Адзігі́трыя (стар.-грэч.: Ὁδηγήτρια, літаральна: «Правадніца») — іканаграфічнае выяўленне Багародзіцы (Дзевы Марыі), якая трымае Дзіцятку Ісуса адной рукой, другой паказваючы на Яго як на крыніцу збаўлення для чалавецтва. Галава Божай Маці звычайна схіленая да Дзіцяці, якое ўздымае руку з дабраславенчым жэстам.

Маці Божая Адзігітрыя Іерусалімская, XVI стагоддзе. Варварынская царква, Пінск
Двухбаковы абраз Васіля Маркіянавіча «Маці Божая Адзігітрыя»/«Уваскрасенне» (1766)
Маці Божая «Снежная», XVIII стагоддзе. Вёска Падлеснае Ляхавіцкага раёна

Самым шанаваным абразам такога тыпу была Адзігітрыя з манастыра Панагіі Адзігітрыі ў Канстанцінопалі, адмыслова пабудаванага дзеля захоўвання абраза. У адрозненне ад пазнейшых Адзігітрый, ён паказваў Багародзіцу ў поўны рост. Лічылася, што абраз быў прывезены са Святой зямлі Еўдакіяй, жонкай імператара Феадосія II (408—450), а намаляваў яго сам апостал Лука[1]. Абраз быў двухбаковым[2] — на іншым баку знаходзілася ўкрыжаванне.

Пасля Чацвёртага крыжовага паходу абраз быў перанесены ў манастыр Пантакратара — кафедру Венецыянскага стальца за часам франкскага панавання.

Пасля падзення Канстанцінопаля ў 1453 годзе абраз, які знаходзіўся ў царкве Святога Збаўцы ў Хора, знік. Магчыма, што яго парэзалі на чатыры часткі[3]. Яго месцазнаходжанне дагэтуль невядомае; існуе мноства яго копій, якія атрымалі ўласныя назвы і традыцыі перапісу.

Традыцыі правіць

У X стагоддзі, пасля перыяду іканаборства ў візантыйскім мастацтве, выява стала шырока распаўсюджвацца, магчыма, з ранейшага тыпу, дзе правая рука Багародзіцы ляжыць на Хрыстовым калене[4]. Прыкладам гэткага тыпу ёсць абраз Salus Populi Romani у Рыме. У XII стагоддзі з’яўляюцца мазаічныя выявы з Маці Божай у поўны рост (Тарчэльская кафедра і Палацінская капліца ў Палерма).

З Адзігітрыі развіўся тып Панагія Элеуса (Дзева Міласэрная), на якой маленькі Ісус прыціскаецца да Марыінай шчакі; звычайна Хрыстос тут выяўлены з левага боку.

У Расіі лічыцца, што пасля падзення Канстанцінопаля абраз святога Лукі з’явіўся ў Расіі, дзе быў змешчаны ў смаленскі Успенскі сабор. Пазней у гонар абраза пабудаваны Новадзявочы манастыр у Маскве. Верагодна, што абраз згінуў у агні падчас нямецкай акупацыі Смаленска ў 1941.

У беларускім мастацтве атрымала распаўсюджанне пагрудная выява Маці Боскай, якая трымае на левай руцэ дзіця, яе галава не датыкаецца да галавы Хрыста[5].

Крыніцы правіць

  1. James Hall, A History of Ideas and Images in Italian Art, p.91, 1983, John Murray, London, ISBN 0-7195-3971-4
  2. Vasilakē 2005, op & page cit.
  3. Warren Treadgold, A History of the Byzantine State and Society, Stanford, 1997 ISBN 0-8047-2630-2. Four pieces from Cormack:59
  4. Vasilakē 2005, p. 196.
  5. Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: Дапаможнік для вучняў / Уклад. Б. А. Лазука. — Мн.: Беларусь, 2001.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць