Варакушка: Розніца паміж версіямі

Змесціва выдалена Змесціва дададзена
Новая старонка: ''''Варакушка''' (''Luscinia svecica'') — птушка атраду вераб'інападобныя (''Passeriformes''), сямейства Драз...'
(Няма розніцы)

Версія ад 13:17, 27 лютага 2013

Варакушка (Luscinia svecica) — птушка атраду вераб'інападобныя (Passeriformes), сямейства Драздовыя (Turdidae).

Апісанне

Дробная зграбная птушка. Даўжыня цела 14-15 см, маса каля 20 г. Палавы дымарфізм добра выяўлены. У самца горла і грудзі ярка-сінія, аблямаваныя знізу чорнай і рыжай палосамі. На сінім фоне горла ў цэнтры рыжая або белая плямінка. Верх цела аліўкавы, ніз светлы. Хвост рыжы з чорнымі палосамі па краях. У самкі горла і грудзі светлыя з чорнымі стракацінамі.

Арэал

Арэал віду займае большую частку Еўразіі. Тэрыторыя Беларусі цалкам знаходзіцца ў межах арэала, але часцей варакушка трапляецца на Палессі, дзе месцамі не стварае ўражання рэдкай птушкі. Знаходкі гнёздаў або сустрэчы вывадкаў вядомы ў Пінскім, Лунінецкім, Жыткавіцкім, Гродзенскім, Лідскім, Лепельскім, Мядзельскім, Петрыкаўскім, Столінскім і Гарадоцкім раёнах. Сустрэчы з самцамі ў час спеваў вядомы і ў іншых раёнах краіны.

Лад жыцця

Прылятае 5-13 красавіка. Актыўна спявае ў маі. Гнёзды сярод хмызнякоў, крыху ўзнятыя над паверхняй глебы. Кладка з 5-6 аліўкавых яек памерамі 18,9 x 14,2 мм у другой палове траўня - пачатку чэрвеня. Гняздуецца, відаць, двойчы за год. Лётныя птушаняты трапляюцца ў другой палове чэрвеня - першай дэкадзе ліпеня і маюць цёмнае, амаль чорнае, стракатае апярэнне. Варакушка вядзе скрытны спосаб жыцця, на вочы трапляецца рэдка, часцей выяўляецца па спевах. Корміцца рознымі беспазваночнымі, пераважна насякомымі. Адлятае ў верасні, апошнія - не пазней другой дэкады кастрычніка.

Літаратура

  • Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. ISBN 5-85700-095-5