Адвечным шляхам
«Адве́чным шля́хам» — філасофскае эсэ, напісанае пад псеўданімам Ігнат Абдзіраловіч у 1921 годзе ў Вільні, у якім глыбока раскрыты драматызм гістарычнага лёсу беларусаў, іх неадольнае імкненне захаваць незалежнасць свайго духу.
Адвечным шляхам | |
---|---|
| |
Аўтар | Ігнат Уладзіміравіч Канчэўскі |
Мова арыгінала | беларуская |
Дата першай публікацыі | 1921 |
Месца публікацыі | Вільня |
Тэкст твора ў Вікікрыніцах |
З’яўленне і гісторыя друку
правіць- 1921 — упершыню быў выдадзены ў Вільні невялікім тыражом, каля шасцідзесяці год праляжаў у сховах спецфондаў.
- У 1988 годзе — тэкст быў надрукаваны ў перакладзе на рускую мову ў часопісе «Нёман» і ў газеце «Супольнасць» (№ 4—5, 1988)
- У 1989 годзе — другое выданне ажыццявіла самвыдавецкая «Супольнасць»[1]
- У 1990 годзе — поўны друк тэксту ў зборніку «Вобраз-90»
- У 1993 годзе — ў выдавецтве Акадэміі навук Беларусі «Навука і тэхніка» пабачыла свет чацвёртае выданне[2]
- У 2007 годзе — парахвія святога Кірылы Тураўскага Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы зрабіла пятае выданне ў Львове з захаваннем асаблівасцей арыгіналу[3]
- У 2021 годзе, адмыслова да 100-годдзя выдання, эсэ было перавыдадзенае ў серыі Gradus выдавецтва «Зміцер Колас» з захаваннем асаблівасцей арыгіналу. У кнізе таксама змяшчаюцца ўсе вядомыя на сёння вершы Ігната Канчэўскага.
Перадумовы ўзнікнення тэксту
правіцьВарта адзначыць і тое, што час змены парадыгмы ў еўрапейскім мысленні на пачатку 20 стагоддзя супаў з палітычнымі і сацыяльнымі пераўтварэннямі ў Беларусі, дзе ў гэты перыяд адбываецца фарміраванне ўласнай ідэнтычнасці, праяўлянае ў культуры Адраджэннем, а ў палітыцы — імкненнем да пабудовы незалежнай дзяржавы.
Дух часу, пазначанага «пераацэнкай каштоўнасцей» (тэрмін Ніцшэ) і адмаўленнем класічных падыходаў у мысленні, не мог не паўплываць на беларускіх філосафаў, у тым ліку і на Ігната Абдзіраловіча.
Гэта часы вялікай інтэлектуальнай і сацыяльнай актыўнасці. На тле палітычных пераваротаў (рэвалюцыі 1905 і 1917 гадоў), Першай сусветнай і грамадзянскіх войнаў на Беларусі ўтвараюцца пэўныя інтэлектуальныя колы, адбываецца развіццё літаратуры, навукі і мастацтва. У 1918 годзе група беларускіх інтэлектуалаў на чале з Антонам Луцкевічам утварае Беларускую Народную Рэспубліку, якая, праўда, прайснавала нядоўга і не была прызнана ні нямецкім, ні расійскім урадамі. Але гэтая падзея паўплывала на далейшае вырашэнне пытання беларускай дзяржаўнасці, і ў 1919 годзе была ўтворана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка[4].
Жанр і структура тэксту
правіцьТэкст Ігната Абдзіраловіча «Адвечным шляхам» ёсць мастацкім подле сваёй формы (метафарычнасць, значная колькасць эмацыйна-афарбаванай лексікі, апавядальная інтанацыя) і філосафічным подле зместу, што дазваляе вызначыць яго, з прыналежнасці да жанру, як філосафічнае эсэ[4].
