Іаан (Пашын)

беларускі праваслаўны дзеяч

Епіскап Іаан (у свеце: Іван Дзмітрыевіч Пашын; 20 (8) мая 1881, Петрыкаў, Мазырскі павет, Мінская губерня — 11 сакавіка 1938, Ухта, СССР) — беларускі праваслаўны дзеяч, архіерэй, свяшчэннамучанік, епіскап Тураўскі (1923—1926), епіскап Рыльскі (1929—1933).

Іаан (Пашын)
Іаан (Пашын)
Епіскап Тураўскі, вікарый Мінскай епархіі
7.4.1923 — 1926
Царква Руская праваслаўная царква
Адукацыя Слуцкае духоўнае вучылішча (1895)
Мінская духоўная семінарыя (1901)
Дзейнасць святар
Імя пры нараджэнні Іван Дзмітрыевіч Пашын
Нараджэнне 8 мая 1881(1881-05-08)
Смерць 11 сакавіка 1938(1938-03-11) (56 гадоў)
Дзеці Надзея (1902), Васіль (1907)
Епіскапская хіратонія 1923

Узнагароды
медаль «У памяць руска-японскай вайны» Medal In memory of 25th anniversary of church schools

Біяграфія правіць

Беларус. Нарадзіўся ў сям’і праваслаўнага святара. Маці паходзіла са старадаўняга беларускага святарскага роду Завітневічаў[1]. Рана страціў бацьку і выхоўваўся пад апекай дзеда, які быў настаяцелем царквы ў Скрыгалаве. У 1895 годзе на выдатна скончыў Слуцкае духоўнае вучылішча, у 1901 годзе — Мінскую духоўную семінарыю.

Па заканчэнні семінарыі быў пасвечаны ў іерэя і прызначаны настаяцелем Пакроўскай царквы ў вёсцы Князь-Возера Мазырскага павета. Потым выкладаў у народным вучылішчы ў суседняй вёсцы Дзякавічы.

У 1903 годзе па ўласнай просьбе пераведзены ў мястэчка Скрыгалаў. Па яго ініцыятыве ў мястэчку збудавалі капліцу ў гонар мітрапаліта кіеўскага Макарыя, забітага на гэтым месцы крымскімі татарамі ў 1497 годзе. У ёй знаходзіліся прывезеная Іаанам з Кіева часцінка мошчаў мітрапаліта і старажытны абраз[2].

1 кастрычніка 1905 года стаў настаўнікам Скрыгалаўскай царкоўна-прыходскай школы, з 1906 года — Лешненскай царкоўна-прыходскай школы, з 1907 года — Скрыгалаўскага народнага вучылішча.

У 1909 годзе накіраваны ў вёску Прылепы Мінскага павета на пасаду святара Георгіеўскай царквы. Ён заснаваў у прыходзе брацтва цвярозасці, з 1909 да 1922 года вёў летапіс, які ўтрымлівае звесткі пра храм, пастырскае служэнне і жыццё прыхаджан. У 1913—1916 гадах пры яго ўдзеле ў Прылепах зубдавалі новую царкву.

У 1916—1917 гадах навучаўся ў Санкт-Пецярбургскай і Маскоўскай духоўных акадэміях.

7 красавіка 1923 года епіскап Мінскі і Тураўскі Мелхіседэк пасвяціў Іаана ў сан епіскапа Тураўскага і Мазырскага, вікарыя Мінскай епархіі. Пасяліўшыся ў Петрыкаве, ён шмат служыў і наведваў прыходы вікарыяцтва. Арыштаваны ў сакавіку 1926 года за адкрыццё царкоўна-прыходскай школы ў сваёй хаце, што разглядалася ўладамі як «агітацыя супраць савецкай улады»[2].

Быў высланы з Петрыкава і пасяліўся ў Лоеве, адкуль працягваў кіраваць епархіяй. За гэта яго зноў арыштавалі і прысудзілі да трох гадоў ссылкі ў мястэчка Зыранскае Томскай вобласці. У жніўні 1929 года пераведзены на вольнае пасяленне ў Курскую вобласць, прызначаны епіскапам Рыльскім, вікарыем Курскай епархіі[3].

Паўторна арыштаваны ў 1932 годзе і прысуджаны да 10 гадоў зняволення ў лагерах. Быў этапаваны ў Сароўскі, пасля Цёмнікаўскі, Ветлужскі, Ухта-Пячорскі лагер Комі. 2 снежня 1937 года абвінавачаны ў правядзенні «антысавецкай агітацыі сярод зняволеных» і ў 1938 годзе расстраляны. Рэабілітаваны ў 1994 годзе.

Памяць правіць

 
Абраз

Быў праслаўлены Рускай Праваслаўнай Царквой у ліку свяшчэннамучанікаў. У 2004 годзе Святы Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы прыняў рашэнне аб далучэнні свяшчэннамучаніка Іаана да Сабора беларускіх святых[4]. Абраз з выявай святога знаходзіцца ў гродзенскім Пакроўскім саборы[5].

Узнагароды правіць

Зноскі

  1. а б Ф. Крыванос, Г. Э. Шчаглоў. Іаан (Пашын) (руск.). Праваслаўная энцыклапедыя, Т. 23 (27 лютага 2012). Праверана 11.01.2019.
  2. а б Свяшчэннамучанік Іаан (Пашын), епіскап Рыльскі . Прыход Свята-Петра-Паўлаўскага сабора горада Мінска (18 жніўня 2011). Праверана 11.01.2019.
  3. а б Свяшчэннамучанік Іаан (Пашын) (руск.). Сайт сінаідальнага аддзела па справах манастыроў і манаства Беларускага экзархата Маскоўскага патрыярхата (9 сакавіка 2017). Праверана 11.01.2019.
  4. Беларуская Праваслаўная Царква ў канцы XX — XXI стагоддзях . Афіцыйны партал Беларускай Праваслаўнай Царквы. Праверана 11.01.2019.
  5. Іконы навамучанікаў у Свята-Пакроўскім кафедральным саборы горада Гродна (недаступная спасылка). Сайт Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора г. Гродна (17 жніўня 2016). Архівавана з першакрыніцы 31 студзеня 2020. Праверана 11.01.2019.

Літаратура правіць