Гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе»: Розніца паміж версіямі

Змесціва выдалена Змесціва дададзена
Новая старонка: ''''Гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе»''' — створаны 31 снежня 1986 г. ў г.Зас...'
(Няма розніцы)

Версія ад 08:39, 18 красавіка 2013

Гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе» — створаны 31 снежня 1986 г. ў г.Заслаўе паводле пастановы Савета Міністраў БССР на базе Заслаўскага гісторыка-археалагічнага запаведніка (заснаваны ў 1967 г.). Музеем-запаведнікам кіравалі Т.Г.Гаранская, A.M.Калбаска, Т.С.Скрыпчанка, А.М.Краснова, А.К.Рак, А.Л.Строганаў, А.П.Харак. З 2005 г. дырэктар М.М.Паграноўскі.

Прадстаўляе складаную сістэму гістарычна, тэматычна і функцыянальна аб'яднаных паміж сабой аб'ектаў і ахоўных тэрыторый. Ахоўная зона плошчаю 113 га уключае Заслаўскі замак (гарадзішча «Вал») з былым кальвінскім зборам 2-й палавіны 16 — пачатку 17 ст. (у 19 — пачатку 20 ст. і з 1990 г. Спаса-Праабражэнская царква), гарадзішча «Замэчак» (летапісны Ізяслаў) 10—11 ст., курганныя могільнікі 10 — 11 ст., касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1774), рэшткі сядзібы Заслаў 17—19 ст. На тэрыторыі запаведніка знаходзяцца музейна-выставачны комплекс, этнаграфічны комплекс «Млын», музей «Дот» і дзіцячы Музей міфалогіі і лесу.

Асноўны фонд музея (2008) налічвае 11 976 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — 4561 адзінку. Плошча экспазіцыі 503 м², выставачнай залы — 131 м².

Фонды музея складаюць калекцыі археалагічных знаходак з раскопак на тэрыторыі горада і яго наваколля (1967-86 гг.), ткацтва, керамікі і шкла, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сярод найбольш цікавых экспанатаў калекцыя маляваных дываноў, якая налічвае 130 адзінак, з іх 30 зроблены Я.Драздовічам. У калекцыі жывапісу і графікі захоўваецца збор мастацкіх твораў В.Маркаўца, В.Сташчанюка, Г.Вашчанкі і інш.

Музейна-выставачны комплекс адкрыты для наведвання ў 1992 г. У зале габеленаў прадстаўлены творы беларускіх мастакоў В.Дзёмкінай і Ю.Піскуна «Рагнеда», «Полацкія званы» (абодва 1991 г.), «Малітва» (1992 г.). Тэма гісторыі Полацкага княства і Заслаўя перадаецца праз вобразы Рагнеды і Ізяслава. Зала «Музыка вячорак» знаёміць з музычнай культурай беларускіх вёсак і мястэчак. Экспануюцца музычныя інструменты, сабраныя з усёй Беларусі і аб'яднаныя ў вясельныя гурты: гармонікі, цымбалы, скрыпкі, жалейкі, бубны. У выставачнай зале праводзяцца часовыя абменныя выстаўкі з фондаў музеяў і прыватных творчых майстэрняў Беларусі.

музей «Млын»

Цэнтральным аб'ектам этнаграфічнага комплекса музея-запаведніка з'яўляецца музей «Млын». Адкрыты для наведвання ў 1990 г. пасля рэстаўрацыі паравога млына. Уяўляе сабой драўляны трохпавярховы будынак, пабудаваны ў 1910 г. на сродкі заможнага гараджаніна. Побач з млынам размешчаны музей «Хата завозніка», на месцы, дзе яна стаяла ў пачатку 20 ст. У памяшканнях узноўлены інтэр'еры пачатку 20 ст. У сенцах знаходзяцца невялікая печ, вуглавая шафа, паліцы з керамічным, медным і латунным посудам, стол з самаварам, падвесны рукамыйнік. На сценах вісяць бурносы (зімовая вопратка з саматнага сукна), а таксама прыстасаванні конскай вупражы. У белым пакоі знаходзяцца кафляная печ, палаці з сеннікамі, канапа і нямецкі маятнікавы гадзіннік, на покуці — абвіты ручніком абраз, падлога заслана дашчаным мостам, сцены атынкаваны і пабелены. Драўляны свіран ля млына стаіць на каменным падмурку. Яго галоўны фасад уяўляе сабой галерэю з балконам, парэнчы ўпрыгожаны разьбой. Унутры, уздоўж сцен, цягнуцца засекі для збожжа. Састаўной часткай гаспадарчага комплексу з'яўляецца музей «Кузня», размешчаны ў будынку, перавезеным з в.Камень Валожынскага раёна (1994). Інтэр'ер складаецца з горана, мяхоў, калоды з аднарогай накавальняй, ручнога тачыльнага і свідравальнага станкоў, шматлікіх інструментаў: малаткоў, абцугоў, разакоў і прабойнікаў. Побач з кузняй загон для коней. Тут жа на зямлі ляжыць жорнападобны камень — гбала, прыстасаваны для набіўкі на драўляныя колы калёс жалезных абручоў.

музей «Дот»

З ваенна-інжынернымі збудаваннямі ўздоўж заходняй мяжы СССР у перадваенны перыяд (1932-34 гг.) знаёміць музей «Дот» у ваколіцы Заслаўя (2004). Трохамбразурны агнявы пункт быў узброены 3 станковымі кулямётамі «максім» на спецыяльных станках з цэнтральнай сістэмай ахаладжэння і адным ручным кулямётам сістэмы Дзегцярова.

Беларусі дзіцячы Музей міфалогіі і лесу

У 2005 г. на базе музея-запаведніка адкрыўся першы ў Беларусі дзіцячы Музей міфалогіі і лесу. Экспазіцыя складаецца з 2 частак — зоны «рэальнага» лесу, дзе прадстаўлены чучалы зайца-русака, рабчыка, янотападобнага сабакі, куніцы, вавёркі, канюка звычайнага, сойкі, дразда-рабінніка, дразда пеўчага, сініцы, ластаўкі, і міфалагічнай зоны, кампазіцыйнымі цэнтрамі якой з'яўляюцца скульптуры ваўкалака, ляснога дзядка, лесавіка, вадзяніка і дамавіка. Усе персанажы размешчаны ў характэрным для іх асяродку. Выкарыстаны тэатральны прыём каляровага падсвечвання і гукавое суправаджэнне экскурсій.