Віцебскае патрыятычнае падполле: Розніца паміж версіямі

Змесціва выдалена Змесціва дададзена
Новая старонка: '{{Вайсковае фарміраванне |назва = Віцебскае патрыятычнае падполле |гады = 1941...'
(Няма розніцы)

Версія ад 20:19, 26 лістапада 2020

Віцебскае патрыятычнае падполле — савецкае падполле для барацьбы з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі ў Віцебску і прыгарадзе. Віцебскае падполле, якое аб'ядноўвала 66 падпольных груп, дзейнічала з ліпеня 1941 да чэрвеня 1944 года. Дзейнічала пад кіраўніцтвам Барысаўскага падпольнага гаркома-райкома КП(б)Б (да лютага 1942 год). Кіраўнікі: С. Л. Бочак, А. I. Валагжанін, В. П. Бальшакоў.

Віцебскае патрыятычнае падполле
Гады існавання 1941 — 1942
Краіна  Беларуская ССР
Падпарадкаванне Беларускі штаб партызанскага руху
Тып падполле
Функцыя барацьба з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі
Колькасць 15 тыс. чал. (1941)
Дыслакацыя Віцебск і прыгарад, БССР
Войны Вялікая Айчынная вайна

Гісторыя

Станаўленне

У 1941 годзе для нелегальнай работы ў горадзе было пакінута больш за 200 чал. Узначаліць работу павінен быў падпольны партыйны цэнтр на чале з сакратаром Віцебскага гаркома КП(б)Б П. I. Івановым. Прадстаўніком ЦК КП(б)Б быў пакінуты 2-гі сакратар Беластоцкага абкама камсамола П. I. Папоў. Абодва яны не выканалі даручэння, самавольна пакінулі горад. Пакінутыя ў падполлі людзі апынуліся ў акупіраваным Віцебску без дакументаў (камуністы старыя дакументы здалі на захоўванне, а новыя Іваноў не выдаў), ім засталіся невядомыя многія канспіратыўныя кватэры, было страчана шмат часу на пошук кіраўнікоў. Многія падпольныя групы ў першы год акупацыі створаны падпольшчыкамі самастойна. Ад партыйнага цэнтра ў горадзе асталіся толькі сакратары Чыгуначнага райкама партыі Б. К. Сямёнаў (да канца 1941 года) П. Г. Грыгор’еў (да мая 1942 года). Адны з першых у ліпені—жніўні 1941 года пачалі барацьбу з акупацыйнымі ўладамі падпольныя групы К. С. Акаловіч і М. Л. Мурашкі—Р. Ф. Махнова (медустановы), А. Я. Белахвосцікава (Стадыённы пасёлак), В. А. Вярбіцкага (Маркаўшчына), У. А. Казлоўскага (электрападстанцыя), А Г. Канаплёва (пазней Л. Дз. Бярозкінай, вузел сувязі), М. А. Купалава (Чэпінскі лесасклад), В. С. Кулагшай (в. Букаціна), П. К. Ляхоўскага (ст. Старое Сяло), Ф. К. Мехава і А. А. Гагулі (чыгуначны вузел), М. Я. Нагібава (вуліцы Гарадоцкія), Е. С. Спірыдонавай (в. Трыніўкі), Л. I. Хрыпача (торфапрадпрыемствы), В. Дз. Шалуха (таракамбінат), сямейная дыверсійная група В. I. Кірыленкі і інш.

У першыя дні акупацыі падпольшчыкі, рызыкуючы жыццём, прымалі па радыё зводкі Саўінфармбюро і распаўсюджвалі іх сярод насельніцтва. Многія мелі радыепрыёмнік і прымалі перадачы з Масквы: М. П. Бабахін, Казлоўскі, У. А. Шанкавяка. Болей як 4 месяцы запісваў зводкі Канаплёў, пакуль не быў арыштаваны і 19 снежня 1941 года закатаваны нямецкімі карнымі ўладамі. Штомесячныя справаздачы жандармерыі, мясцовай камендатуры сведчаць пра масавы характар супраціўлення віцяблян ужо ў першы перыяд акупацыі. Толькі ў лютым 1942 года было арыштавана 953 чалавека, а шмат «парушальнікаў» не было злоўлена. Падпольшчыкі пранікалі ў створаныя нямецкімі акупацыйнымі ўладамі ўстановы, уладкоўваліся працаваць на аэрадром, чыгуначны вузел, адкрывалі майстэрні па рамонту адзення, абутку, гадзіннікаў, посуду, якія служылі для сустрэч і захоўвання зброі, лістовак. Яны таксама вялі антыфашысцкую агітацыю, падавалі сігналы савецкім самалётам, рабілі дыверсіі, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных. Шмат выніковых бомбавых удараў савецкай авіяцыі было зроблена з дапамогай кастроў, ракет, электрычных ліхтарыкаў, якімі сігналілі падпольшчыкі. Зімой 19411942 гадоў з лагера ваеннапалонных на тэрыторыі былога 5-га чыгуначнага палка з дапамогай падпольшчыкаў і антыфашыстаў уцяклі каля 3 тыс. ваеннапалонных. Медработнікі на чале з Акаловіч арганізавалі падпольны пашпартны стол, дзе было падроблена і выдадзена каля 100 пашпартоў, шмат медыцынскіх даведак. Нягледзячы на адсутнасць адзінага кіруючага цэнтра ў горадзе і сувязі з неакупаванай тэрыторыяй СССР, 1941 быў важным этапам станаўлення падполля. Да канца 1941 года у горадзе і прыгарадзе барацьбу з акупацыйнымі ўладамі вялі больш за 20 груп. Палавіну з іх стварыла моладзь.

