Мумітроль: Розніца паміж версіямі

Змесціва выдалена Змесціва дададзена
Rausch (размовы | уклад)
Новая старонка: '{{ізаляваны артыкул|кальцо2}} '''Мумі-троль''' ды яго сям’я, сябры, знаёмыя й проста сусрэтыя па...'
(Няма розніцы)

Версія ад 14:57, 5 красавіка 2011

Мумі-троль ды яго сям’я, сябры, знаёмыя й проста сусрэтыя паблізу ад яго істоты — героі нізкі кніг фінскай швэдзкамоўнае пісменніцы й мастачкі Тувэ Янсан.

Мумі-героі

Мумі-сям’я

  • Мумі-троль (Mumintrollen) — бегемотападобная істота, галоўны герой усёй мумі-эпапэі. Падлетак, шукальнік прыгодаў, амаль адзіны хто апрыёры верыць усім гісторыям уласнага бацькі. Любіць удзельнічаць ва усялякага кшталту авантурах, яшчэ больш любіць іх ладзіць. Мае сяброўку — Снорачку.
  • Мумі-маці (Muminmamman) — маці галоўнага героя, найлепшая маці ў свеце. Добра гатуе аладкі й майструе чоўнікі з кары. Нічога ня можа парушыць ейнага спакойнага стану. Адзіная рэч, якую яна смяротна баіцца згубіць - гэта яе сумачка, дзе заўжды ляжыць штось карыснае. З астатнімі рэчамі разьвітваецца зь лёгкім сэрцам. Мае схільнасьць да авантураў й нікому нічога не забараняе.
  • Мумі-тата (Muminpappan) — бацька галоўнага героя. Нарадзіўся пры таямнічым раскладзе зорак. Першыя гады правёў у школе для падкінутых мумі-троляў, якою кіравала адна Гэмуліха, адтуль зьбег, пазнаёміўся з Фрэдрыксанам. Доўгі час вандраваў, пакуль не пазнаёміўся з будучай Мумі-мамай, асеў у Мумі-даліне, пабудаваў хату, пасадзіў шмат дрэваў і займаецца гадаваннем сына й яго сяброў, якія жывуць разам з мумі-тролямі. Любіць распавядаць пра свае юнацкія прыгоды. Крыўдзіцца, калі гэтым гісторыям ня вераць і вельмі радуецца, калі ўсе астатнія атрымліваюць стоадсоткавы доказ таго, што прыдуманага ў яго гісторыях зусім крыху (адно каб было цікавей). Кансэрватар і не жадае, каб у яго хаце хоць калі-небудзь зьявілася электрычнасьць. Нягледзячы на свой статус бацькі сямейства не згубіў былога авантурызму.
  • Продак (Förfadern) — стары-стары троль, выпадкова выпушчаны Мумі-тролем падчас зімовай дэпрэсіі з шафы ў купальні. Не размаўляе, нічога ня есьць, жыве ў коміне ў гасьцёўні.

