Парэ́чча[2] (трансліт.: Parečča, руск.: Поречье) — аграгарадок, цэнтр Парэцкага сельсавета Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці Беларусі.

Аграгарадок
Парэчча
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першае згадванне
Насельніцтва
596[1] чалавек (2011)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375-2357
Паштовы індэкс
247308
Аўтамабільны код
3
Парэчча на карце Беларусі ±
Парэчча (Акцябрскі раён) (Беларусь)
Парэчча (Акцябрскі раён)
Парэчча (Акцябрскі раён) (Гомельская вобласць)
Парэчча (Акцябрскі раён)

ГеаграфіяПравіць

РазмяшчэннеПравіць

За 18 км на захад ад гарадскога пасёлка Акцябрскі, 218 км ад Гомеля, 11 км ад чыгуначнай станцыі Рабкор, размешчанай на чыгунцы Бабруйск — Рабкор, адгалінаванні лініі Асіповічы — Жлобін.

ГідраграфіяПравіць

На рацэ Пціч (прыток Прыпяці), на захадзе меліярацыйны канал, злучаны з Прыпяццю.

Транспартная сеткаПравіць

Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтамабільнай дарозе Акцябрскі — Капцэвічы.

ІнфармацыяПравіць

Планіроўка складаецца з доўгай прамалінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад, да якой на поўдні далучаецца Г-падобная вуліца. Забудова двухбаковая, драўляная, сядзібнага тыпу. У 1987 годзе пабудаваны 50 цагляных хат, у якіх змясціліся перасяленцы з забруджаных радыяцыяй у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС месцаў. Цэнтр сельскагаспадарчага ААТ «Парэчча-Арэса», 2 малочнатаварныя фермы, зерняток, механічны парк. Сярэдняя школа (пры ёй з 1983 года гісторыка-краязнаўчы музей, якому 04.06.1991 г. прысвоена званне «народны»), дзіцячы сад, участковая бальніца, аптэка, лясніцтва, аддзяленне сувязі, Цэнтр вольнага часу, бібліятэка, лазня, комплексны прыёмны пункт, 3 крамы[3].

ГісторыяПравіць

Па пісьмовых крыніцах вядомая з XIV стагоддзя. Пад 1396 годам згадана ў лісце князя Гальшанскага як сяло ў Глускай воласці, якое было аддадзена Кіева-Пячэрскаму манастыру. Згадваецца ў 1559 годзе ў матэрыялах рэвізіі пушч. У 1683 годзе пазначана як цэнтр маёнтка, уладальніку якога Парэчча давала 292 злотых і 22,5 гроша ў год; акрамя таго, Парэчча — цэнтр воласці. Паводле інвентару 1748 года — буйное ўладанне Радзівілаў. У другой палове XVIII стагоддзя Парэчча становіцца цэнтрам шляхецкага ўладання Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства. У вёсцы знаходзілася ўніяцкая царква ў імя Узнясення Маці Божай, заснаваная князем Альбрэхтам Радзівілам.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) у складзе Расійскай імперыі, належала генерал-маёру В. К. Вішчынскаму. Праз вёску праходзіў гасцінец Слуцк — Скрыгалаў. У 1846 годзе адкрыта народнае вучылішча. Большасць вясковых земляў належала, акрамя Вішчынскага, памешчыкам Ф. Валодзьку, К. Клецкаму і А. Быкоўскаму. Пазначана на карце 1866 года, якая выкарыстоўвалася Заходняй меліярацыйнай экспедыцыяй, што працавала ў гэтым раёне ў 1890-я гады. У 1870 ці 1876 годзе пабудавана драўляная праваслаўная царква ў гонар Нараджэння Маці Божай. З 1885 года дзейнічала вінакурня. Паводле перапісу 1897 года існавалі сяло Парэчча-I — 2 царквы, народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, 2 лаўкі; вёска Парэчча-II — лаўка, пастаялы двор; сядзіба Парэчча-II — лаўка, гамарня, карчма, і засценак Парэчча — гамарня.

