Агульная ўсходнеславянская мова
Прапанавана аб’яднаць старонку з Старажытнаруская мова. |
Агульная ўсходнеславянская мова, старажытнаруская мова або праруская мова — мова свецкай пісьменнасці, агульная для ўсіх усходніх славян у 10—14 ст., пасля распаду якой узніклі тры ўсходнеславянскія літаратурныя мовы (стараруская, старабеларуская, стараўкраінская).
Агульная ўсходнеславянская мова | |
---|---|
Саманазва |
рѹсьскъ ѩзыкъ (на познім этапе) |
Краіны | На землях цяперашніх Беларусі, Украіны і еўрапейскай часткі Расіі |
Рэгіёны | Усходняя Еўропа |
Афіцыйны статус | усходнеславянскія дзяржаўныя ўтварэнні (да 14—15 стст.) |
Вымерла | развілася ў сучасныя блізкароднасныя усходнеславянскія мовы[1] |
Класіфікацыя | |
Катэгорыя | Мовы Еўразіі |
Моўныя коды | |
ISO 639-1 | — |
ISO 639-2 | — |
ISO 639-3 | orv |

Пастулат існавання такой мовы традыцыйны для мовазнаўства, асабліва расійскага і позне-савецкага[2]. Тэрмін «агульная ўсходнеславянская» дзеля пазбягання неадназначнасцей быў прапанаваны М. І. Талстым.[3]
Некаторыя аўтары, асабліва ў расійскай і пазнейшай савецкай навуковых школах, распаўсюджвалі канцэпцыю агульнай усходнеславянскай мовы на ўзровень гутарковай мовы, агульнай для ўсіх усходніх славян, якая аформілася каля 8—9 ст.[4] і працягвала існаваць як дастаткова аднародная з'ява найпазней да 13 ст.[5]
Апроч таго, тэрміны «старажытнаруская мова» (руск.: древнерусский язык; як сінонім агульнай усходнеславянскай) і «стараруская мова» (руск.: старорусский язык; як вынік распаду агульнай усходнеславянскай), былі практычна злітыя разам савецкімі і расійскімі навукоўцамі пасля выдання акадэмічнага «Слоўніка рускай мовы 11—17 ст.» (руск.: «Словарь русского языка 11—17 вв.»; пад рэд. С. Г. Бархударава)[3].
Іншыя аўтары[6], падтрымліваючы канцэпцыю агульнай усходнеславянскай мовы ў перыяд да 14 ст., уводзяць канцэпцыю яе распаду ў 14 ст. не на тры, а на дзве літаратурныя мовы, «русінскую» (Ruthenian) і «старарускую» (Old Russian), а гутарковыя мовы на беларускіх і украінскіх землях лічаць некансалідаваным мноствам дыялектаў да канца 18 — 19 ст.
Крытыка правіць
Таксама існуе школа думкі, якая адкідае канцэпцыю існавання гутарковай агульнай усходнеславянскай мовы, і, як вынік, канцэпцыю агульнай літаратурнай мовы[7]. Тут, пры разглядзе канцэпцый прота-моў заходніх, усходніх і паўднёвых славян, сцвярджаецца, што «…няма навуковай патрэбы ва ўвядзенні такой канцэпцыі»[8], а гутарковы варыянт беларускай мовы ў Сярэднявеччы разглядаецца як выведзены непасрэдна са славянскіх племянных дыялектаў, утвораных пасля распаду протаславянскай мовы. Такія аўтары адзначаюць, што фанетычныя і марфалагічныя адметнасці, агульныя для ўсходнеславянскіх моў, і якіх няма ў іншых славянскіх мовах, занадта малалікія, і нават могуць паходзіць адразу з протаславянскай мовы. Таксама адзначаецца, што сучасная беларуская мова ўтрымлівае шмат протаславянскіх рыс, якіх няма ў рускай і ўкраінскай мовах[9].
Зноскі
- ↑ Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах.. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2002. — Т. 15. — С. 157.
- ↑ Праводзіцца, напрыклад, у працах Карскага, Шахматава, Воўк-Левановіча і інш.
- ↑ а б Будзько, С.166.
- ↑ У працах Філіна, Жураўскага і інш.
- ↑ Такая канцэпцыя з’яўлена, напр., у артыкуле з Encyclopedia Britannica: Ukrainian language.
- ↑ Напрыклад, Даніель Бунчыц.
- ↑ У працах Ільінскага, Гуера, Бузука, Я. Станкевіча, паводле, напр., (Станкевіч 1927).
- ↑ Праф. О. Гуер, як працыт. у (Станкевіч 1930).
- ↑ Думка Гуера, падтрыманая ў (Станкевіч 1930).
Гл. таксама правіць
Літаратура правіць
- Яновіч А. І. Старажытнаруская мова, агульнаўсходнеславянская мова // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 157. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Жураўскі А. І. Беларуская мова // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Ян Станкевіч. Беларуская Акадэмічная Конфэрэнцыя 14.—21.XI.1926 і яе працы дзеля рэформы беларускае абэцэды й правапісу (агульны агляд) [1927] // Станкевіч Я. Збор твораў у двух тамах. Т. 1. — Мн. : Энцыклапедыкс, 2002. — 552 с. — С. 223—235. — ISBN 985-6599-45-8 (т.1).
- Ян Станкевіч. Месца беларускага языка сярод іншых славянскіх языкоў і час яго ўзьніку [Вільня, 1930] // Станкевіч Я. Збор твораў у двух тамах. Т. 1. — Мн. : Энцыклапедыкс, 2002. — 552 с. — С. 223—235.- ISBN 985-6599-45-8 (т.1)