Беларусь
Горад Гомель
Будаўніцтва 1840-я гг.
Вышыня 40 м
Матэрыял цэгла

З гісторыі правіць

Першапачаткова з’яўлялася выцяжным комінам цукровага завода, заснаванага ў 1840-я гг. у маёнтку І. Ф. Паскевіча. З цягам часу вытворчасць была перанесена ў Добруш. У пачатку 1880-х гг. захаваныя пабудовы цукровага завода ў Гомелі былі пераабсталяваны пад паркавыя аб’екты, сярод якіх і комін, пераўтвораны ў аглядную вежу[1].

Краязнавец Л. А. Вінаградаў (1900) называў яе «мясцовай „Эйфелевай трубой“», апісваючы наступным чынам: «…тонкая са шкляной макушкай і вельмі падобная на прыморскі маяк»[2]. Невядома, бытавала прыведзеная ім назва сярод гамяльчан або была яго аўтарскім наватворам. У нарысе І. А. Сербава, Д. І. Даўгялы, Ф. А. Жудро (1911) адзначалася: «Далей на высокім стромкім беразе Сожа, між кветнікаў, стаіць высокая каменная труба-вежа, з верхняй пляцоўкі якой адкрываецца далягляд вёрст на 25 у акружыне»[3]. Верхняя пляцоўка не раз служыла для фатаграфавання наваколляў, пра што сведчаць адпаведныя здымкі, найбольш раннім прыкладам якіх з’яўляецца панарама гістарычнага цэнтра Гомеля 1918 г.[4]

Адна з першых вядомых фотавыяў уласна вежы адносіцца да 1897 г. і належыць аўтарству французскага навукоўцы Ж. дэ Бая.

Вежа выконвала функцыю паркавага аб’екта цягам усяго савецкага перыяда. Падчас Вялікай Айчыннай вайны пацярпела ад абстрэлаў (сляды ад асколкаў і куляў захоўваюцца дагэтуль), але зруйнавана не была. У паваенны час эксплуатацыя вежы працягвалася аж да пачатку 2000-х гг. З прычыны аварыйнага стану лесвічных маршаў у 2007 г. вежу зачынілі на рамонт. Адбылася замена металічных канструкцый, умацаванне і рэстаўрацыя элементаў цаглянай кладкі, наладжана электразабеспячэнне. Абноўленая вежа была ўрачаста адкрыта 26 лістапада 2015 г.[1]

Разам з будынкам «Зімовага саду» складае аб'ект, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь[5].

Галерэя правіць

У культуры правіць

У гарадскім фальклоры правіць

  • Вежа фігуруе сярод аб’ектаў гомельскага парка, якім прыпісваецца наяўнасць падземных камунікацый. Расказ гамяльчаніна Аляксандра Радзевіча, які ў хлапечым веку (1918 г.) разам з сябрам зрабіў выправу ў падземны ход пад вежай, падаў краязнавец А. Ф. Рогалеў[6].

У літаратуры правіць

  • У апавяданні Д. Е. Лапо «Легенда пра замак» (зборнік 1895 г.) аб’ект (заводскі комін) апісваецца вачыма вясковага хлопчыка: «Дымагарная труба выцягнулася за хмары, і як змрочны дэман, што стаяў на граніцы светлага і цёмнага сусветаў, здавалася, святкавала перамогу над усімі сціжамі анёлаў і пагражала нябёсам»[7].

Зноскі

  1. а б в Обновленная башня обозрения // Гомельский дворцово-парковый ансамбль.
  2. Виноградов, Л. Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142—1900 гг. / Л. Виноградов [Репринт. изд.]. — Гомель: КИПУП «Сож», 2005. — С. 36.
  3. Жудро, Ф. А. Город Гомель (Могилевской губ.) : с 68 автотипиями / сост. Ф. А. Жудро, И. А. Сербов, и Д. И. Довгялло. — Вильна : Сев.-Зап. отд. Имп. Русского географического о-ва, 1911. — С. 8.
  4. Гомель, 1918 г.
  5. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мінск : БЕЛТА, 2009. — С. 233.
  6. Рогалев, А. Ф. Гомель. Страницы истории, формирование улиц, местные тайны и загадки / А. Ф. Рогалев. — Гомель : Барк, 2014. — С. 79-81.
  7. Лаппо, Д. Е. Белорусские рассказы / Д.Е. Лаппо. — Казань : типо-лит. Имп. ун-та, 1895.