Беларусы ў лівійскім канфлікце: Розніца паміж версіямі

Змесціва выдалена Змесціва дададзена
Новая старонка: '{{Main|Лівійскі крызіс}} Рэспубліка Беларусь і яе грамадзяне знаходзіліся ў рознай ступен...'
(Няма розніцы)

Версія ад 23:47, 4 мая 2021

Рэспубліка Беларусь і яе грамадзяне знаходзіліся ў рознай ступені ўцягнутасці ў лівійскі канфлікт 2011—2020 гадоў.

Кантэкст

Лівійскі канфлікт падзяляюць на тры этапы:

  • Першы этап (2011) — барацьба паміж лівійскай апазіцыяй, падтрыманай кааліцыяй на чале з ЗША, і ўрадам на чале з палкоўнікам Муамар Кадафі, які знаходзіўся ва ўладзе з 1969 года. Падзеі пачаліся як масавыя пратэсты і беспарадкі, але неўзабаве перараслі ва ўзброены канфлікт, шьо скончыўся звяржэннем і забойствам Кадафі.
  • Другі этап (2012—2014) - баявыя дзеянні паміж рознымі групоўкамі, плямёнамі і фракцыямі. З прыходам да ўлады апазіцыі ў краіне адбылася дэцэнтралізацыя, якая выліліся ў фактычны распад Лівіі на асобныя тэрыторыі, што кантраляваліся тымі, ці іншымі сіламі.
  • Трэці этап (2014—2020) — супрацьстаянне, якія выліліся з двоеўладдзя, калі ў краіне паўсталі два ўрады ў Трыпалі і Табруку. Новы віток канфлікту скончыўся серыямі мірных канферэнцый і пачаткам аб’яднання разрозненых дзяржаўных інстытутаў.

Пазіцыя па канфлікце

Падчас першай грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі ў Лівіі ў 2011 годзе Рэспубліка Беларусь стала адной з нямногіх краін, якія падтрымалі Кадафі, не прызналі паўстанцкі Нацыянальны пераходны савет і асудзілі дзеянні блока НАТА. Прадстаўнік Міністэрства замежных спраў заявіў[1]:

  Бамбардзіроўкі тэрыторыі Лівіі выходзяць за рамкі рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН 1973 і парушаюць яе галоўную мэту — забеспячэнне бяспекі мірнаму насельніцтву. Рэспубліка Беларусь заклікае дзяржавы, якія ўдзельнічаюць у ваеннай аперацыі, неадкладна спыніць ваенныя дзеянні, што прыводзяць да чалавечых ахвяр. Урэгуляванне канфлікту з’яўляецца ўнутранай справай Лівіі і павінна ажыццяўляцца толькі лівійскім народам без ваеннага ўмяшання звонку.  

Даведаўшыся пра забойства Муамара Кадафі, прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сказаў наступнае[2]:

  Здзейснена агрэсія, забіта кіраўніцтва краіны, не толькі Муамар Кадафі. Прытым, як забіта? Ну, застрэлілі б, у баі загінуў бы чалавек. Дык гэта ж з дапамогай спецслужбаў (не думайце, што яго, кіраўніка дзяржавы, пацаны затрымалі. Як яго ахоўвалі, вы ведаеце), захоп кіраўніка краіны ажыццявілі натаўскія спецпадраздзялення. Над ім здзекаваліся, стралялі, параненага гвалтавалі, выкручвалі і ламалі рукі, а потым закатавалі. Горш, чым фашысты ў свой час.  

На трэцім этапе канфлікту беларускія ўлады не выказалі канкрэтнай пазіцыі, падтрымліваючы кантакты з абодвума ўрадамі, хоць Табрук з’яўляўся больш прыярытэтным[3].

Дзейнасць МЗС

Эвакуацыя грамадзян

З пачаткам грамадзянскай вайны ў лютым 2011 года беларускае пасольства ў Лівіі і міністэрства замежных спраў у цэлым займаліся пытаннямі эвакуацыі сваіх грамадзян. 22 лютага намеснік начальніка аддзела прэс-службы МЗС Марыя Ваньшына афіцыйна заявіла, што беларускае пасольства сумесна з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі Расіі, Украіны, Азербайджана прапрацоўвае варыянты вывазу грамадзян рэспублікі з Лівіі[4]. Па няпоўных дадзеных знешнепалітычнага ведамства, на момант пачатку эскалацыі напружанасці ў краіне знаходзілася больш за 100 беларусаў[5]. Так, напрыклад, па дадзеных TUT.BY, 63 медыка з Беларусі працавалі ў Гадамесе[6].

