Смальянскі замак: Розніца паміж версіямі

Змесціва выдалена Змесціва дададзена
Новая старонка: ''''Смалянскі замак''', '''Замак "Белы Ковель"''' — руіны замка знаходзяцца на паўночна-заходня...'
(Няма розніцы)

Версія ад 22:49, 2 ліпеня 2012

Смалянскі замак, Замак "Белы Ковель" — руіны замка знаходзяцца на паўночна-заходняй ускраіне в. Смаляны (Аршанскі раён, Віцебская вобласць) на правым беразе р. Дзярноўка. Замак пабудаваны ў 1-й чвэрці 17 ст. князем С. Сангушкам-Ковельскім. Змураваны з буйной цэглы і невялікіх камянёў. Моцна пашкоджаны ў час Паўночнай вайны ў 1708 г., канчаткова разбураны ў 1-й палавіне 19 ст. Захаваліся рэшткі вежы.

Апісанне

Здзірванелая прамавугольная ў плане пляцоўка замка (100 х 200 м) толькі на 40—60 см узвышаецца над балоцістай поймай. Магчыма, у 17—18 ст. замак быў абкружаны штучным вадаёмам. Гэта пацвярджаецца яго размяшчэннем у балоцістай нізіне і адсутнасцю валоў і асабліва бастыёнаў. Прыкладна ў цэнтры прамавугольніка на невысокім узгорку знаходзяцца руіны (да 20 м вышынёй) пяціграннага вежавага выступу. Яго замкнуты аб'ём ствараецца сцяной 2—3-павярховага корпуса (магчыма, галоўнага будынка замка). 3 вежы быў выхад ва ўнутраны двор замка, абмежаваны трохпавярховымі карпусамі з квадратнымі вежамі па вуглах, высунутымі за лінію сцен, і ўязной брамай.

Муроўка замка па тыпу найбольш блізкая да так званай галандскай. У муроўцы трапляюцца сярэдніх памераў камяні, падчас па некалькі ў рад. Таўшчыня сцен ад 120 да 170 см. Памеры цэглы 8 х 13 х 29 см.

Уцалелыя дэталі вонкавага дэкору — ляпны картуш і абрамленні аконных праёмаў — пераклікаюцца з узорамі дэкору і архітэктуры 1-й палавіны 16 ст. Захаваліся таксама фрагменты інтэр'ера — сляды вітай лесвіцы, якая ішла па ўнутраным перыметры вежы, вялікая колькасць рознага памеру ніш па ўнутранай паверхні той жа вежы, арачны пераход з галоўнага корпуса ў вежу, дэталі камінаў. Замак быў афарбаваны ў белы колер. У пачатку 17 ст. сцены памяшканняў размаляваны фрэскамі. Замак быў адным з буйнейшых палацава-замкавых ансамбляў на тэрыторыі Беларусі ў пачатку 17 ст.

Літаратура

  • Руіны замка “Белы Ковель” // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С.В. Марцэлеў [і інш.]. – Мн., 1985. – С. 114-115.
  • Руіны замка “Белы Ковель” // Памяць. Орша і Аршанскі раён: гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г.П. Пашкоў [і інш.]. – Мн., 2000. – Кн. 2. – С. 466.
  • Смольянский замок // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редкол.: Г.П. Пашков [и др.]. – Мн., 2008. – Т. 6. – С. 738-739.