Адэльгейда Бургундская: Розніца паміж версіямі

Каралева Італіі, імператрыца Свяшчэннай Рымскай імперыі і Санта
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
Новая старонка: ''''Адэльгейда Бургундская''' ({{lang-it|Adelaide}}, {{lang-de|Adelheid}}; каля {{ДН||| 931}} — {{ДС|||999}}, кляштар Сель...'
(Няма розніцы)

Версія ад 23:43, 7 ліпеня 2016

Адэльгейда Бургундская (італ.: Adelaide, ням.: Adelheid; каля 931999, кляштар Сельц, Эльзас) — каралева Італіі і імператрыца Свяшчэннай Рымскай імперыі, дачка Рудольфа II Бургундскага і Берты Швабскай, другая жонка Атона I Вялікага.

Біяграфія

Адэльгейда нарадзілася ў 931 годзе ў Бургундыі ў каралеўскай сям'і. Бургундскі кароль Рудольф II і яго жонка Берта Швабская выхоўвалі дачку ў строгім хрысціянскім духу. У 6-гадовым узросце, неўзабаве пасля смерці бацькі, яна была заручана з Лотарам II, сынам караля лангабардаў Гуга, жонкай якога стала маці Адэльгейды. З гэтага часу маці з дачкой жывуць у рэзідэнцыі караля лангабардаў у Павіі. Пасля раптоўнай смерці Лотара ад невядомай хваробы, для Адэльгейды, як пісаў стваральнік яе жыццяпісу Адзілон Клюнійскі, «наступілі дні цяжкіх выпрабаванняў».

У парушэнне ўсіх законаў, яна была захоплена ворагам Лотара, маркграфам Берангарам і кінута ў турму. Праз некаторы час яе разам з духаўніком і прыслужніцай змясцілі ў замак каля возера Гарда. Там, знаходзячыся ў поўнай ізаляцыі ад навакольнага свету, яна заставалася ў палоне амаль 4 месяцы. Быўшы глыбока рэлігійнай, Адэльгейда не губляла мужнасці і надзеі. У яе атрымалася разам са сваімі спадарожнікамі пракапаць тунэль, праз які яна уцякла з замка. Некалькі дзён у вінаградніках і лясах уцекачы хаваліся ад пагоні.

Адэльгейда знайшла прытулак у замку епіскапа Адельгарда, прыхільніка свайго памерлага мужа. Але у Італіі панаваў Берангар, абвешчаны каралём. Адэльгейда звярнулася за дапамогай да нямецкага караля Атона I. Апошні з велізарным войскам уварваўся ў Італію, хутка заняў Павію і аднавіў каралеўскія правы Адэльгейды. Пасля гэтага Атон накіраваў паслоў да Адэльгейды, загадаўшы перадаць ёй «вестку міру і салодкага кахання». Яна прыняла такую прапанову і разам са шматлікай світай прыехала ў Павію, дзе было зроблена вяселле.

У Адэльгейды і Атона нарадзіліся 3 сыны: Генрых, Бруна, Атон, а таксама дачка Мацільда. Жонка Атона актыўна цікавілася дзяржаўнымі справамі, прыняла ўдзел у так званым клюнійскім руху, заснавала некалькі манастыроў. Паўсюль Адэльгейда аказвала вялікадушную падтрымку царкве, імкнулася па магчымасці аблегцычь цяжкую долю беднякоў і рабіць дабро. З 973 па 983 год, пасля смерці Атона I, Адэльгейда паспяхова кіравала імперыяй, пакуль яе сын Атон II не дасягнуў паўналецця. Аднак неўзабаве Атон пасварыўся з маці і загадаў ёй пакінуць двор. Адэльгейда цяжка ўспрымала разрыў адносінаў з сынам, яна з'ехала спачатку ў Італію, а потым знайшла прыстанак у свайго брата ў Бургундыі. Занадта позна імператар усвядоміў несправядлівасць у адносінах да маці: неўзабаве пасля іх замірэнні ў Павіі Атон II памёр. І зноў з прычыны малалетства свайго ўнука Атона III на чале імперыі на 4 гады апынулася Адэльгейда. Неўзабаве яна адчула стомленасць ад дзяржаўных спраў і пайшла ў заснаваны ёю кляштар у Сельцы. У снежні 999 года пасля набажэнства Адэльгейда цяжка захварэла і 16 снежня памерла. Пахавана ў саборы святога Стэфана у Сельцы.

Памяць

Магіла Адэльгейды ў Сельцы хутка стала месцам паломніцтва. У 1097 годзе было вырашана кананізаваць Адэльгейду, а таксама была пабудавана капэла святой Адэльгейды. Нават цяпер яна застаецца хрысціянскім ідэалам маці і свецкай правіцельніцы. Дзень ушанавання яе імя каталіцкай царквой – 16 снежня.

Літаратура

  • Одилон Клюнийский. Жизнь Императрицы св. Аделаиды 922-999 гг.// История Средних веков: От Карла Великого до Крестовых походов (768-1096) / Сост. М.М. Стасюлевич. – СПб.: ООО «Издательство «Полигон»; М.: ООО «Фирма «Издательство «АСТ», 2001. – С. 349−358.
  • Фазоли Джина. Короли Италии (888—962 гг.) / Пер. с итал. Лентовской А. В. − СПб.: Евразия, 2007. − 288 с.