Вупыр: Розніца паміж версіямі
Belahvostau (размовы | уклад) Новая старонка: ''''Вупыр''' - дэманалагічная істота ў славянскай, Карэла-фінская м...' |
(Няма розніцы)
|
Версія ад 00:14, 18 мая 2014
Вупыр - дэманалагічная істота ў славянскай, фіна-ўгорскай і іншых міфалогіях, мярцвяк, які па начах выходзіў з магілы, нападаў на людзей і піў іх кроў. У беларусаў вера ў яго была распаўсюджаны мала.
Апісанне
Вупырамі станавіліся людзі, якія памерлі «няправільнай» смерцю (самазабойцы, памерлыя ад ран ці эпідэмій), пахаваныя з парушэннем рытуалу (неадпетыя, неадплаканыя, памерлыя без споведзі), вялікія грэшнікі (забойцы, п’яніцы, ведзьмы, чараўнікі). Казалі, што святая зямля не прымае такіх людзей. У адрозненне ад «правільных» нябожчыкаў, якія знайшлі сваё супакаенне на «тым» свеце, вупыры застаюцца на мяжы «таго» і «гэтага» светаў. Удзень яны знаходзяцца ў сваёй магіле, а па начах выходзяць адтуль і наведваюць хаты сваіх ворагаў, а часам здараецца, і родных. Вупыры кладуцца на чалавека, які спіць, і доўгім языком высмоктваюць кроў з сэрца ахвяры. Нападаюць яны пераважна на маладых людзей і дзяцей.
Знешні выгляд вупыра захоўвае асноўныя рысы, якія чалавек меў пры жыцці, толькі вусны яго становяцца пухлымі ад пастаяннага смактання, язык — доўгі і тонкі як змяінае джала, а твар — чырвоны ад выпітай крыві. Цела вупыра не паддаецца тленню.
Каб знішчыць вупыра, раскопвалі яго магілу, галаву адрывалі і заціскалі паміж ног тварам уніз, а ў цела забівалі асінавы кол. У якасці засцярогі ад вупыра выкарыстоўвалі мак-самасей: ім пасыпалі магілу, дарогу ад магілы да хаты і хату. Лічылася, што вупыр павінен пазбіраць ці пералічыць мак, а паколькі яму неабходна было з першымі пеўнямі вярнуцца ў магілу, у гэтую ноч ён не паспяваў зрабіць ніякай шкоды. Засцярогамі ад вупыра лічыліся таксама часнок, цыбуля, запаленая перад акном грамнічная свечка.
Каб не дапусціць пераварочвання нябожчыкаў у вупыроў, старанна прытрымліваліся ўсіх правіл, выконвалі ўсе звычаі і забароны пры пахаванні і памінанні.
Крыніцы
- Т. А. Навагродскі [і інш.] Этналогія Беларусі: традыцыйная культура насельніцтва ў гістарычнай перспектыве. Вучэб.-метад. дапам. — Мінск, БДУ, 2009. — 335 с. іл. ISBN 978-985-518-121-8
Літаратура
- Беларуская міфалогія / уклад. У. А. Васілевіч. Мінск, 2001.
- Беларуская міфалогія : энцыкл. слоўн. Мінск, 2004.
- Вуглік, І. Р. Міфалогія беларусаў / І. Р. Вуглік. Мінск, 2005.
- Славянская мифология : энцикл. слов. М., 1995.
- Славянские древности : этнолингвист. слов. :в3т.М.,1995. Т. 1 ; М., 1999. Т. 3 ; М., 2004. Т. 2.
- Шамак, А. А. Міфалогія беларусаў / А. А. Шамак. Мінск, 2005.