Гарнізон у Гелянова: Розніца паміж версіямі

Змесціва выдалена Змесціва дададзена
Новая старонка: ''''Гарнізон у Гелянова''' — гарнізон 86-га пяхотнага палка Войска Польскае|Войска Поль...'
(Няма розніцы)

Версія ад 15:31, 27 студзеня 2013

Гарнізон у Гелянова — гарнізон 86-га пяхотнага палка Войска Польскага, які месціўся на тэрыторыі фальварка Гелянова (з 1929 года ў складзе горада Маладэчна) з 1922 па 1939 гады.

Гісторыя гарнізона і 86-га пяхотнага палка

Гісторыя гарнізона ў Гелянове пачалася ў 1922 годзе, калі 86-ы пяхотны полк Войска Польскага быў пераведзены сюды з Вільні. Полк быў набраны з жыхароў Мінска і Міншчыны падчас савецка-польскай вайны ў 1919 годзе і ўваходзіў у склад так званых сіл “Самаабароны Літвы і Беларусі” пад назвай “Мінскі стральцовы полк”. Ён адзначыўся ўдзелам у Варшаўскай бітве.

У кастрычніку 1920 года полк прыняў удзел у паходзе на Вільню генерала Жалігоўскага у выніку якога паўстала новая дзяржава – Сярэдняя Літва са сталіцай у Вільні. Тут полк знаходзіўся да сакавіка 1922 года, калі паводле сумеснага акту сеймаў у Варшаве і Вільні Віленскі край быў прыняты ў склад Польшчы, а Войска Сярэдняй Літвы была ўключана ў Войска Польскае. Тады “Мінскі стралковы полк” стаў 86-м пяхотным палком Войска Польскага і быў пераведзены ў фальварак Гелянова, дзе месціліся асноўныя сілы палка. Штаб палка спачатку знаходзіўся на вуліцы Замкавай у Маладзечна, трэці батальён -- у вёсцы Краснае, а батальён запасу застаўся каля Вільні – у Новавілейцы.

У 1924 годзе ў фальварку Гелянова пачалося грунтоўнае будаўніцтва. Былі ўзведзеныя цагляныя казармы для шарагоўцаў, закладзеныя афіцэрскія дамы і іншыя пабудовы вайсковай інфраструктуры гарнізона. Напрыканцы 20-х гадоў ваенны гарадок ужо займаў вялікую плошчу, абмежаваную, калі глядзець на сучасны план Маладзечна, вуліцамі Драздовіча, Ясінскага, Чайкоўскага і Б.Хмяльніцкага. Тут пражывала 68 афіцэраў з сем’ямі і 2200 падафіцэраў і жаўнераў рэгулярных войскаў.

У 1929 годзе фальварак Гелянова увайшоў у склад горада Маладэчна. У тым жа годзе на паўночным уездзе ў гарнізон была ўзведзеная трыумфальная арка ў гонар кіраўніка Польшчы Юзэфа Пілсудзскага. Адкрыццё аркі адбылося падчас урачыстасцяў, прысвечаных святкаванню дзесяцігодзя 86-га пяхотнага палка.

У верасні 1939 года полк у складзе 19-й пяхотнай дывізіі Войска Польскага прымаў удзел у абароне Пётркува-Трыбунальскага ў цэнтральнай Польшчы, дзе змагаўся супраць сіл 10-й арміі Германіі. У ходзе адступлення полк займаў пазіцыі паблізу Гродна, але 17 верасня, калі на тэрыторыю Заходняй Беларусі ўвайшлі часткі Чырвонай Арміі, быў вымушаны скласці зброю. З таго часу гарнізон у Гелянове прыпыніў сваё існаванне, як вайсковае паселішча.

Гарнізон у Гелянова сёння

На тэрыторыі сучаснага Гелянова захавалася шмат пабудоў, што калісьці ўваходзілі ў склад ваеннага гарадка.

Будынак вайсковых казармаў, які пасля вайны выкарыстоўваўся па-рознаму. У пэўныя часы тут знаходзіўся інтэрнат Маладэчанскага улікова-планавага тэхнікума і навучальныя аўдыторыі Маладэчанскай медыцынскай вучэльні. У адным з крылаў гэтага будынка знаходзіўся Маладзечанскі абласны камітэт камсамола, першым сакратаром якога быў Пётр Машэраў. Пасля капітальнага рамонту 2010-2012 гадоў тут размясціўся навучальны корпус Маладэчанскага політэхнічнага каледжа.

Добра захаваліся два трохпавярховыя дамы для сем'яў польскіх афіцэраў, што стаяць на вуліцы Машэрава. Да пачатку 1960-х паміж гэтымі будынкамі знаходзілася трыумфальная арка. Дамы пабудаваны ў стылі характэрным для ведамственнага жытла міжваеннай Польшчы. На сценах будынкаў можна заўважыць сляды ад куль і снарадаў.

Будынак, дзе цяпер знаходзіцца Мінскі абласны драматычны тэатр, у часы 86-га палка быў культурна-забаўляльным цэнтрам гарнізона. Тут знаходзіўся клуб афіцэраў, казіно і афіцэрская сталовая. Насупраць тэатра, праз вуліцу Машэрава, знаходзіцца двухпавярховы жылы дом. Гэты дом быў адной з першых цагляных пабудоў гарнізона. Ён прызначаўся для сем'яў падафіцэраў Войска Польскага. Пасля вайны ў гэтым будынку размяшчаўся Маладзечанскі абласны вузел сувязі.

Корпус, у якім цяпер месцяцца ўралагічнае і хірургічнае аддзяленні першай гарадской бальніцы, раней з’яўляўся штабам палка. Да нашага часу ў ім захаваліся радыятары старой сістэмы ацяплення і частка вокнаў нетыповай падоўжанай формы.

Па вуліцы Буйло месціцца былы дом каменданта гарнізона. Цяпер гэта дзіцячы цэнтр культуры “Расток”.

Сучасны Маладзечанскі гарадскі стадыён зроблены на месцы вайсковага пляцу, на якім таксама праводзіліся конныя вучэнні. На заходняй частцы гарнізона, уздоўж цяперашняй вуліцы Язэпа Драздовіча, былі пабудаваныя вялікія стайні. Пасля вайны на месцы гэтых канюшняў размясціліся цахі Маладзечанскай мэблевай фабрыкі. Добра захавалася вадацяжная вежа, якая забяспечвала вадой паілкі для коней.

Таксама у Гелянова захавалася шмат тыповых двухпавярховых дамкоў адметнай даваеннай архітэктуры. Гэтыя будынкі ўзведзеныя для цывільнай абслугі гарнізона і для сем’яў ніжэйшых камандных чыноў.

Камандаванне 86-га палка пехоты

Вонкавыя спасылкі