Першыя дзевяць чалавек былі эвакуяваны 23—24 лютага на бартах расійскага МНС[7]. Яшчэ пяць беларусаў крыху пазней вывезлі самалёты Мінабароны Украіны[8]. Некаторыя выехалі праз Італію. За 26—27 лютага эвакуяваны яшчэ дзесяць чалавек: трое беларускіх грамадзян, супрацоўнікі прадстаўніцтва адной з нямецкіх кампаній, былі вывезены сіламі гэтай кампаніі ў Бон, сем іншых — украінскім ваенна-транспартным самалётам і бортам МНС у Кіеў[9]. 10 сакавіка[10] новая група эвакуіравалася спецыяльным рэйсам «Белавія» на Ту-154. Акрамя 12 беларусаў, гэтым жа бортам вылецілі 15 расіян, а таксама ўкраінцы, балгары і грузіны. Іх самалёт прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск»[11].

З пачаткам замежнай ваеннай інтэрвенцыі, калі паветраная прастора Лівіі аказалася закрыта, сваіх суайчыннікаў МЗС перапраўляў у суседні Туніс. Праз яго вывезлі каля 10 чалавек. Па стане на канец сакавіка, у краіне ўсё яшчэ заставалася некаторая колькасць беларусаў. Работнікі пасольства паведамлялі, што на той момант тут працягвалі дзейнічаць 54 лекары[12], а таксама тыя беларускія грамадзяне, у якіх у Лівіі меліся сем’і. Яны не выяўлялі жаданне пакінуць краіну.

4 красавіка ад пасажырскага тэрмінала порта Трыпалі адчаліў дэсантны карабель ВМС Украіны «Канстанцін Альшанскі». На ім знаходзілася 113 грамадзян розных дзяржаў, сярод якіх знаходзіліся 16 беларусаў, у тым ліку 5 дзяцей і 11 дарослых. Высадзіўшы частку пасажыраў на Мальце, судна адправілася ў Крым, куды карабель прыбыў 11 красавіка. Пасля праходжання ў порце мытных працэдур грамадзяне Беларусі былі размешчаны ў севастопальскай гасцініцы «Крым», а ўжо 12 красавіка ў 13:15 цягніком выправіліся з Сімферопаля ў Мінск. Квіткі для эвакуяваных з Лівіі беларусаў на рэйс загадзя забраніравалі, а іх цэнтралізаваную дастаўку на чыгуначны вакзал забяспечылі гарадскія ўлады аўтобусам Крымскага рэгіянальнага кіравання МНС Украіны[13].

22 жніўня лівійскае пасольства ў Мінску афіцыйна перайшло на бок праціўнікаў Кадафі, змяніўшы сцяг з ўрадавага на паўстанцкі. Дыпламаты апавясцілі аб гэтым беларускі бок па тэлефоне, прадставіўшыся як «Народнае бюро Лівіі». Беларусь, якая падтрымлівала дзеючыя ўлады і не прызнавала паўстанцкі ўрад, як паведаміў прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных, захавала дыпмісію ў інтарэсах тых беларускіх грамадзян, што ўсё яшчэ знаходзіліся ў ваюючай краіне. Па словах дыпламата, пасольства ажыццяўляла маніторынг падзей у Лівіі і падтрымлівала цесныя кантакты з іншымі дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі[14].

Вызваленне палонных

У жніўні 2011 года чацвёра грамадзян Беларусі (Валерый Гардзіенка, Ігар Ядзімічаў і Фёдар Труфанаў[15]) і яшчэ адзін у верасні (Вячаслаў Качура[16]) былі ўзяты ў палон паўстанцамі ў Трыпалі. Як заяўлялі затрыманыя, у чэрвені праз Туніс яны прыбылі ў Лівію на грамадзянскія работы. Разам з 2 грамадзянамі Расіі і 19 Украіны іх судзілі за «дапамогу» рэжыму Кадафі. Усіх падсудных прысудзілі да 10 гадоў турмы за супрацоўніцтва з лаялістамі[17].

Увесь гэты час дыпламаты праводзілі перамовы па вызваленні беларусаў з палону. Пытаннем займаліся МЗС Беларусі, кантактная група і КДБ. Важную ролю адыгралі таксама расійскія дыпламаты і кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў[18].

У 2014 годзе ўдалося дамагчыся датэрміновага вызвалення Гардзіенка, Едзімічава і Труфанава[15]. У студзені 2018 быў вызвалены і Качура. Спярша з Трыпалі ён паляцеў у Абу-Дабі, адтуль – у Маскву, і раніцай 2 лютага беларус прыбыў у Мінск. У аэрапорце Качуру сустракалі сын Міхаіл і дачка Алена[18]. Як адзначалі СМІ, раней ён быў камандзірам 334-га атрада спецыяльнага прызначэння[16].

