Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі
Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі — адно са старэйшых структурных элементаў Акадэміі, якія бесперапынна існуюць дагэтуль. Было ўтворана 31 мая 1936 года як Аддзяленне грамадскіх навук АН БССР у ліку першых за ўсю гісторыю Акадэміі аддзяленняў (нароўні з Аддзяленнем матэматычных і прыродазнаўчых навук і Аддзяленнем тэхнічных навук). Стварэнне аддзяленняў было праведзена ў рамках ператварэння Беларускай акадэміі навук у Акадэмію навук БССР.
Гісторыя
правіцьАддзяленне грамадскіх навук АН БССР (1936-1991)
правіцьПры стварэнні ў склад Аддзялення ўвайшлі:
- Інстытут нацыянальных меншасцей
- Інстытут гісторыі
- Інстытут літаратуры, мастацтва і мовы
- Інстытут філасофіі, савецкага будаўніцтва і права
- Інстытут эканомікі
Сталінскія рэпрэсіі другой паловы 1930-х гг. не маглі не закрануць і Акадэмію. Датычна Аддзялення грамадскіх навук гэта вылілася ў расфарміраванне ў маі 1937 г. Інстытута нацыянальных меншасцей, а паводле рашэння Бюро ЦК КП(б)Б ад 05.01.1938 г. - Інстытута эканомікі і Інстытута філасофіі, савецкага будаўніцтва і права. Аднак ужо ў 1939 г. была ўтворана група эканомікі АН БССР, а ў 1940 на яе базе створаны Навукова-даследчы інстытут эканомікі АН БССР.
Неўзабаве пасля вызвалення Беларусі ў 1944 была адноўлена праца Інстытута літаратуры, мастацтва і мовы. У 1945 зноў набыў статус паўнавартаснага інстытута Акадэміі навук Інстытут эканомікі, а 1 ліпеня 1947 быў адноўлены Інстытут філасофіі і права. У 1952 годзе са складу Інстытута літаратуры, мастацтва і мовы быў вылучаны асобны Інстытута мовазнаўства АН БССР, а ў 1957 на базе аддзелаў мастатцвазнаўства Інстытута літаратуры і мастацтва і аддзелаў этнаграфіі і фальклору Інстытута гісторыі быў створаны Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (апошні пазней на некалькі год быў перададзены ў падпарадкаванне Міністэрству культуры БССР, а потым зноў вернуты ў склад Акадэміі). У 1958 сектар дзяржавы і права аддзяліўся ад Інстыута філасофіі і права, быў пераўтвораны ў Аддзел прававых навук і перададзены ў склад БДУ імя У. І. Леніна, а інстытут перайменаваны ў Інстытут філасофіі. У 1965 годзе ў выніку адваротнага ўключэння Аддзела прававых навук інстытут зноў стаў называцца Інстытутам філасофіі і права. У 1989 годзе на аснове часткі аддзелаў, якія займаліся сацыялагічнай праблематыкай, створаны Рэспубліканскі цэнтр сацыялагічных даследаванняў, а ў 1990 годзе - самастойны Інстытут сацыялогіі. У 1991 годзе ў складзе Аддзялення быў утвораны Нацыянальна навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны, які ўзначаліў Адам Іосіфавіч Мальдзіс. Пазней Цэнтр набыў статус самастойнай арганізацыі і выйшаў са складу Акадэміі.
Аддзяленне гуманітарных навук АН Беларусі (1992-1994)
правіцьПа стане на 1 чэрвеня 1992 г. Аддзяленне налічвала 8 акадэмікаў і 27 членаў-карэспандэнтаў. У названы перыяд у склад Аддзялення была ўключана Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа.
Цяжкае фінансавае становішча вымусіла Прэзідыўм Акадэміі аддаць адзін з двух карпусоў Аддзялення (а іменна корпус па вул. Акадэмічная, дом 25, дзе раней размяшчаліся Інстытут мовазнаўства АН БССР, Інстытут філасофіі і права АН БССР і Аддзел навуковай інфармацыі па грамадскіх навуках) пад факультэт міжнародных адносін БДУ. Па стане на 2013 год у азначаным корпусе размяшчаецца факультэт даўніверсітэцкай адукацыі БДУ і праводзяцца заняткі Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ.
Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў АН Беларусі (1995-1997),
Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі (з 1997)
правіць
У 1999 быў расфарміраваны Аддзел навуковай інфармацыі па грамадскіх навуках, а на базе прававых аддзелаў Інстытута філасофіі і права быў утвораны Інстытут дзяржавы і права НАН Беларусі. У 2008 г. Інстытут мовазнаўства Імя Якуба Коласа і Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы былі аб'яднаны ў Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы, а Інстытут дзяржавы і права быў расфарміраваны і ўвайшоў у склад Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў на правах Інстытута прававых даследаванняў. У 2012 годзе ў выніку аб'яднання Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы і Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы быў створаны Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, а названыя інстытуты ўвайшлі ў яго склад на правах філіялаў.