Актыўная фаза

Кожная падпольная група мела канспіратыўную кватэру. Вялікую ролю ў актывізацыі падполля адыгралі партызанскія атрады і спецгрупы, якія дзейнічалі ў наваколлі Віцебска: У. Д. Буцьянава—М. Ф. Біруліна, М. I Кавалёва («Байкал»), М. П. Шмырова («Бацька Мінай»), А. П. Максіменкі, М. Р. Яфімава («Армеец»), Ю. С. Рудакова («Жорж», «Ягор»), П. А. Крылатых («Орлікаў», «Панкоў»)), А. О. Берзіна, П. В. Буткевіча, разведгрупы В. А. Мядзведзева («Іспалін»), М. М. Стаховіча («Макс»), а таксама разведчыкі: А. С. Вінаградава («Каця»), М. М. Кірухіна («Вікторыя Трохава»), В. I. Чыркоў («Бяліцкі»), М. К. Янін («Грак», «Андрэеў»), В. Ф. Машканаў, М. А. Шпакаў, В. Пінчук, Т. I. Пілат. Падпольшчыкі ўстанаўлівалі сувязі са спецгрупамі, пераймалі іх формы і спосабы канспіратыўнай работы, выкарыстоўвалі радыёстанцыі. Сумеснае дзеянне разведчыкаў і падпольшчыкаў дазволіла на працягу 5 месяцаў, з красавіка 1942 года, радыёстанцыі групы У. А. Мядзведзева («Іспалін») паведамляць разведданыя.

У выніку наступлення 4-й ударнай арміі ў абароне нямецкіх войск, паміж групамі армій «Поўнач» і «Цэнтр» стварыўся 40-кіламетровы калідор ад Веліжа да Усвят — т. зв. Віцебскія (Суражскія) «вароты», якія з лютага да верасня 1942 года забяспечвалі надзейную сувязь партызанскіх фарміраванняў і падпольных арганізацый усёй Беларусі і нават Прыбалтыкі. Віцебск як важны вузел чыгунак і шашэйных дарог няміецкія акупацыйныя ўлады ператварылі ў магутны апорны пункт. Гэта ўскладняла дзейнасць падпольшчыкаў. За 1942 год падпольшчыкі здзейснілі 102 дыверсіі, пусцілі пад адхон 14 эшалонаў, знішчылі 36 чыгуначных цыстэрнаў з гаручым, 2 танкі, 32 аўтамабільныя і 2 чыгуначныя масты, 2 трансфарматарныя будкі. Буйныя дыверсіі на аэрадроме зрабілі групы I. А. Бекішава і В. М. Арлоўскага, у авіяцыйных майстэрнях — антыфашысты з групы Шалуха, на чыгунцы паралізавалі франтавыя перавозкі групы Мехава—Гагулі, Нагібава, Смірнова, М. А. Ляхоўскага, братоў Скорабагатавых, склад трафейнай зброі захапіла група Вярбіцкага. 30 студзеня 1942 года быў знішчаны намеснік бургамістра горада Л. Р. Брант, 26 лістапада 1942 года — яго сын, рэдактар прафашысцкай газеты «Новый путь» А. Л. Брант. Вялікай заслугай падпольшчыц Н. Ф. Буйнічэнка і С. М. Нябылавай з’яўляецца пераход да савецкіх партызан у лютым 1943 годзе амаль тысячнага 825-га батальёна волжска-татарскага легіёна, які прыбыў для ўдзелу ў карных аперацыях супраць партызан.