Паралельна, у кастрычніку 2015 пад дамашнім арыштам у Лівіі апынуліся два беларускіх медыка — Іна Бабуш і Сяргей Здота. Яны працавалі ў Лівіі з 2010 года. Каб захаваць у сябе каштоўных спецыялістаў, баевікі адабралі пашпарты ў лекараў і забаранілі пакідаць межы горада. 27 снежня медыкаў вызвалілі і неўзабаве вярнулі ў Беларусь[19].

Ваенная дзейнасць

Пры Кадафі

Па дадзеных SIPRI і іншых заходніх крыніц, 15 лютага з Баранавічаў у Лівію вылецеў транспартнік Іл-76[20]. Згодна з іх здагадкамі, самалёт вёз зброю для войскаў Кадафі. На думку беларускага ваеннага аналітыка Аляксандра Алесіна, адпраўка ў краіну якой-небудзь зброі немэтазгодна, паколькі лівійская армія на той момант была добра забяспечана. Значна большую неабходнасць, як заявіў аглядальнік, прадстаўлялі ваенныя спецыялісты і рамонтнікі, якія б падтрымлівалі баяздольнасць тэхнікі і яе рамонт[21].

25 лютага ў заходніх СМІ з’явілася інфармацыя, што ў падаўленні вулічных беспарадкаў удзельнічаюць беларускія, а таксама сербскія, украінскія і румынскія найміты. Замежныя байцы пілатуюць баявую авіяцыю, абстрэльваючы апазіцыю і таксама праводзячы патруляванне і зачыстку вуліц на аўтамабілях[22].

6 красавіка выдавецтва «Комсомольская правда» выпусціла артыкул аб удзеле ў баявых дзеяннях у Лівіі на баку Кадафі беларускіх ваенных саветнікаў. Рэдакцыя пісала, што ваенныя займаліся падрыхтоўкай лівійскіх сілавікоў, рамонтам і эксплуатацыяй тэхнікі. Паведамлялася і пра наймітаў з індывідуальнымі кантрактамі, і пра дзейных вайскоўцаў Узброеных Сіл Беларусі, сярод якіх былі былыя байцы 334-га атрада са складу 5-й асобнай брыгады спецпрызначэння. Некаторыя з іх, як мяркуецца, праходзілі падрыхтоўку на расійскіх базах спецназа і ўдзельнічалі ў вайне ў Аўганістане. Вайскоўцы рэспублікі пераканалі лівійцаў аддаць перавагу ўзброеным пікапам замест бронетэхнікі, а таксама ўнесці ў тактыку некаторыя элементы партызанскай вайны, тым самым знізіўшы эфектыўнасць авіяўдараў НАТА і павялічыўшы мабільнасць арміі. Дзякуючы іх садзейнічанню, у канцы сакавіка—пачатку красавіка войскі Кадафі нават змаглі перайсці ў контрнаступленне[23].

Як заявіў саветнік пасольства Беларусі ў Трыпалі Георгій Грамыка, да грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі ў краіне знаходзіўся кантынгент з 500 беларускіх вайсковых саветнікаў, інструктараў і спецыялістаў, але з пачаткам баявых дзеянняў частка з іх эвакуявалі. Аднак са слоў вайсковага аташэ Ігара Качугіна, афіцыйна ў краіну вайскоўцы не накіроўваліся. Тым не менш, ён не выключыў, што хтосьці мог заключыць індывідуальныя кантракты з лівійскімі сілавымі структурамі. Рэдакцыя «Комсомольской правды» звязалася з Міхаілам, адным з такіх наймітаў. Ён паведаміў, што яго зарплата ў Лівіі складае 3000 долараў. Паводле яго інфармацыі, у краіне пры Узброеных сілах знаходзяцца некалькі сотняў беларусаў[23].

Ізноў пра беларускі ўдзел загаварылі ў жніўні—верасні, калі з’явілася інфармацыя аб прысутнасці беларусаў, у тым ліку снайпераў[24], на паўночным захадзе краіны, дзе яны маглі ўступіць у прамыя сутыкненні са спецпадраздзяленнямі НАТА, ААЭ і Катара[25].

МЗС краіны ў асобе прэс-сакратара Андрэя Савіных за ўвесь гэты час двойчы заяўляў аб адсутнасці ў Лівіі наймітаў або ваенных з Беларусі[26][27]. Паўторна ў жніўні 2013 года міністр абароны Юрый Жадобін з іроніяй абверг дадзеныя паведамленні[28].