На 1 студзеня 2009 года ў замацаваных за Аддзяленнем навуковых арганізацыях працавала каля 540 чалавек, у тым ліку 432 даследчыкі, 65 дактароў і 181 кандыдат навук. Па стане на 1 студзеня 2014 г. у склад Аддзялення ўваходзяць 5 дзяржаўных навуковых устаноў:
- Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры;
- Інстытут філасофіі;
- Інстытут эканомікі;
- Інстытут сацыялогіі;
- Інстытут гісторыі
і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа.
У персанальны склад Аддзялення ўваходзяць 9 акадэмікаў і 16 членаў-карэспандэнтаў.
Напрамкі даследаванняў
правіцьАсноўнымі прыярытэтнымі напрамкамі навуковых даследаваняў арганізацый, замацаваных за Аддзяленнем, з'яўляюцца:
- тэарэтыка-метадалагічныя асновы станаўлення ў Рэспубліцы Беларусь інавацыйнай сацыяльна-арыентаванай эканомікі, якая забяспечвае яе ўстойлівае развіццё ва ўзаемадзеянні з сусветнай эканамічнай сістэмай;
- філасофска-светапоглядныя перадумовы і логіка-метадалагічныя падставы грамадскага прагрэсу і сацыяльнай устойлівасці, развіцця асобы, культуры і адукацыі, фарміравання ідэалогіі беларускага грамадства.
Арганізацыі Аддзялення ў 2011-2015 гг. удзельнічаюць у выкананні Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў "Гуманітарныя навукі ў якасці фактараў развіцця беларускага грамадства і дзяржаўнай ідэалогіі" (ДПНД "Гісторыя, культура, грамадства, дзяржава").
Акадэмікі-сакратары Аддзялення
правіць- Сямён Якаўлевіч Вальфсон (1936—1941)
- Уладзімір Мікалаевіч Перцаў (1943—1960)
- Цімафей Сазонавіч Гарбуноў (1960—1967)
- Пётр Фёдаравіч Глебка (1967—1969)
- Казімір Паўлавіч Буслаў (1970—1976)
- Мікалай Васілевіч Бірыла (1977—1992)
- Генадзь Міхайлавіч Лыч (1992—1997)
- Аляксандр Іосіфавіч Падлужны (1997—2002)
- Пётр Георгіевіч Нікіценка (2002—2009)
- Аляксандр Аляксандравіч Каваленя (з 5 лютага 2009)
Крыніцы
правіць- Академия наук Белорусской ССР: Справочник. - Мн.: Наука и техника, 1979.
- Академия наук Белорусской ССР: Справочник. - Мн.: Наука и техника, 1985.
- Академия наук Белорусской ССР: Телефонный справочник. - Мн.: Наука и техника, 1988.
- Акадэмія навук Беларусі: Даведнік. - Мн.: Навука і тэхніка, 1992.
- Справаздача аб навуковай дзейнасці Акадэміі навук Беларусі ў 1992 годзе. - Мн.: Навука і тэхніка, 1993.
- Справаздача аб навуковай дзейнасці Акадэміі навук Беларусі ў 1995 годзе. - Мн.: Навука і тэхніка, 1996.
- Нацыянальная акадэмія навук Беларусі: Кароткі адрасна-тэлефонны даведнік. - Мн.: Кіраўніцтва справамі НАН Беларусі, 1998.
- The Department of Humanitarian Sciences and Arts (1998)
- Захаркевіч С.А. Этнічныя меншасці Беларусі: вопыт сацыяльнай трансфармацыі ў ХІХ - пачатку ХХ ст. // Працы гістарычнага факультэта БДУ: навук. зб. Вып. 4. - Мн.: БДУ, 2009. - С.242-249 Архівавана 14 чэрвеня 2015.
- Гісторыя інстытута | Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы (2011)
- Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі (2013)
- Институт экономики НАН Беларуси. Историческая справка
- Институт философии НАН Беларуси. Краткая история и основные направления деятельности
- Национальный центр законодательства и правовых исследований Республики Беларусь. Руководство и структурные подразделения Архівавана 4 кастрычніка 2017.
- Автоматизированная система информационного обеспечения управленческой деятельности НАН Беларуси (2013)
- Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў Нацыялальнай акадэміі навук Беларусі: (да 75-годдзя з дня заснавання) / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі; рэдсавет: А.А. Каваленя (старш.) і інш. - Мн.: Беларуская навука, 2011. - 321 с.