Янка Мацэлі: Розніца паміж версіямі

Змесціва выдалена Змесціва дададзена
Новая старонка: '{{Ваенны дзеяч|імя=Янка Мацэлі|дата нараджэння=1892 год|званне={{Сцяг|Літва|1918}} [[падпаручнік]...'
(Няма розніцы)

Версія ад 18:49, 9 красавіка 2021

Янка Мацэлі (1892 — ?) — беларускі вайсковец, удзельнік Слуцкага збройнага чыну, адзін з камандоўцаў «Зялёнага Дуба».

Янка Мацэлі
Дата нараджэння 1892 год
Прыналежнасць Літва Літва (1919)
Сцяг Беларускай Народнай Рэспублікі Беларуская вайсковая камісія (1920)
Сцяг Беларускай Народнай Рэспублікі Зялёны дуб (з 1921)
Род войскаў пяхота
Гады службы 1919 — 1926
Званне Літва падпаручнік (1919)
Сцяг Беларускай Народнай Рэспублікі паручнік (1920)
Сцяг Беларускай Народнай Рэспублікі штабс-капітан (1920)
Камандаваў 2-гі батальён 2-га Грозаўскага палка
Бітвы/войны Слуцкі збройны чын

Прозвішча

У публікацыях беларускіх гісторыкаў прысутнічаюць розныя варыянты яго прозвішча — Мацэльлі, Мацэля, Мяцеля. Але сам Янка Мацэлі ў сваім лісце да рэдакцыі віленскай беларускай газеты «Народная справа» падпісаўся як Мацэлі.

Біяграфічныя звесткі

Паводле Ніны Стужынскай, Янка Мацэлі нарадзіўся ў 1892 годзе ў Лунінецкім павеце. Аднак укладальнікі кнігі «Слуцкі збройны чын 1920 г.» называюць вёску Малую Млынку Цараўскай воласці Слуцкага павета. Імаверна, удзельнічаў у Першай сусветнай вайне ў складзе расейскага войска. У пачатку 1919 года ён у ранзе падпаручніка быў ад’ютантам аднаго з беларускіх вайсковых аддзелаў у складзе летувіскага войска. Пазней апынуўся ў Рызе, дзе стаў супрацоўнікам Беларускай вайскова-дыпламатычнай місіі. А ў пачатку 1920 года Янка Мацэлі быў ужо ў Менску, у ранзе паручніка быў у 1-й роце рэзерву Беларускай вайсковай камісіі (БВК).

Слуцкі збройны чын

У траўні 1920 году БВК накіравала Мацэлі ў Слуцкі і Пінскі паветы для вярбоўкі добраахвотнікаў у беларускае войска, якое мусіла стварацца з дазволу польскіх уладаў. У Слуцку ён развіў актыўную дзейнасць ды летам-восенню 1920 года стварыў беларускую гарадскую і павятовую народную міліцыю. Яна налічвала 500 чалавек, а ў рэзерв былі запісаныя 5 тысяч добраахвотнікаў. Менавіта гэтыя ўзброеныя фармаванні ў лістападзе сталі ядром будучай Слуцкай брыгады стральцоў БНР. Як піша Алег Латышонак, яшчэ да таго Янка Мацэлі меў намер выкарыстаць міліцыю для стварэння вайсковых частак для генерал-маёра Станіслава Булак-Балаховіча. І ў канцы кастрычніка пэўныя сілы перайшлі са Случчыны пад Тураў, у лагер балахоўцаў, якія рыхтавалі свой палескі паход. Мацэлі заставаўся ў Слуцку, працягваў рыхтаваць узброенае выступленьне супраць бальшавікоў. Адначасова ён перашкаджаў прапольскай агітацыі.

На з’ездзе Случчыны ў лістападзе 1920 года Янка Мацэлі выбралі ў склад Беларускай рады Случчыны, ён належыў тады да «антыэсэраўскай апазіцыі». Адначасова Рада Случчыны даручыла паручніку Янку Мацэлі, Паўлу Жаўрыду і капітану Анастасу Анцыповічу арганізацыю збройных сілаў. Неўзабаве Мацэлі стаў камандзірам 2-га батальёну 2-га Грозаўскага палка. Цяпер з’яўляецца згадка пра Мацэлі, як пра штабс-капітана. Праз нейкі час Мацэлі накіравалі да генерал-маёра С. Булак-Балаховіча, войска якога адступіла ад Мазыра на польскі бок дэмаркацыйнай лініі, «дзеля наладжвання сувязі», а насамрэч, каб пазбавіцца ад балахоўца ў радзе.

Зялёны Дуб

У канцы 1920 года, пасля паразы случчакоў у баях з бальшавікамі, Янка Мацэлі апынуўся ў Давід-Гарадку (або ў ваколіцах Нясвіжа), хацеў змагацца далей. А. Латышонак называе яго «начальнікам штабу... беларускіх атрадаў» (на красавік 1921 года). Якраз вясной 1921 года разам з іншымі камандзірамі слуцкіх паўстанцаў (Гаўрыловічам, Самусевічам) Янка Мацэлі сфармаваў з добраахвотнікаў атрады (па 100-150 чалавек у кожным), якія перайшлі на акупаваную бальшавікамі тэрыторыю Беларусі, каб партызаніць. Неўзабаве ён стаў удзельнікам паўстанцкай арганізацыі «Зялёны Дуб», імаверна, быў знаёмы з атаманам Дзергачом з часу працы ў БВК.

У 1921 годзе Мацэлі камандаваў адной з найбольш буйных партызанскіх груповак. Яна складалася з аддзелаў паручніка Антона Мірановіча (знаходзіўся каля Мазырскага павета) і капітана Канстанцінава (знаходзіўся недзе каля Ігуменшчыны).

Далейшы лёс

Пра далейшы лёс Янкі Мацэлі вядома мала. Ёсць ягоны ліст, дасланы ў рэдакцыю віленскай беларускай газеты «Народная справа». Ён быў апублікаваны ў жніўні 1926 года. Мацэлі абвяргаў сваё дачыненне да агітацыі вяскоўцаў за ўдзел у з’ездзе паланафільскай Часовай беларускай рады Арсеня Паўлюкевіча. Можна меркаваць, што на 1926 год Янка Мацэлі жыў у Заходняй Беларусі. Праўдападобна, у адным з памежных з БССР раёнаў. Паводле Ніны Стужынскай, Янка Мацэлі працягваў антысавецкую партызанскую дзейнасць да канца 20-х гадоў. Але з гэтым не пагаджаецца Сяргей Ёрш, які ліча, што 1925—1926 гады былі апошнімі, калі Мацэлі ўдзельнічаў у рэйдах на савецкі бок.

Спасылка