Касцёл Узвышэння Святога Крыжа і кляштар кармелітаў (Гродна): Розніца паміж версіямі

Змесціва выдалена Змесціва дададзена
Новая старонка: ''''Касцёл Узвышэння Святога Крыжа і кляштар кармелітаў''' — помнік архітэктуры Віленскае...'
(Няма розніцы)

Версія ад 11:41, 26 ліпеня 2018

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа і кляштар кармелітаў — помнік архітэктуры віленскага барока, які існаваў у Гродна ў пачатку XVIII ст — 1903 годзе. Комплекс касцёла і кляштара кармелітаў быў пабудаваны паміж 1738 і 1765 гадамі. У цяперашні час ад помніка захаваліся падмуркі і часткі сцен касцёла, на якіх пабудаваны адміністрацыйны будынак па адрасе: г. Гродна, вул. Маставая, 37.

Гісторыя

Гісторыя ордэна кармелітаў пачалася ў Палестыне, а пасля выгнання ў 13 стагоддзі крыжакоў з Святой зямлі кармеліты пасяліліся ў Заходняй Еўропе. У Каталіцкім касцёле ордэн лічыўся «жабрацкім», і яго сябры павінны займацца місіянерствам, адукацыяй і дабрачыннасцю. З мэтай распаўсюджвання каталіцкай веры ў пачатку XVII стагоддзя манахі пачалі шлях у Персію, а ў якасці сваёй базы яны абралі Рэч Паспалітую. На тэрыторыі Беларусі дзейнічала не менш за 10 манастыроў, гродзенскі быў адным з найбуйнейшых.

Упершыню босыя кармеліты з’явіліся ў Гродне ў 1650 годзе, калі віленскі кашталян А. Катовіч падараваў ордэну ўчастак зямлі насупраць праваслаўнай Часнахрэсцкай царквы. Апошняя належала цэху гарбароў і ў XVII стагоддзі стала уніяцкай. Першы драўляны касцёл кармелітаў знаходзіўся направа ад моста праз Нёман на нізкай падпоймавай тэрасе. Кляштар атрымаў дадатковыя ахвяраванні ў 17 ст. і паступова пашыраў свае ўладанні ў тым ліку і за кошт уніяцкай абшчыны.

Новыя каменныя будынкі былі ўзведзены насупраць старога манастыра, яны ўяўлялі сабой адзіны архітэктурны ансамбль. Касцёл быў прамавугольнай ў плане трохнефавая базілікай без трансепта, да заходняга тарца касцёла прымыкаў трохпавярховы корпус манастыра. Алтар касцёла быў арыентаваны на захад, апорныя слупы мелі складаную канфігурацыю у выглядзе лацінскага крыжа. Страга прамавугольны абрыс прэзбітэрыя быў скарэктаваны пышным мураваным алтаром з дынамічнай групоўкай калон. Агульная дынаміка архітэктурных формаў падкрэслівалася цэнтральна-восевым праёмам, які вёў у светлае памяшканне за алтаром. Галоўны фасад касцёла, на думку даследчыкаў, быў адным з напрыгажэйшых бязвежавых («брамкавых») фасадаў стыля віленскага барока. Астатнія фасада касцёла і кляштара былі пазбаўлены аздобы і ў параўнанні з галоўным фасадам выглядалі асабліва сурова і манументальна. Трохпавярховы будынак кляштара стаяў на адным узроўні з двухпавярховым аб’ёмам санкрысцій і быў накрыты агульным з ім двухсхільным дахам. Гэтыя адбывалася таму, што вышыня санкрысцій была большая, а ў сваю чаргу кляштар быў пастаўлены ніжэй па узроўню мясцовасці. На трох паверхах кляштара рытмічна паўтораныя келлі перакрываліся мураванымі скляпеннямі і злучаліся светлымі калідорамі. На першым паверсе калідор вёў да аднапавярховай прыбудовы трапезнай з кухняй, пякарні і кладовак, апошняя мела асобны выхад да Маставой вуліцы. Комплекс быў распрацаваны з улікам супрацьпажарных мераў, калі памяшканні рознага прызначэння знаходзіліся ў розных будынках, што на той час была вельмі рэдкай, амаль адзінкавай з’явай.

У XVIII стагоддзі ордэн вёў у горадзе актыўную асветніцкую дзейнасць, бібліятэка кляштара налічвала звыш 1000 кніг. Аднак да канца стагоддзя колькасць манахаў зменшылася, і ў пачатку XIX стагоддзя іх было ўсяго 4. У сувязі з гэтым трэці паверх манастыра стаў нежылым: у ім не было ніводнага цэлага акна, падлогі, печы. Манастыр быў пашкоджаны падчас Напалеонаўскіх войнаў і так ужо не быў адноўлены. Пасля роспуску манастыра босых кармелітаў, у 1843 годзе маёмасць ордэна перайшло да ваеннага ведамства, адначасова былі зробленыя абмеры будынкаў. У 1875 годзе планавалася перарабіць комплекс пад акруговы суд, у гэтай сувязі абмеры былі зроблены паўторна, на апошніх абмерах частка будынкаў і памяшканняў ужо не існавала. У 1881 годзе комплекс перадаецца гораду, а памяшканнях знаходзіцца гаўпвахта і перасыльная турма. У 1901 годзе ў Расійскай імперыі адмяняецца спасылка ў Сібір, у сувязі з гэтым узнікла патрэба ў новых турмах, адна з іх павінна была з’явіцца ў Гродне. У тым жа годзе створая дзяржаўная камісія ацэніла будынкі комплекса ў 41 тысячу рублёў, а гарадская Дума разглядала прапанову губернатара аб пераробцы пад турму былога кармеліцкага кляштара, але будынкі прызналі непрыдатнымі для гэтых мэтаў. Аднак замест турмы было вырашана пабудаваць казармы…

Касцёл быў разабраны ў 1903 годзе, ад яго засталіся толькі падвалы і невялікая частка сцен. У 1904—1906 гадах па праекце гродзенскага губернскага інжынера У. Небальсіна на месцы касцёла і кляштара былі пабудаваныя казармы Гродзенскага прыгоннага батальёна. У 1920-30-ыя гады у будынку знаходзіліся казармы 81-га пахотнага палка. У ліпені 1937 года прадстаўнікі кармелітаў звярнуліся да польскіх уладаў з просьбай аб вяртанні казармаў, аднак улады вырашылі перадаць кармелітам зямельны участак у іншым месцы, а таксама грашовую субсідыю. Аднак будоўля так і не наступіла — гэтаму парашкодзіла Другая сусветная вайна. У 1994 годзе праведзена рэстаўрацыя будынка, падчас якой будынку былых казармаў пабудаваны стылізаваны франтон, які аддалена нагадвае сваімі абрысамі фасад некалі стаяўшага тут касцёла кармелітаў.

Літаратура

  • Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
  • Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя, М. А. Ткачоў: Уклад. Т. В. Габрусь. — Мн.: Беларусь, 2003.— 351 с.: іл. ISBN 985-01-0415-5.
  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
  • Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.