Беларусы ў Кіеве: Розніца паміж версіямі

Змесціва выдалена Змесціва дададзена
(удзельнік выдалены)
(выдаленае кароткае апісанне змен)
(Няма розніцы)

Версія ад 21:26, 18 лістапада 2021

Беларусы ў Кіеве складаюць усяго 0,64 % ад агульнага нацыянальнага складу горада. Беларусы мелі сувязі з Кіевам яшчэ з часоў Кіеўскай Русі. Сёння ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Украіны ў Кіеве можна знайсці шмат беларускіх выданняў[1].

Сярэднявечча

Раней каля Кіева было сяло Прадславіна, якое стала часткаю горада (паміж вуліцамі Фізкультуры, Вялікай Васількоўскай і Дзімітрава). Назва паселішча паходзіць ад імя дачкі Рагнеды і Уладзіміра. Як лічыцца, Рагнеда атрымала сяло ў падарунак па нараджэнні Прадславы[1].

У 1187 годзе мошчы Ефрасінні Полацкай былі перанесеныя ў Кіева-Пячорскую лаўру, дзе знаходзіліся да 1910 года, пакуль не былі вернутыя на Радзіму, у Полацк[1].

XVII стагоддзе

У 1640-я гады Сімяон Полацкі навучаўся ў Кіева-магілянскім калегіюме. У апошнія месяцы жыцця Полацкі рыхтаваў да адкрыцця вышэйшую школу ў Маскве на ўзор гэтага калегіюма[1].

XIX стагоддзе

У 1852 годзе малы Альгерд Абуховіч перанёс у Кіеве складаную на той час хірургічную аперацыю. У 1878 годзе Абуховіч зноў наведаў Кіеў[2].

З 1879 года Рамуальд Зянкевіч вучыўся ў Кіеўскай гімназіі, некаторы час з’яўляўся старшынёй аб’яднанага камітэта рэвалюцыйных груп сярэдніх навучальных устаноў Кіева. Пазней паступіў на юрыдычны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. У 1885 годзе быў арыштаваны і сасланы[2].

У 1889 годзе Мітрафан Доўнар-Запольскі здаў экстэрнам экзамен на атэстат сталасці і паступіў у Кіеўскі ўніверсітэт. Скончыў яго ў 1894 годзе. У 1888 годзе ў Кіеве ўбачыла свет першая кніга М. Доўнар-Запольскага «Белорусская свадьба и свадебные песни: Этнографический этюд»[2].

XX стагоддзе

У 1904 годзе Зоська Верас паступіла ў прыватнае гандлёвае вучылішча ў Кіеве. У вучылішчы на шапірографе выдаваўся літаратурны часопіс «Подснежник», дзе і быў надрукаваны першы твор будучай пісьменніцы — прыродазнаўчы абразок «Каляндар вясны» (1907)[2].

У 1908 годзе беларускі дзеяч Сяргей Палуян пераехаў у Кіеў, дзе таксама супрацоўнічаў з тутэйшымі выданнямі[1]. У 1910 годзе, паводле афіцыйнай версіі, скончыў жыццё самагубствам. Быў пахаваны на Байкаўскіх могілках, але ягоная магіла была знішчаная ў міжваенны час, пайшоўшы пад забудову[1].

У 1908 годзе быў заснаваны Кіеўскі камерцыйны інстытут (бульвар Шаўчэнкі, 22/24). Сярод заснавальнікаў быў беларус Мітрафан Доўнар-Запольскі, які стаў кіраўніком інстытуту (1906; 1908—1917)[1]. Пераемнікам гэтай установы лічыцца Кіеўскі нацыянальны эканамічны ўніверсітэт[1].

У 1913 годзе бібліятэка Храптовічаў была накіраваная на часовае захаванне ў бібліятэку Кіеўскага ўніверсітэта. Паводле жадання спадчынніка, бібліятэка з адкрыццём ВНУ на Радзіме павінная была быць вернутая туды, але гэтага так і не адбылося[1].

У 1917 годзе працавала ў Кіеве ў Саюзе гарадоў Паўліна Мядзёлка[2].

18 красавіка 1918 г Народны сакратарыят БНР звярнуўся з радыёграмай у Міністэрства замежных спраў УНР з прапановай найхутчэй стварыць камісію, сумесна з якой дэлегацыя па справах знешніх перамоў БНР змагла б дакладна ўстанавіць межы і замацаваць у асобнай дамове межы Рэспублік[3].

24 красавіка 1918 года Народны сакратарыят зацвердзіў статут і асабісты склад Беларускай гандлёвай палаты на Украіне, якую ўзначаліў Мітрафан Доўнар-Запольскі. Арганізацыя ўдзельнічала ў тавараабмене паміж БНР і УНР[3].

26 мая 1918 года Раман Скірмунт прыехаў у Кіеў у якасці надзвычайнага ўпаўнаважанага Рады БНР, каб пачаць перамовы з гетманам Скарападскім. 29 мая генеральнае консульства БНР у Кіеве ўзначаліў П. В.Трамповіч[3].

