Вейна (Магілёўскі раён)

аграгарадок у Магілёўскай вобласці Беларусі
(Пасля перасылкі з Аграгарадок Вейна)

Ве́йна[2] (трансліт.: Viejna, руск.: Вейно) — аграгарадок у Магілёўскім раёне Магілёўскай вобласці. Цэнтр Вяйнянскага сельсавета. Размешчаны за 10 км на паўднёвы ўсход ад Магілёва, за 6 км ад чыгуначнай станцыі Лупалава на лініі МагілёўКрычаў. Рэльеф раўнінны.

Аграгарадок
Вейна
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Вышыня цэнтра
173 м[1]
Насельніцтва
  • 1 717 чал. (2006)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 222
Паштовыя індэксы
213105
Аўтамабільны код
6
СААТА
7244804011
Вейна на карце Беларусі ±
Вейна (Магілёўскі раён) (Беларусь)
Вейна (Магілёўскі раён)
Вейна (Магілёўскі раён) (Магілёўская вобласць)
Вейна (Магілёўскі раён)

На захадзе цячэ прыток Дняпра рака Вейна, якая дала назву паселішчу.

Транспартныя сувязі па шашы Санкт-ПецярбургАдэса і МагілёўСлаўгарад, якія праходзяць паблізу вёскі.

Гісторыя правіць

Вядома ў Вялікім Княстве Літоўскім з XVI ст. У 1560 годзе сяло ў Магілёўскай воласці, 112 дымоў, дзяржаўная ўласнасць. Побач знаходзілася с. Старое Вейна, якое таксама з’яўлялася дзяржаўнай уласнасцю. У 1604 годзе цэнтр войтаўства Магілёўскага староства, 68 двароў, меліся царква, карчма, млын.

Пад уладай Расійскай імперыі правіць

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе апынулася ў складзе Расійскай імперыі. У 1785 годзе сяло ў складзе маёнтка Вільчыцкі.

У 1806 годзе пачаў дзейнічаць вінакурны завод (12 рабочых). Непадалёку ў 1834 годзе знаходзіўся фальварак (10 жыхароў), а ў 1850 годзе ў ім было 13 жыхароў, дзейнічалі ветраны млын, вінакурня, шынок, з’яўлялася ўласнасцю памешчыка, які меў тут у 1873 годзе 7453 дзесяціны зямлі, вінакурны завод, 4 вадзяныя млыны, 2 заезныя дамы. У 1884 годзе на вінакурным заводзе была пастаўлена паравая машына, у 1895 годзе на ім працавалі 14, у 1911 годзе 11 рабочых.

У 1890 годзе адкрыта царкоўна-прыходская школа, для якой у 1903 годзе пабудавана памяшканне. У 1897 годзе побач з сялом знаходзіліся ўладальніцкая сядзіба Війна, царкоўны пагост.

Найноўшы час правіць

У пачатку 1918 года створаны Савет сялянскіх дэпутатаў і сфарміраваны чырвонагвардзейскі ўзвод, які пазней перарос у роту. На базе дарэвалюцыйнай створана працоўная школа першай ступені, у якой у 1925 годзе было 66 вучняў.

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала яе разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. З 26 красавіка 1919 года ў Гомельскай губерні РСФСР.

У 1920 годзе створана сельскагаспадарчая арцель «Рассвет», у якую ўваходзілі 5 гаспадарак. 5 студзеня 1921 года ў в. Вейна і 15 студзеня 1921 года ў с. Вейна адкрыты хаты-чытальні, дзейнічала вясковая бібліятэка. 25 ліпеня 1921 года арганізавана арцель па сумеснай апрацоўцы зямлі (18 гаспадарак).