З 20 жніўня 1924 года цэнтр Парэцкага сельсавета Глускага, з 28 чэрвеня 1939 года Акцябрскага, з 25 снежня 1962 года Светлагорскага, з 30 ліпеня 1966 года — адноўленага Акцябрскага раёнаў. Да 26 ліпеня 1930 года ў складзе Бабруйскай акругі, з 20 лютага 1938 года — Палескай, з 20 верасня 1944 года — Бабруйскай, з 8 студзеня 1954 года Гомельскай абласцей. У 1931 годзе арганізаваны калгас «Камсамольская праўда», працавалі гамарня і вадзяны млын. Пачатковая школа ў 1930-я гады ператворана ў сямігадовую. У канцы 1930-х гадоў сяло, вёска, засценак і фальварак аб'яднаны ў адзін населены пункт — Парэчча.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны партызаны разграмілі апорны пункт акупантаў які размяшчаўся ў вёсцы. У красавіку 1942 года карнікі спалілі 13 двароў і забілі 169 жыхароў. У 0,2 км на ўсход ад вёскі, па дарозе ў гарадскі пасёлак Акцябрскі з сакавіка 1943 года размяшчаўся аэрадром Палеска-Мінскага партызанскага злучэння (у 1973 годзе пастаўлены мемарыяльны знак). У баях каля вёскі загінулі 13 салдат (пахаваны на могілках). 83 жыхары загінулі на фронце, на ўшанаванне іх памяці ў 1967 годзе ў цэнтры вёскі адкрыты помнік — скульптура воіна. Адразу пасля вызвалення ў вёсцы быў адкрыты дзіцячы дом для дзяцей, бацькі якіх загінулі падчас вайны.

У 1957 годзе створаны саўгас, а ў 1958 годзе пачала выходзіць саўгасная шматтыражка «Савецкае Парэчча».

У склад Парэцкага сельсавета да Вялікай Айчыннай вайны ўваходзіла вёска Вовін, спаленая акупантамі і не адноўленая пасля вайны, да 1962 года — вёска Чырвоная Дуброва, да 1966 года — пасёлак Багданаў.

НасельніцтваПравіць

КолькасцьПравіць

  • 2011 год — 596 жыхароў.

ДынамікаПравіць

  • 1748 год — 57 двароў,
  • 1897 год — сяло Парэчча-I — 76 двароў, 378 жыхароў; вёска Парэчча-II — 74 двары, 449 жыхароў; сядзіба Парэчча-II — 9 двароў, 54 жыхары; засценак Парэчча — 31 двор, 204 жыхары (паводле перапісу).
  • 1917 год — у сяле, вёсцы, засценку і фальварку 1401 жыхар.
  • 1925 год — у сяле 122 двары, у вёсцы 104 двары, у засценку 39 двароў, у фальварку 9 двароў.
  • 1940 год — 176 двароў, 810 жыхароў.
  • 1959 год — 870 жыхароў (паводле перапісу).
  • 1997 год — 316 двароў, 776 жыхароў.
  • 2000 год — 286 двароў, 696 жыхароў[4].
  • 2004 год — 249 гаспадарак, 591 жыхар.

Памятныя мясціныПравіць

  • Магіла ахвяр фашызму.
  • Помнік землякам, загінуўшым у Вялікую Айчынную вайну.
  • Помнік на месцы партызанскага аэрадрома.

Зноскі

  1. Дадзеныя сельсавета на 1 ліпеня 2011 года
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  3. Аграгарадок Парэчча
  4. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 11. — С. 158. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0198-2 (Т. 11).

ЛітаратураПравіць

  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0
  • Памяць: Гiсторыка-дакументальная хронiка Акцябрскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 1997.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 11. — С. 158. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0198-2 (Т. 11).