19 верасня надзвычайная беларуская дэлегацыя прыехала ў Кіеў дзеля развязання пытання аб афіцыйным прызнанні незалежнасці беларускай дзяржавы і стварэнні беларускага войска. 9 кастрычніка дэлегацыя была прынятая гетманам Скарападскім, які запэўніў яе ў хуткім прызнанні ім БНР. 4 лістапада беларускія дыпламаты, не дачакаўшыся прызнання, вярнуліся безвынікова ў Менск[3].

У 1919 годзе Кіеўскі ўніверсітэт скончыў будучы акадэмік АН БССР Сямён Вальфсон.

У 1928 годзе Янка Купала упершыню наведаў Кіеў. Пазней ён там быў у сакавіку і маі 1939 года[2].

У 1939 годзе будучы беларускі пісьменнік Мікола Лобан паступіў у Кіеўскі ўніверсітэт.

У 1944 годзе літаратуразнаўца Павел Ахрыменка закончыў Кіеўскі ўніверсітэт[2] У тым жа годзе ў Кіеве (Багдана Хмяльніцкага, 52.) некалькі месяцаў жыў 13-гадовы Уладзімір Караткевіч з маці. У 1949 годзе ён вярнуўся ў Кіеў як студэнт Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта[1]. Таксама ў баях пад Кіевам удзельнічаў беларускі літаратурны крытык Рыгор Бярозкін[2].

XXI стагоддзе

У маі 2000 года на I-м з’ездзе ў г. Кіеве быў створаны Усеўкраінскі саюз беларусаў (УСБ)[4].

У 2009 годзе ў межах афіцыйнага візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ва Украіну быў адкрыты з ягоным удзелам Цэнтр беларускай мовы і культуры. У чэрвені 2013 года Цэнтру прысвоенае імя Уладзіміра Караткевіча[5].

У 2011 годзе ў Кіеве каля Пасольства Рэспублікі Беларусь па вуліцы Міхаіла Кацюбінскага быў усталяваны помнік Уладзіміру Караткевічу[5]. 29 сакавіка 2017 года быў адкрыты помнік беларусам, загінулым за Украіну ў вайне на Усходзе (Беларуская, 22). Афіцыйны беларускі бок на адкрыцці не быў прадстаўлены[6].

Дэмаграфія

Год Беларусы Адсотак
1897 2 797[7] 1.129 %
1919 5 400[8] 0,99 %
1926 5 436[9] 1,06 %
1939 9 594[10] 1,13 %
1959 13 187[11] 1,19 %
1970 17 521[12] 1,07 %
1989 25 274[13] 0,98 %
2001 16 549[14] 0,64 %

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і Алесь Лапо. Беларускі Кіеў // Будзьма беларусамі!. — 28.08.2014.
  2. а б в г д е ё ж Алесь Карлюкевіч. Кіеў. Беларускія літаратурныя адрасы: некаторыя згадкі // Звязда. — 03.05.2021.
  3. а б в г У. Ладысеў. Да пытання беларуска-украінскіх узаемаадносін у перыяд станаўлення дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі. — 2008.
  4. О нас(руск.) // Всеукраинский союз белорусов.
  5. а б Суайчыннікі // Пасольства Рэспублікі Беларусь ва Украіне.
  6. Яўген Васьковіч. У Кіеве адкрылі помнік, прысвечаны загінулым за Украіну беларусам // Бобруйский курьер. — Апр 1, 2016.
  7. Первая всеобщая перепись населения Российской империи 1897 г. : [в 89 т., 119 кн.] / под ред. Н. А. Тройницкого. — Центр. стат. ком. М-ва внутр. дел, 1904. — Т. 16. — С. 198.
  8. Перепись г. Киева 16 марта 1919 г. = Перепис м. Киiва 16 березня 1919 р./ Киев. губ. стат. бюро ; [авт. предисл. Ал. Волков]. - Киев : [Б. и.] , 1920
  9. Всесоюзная перепись населения 1926 года. Национальный состав населения по регионам республик СССР
  10. Всесоюзная перепись населения 1939 г. Распределение городского и сельского населения областей союзных республик по национальности и полу
  11. Кабузан В. М. — «Украинцы в мире: динамика численности и расселения. 20-е годы XVIII века — 1989 год: формирование этнических и политических границ украинского этноса»
  12. Итоги Всесоюзной переписи населения 1970 года. Том IV — М., Статистика, 1973
  13. Національний склад регіонів України за даними перепису 2001 р.
  14. Національний склад регіонів України за даними перепису 2001 р.

Літаратура

Первая всеобщая перепись населения Российской империи 1897 г. : [в 89 т., 119 кн.] / под ред. Н. А. Тройницкого. — Центр. стат. ком. М-ва внутр. дел, 1904. — Т. 16. — С. 198.

Спасылкі