Сябры й знаёмыя

  • Cніф (Sniff) — сябра Мумі-троля. Самы маленькі з усяго асяродзьдзя й гэтым карыстаецца. Крыху сквапны, інфантыльны, любіць розныя бліскучыя рэчы. Увязваецца ва ўсялякія авантуры Мумі-троля, а потым, калі спатыкаецца зь нейкімі цяжкасьцямі, адразу ж пачынае нудоціць. Але ў цэлым добрая істота. Сын Валэндака й зьвераняткі Сос.
  • Валэ́ндак (Råddjuret) — бацька Сьніфа, муж зьвераняткі Сос, сябра юнацтва Мумі-таты. Мае цікавую біяграфію: ягоныя бацькі загінулі падчас генэральнага прыбірання. Выхоўваўся сваім дзядзькам Фрэдрыксанам. Жыў ў скрынцы з-пад кавы спачатку адзін, а потым нейкі час дзяліў яе з малым Кліпдасам. Паталягічна няўважлівы, плаксівы, але заўжды гатовы прыйсці на дапамогу, як маральна так і фізычна. Калекцыянуе ґузікі.
  • Зьверанятка Сос (Sås-Djuret) — пра яе амаль няма зьвестак. Вядома, што яна была вельмі прывабная асоба й таксама як яе муж Валэндак зьбірае ґузікі, на гэтай глебе яны й пазнаёміліся. Потым агульная зацікаўленасць амаль адразу перайшла ў каханне. Ад моманту знаёмства на Садовым свяце Ўсеўладара, да іх вясельля прайшло ня больш за некалькі дзён.
  • Снусмумрык (Snusmumriken) — яшчэ адзін з найлепшых сяброў Мумі-троля. Самотнік, шукальнік прыгодаў. Любіць адзіноту, таксама любіць жыць у намёце, паліць люльку й граць на губным гармоніку ды флейце. Зь нянавісцю ставіцца да забараняльных шыльдаў. Асабістымі ворагамі лічыць Ахоўніка парку й Паліцыянтаў. У сваяцтве зь мюмламі. Сын Юксарэ й Мюмлы-маці. Калі злуецца, звычайна кажа: «Хуп-хэф». Носіць толькі тую вопратку, якая выглядае «дастаткова» старой і ўвогуле абыякава ставіцца да рэчаў. Кожную восень адыходзіць з Мумі-даліны й вяртаецца толькі ў красавіку.
  • Юксарэ (Joxaren) — нягледзячы на сваю паталягічную ляноту зьяўляецца апантаным шукальнікам прыгодаў. Любіць вандраваць, паліць люльку, але ня любіць працаваць. Абсалютны нонканфарміст, любую забарону лічыць сыгналам для дзеяння: каб прымусіць яго згубіць інтарэс да забароненага плоду, дастаткова яму дазволіць рабіць усё, што забаронена. Як і ягоны сын, ня любіць Ахоўніка парку й паліцыю.
  • Мюмла-маці (Mymlanmamman) — маці Снусмумрыка, Мюмлы, Малой Мю й яшчэ вялікага мноства мюмлаў, якія да сюжэту мумі-эпапэі ня маюць амаль ніякага дачынення. Яе постаць уся нібыта складаецца з акружнасцяў. Заўжды ўсміхаецца. Нанач сваім дзецям у якасці казкі распавядае дэтэктыўную гісторыю аб Інспэктары Твіґсе.
  • Мюмла (Mymlan) — старэйшая дачка Мюмлы-маці. Асноўны занятак — дагляданне малой сястрычкі Мю. Мае маркоўнага колеру валоссе, якое заўжды завязвае ў пучок, і занадта вольны характар. Мае тытулы князёўны Каралеўскае Вольнай калёніі (якую ў маладосці зладзіў Мумі-тата) ды прымы плавучага тэатру. Вечны падлетак.
  • Малая Мю (Lilla My) — самая маленькая мюмла ў свеце. Нягледзячы на салідны ўзрост, заўжды зьяўляецца маленькім, капрызным, шкодным дзіцёнкам, які, нягледзячы на мініятурныя памеры, першы ў чарзе на новую авантуру. Сястру, зразумела ж, нават не спрабавала слухацца. Лятэнтная танатафілка: трапляючы ў суполцы ў складаныя абставіны з задавальненнем камэнтуе: Мы пэўна зараз загінем!
  • Снорк (Snorken) — знаходзіцца ў некаторым сваяцтве з мумі-тролямі, але, ў адрозьненні ад іх, у залежнасці ад настрою ці псыхалягічнага стану зьмяняе свой колер. Лічыць сябе старэйшым за ўсіх, таму паводзіць сябе занадта сур’ёзна. Пры патрапленні ў фарсмажорныя абставіны адразу ж праводзіць брыфінг. Нават аднойчы сядзеў на пасадзе судьдзі. Час ад часу задаецца пытаннем: «Навошта ў свеце існуюць сёстры».
