Умоўныя рэфлексы: Розніца паміж версіямі

Змесціва выдалена Змесціва дададзена
Новая старонка: ''''Умоўныя рэфлексы''' — прыстасавальныя паводзінныя рэакцыі арганізма на ўздзеянні зне...'
(Няма розніцы)

Версія ад 08:06, 1 сакавіка 2012

Умоўныя рэфлексы — прыстасавальныя паводзінныя рэакцыі арганізма на ўздзеянні знешняга свету, якія ажыццяўляюцца з дапамогай нервовай сістэмы. Выпрацоўваюцца пры пэўных умовах (адсюль назва) на працягу жыцця жывёлы ці чалавека. Фарміруюцца на аснове безумоўных рэфлексаў.

Біясацыяльнае значэнне

Біясацыяльнае значэнне ўмоўных рэфлексаў выражаецца ў своечасовым адыходзе ад небяспекі, арыенціроўцы ў часе і прасторы, г.зн. адаптацыі арганізма да ўздзеянняў асяроддзя. Так, умоўна-рэфлекторнае аддзяленне сліны, страўнікавага соку і соку падстраўнікавай залозы пры выглядзе і паху ежы ствараюць аптымальныя ўмовы для яе ператраўлівання.

Умоўныя рэфлексы строга індывідуальныя і адрозніваюцца нават у блізнят.

Механізм утварэння

Згодна з уяўленнямі I. Паўлава, утварэнне ўмоўнага рэфлексу звязана з устанаўленнем часовай сувязі паміж рознымі групамі нервовых клетак (цэнтрамі) кары вялікіх паўшар'яў галаўнога мозга. Пазней было выяўлена, што ва ўтварэнні часовай сувязі ўдзельнічаюць падкоркавыя структуры.

У выпадку прад'яўлення ўмоўнага, а пасля адразу безумоўнага раздражняльнікаў на ўзроўні кары вялікіх паўшар'яў узбуджаюцца адразу два нервовыя цэнтры. Мяркуюць, што дамінантны ачаг узбуджэння, які ўзнікае ў цэнтры безумоўнага рэфлексу, як магніт «прыцягвае» да сябе ўзбуджэнне з цэнтра ўмоўнага раздражняльніка. У выніку паміж імі ўзнікае функцыянальная часовая сувязь. Пасля шматразовых прад'яўленняў умоўнага і безумоўнага раздражняльнікаў яна робіцца настолькі трывалай, што потым нават адзін умоўны раздражняльнік, які дзейнічае ізалявана, здольны выклікаць узбуджэнне ў абодвух нервовых цэнтрах.

Каб выпрацаваць умоўны рэфлекс, трэба падмацоўваць умоўны раздражняльнік безумоўным, г. зн. такім, які выклікае безумоўны рэфлекс. Базай умоўнага рэфлексу з'ўляюцца нейроны кары і падкоркавых утварэнняў галоўнага мозга. Выяўлена магчымасць розных узроўняў замыкання рэфлекторнай сувязі (кара — кара, кара — падкорка, падкорка — падкорка) пры дамінуючай ролі кары.

Выпрацоўка ўмоўнага рэфлексу праходзіць паэтапна. Пачатковы этап характарызуецца тым, што рэфлекс узнікае не толькі ў адказ на прад'яўленне таго ўмоўнага раздражняльніка, на які ён выпрацоўваўся, але і іншых раздражняльнікаў, падобных да яго па фізічных параметрах. На наступным этапе, у працэсе замацавання ўмоўнага рэфлексу, рэакцыю ў адказ выклікае толькі той раздражняльнік, які выкарыстоўваўся ў якасці ўмоўнага.

Тармажэнне ўмоўных рэфлексаў

Умоўныя рэфлексы здольны тармазіцца. Калі, напрыклад, пасля выпрацоўкі харчовага слінааддзяляльнага рэфлексу перастаць падмацоўваць умоўны раздражняльнік дзеяннем безумоўнага, то праз некаторы час наступае згасанне ўмоўнага рэфлексу. Сліны будзе выдзяляцца ўсё менш і менш, пакуль умоўнарэфлекторнае слінааддзяленне не спыніцца зусім. Адбудзецца так званае ўнутранае тармажэнне ўмоўнага рэфлексу.

Побач з унутраным існуе знешняе тармажэнне. Яно выклікаецца нечаканым пабочным уздзеяннем і заўсёды пачынаецца з арыенціровачнай рэакцыі, якую I. Паўлаў назваў рэфлексам «Што такое?». У аснове гэтага тармажэння ляжыць узнікненне ў кары вялікіх паўшар'яў новага часова дамінантнага ачага ўзбуджэння, які выклікае паніжэнне ўзбудлівасці ўсіх іншых актыўных да гэтага моманту ўчасткаў кары. У выніку наяўная ўмоўнарэфлекторная рэакцыя слабее або знікае зусім.

Літаратура

  • Машчанка М. Біялогія: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агульн. сярэдн. адукацыі з бел. мовай навучання / М.В.Машчанка, А.Л.Барысаў; пер. з рус. мовы В.У.Клімко. — 3-е выд. — Мн.: Нар. асвета, 2011. ISBN 978-985-03-1531-1.