  Інфармацыю тыпу таго, што беларускія вайскоўцы бяруць удзел у ваенных канфліктах у краінах Паўночнай Афрыкі, ці пра тое, ці будзе прымяняцца ядзерная зброя на ваенным вучэнні «Захад – 2013», павінен каментаваць не міністр абароны, а міністр аховы здароўя. У мяне няма такіх спецыялістаў, каб каментавалі падобную інфармацыю.  

Пасля Кадафі

Паводле інфармацыі ААН, з Беларусі ў аэрапорт Трыпалі ў перыяд з 2013 па 2014 гады было здзейснена 15 палётаў. Дадзеныя рэйсы змаглі перавесці больш за 3 000 тон боепрыпасаў для патрэб Лівійскай нацыянальнай арміі, падкантрольнай Палаце прадстаўнікоў у Табруку[29].

У 2015—2017 гадах, як пісаў Яўген Сатаноўскі з газеты «Ваенна-прамысловы кур’ер», чартарная кампанія Ruby Star Airlines, афіляваная з беларускім агенцтвам абароннага экспарту «Белтэхэкспарт», пастаўляла зброю ў аэрапорт Гадамеса, падкантрольны брыгадзе Зінтана, што на працягу дадзенага часу была саюзніцай ЛНА. Самалёты з прадукцыяй ваеннага прызначэнне садзіліся таксама ў аэрапорце Лабрака. Паводле крыніц экспертаў ІБВ ў рэйсах часта выкарыстоўваўся Іл-76 з рэгістрацыйным нумарам EW-78836. Ён перыядычна рабіў тэхнічны прыпынак у аэрапорце Лейпцыга (Германія), дзе размешчаны аб’екты НАТА. Ускосная падтрымка «Белтэхэкспарту» Захадам супадае з адменай ЕС забаронаў у дачыненні да беларускай кампаніі ў пачатку сакавіка 2015-га. Санкцыі ў дачыненні да тагачаснага ягонага дырэктара Аляксандра Пефціева былі зняты ў канцы 2014 года[30].

У маі 2020 года быў выпушчаны даклад ААН аб удзеле Расійскай ПВК «Вагнер» у лівійскім канфлікце, дзе згадвалася, што сярод наймітаў ёсць і беларусы[31]. Крыху пазней СМІ заявілі аб пастаўцы ЛНА з Беларусі знішчальнікаў МіГ-29 і верталётаў Мі-24. Іх пілатавалі альбо самі беларусы (Belarus Security Blog меркаваў, што лётчыкі дзейнічалі па прыватных кантрактах), альбо найміты з Сербіі[32]. Улетку таго ж года ў сетку трапілі фатаграфіі комплексаў РЭБ «Навальніца» беларускай вытворчасці, якія выкарыстоўваліся ў Лівіі. Гэтыя сістэмы былі перададзены ЛНА ад ААЭ, якія закупілі іх непасрэдна ў Беларусі[33]. Паводле звестак прыхільнікаў фельдмаршала Халіфа Хафтара, пры дапамозе беларускіх комплексаў былі абясшкоджаны 11 варожых дронаў[34].

Канфлікт вакол пасольства ў Мінску

Па стане на 2020 год, у Беларусі прысутнічалі прадстаўнікі ад абодвух бакоў, але будынак пасольства і непасрэдную работу з беларускім урадам мелі толькі прыхільнікі табрукскіх уладаў. У чэрвені былы ваенны аташэ Рамадан Фарджані, у якога скончыліся паўнамоцтвы, вырашыў прысягнуць Фаізу Сараджу, кіраўніку сіл у Трыпалі. Той скраў з рахунку пасольства некалькі мільёнаў долараў і наняў грамадзян Беларусі для ажыццяўлення захопу дыпмісіі[35]. Першы інцыдэнт адбыўся ў ліпені таго ж года, калі на тэрыторыі дыпмісіі быў збіты часовы павераны Мухамад Істэйта. Пасля гэтага пасольства наняло для сваёй абароны расійскую ПВК «РСБ-Груп»[36]. Раніцай 27 жніўня каля 27 нанятых беларусаў і тры прадстаўніка ад урада Сараджа, у тым ліку часовы павераны Эмхімед Маграві, пералезлі праз плот і пачалі шкодзіць маёмасці лівійскай місіі. Неўзабаве тут пачалася масавая бойка, а работнікі суседняга пасольства Малдавіі выклікалі міліцыю. З’яўленне праваахоўнікаў прыпыніла штурм, і бліжэй да поўдня прыхільнікі Сараджа пакінулі будынак. Тым не менш, яны не пакінулі спроб захапіць дыпмісію. У снежні канфлікт зноў абвастрыўся, калі супрацоўнікі «РСБ-Груп» перайшлі на бок уладаў у Трыпалі, прычынай чаго стаў разрыў кантракту аб ахове пасольства з боку табрускіх дыпламатаў. У ноч з 19-га на 20-га снежні была ажыццёўлена новая спроба штурму, але прыбыццё міліцыі зноў прадухіліла захоп будынка[37][38].

