Любань (Вілейскі раён)

аграгарадок у Вілейскім раёне Мінскай вобласці Беларусі

Лю́бань[1] (трансліт.: Liubań, руск.: Любань) — аграгарадок у Вілейскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Любанскага сельсавета.

Аграгарадок
Любань
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Насельніцтва
  • 984 чал. (2009)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1771
Паштовыя індэксы
222445
Аўтамабільны код
5
СААТА
6213846091
Любань на карце Беларусі ±
Любань (Вілейскі раён) (Беларусь)
Любань (Вілейскі раён)
Любань (Вілейскі раён) (Мінская вобласць)
Любань (Вілейскі раён)

Геаграфія правіць

Знаходзіцца за 12 км на паўночны захад ад цэнтра горада Вілейка. Праз Любань праходзіць шаша Р28 на ўчастку Вілейка — Мядзел, іншыя дзве дарогі вядуць праз Іжу ў Лыцавічы і ў Куранец. Бліжэйшая чыгуначная станцыя ў Куранцы (лінія Полацк — Маладзечна).

Гісторыя правіць

Назва сучаснай вёскі не з’яўляецца аўтэнтычнай, бо на гэтым месцы да стварэння маёнтка Любань існавала вёска пад назвай Юхавічы, якая ўпершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1536 г. як «сяло Юхавічы» на ускрайку Юхавіцкай пушчы. У Юхавічах у 1789 г. мелася карчма, якая стаяла на перакрыжаванні дарог з Чурлёнаў на Куранец і старой ваеннай дарогі з Вільні. У познія часы Рэчы Паспалітай вёска (як і іншыя навакольныя землі) належала князям Агінскім. У першыя гады Расійскай імперыі маёнтак быў канфіскаваны ў дзяржаўны скарб.

У 1806 г. Ян Віктаравіч Любанскі набыў маёнтак Маркава, да якога належала таксама вёска Юхавічы. Ян Любанскі для паляпшэння сваёй прыватнай гаспадаркі актыўна скупліваў, а часам захопліваў і адсуджваў навакольныя землі сваіх суседзяў-землеўласнікаў. Ён таксама вырашыў пабудаваць сваю ўласную рэзідэнцыю пад назвай «Любанова» ці «Любань» і выбраў маляўнічую мясцовасць на ўзлеску Юхавіцкай пушчы, дзе праекту будаўніцтва суцэльнага садова-паркавага і архітэктурнага ансамбля «замінала» вёска Юхавічы, што месцілася побач. Таму Ян Любанскі ў час будаўніцтва рэзідэнцыі ў 1807—1808 гг. высяліў сялян з вёскі Юхавічы ва ўрочышча Кузюткі, што месцілася каля Маркаўскага маёнтка, і засценкі Кульшыно, Астравы, Красны Бераг, Чабатары. Сяляне ва ўрочышча Кузюткі па-ранейшаму называлі сябе юхаўчанамі і з цягам часу афіцыйнай назвай новай вёскі ва ўрочышчы Кузюткі ўсё ж стала «Юхавічы» (Зараз гэта вёска знаходзіцца ў межах Маладзечанскага раёна).

У часы Лістападаўскага паўстання (1830—1831) пляменнік Яна Віктаравіча Любанскага Віктар Міхайлавіч Любанскі, які ў тыя часы жыў у Любані, стаў адным з начальнікаў штаба Вілейскага павятовага апалчэння паўстанцаў і нават з атрадам даў бой расійскім урадавым войскам каля Любані.

Паводле інвентару за 1847 год, у маёнтку Любань (з 19 населеных пунктаў) цалкам налічвалася 953 мужчынскія і 889 жаночых душ. Акрамя прыгонных абавязкаў сяляне павінны былі паставіць для двара маянткоўца 418 курэй, больш за 4 тысячы яек і 836 копаў (1 капа – 60 штук) сушаных баравікоў.

Пазней маёнтак Любань перайшоў у валоданне сына Яна ЛюбанскагаЯна Янавіча Любанскага (1820—1884) і ўнука Аляксандра Янавіча Любанскага (1863—1932).

У 1861 г. у маёнтку Любань з фальваркамі ў Вілейскім павеце налічвалася 1137 прыгонных душ мужчынскага полу (у тым ліку 13 дваровых) і 224 з далёкіх двароў. Усяго карыснай зямлі ў маёнтку было 4480 дзесяцін (па 3,9 дзесяціны на душу). Прыгону адбывалася 156 дзён з двара для прыгонных мужчынскага полу і 104 дня для душ жаночага полу. Згону было па 12 дзён для працоўных душ мужчынскага і жаночага полу. Натуральныя павіннасці былі наступныя: будаўнічыя па меры патрэбы, начная варта па чарзе[2].

У Любані ў 1886 г. меліся палац, бровар, саладоўня, карчма, сад, а таксама цудоўны парк — з сажалкамі і масткамі, якія часткова захаваліся і сёння[3].

У часы рэвалюцыі 1905–1907 гадоў у Расійскай імперыі сяляне вёскі Каралеўцы Вілейскага павета падгаварылі наёмных работнікаў маёнтку Любань на арганізацыю забастоўкі, з-за чаго Любанскія і ўласнікі суседніх маёнткаў вымушаны былі часова з’ехаць з Вілейскага павета на жыхарства ў Вільню[3].

У 1909 г. у маёнтку Любань таксама налічваліся сыраварня, гараж, аранжарэя, лядоўня і новы палац Любанскіх. Асобна ад новага палаца стаялі флігель і дом для рабочых. А стары палац Любанскіх (які згарэў за некалькі гадоў да таго) быў пераабсталяваны ў якасці сыраварні, лядоўні і розных складскіх памяшканняў[3].