  • Спадарышня Снорачка (Snorkfröken) — сястра Снорка. Легкадумная істота, добрая, пужлівая. Таксама як і старэйшы брат мяняе колер скуркі. Любіць разнастайныя забавы й няжудасныя прыгоды. Закаханая ў Мумі-троля.
  • Гэмулі (Hemulen) — занудлівыя стварэнні зь невялічкім кустападобным валоссем на галаве й доўгай пашчай. Ня маюць гумару, фантазыі ды густу. Тым ня менш лічаць свой лад жыцьця ідэальным і сапраўды незадаволеныя, калі хтось паводзіць сябе інакш. Таму любімая прымаўка гэмулёў: «Як у гэтым свеце ўсё не па-гэмульску». Каб выправіць гэты недахоп грамадзтва, гэмулі ідуць у выхавацелі, ахоўнікі паркаў ды паліцыянты. Іншыя ж, каб ня бачыць усіх недахопаў свету, адгароджваюцца ад свету навукай.
  • Усеўладар (Självhärskaren) — аўтакратычны кіраўнік невялічкай дзяржавы. Кіруе даволі легкадумным, але працавітым народам, любімым заняткам якога зьяўляецца будаванне сценаў. Нягледзячы на стогадовы ўзрост, ня страціў розуму, рухаецца самастойна й мае своеасаблівы гумар.
  • Філіф’ёнка (Filifjonkan) — стоадсодкавая сіняя панчоха. Жыве самотна сярод разнастайных прыгожых дробязяў. Пакутуе ад мноства фобіяў, таму без чужое дапамогі ня ў стане (ды й папросту не жадае) зрабіць крок для паляпшэння свайго існавання. Сям’і па большасці ня мае. Мае стасункі з адной-дзьвюмя сяброўкамі, зь якімі прыемна паразмаўляць аб «цяжкасцях гэтага свету».
  • Туу-Цікі (Too-Ticki) — таямнічая асоба, якая існуе ва ўласным свеце й ня надта жадае пушчаць туды чужынцаў. Жыве ў купальні мумі-троляў у кампаніі нябачных мышак і разнастайных таямнічых істотаў. Кожны раз перад надыходам вясны робіць Вялікае Вогнішча. Носіць шапачку, унутраны бок якой блакітны, а вонкавы — чырвоны. Зімой дэманструе чырвоны бок, а вясной — блакітны. Сустракае вясну, граючы на катрынцы.
  • Фрэдрыксан (Fredrikson) — фантазэр і вынаходнік. Стваральнік лётна-падводнага рачнога параходу, названага ў гонар нізкі вершаў яго сканалага брата (бацькі Валэндаку) «Марскі аркестар» (хаця яго ўласны пляменнічак перайначыў назву на «Марзкі аркесдар»). Пачынаў як вольны мастак, але ў далейшым па прапанове Ўсеўладара стаў ягоным асабістым інжынэрам. Тым ня менш ня страціў былога імпэту да авантураў. Уласны заплечнік зрабіў жытлом для Прывіда.
  • Прывід (Spöket) — нягледзячы на тое, што зьяўляецца нячысцікам, добрая й сяброўская асоба. Поўнае імя — Прывід з Выспы Жахаў па мянушцы Страшыдла. Пачынаў як пужацель жыхароў Выспы Ўсеўладара, але зь цягам часу да яго ўсе прызвычаліся, таму вымушана прыбіўся да маладога Мумі-таты й яго «Каралеўскае Вольнай калёніі» й хутка пасля згоды зь некаторымі правіламі стаў паўнапраўным каляністам. Першапачаткова жыў разам з Мумі-татам, але пасля зьмены яго сямейнага становішча перабраўся ў заплечнік да Фрэдрыксана.
  • Кліпда́с (Klippdassеn) — яшчэ дзіця. Як і ўсе кліпдасы, жыве на рачным дне, дзе вялікімі ікламі робіць каналы, каб здабыць сабе ежу. Па сваёй няўважлівасці патрапіў на борт «Марскога аркестру», дзе жыў разам з Валэндакам, пакуль ня быў адпраўлены дадому. З-за малога ўзросту й таму, што яго іклы яшчэ растуць, заўжды штосці грызе й увесь свет падзяляе на рэчы, якія можна грызьці і якія ўжо згрызеныя. Любіць выхавальныя гульні Цёткі Гэмуліхі.
  • Андатар (Bisamråttan) — філёзаф-самотнік. Раней жыў у нары ля ручая, але калі мумі-сямейства недарэчна разбурыла яе падчас будавання моста, быў вымушаны па шчырым запрашэнні Мумі-таты пасяліцца ў мумі-хаце. Лічыць, што працаваць — гэта не філязофская справа, таму час бавіць лежачы ў гамаку й чытаючы улюбёную кнігу: «Аб непатрэбнасці ўсяго існага».