Але, не зважаючы на мастацкасць і вобразнасць, тэкст мае досыць выразную структуру і складаецца з:
- Назвы — Адвечным шляхам
- Падзагалоўка — Даследзіны беларускага светагляду
- Эпіграфа прысвячэння — акрэсліваецца час узнікнення тэксту і яго кантэкст, а менавіта час пераацэнкі каштоўнасцей
- Сціслы ўступ
- Частка першая — Беларусь паміж Захадам і Усходам — прысвечаны беларускай ідэнтычнасці ў сістэме Захад — Усход. Прычым, Беларусь падаецца як граніца паміж Усходам і Захадам. Аўтар разглядае гісторыю ваганняў беларусаў паміж Усходам і Захадам і дае выразныя характарыстыкі абодвух. Мэтай раздзелу было акрэсліць тагачасную беларускую сітуацыю і сфармуляваць прычыны размытасці беларускай ідэнтычнасці
- Частка другая — Форма як механізм падпарадкавання — прысвечаны аналізу формы, якая выступае як сродак падпарадкавання беларускай культуры. Гісторыя Еўропы таксама бачна Абдзіраловічу як гісторыя ўсталявання тых ці іншых форм жыцця і іх заняпаду. Ён разважае над прычынамі трываласці мёртвых, неадпаведных жыццёвым патрэбам, форм і прапануе сваю ідэю ліючайся формы
- Частка трэцяя — Творчасць — аўтар назірае творчасць, як касмічную сілу і як жыццёвую падставу, а таксама акрэслівае патрэбу сацыяльнай творчасці. Абдзіраловіч аналізуе сучасныя яму палітычныя рухі ў кантэксце прынцыпу сацыяльнай творчасці і робіць выснову пра неадпаведнасць іх гэтаму прынцыпу
- Частка чацвертая — паўстае як абагульненне, у якім аўтар сцвярджае неадменнасць пошуку непрымусовых формаў жыцця дзеля здзяйснення ідэалу сацыяльнай творчасці і вырашэння праблемы беларускай ідэнтычнасці.
На пачатку кожнай з частак змешчаны асноўныя тэзісы.
Праблематыка твору
правіцьУ філасофскім эсэ «Адвечным шляхам» аўтар раскрыў драматызм гістарычнага лёсу беларусаў, іх імкненне захаваць незалежнасць свайго духу. Галоўнай мэтай народа лічыў ён дзяржаўную незалежнасць, разглядаў яе як агульначалавечы ідэал. Адной з галоўных перашкод лічыў бюракратычную сістэму дзяржавы і дух «канцылярыі». Цывілізаваны шлях вырашэння грамадскіх праблем бачыў у вольнай творчасці, непрымусовых формах сацыяльнага аб’яднання людзей, у выбары «трэцяга, сялянска-рамесніцкага шляху вольных брацтваў і кааперацыі — паміж дзікім капіталізмам і тыранічным сацыялізмам».
Абдзіраловіч сцвярджаў, што
ваганьне паміж Захадам і Ўсходам і шчырая непрыхільнасьць ні да аднаго ні да другога зьяўляецца асноўнаю адзнакаю гісторыі беларускага народу |
. Прычым, на яго думку, беларускі народ не стварыў выразнай культуры з-за таго, што ў яго гісторыі была
вялікая трагедыя народнага духу, якую перажыць выпала толькі двум-тром эўрапейскім народам: Беларусь ад 10 веку і да гэтай пары фактычна зьяўляецца полем змаганьня двух кірункаў эўрапейскай, пэўна, — арыйскай, культуры — усходняга і заходняга… |
.[5]
Зноскі
- ↑ Сяргей Дубавец. Прадмова Архівавана 27 кастрычніка 2007. // Ігнат Абдзіраловіч. Адвечным шляхам. — Мінск: Навука і тэхніка, 1993. ISBN 5-343-01308-2
- ↑ Internet-версія кнігі: 4-е выданне: Ігнат Абдзіраловіч. Адвечным шляхам. Змест Архівавана 27 сакавіка 2008.// Беларуская Палічка. Дата доступу: 19 сакавіка 2010
- ↑ Ігнат Абдзіраловіч. Адвечным шляхам(недаступная спасылка). — Львоў: Парахвія Св. Кірылы Тураўскага Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, 2007. 21 с.
- ↑ а б Таццяна Слінка. Праблема Беларускай ідэнтычнасці ў тэксце Ігната Абдзіраловіча «Адвечным шляхам»(недаступная спасылка)
- ↑ Беларускія слоўнікі і энцыклапедыі
Літаратура
правіць- Новік І. М. Тэмпаральная семантыка ў эсэ І. Абдзіраловіча «Адвечным шляхам» // Философские исследования. Сборник научных трудов. Выпуск 5. — Мн.: Беларуская навука, 2018. — С. 343—357.
Спасылкі
правіцьАдвечным шляхам у Вікікрыніцах |