Гл. таксама

Зноскі

  1. Statement released by the Foreign Ministry in connection with the missile strikes and bombings on Libya (англ.). Праверана 20 красавіка 2016.
  2. Лукашенко об убийстве Каддафи на YouTube
  3. Александр Филиппов. Попытка перемирия в Ливии — что это значит для Беларуси? // Наше Мнение, 17 февраля 2020
  4. Эвакуация белорусов из Ливии // МогилёвОнлайн, 22 февраля 2011
  5. Пять белорусов вывезли из Ливии на самолетах минобороны Украины
  6. Анна Григорян. Белорусы ждут помощи в Ливии // TUT.BY, 22 февраля 2011
  7. МЧС РФ эвакуировало из Ливии уже почти 500 человек, в том числе 9 граждан Беларуси
  8. Пять белорусов вывезли из Ливии на самолетах минобороны Украины
  9. Белорусы эвакуированы из Ливии | The Moscow Post
  10. Очередная группа белорусов эвакуирована из Ливии - ИА REGNUM, 10 марта 2011
  11. Домой из Ливии // Беларусь Сегодня, 11 марта 2011
  12. Ирина Козлик. Белорусы хотят выбраться из ливийского Триполи // Комсомольская правда, 28 марта 2011
  13. Эвакуированные из Ливии белорусы отправятся на родину завтрашним поездом Симферополь-Минск // БЕЛТА, 11 апреля 2011
  14. Посольство Ливии официально уведомило МИД Беларуси о смене флага // Интерфакс, 30 августа 2011
  15. а б Белорус, вернувшийся в ливийский плен более шести лет, вернулся в Минск // Комсомольская правда, 2 февраля 2018 года
  16. а б Источник: освобожденный из плена в Ливии белорусский военный прибыл в Минск
  17. Суд над русскими «наемниками» в Ливии возмутил Москву // RT, 5 июня 2012
  18. а б Хроника событий: как освобождали из ливийского плена Вячеслава Качуру // Sputnik Belarus, 2 февраля 2018
  19. Sputnik Bеlarus пра Іну Бабуш і Сяргея Здота
  20. NEWSru.com :: SIPRI: Белоруссия снабдила Каддафи оружием для уничтожения революционеров
  21. Летало ли белорусское оружие в Ливию и Кот-д'Ивуар? — TUT.BY, 2 марта 2011
  22. СМИ: в расправе над ливийскими повстанцами, возможно, участвуют наемники из Белоруссии
  23. а б На стороне Каддафи воюют белорусские партизаны — Комсомольская правда, 6 апреля 2011
  24. Белорусские снайперы защищали Каддафи в Ливии?
  25. В боях за Триполи принял участие иностранный спецназ
  26. МИД: Белорусских военных в Ливии нет и никогда не было
  27. Белорусских снайперов в Ливии не было, заявил МИД
  28. Жадобин отшутился о белорусских военных в Судане // Хартыя '97, 28 августа 2013
  29. Libya needs international maritime force to help stop illicit oil, weapons — UN experts
  30. Евгений Сатановский. Африканский экспресс // Военно-промышленный курьер, 25 сентября 2018
  31. Доклад: "Солдатами удачи" в ЧВК "Вагнер" в Ливии являются граждане РФ, Беларуси, Молдавии, Сербии и Украины // Белорусский партизан, 8 мая 2020
  32. Беларусь ввязывается в ливийскую войну? // Белорусский партизан, 22 мая 2020
  33. Белорусские системы РЭБ выводят из строя турецкие дроны над Ливией // Avia.pro, 27 июня 2020
  34. Белорусская «Гроза» засветилась в воюющей Ливии // Naviny.by, 12 июля 2020
  35. На посольство Ливии в Минске напали неизвестные // РБК, 27 августа 2020
  36. Неизвестные пытались взять штурмом посольство Ливии в Беларуси // TUT.BY, 27 августа 2020
  37. Штурм ливийского посольства в Белоруссии устроили сотрудники российского ЧВОК по заказу Триполи
  38. ЧВК "РСБ-Групп" уличили в работе на ливийское ПНС

Спасылкі