У сакавіку 1924 года вёску вярнулі БССР, з 17 ліпеня 1924 года ў Лупалаўскім раёне Магілёўскай акругі (да 26 ліпеня 1930), з 2 сакавіка 1931 года ў Магілёўскім раёне, з 20 лютага 1938 года ў Магілёўскай вобласці. У 1922 годзе на базе маёнтка на былых памешчыцкіх землях створаны саўгас «Вейна», які спачатку меў 267 га, а ў 1930 годзе 792 га зямлі, атрымаў у маі 1926 года трактар, а ў 1933 годзе на саўгасных палях працавалі ўжо 7 трактароў і шмат іншай тэхнікі. Летам 1924 года пачалі дзейнічаць палявыя дзіцячыя яслі. Саўгас у 1930-я гады стаў свінагадоўчай гаспадаркай. Палітаддзел саўгасаў у 1934—1935 гадах выдаваў шматтыражную газету «За сацыялістычную свінагадоўлю». Працаваў саўгасны клуб. У 1932 годзе вёска атрымала электрасвятло. У 1937 годзе створана Вяйнянская МТС.

 
Царква ў час вайны

У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 года да 27 чэрвеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У пачатку вайны група пастухоў і даярак на чале з дырэктарам саўгаса М. Здановічам больш за З месяцы гналі статак саўгасных кароў, пакуль не прыйшлі ў Хапёрскі саўгас Сталінградскай вобласці. Племянная ферма такім чынам была выратавана. У час абарончых баёў у ліпені 1941 года вёска некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі. У баях за вызваленне вёскі ў 1944 годзе загінулі 38 савецкіх воінаў, якія пахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры вёскі. З фронту не вярнуліся 68 вяскоўцаў. У памяць аб іх у 1975 годзе за 1 км на поўнач ад вёскі пастаўлены абеліск.

У 1949 годзе да вёскі далучаны в. Пячоры, у 1950-я г. — пас. Цагельны.

У 1990 годзе цэнтр саўгаса «Вяйнянскі цяплічны камбінат». У вёсцы размяшчаліся вытворчая брыгада, ферма буйной рагатай жывёлы, майстэрні па рамонце сельгастэхнікі, сталярна-цяслярскія майстэрні, лесапільня, працавалі 2 магазіны, Дом быту, аддзяленне сувязі, аддзяленне ашчаднага банка, Дом культуры, бібліятэка, сярэдняя і музычная школы, сталовая, яслі-сад, фельчарска-акушэрскі пункт.

У 2000-я гады на аснове вёскі створаны аграгарадок Вейна.

Інфраструктура правіць

У 2007 годзе цэнтр унітарнага камунальнага прадпрыемства «Фірма Вейна», дзейнічалі сярэдняя школа, аддзяленне сувязі, Дом культуры, бібліятэка, комплексны прыёмны пункт быт. абслугоўвання насельніцтва, 2 сталовыя.

Планіроўка правіць

Праект планіроўкі і забудовы вёскі распрацаваны ў 1984 годзе ў інстытуце «БелНДІгіпрасельбуд». Планіровачна складаецца з захаду частак: паўднёва-заходняя (4 паралельныя просталінейныя вуліцы, арыентаваныя з паўднёвага захаду на паўночны ўсход і злучаныя завулкамі), цэнтральная (З кароткія вуліцы ўтвараюць П-падобную планіровачную структуру, ад якой на захад адыходзіць кароткая просталінейная вуліца) і паўночна-ўсходняя (4 кароткія паралельныя вуліцы арыентаваны з паўднёвага захаду на паўночны ўсход). Забудавана двухбакова, шчыльна, пераважна драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. У паўднёва-заходняй частцы пабудаваны шэраг двухпавярховых 4-кватэрных мураваных дамоў. У цэнтры, вакол плошчы і сярод жылой забудовы размешчаны грамадскія будынкі. Гаспадарчы сектар — на поўнач і поўдні.

Насельніцтва правіць

  • XVII стагоддзе:
    • 1604 — 68 двароў.
  • XIX стагоддзе:
    • 1897 — у сядзібе — 7 двароў, 138 жыхароў, на царкоўным пагосце — З двары, 13 жыхароў.
  • XX стагоддзе:
    • 1926 — 38 двароў, 254 жыхары.
    • 1990 — 444 гаспадаркі, 1670 жыхароў.
    • 1996 — 555 двароў, 1544 жыхары.
  • XXI стагоддзе:
    • 2007 — 578 гаспадарак, 1717 жыхароў.

Славутасці правіць

 
Свята-Пакроўская царква

Зноскі

  1. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)

Літаратура правіць

Спасылкі правіць