Іншыя асобы

  • Мора (Mårran) — зборны вобраз мумі-нячысціка. Істота, якая больш нагадвае рухомы кавалак цемры, чым нешта жывое. Нават улетку Мора нясе ў сабе кавалак зімовае сцюжы й можа загасіць самае вялікае полымя. Таксама выконвае абавязак начнога пудзіла ў жыхароў мумі-даліны й яе навакольляў.
  • Тофсла й Віфсла (Tofslan och Vifslan) — асобы, якія цяжка ўявіць па-асобку. Як і малая Мю, зьяўляюцца адвечнымі дзецьмі, размаўляюць на ўласнай, але крыху зразумелай мове. Ня маюць ўяўлення аб тым, што балазе, а што блага.
  • Ґафса (Gafsan) — зборны вобраз кумушкі. Асоба са шкодным характарам, ведае ўсе свежыя плёткі аб суседзях, знаёмых і нават аб знаёмых суседзяў ды суседзях знаёмых, карацей аб усіх. Ніколі ня прыйдзе на дапамогу, нават блізкім.
  • Дронт Эдвард (Dronten Edward) — занадта вялізны, да таго ж з дурным характарам і недахопам увагі. Праз гэта ў хвіліну злосці ці па няўважлівасці можа раздавіць сяго-таго. Але, пакутуючы сумленнем, ладзіць пахаванне за ўласны кошт, праз гэта ніколі ня мае грошай.
  • Эма (Emma) — тэатральная пацучыха, удава дырэктара тэатру. Большую частку жыцьця правяла за кулісамі, таму Эма ведае аб тэатры ўсё й непарушна слухаецца ўсіх прыкметаў і традыцыяў сцэны. Дапамагае мумі-сям’і й іх сябрам аднавіць тэатар мужа, напісаць п’есу й зладзіць яе пастаноўку на сцэне «плавучага тэатру».
  • Хатыфнаты (Hattifnattarna) — умоўна-разумныя істоты. Сілкуюцца электрычнасцю грымотаў. Ня маюць вушэй і роту. Амаль усё жыцьцё (калі толькі не зьбіраюцца на Выспе Хатыфнатаў), плывуць па моры да толькі ім вядомай мэты. Нараджаюцца з насення, якое трэба сеяць непасрэдна перад надыходам купальскае ночы.
  • Іншыя асобы — разнастайныя буйныя й дробныя істоты, безь якіх можна было б абысціся, але якіх не хапала для масавасці.

Мумі-кнігі

Кнігі

  • «Маленькія тролі і вялікая паводка» (1945, Småtrollen och den stora översvämningen; перакладзена на беларускую мову Настай Лабадой)
  • Kometjakten (1946, Пагоня за камэтай; у 1968 годзе пераробленая ў Kometen kommer (Прылятае камэта))
  • Trollkarlens hatt (1948, Капялюш Чараўніка)
  • Muminpappans Bravader (1950, Прыгоды Мумі-таты; у 1968 годзе пераробленыя ў Muminspappans memoarer (Мэмуары Мумі-таты))
  • Farlig midsommar (1954, Небяспечнае лета)
  • Trollvinter (1957, Чароўная зіма)
  • Det osynliga barnet (1962, Нябачнае дзіцё)
  • Pappan och havet (1965, Тата ды мора)
  • Sent i november (1970, Напрыканцы лістапада)

Кніжкі ў малюнках

  • Hur gick det sen? Boken om Mymlan, Mumintrollet och Lilla My (1952, Што было далей? Кніга аб Мюмле, Мумі-тролі і Малой Мю)
  • Vem ska trösta knyttet? (1960, Хто суцешыць кнюта?)
  • Den farliga resan (1977, Небяспечная вандроўка)
  • Skurken i muminhuset (1980, Жулік у мумі-хаце)
  • Visor från Mumindalen (1993, Песні мумі-даліны; супольна з братам Ларсам і Эрнай Таўро)