Недалёка ад маёнтка Любань — каля вёскі Гарадзішча (цяпер гэта — пагорак паміж вілейскай царквой Свяціцеля Ціхана і новымі ляснымі могілкамі) — на каталіцкіх могілках размяшчаўся сямейны склеп з пахаваннямі прадстаўнікоў роду Любанскіх (які існуе ў паўразбураным стане і цяпер)[3][4].

У часе Першай сусветнай вайны у 1917 г. у Любані быў створаны партызанскі атрад, які даваў адпор нямецкім войскам, якія забіралі ў сялян хлеб, жывёлу і сена.

У міжваеннай Польшчы 5 лютага 1922 г. Аляксандр Любанскі (1863—1932) прадаў за 42 мільёны 214 тысяч польскіх злотых Леаніду Кракаву свой маёнтак Любань (які на той час складаўся з 11 750 гектараў зямельных угоддзяў, з іх — 500 га ворыва, 650 га лугоў, 4300 га лесу)[3].

Леанід Кракаў, аднак, не быў шчаслівым пакупніком новага маёнтка, бо ў перыяд эканамічнага крызісу ў Польшчы ў 1930-я гг. трапіў у вір няўдалых фінансавых спекуляцый, таму маёнтак Любань у 1932 г. перайшоў ва ўласнасць аднаго з польскіх дзяржаўных банкаў. Адміністратарам быў назначаны Вітольд Грыгор’еўскі, якога за злоўжыванні ў маі 1938 г. замянілі інжынерам Зыгмунтам Шэліскім. У сваю чаргу аканомам маёнтка з 1930 па 1939 г. быў Васіль Гісіч, ураджэнец вёскі Ручыца.

З 1939 г. вёска ў складзе БССР, дзе паводле рэвізіі былых панскіх маёнткаў мелася: «Усёй зямлі 11 тысяч гектараў, пахатнай — 450 га, сенакосу — 220 га, сада — 4 га, лесу да 10 тысяч га. Маюцца два ставы са значнай колькасцю карпа, аранжарэя і пчальнік на 13 сямей. Накіраванне гаспадаркі камбінаванае: і паляводства, і жывёлагадоўля. Маецца лесапільны завод — 2 га, паравы млын, бровар, маслазавод, кузня і сталярная майстэрня – даволі прыстойныя. З пабудоў: 2 кароўнікі на 400 галоў, 1 свінарнік на 100 галоў, свіран, гараж, 4 каменныя падвалы, 1 лядоўня, вяндлярня, лазня і іншыя неабходныя пабудовы. Маецца трактар нямецкай маркі «Дэрынг», складаная малатарня «Рустан», электрадынама. Захавалася сама былая панская сядзіба, а таксама сельгасмашыны і інвентар. Скаціна ўся аддадзена былым батракам і бедным сялянам. Засталося 7 кароў, 16 працоўных коней, 1 свінаматка, парода скаціны — чырвонанямецкая. Маецца корму для жывёлы: саломы — 300 тон, сена — 50 тон, збожжа-насення: аўса — 65 тон, ячменю — 18 тон, «темешкі» — 12 тон, рыса — 12 тон, сена канюшыны — 500 тон, сарадзелы – 500 пудоў, азімыя засеяны на 92 га. Засталося рабочых і батракоў — 64 сям’і…»[3].

У 1940 г. быў утвораны саўгас «Любань», які ў 1970—1980 гг. пры дырэктару Яўгену Мірановічу (1917—1980) быў вядомы на ўвесь СССР і з’яўляўся саўгасам-мільянерам з найлепшай вытворчасцю і паказчыкамі, дзе нават шылі кажухі, выгатаўлялі кумыс і інш. А партрэты перадавікоў саўгаса на дошку гонару маляваліся спецыяльна запрошаным з Масквы мастаком, а не фатаграфаваліся, як гэта звычайна рабілася ў іншых саўгасах і калгасах. Імем Мірановіча названа вуліца ў вёсцы.

З 1991 г. вёска ў складзе Рэспублікі Беларусь.

Да нядаўняга часу ў сядзібным парку былога маёнтка раслі яшчэ экзатычныя дрэвы, пасаджаныя Любанскімі: вастралістыя клёны, ліпы Мольтке, туі, кедравыя хвоі. Але ў 2000-х гг. ураганы павыварочвалі з каранямі частку дрэў, пашкодзіўшы ўнікальныя пароды сядзібнага парку.

Рымска-каталіцкая парафія правіць

Мясцовая парафія Божай Міласэрнасці адносіцца да Вілейскага дэканата Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Была зарэгістраваная 14 сакавіка 2007 г.[5] Набажэнствы праводзяцца ў прыватным доме, абсталяваным для літургічных мэт.

Славутасці правіць

  • Рэшткі сядзібы Любанскіх, 2-ая пал. XIX ст. Пасля пажару ў старым сядзібным доме, новым сядзібным домам стаў перабудаваны будынак былой стайні. Будынак захаваўся і выкарыстоўваецца як цэх па разліву мінеральнай вады. Таксама захаваліся гаспадарчыя пабудовы і фрагменты сядзібнага парку.
  • Парк
  • Царква Сабора Беларускіх Святых (пабудавана ў 2003 г.)

Вядомыя асобы правіць

Зноскі

Літаратура правіць

  • Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. / А.Р. Раюк // Беларуская этнаграфія, этналогія і антрапалогія : зб. навук. арт. / уклад. і навук. рэд. А. У. Гурко ; рэдкал.: А. У. Гурко (гал. рэд.) [і інш.] ; Нац. акад. навук Беларусі, Цэнтр даслед. беларус. культуры, мовы і літ. — Мінск : Беларус. навука, 2023. — Вып. 2. — С. 113—123.

Спасылкі правіць