Адвечная песня (лялечны спектакль)
«Адве́чная пе́сня» — лялечны спектакль, пастаўлены ў 2004 годзе рэжысёрам Аляксеем Ляляўскім у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек па матывах аднайменнай паэмы Янкі Купалы.
«Адвечная песня» | |
---|---|
Жанр | лялечны спектакль |
Заснаваны на |
паэмы Янкі Купалы «Адвечная песня» |
Рэжысёр | Аляксей Ляляўскі |
Працягласць | 55 хв. |
Краіна | Беларусь |
Мова | беларуская |
Год | 2004 |
Пастаноўкі | Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі |
Узнагароды |
гран-пры фестывалю «Белая вежа» (Брэст), прыз за найлепшую рэжысуру міжнароднага форуму PIF (Заграб) |
Апісанне
правіцьПастаўлены спачатку як дыпломная праца студэнтаў Беларускай акадэміі мастацтваў, спектакль быў неўзабаве перанесены на сцэну Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, але граўся часцей не на роднай пляцоўцы, а на замежных фестывалях.[1] Неаднаразова паказваўся ў Германіі, Нідэрландах, Польшчы, Швейцарыі, Расіі, Харватыі, Бельгіі і іншых краінах[2]. На вялікай сцэне тэатру з’явіўся ў студзені 2011 года.[3]
Наватарскі, насычаны як сучаснымі алюзіямі, так і гістарычнымі экскурсамі спектакль. У адрозненне ад драматычнай пастаноўкі паэмы, у якой услед за аўтарам паказваецца жыццё Селяніна ў дарэвалюцыйнай вясковай рэчаіснасці, прасякнутай міфалагічнымі ўяўленнямі і каляндарна-абрадавымі рытуаламі, А. Ляляўскі смела пераносіць дзеянне твора ў савецкую эпоху, цалкам адмаўляецца ад міфалагічнай вобразнасці і фальклорнага арнаменту на сцэне, пакідаючы яе толькі ў гукавым суправаджэнні (этнатрыё «Троіца»).[1]
За аснову была ўзятая ідэя, што ёсць адныя людзі, якія жывуць, працуюць на зямлі, і існуюць іншыя, якія іх не заўважаюць. На гэту тэму я напісаў п'есу, якая называлася «Біяграфія», усяго чатыры старонкі. Пасля было вырашана сумясціць яе з «Адвечнай песняй» Купалы, якія па сутнасці маюць агульную тэму. Так мы ўзялі фрагменты і паспрабавалі перавесці паэтычны рад у карцінкі. Рэжысёр Аляксей Ляляўскі аб гісторыі стварэння спектаклю[2] |
Водгукі
правіцьПерачытваючы радкі Купалы, Ляляўскі мысліць стратэгічна: штораз перакідвае гледачоў з эпохі ў эпоху, прымушае думаць і пра тое, што было і быллём прарасло, і пра нас — сённяшніх. Хтосьці схамянецца нечакана: а хіба змянілася што? Гумавыя боты на авансцэне; трактары, якія аруць зямлю ў цемры; расада, якую прыбіваюць да ляхаў малатком; сабор, узведзены на горцы зерня і складзены з пустых бутэлек… Мільгаюць побытавыя карцінкі… Трэба ведаць і разумець сваю гісторыю, каб паспяваць счытваць падзеі… А. Ляляўскі ў сваім спектаклі слізгае праз стагоддзі. Уздоўж сюжэту Купалавай паэмы. Проста па спрадвечным коле жыцця. Вясна, мары, вяселле, пахаванне… Не «як жыць?» і не «што рабіць?», а «ці застанецца нешта пасля нас?» найбольш турбуе яго. Тэатральны крытык Людміла Грамыка[4] |
Узнагароды
правіць- Гран-пры XII Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Белая вежа» (2007, Брэст)
- Прыз за найлепшую рэжысуру, міжнародны форум PIF (Заграб)
Зноскі
- ↑ а б Сяргей Кавалёў Рэцэпцыя творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа ў сучасным беларускім тэатры // Год беларускі 2011 : Штогоднік / Сакрат Яновіч. — Крынкі: Villa Socrates, 2011. — Т. 12. — С. 157-167. — ISSN 1640-3320.(недаступная спасылка)
- ↑ а б «Адвечная песня» на вялікай сцэне Тэатра лялек (фотарэпартаж) . Будзьма разам! (31 студзен 2011). Праверана 25 сакавіка 2016.
- ↑ Спектакль «Адвечная песня» па пэме Янкі Купалы вяртаецца на сцэну лялечнага тэатра . Мінск-Навіны. Праверана 28 кастрычніка 2012.(недаступная спасылка)
- ↑ Л.Грамыка. Дэзынфекцыя снегам / Часопіс «Мастацтва». — 2008. — №9. — С. 21.