Мумі-экранізацыі

  • Die Muminfamilie (19591961, Мумі-сям’я; вытворчасць — Нямеччына, лялечнае шоў)
  • Finn Family Moomintroll (1966, Фінская сям’я мумітроляў; вытворчасць — Англія, ТВ-шоў)
  • Mumintrollet (1969, Мумі-тролі; вытворчасць — Швэцыя, сэрыял)
  • ムーミン (19691970, Мумі-тролі; вытворчасць — Японія, анімэ)
  • 新 ムーミン (1972, Новыя Мумі-тролі; вытворчасць — Японія, анімэ)
  • I mumindalen (1973, У мумі-даліне; вытворчасць — Швэцыя, міні-сэрыял)
  • Muminki (19771982, Мумі-тролі; вытворчасць — Польшча-Аўстрыя, лялечны мультфільм)
  • Муми-тролль и другие (1978, Мумі-троль ды іншыя; вытворчасць — СССР, лялечны мультфільм)
  • Муми-тролль и комета (1978, Мумі-троль ды камэта; вытворчасць — СССР, лялечны мультфільм)
  • Муми-тролль и комета. Путь домой (1978, Мумі-троль ды камэта. Шлях дадому; вытворчасць — СССР, лялечны мультфільм)
  • Шляпа волшебника (1980, Капялюш чараўніка; вытворчасць — СССР, папяровы мультфільм)
  • Szczęśliwe dni muminków (1983, Шчасьлівыя дні мумі-троляў; вытворчасць — Польшча, лялечны мультфільм)
  • Zima w Dolinie Muminków (1986, Зіма ў мумі-даліне; вытворчасць — Польшча, мультфільм)
  • 楽しいムーミン一家 (19901991, Шчаслівая сям’я мумі-троляў; вытворчасць — Японія, анімэ)
  • 楽しいムーミン一家 冒険日記 (19911992, Шчаслівая сям’я мумі-троляў: Дзённік Прыгодаў; вытворчасць — Японія, анімэ)
  • 楽しいムーミン一家 ムーミン谷の彗星 (1992, Шчаслівая сям’я мумі-троляў: Прылятае камэта; вытворчасць — Японія, анімэ)

Мумі-музэй

 
Мумі-хата ў Парку мумі-троляў. Наанталі, Фінляндыя

Мумі-музэй знаходзіцца ў фінскім горадзе Тампэрэ. Быў адчынены ў траўні 1989 году. Першапачаткова знаходзіўся ў памяшканні Тампэрскага Мастацкага музэю, але зь цягам часу пераехаў у падземны паверх гарадзкой бібліятэкі «Мэтса», якая знаходзіцца ў цэнтры Тампэрэ. Яго калекцыя цалкам засноўваецца на творчай спадчыне Тувэ Янсан. Да калекцыі таксама належаць два мумі-будыначкі, першы зь якіх быў пабудаваны Пэнты Эйштола (Pentti Eistola) у 1958 годзе, а другі, найбольш папулярны, — пяціпавярховая хата, пабудаваная супольнымі намаганнямі Пэнты Эйштола, Тувэ Янсан й Туулікі Піеціля ў 1979 годзе дзеля ўдзелу ў Браціслаўскім Біенале ілюстрацыяў. Акрамя ілюстрацыяў па мумі-тэматыцы й ня толькі, створаных непасрэдна спадарыняй Янсан, значную ролю ў калекцыі граюць мумі-працы яе блізкае сяброўкі Туулікі Піеціля. Гэта макеты абстановак і сцэнаў з жыцьця мумі-троляў, выкананыя па матывах мумі-сэрыі.

Сусвет «Мумі-даліны» (такую назву мае гэты мумі-музэй) дастаткова поўна раскрывае ўсю мумі-тэматыку й падабаецца й маленькім наведавальнікам і іх дарослым суправаджальнікам.

Вонкавыя спасылкі