У верасні 1942 года па лініі ЦК КП(б)Б у Віцебск была накіравана група з 17 чал. на чале з В. 3. Харужай, каб атрымаць з прыфрантавога Віцебска больш поўную праўдзівую інфармацыю. Дакументы, падрыхтаваныя для групы, былі непрыгодныя, 104 адрасы, якія былі ў Харужай, патрабавалі праверкі. Тым не менш за 2 месяцы сваёй дзейнасці Харужая ўстанавіла кантакты больш чым з 20 падпольшчыкамі, зрабіла даволі вялікую работу, але 13 лістапада 1942 года была арыштавана і пасля жорсткіх катаванняў 4 снежня 1942 года расстраляна. У 1942 годзе ўзнікла вялікая колькасць новых груп у Віцебску Арлоўскага, Бекішава, Г. К. Грабяньковай, В. М. Дзяюсава, М. А. Журынскай, Т. А. Ламаносенка, А. I. Ліпці, Т. А. Марудава, А. А. Сакаловай, сясцёр А., М., 3. і Г. Саладухіных, I. С. Вялава, М. А. Ляхоўскага, сям’і Свечкіных; у прыгарадзе — В. А. Азеуша (в. Букаціна), 3. Я. Гваздзёвай (пас. Лужасна), П. П. Грунтова (вучэбная гаспадарка «Падбярэззе»), М. I. Еўдакімава (в. Альгова), Д. П. Земляковай (ст. Лосвіда, в. Доўжа), А. М. Казлова (в. Сасноўка), 3. Ф. Кочатавай (в. Батрукі), Р. Ф. Макеева (торфапрадпрыемства «Гараднянскі мох»), А. В. Міхайлоўскай—Р. М. Гіро (в. Лётцы), I. А. Сідарэнкі—Пабудзея (в. Бабішчы) і інш. Усяго ў 1942 годзе падполле налічвала 56 груп.

7 красавіка 1943 года зацверджаны Віцебскі падпольны гаркам КП(б)Б (сакратар В. Р. Кудзінаў). Па-за горадам 1 чэрвеня 1942 года створаны падпольны гаркам ЛКСМБ (сакратар Н. С. Самуйлава). У барацьбе з ворагам плённым было баявое ўзаемадзеянне падполля і партызан, з дапамогай якіх падпольныя групы забяспечваліся дыверсійнай тэхнікай, газетамі, лістоўкамі. Падпольшчыкі ў сваю чаргу здабывалі для партызан зброю, боепрыпасы, медыкаменты, хлеб, гаручае, разведінфармацыю, перапраўлялі людзей для папаўнення атрадаў, нярэдка разам праводзілі баявыя аперацыі. Іх сумеснымі намаганнямі ў наваколлі горада былі разгромлены нямецкія гарнізоны ў вучгасе «Падбярэззе», маёнтку Білева, вёсках Бібіраўка, Мазалава, Стасева і інш. У лістападзе 1943 годп група падпольшчыкаў на чале з Нагібавым і партызаны агнём падтрымалі наступаючыя часці Чырвонай Арміі. Спрабуючы разграміць партызанскі рух і знішчыць падполле, з канца 1942 года нямецкія акупацыйныя ўлады сталі праводзіць буйныя карныя экспедыцыі супраць партызан і адначасова засылаць у падполле групы падрыхтаваных правакатараў. У выніку іх дзейнасці разгромлены многія падпольныя групы, парушыліся сувязі з кіруючымі органамі і партызанамі. Але на працягу 1943 года было створана 10 новых груп: В. Т. Амельчанкі, I. I. Анапрыенкі, А. П. Барадзіна, А. Ф. Гамаюнава, I. С. Ермакова, A. Г. Крукава, В. Т. Кутняка, Р. С. Пісарэўскага, Г. М. Рускіх, I. М. Чайкі. Віцебскім падпольшчыкам дапамагалі нямецкія і чэшскія антыфашысты К. Шрадэр, Ф. Шнайдэр, В. Крэузігер, B. Шмок, Э. Паленга, I. Лойда.

Спыненне дзейнасці

Восенню 1943 года была вызвалена частка Віцебскай вобласці, фронт замацаваўся за 80 км ад Віцебска. Нямецкія акупацыйныя ўлады пачалі эвакуацыю сваіх устаноў, з кастрычніка — прымусовы вываз насельніцтва. База для дзейнасці падпольшчыкаў звужалася і падпольныя групы пачалі арганізавана пакідаць горад і ўлівацца ў партызанскія атрады. У сакавіку 1944 года, калі Віцебск быў аб’яўлены крэпасцю, ён абязлюдзеў. На дзень вызвалення тут было ўсяго 118 жыхароў. У барацьбе з акупантамі загінуў кожны трэці віцебскі падпольшчык.

У Віцебску ў гонар падпольшчыкаў устаноўлены помнікі і мемарыяльныя дошкі, іх імёнамі названы вуліцы горада.

Літаратура

Зноскі