Іван Адамавіч Тукеркес

Іван Адамавіч Тукеркес (1882, Вільня — ?) — рэдактар і выдавец газеты «Наша доля» (выходзіла ў Вільні з 1(14).9 да 1(14).12.1906 кірыліцай і лацінкай).

Іван Адамавіч Тукеркес
Род дзейнасці журналіст
Дата нараджэння 1882
Месца нараджэння

Пасля выхаду першага нумару «Нашай долі» паліцыя абвінаваціла рэдактара паводле арт. 129 Крымінальнага ўлажэння, які пагражаў самым суровым пакараннем у выдавецкай сферы. Але тады Віленская судовая палата не зацвердзіла гэтай пастановы, адмовіла ў закрыцці газеты і адмяніла накладзены на тыраж арышт. Пасля 4-га нумара ў рэдакцыі адбыўся раскол, частка аўтараў перайшла ў новую газету «Наша ніва», што значна аслабіла літаратурны аддзел «Нашай долі». Затым (скарыстаўшыся знаходжаннем І. Тукеркеса за мяжою) «нашаніўцы» дачасна абвясцілі аб спыненні выхаду газеты «Наша доля». Пасля тэрміновага вяртання І. Тукеркес даў у газеце «Северо-западный голос» абвяржэнне і назваў папярэднюю інфармацыю «хлуслівымі чуткамі». Паміж І. Тукеркесам і «Нашай нівай» разгарнулася вострая палеміка. Адначасова на «Нашу долю» абрынуліся рэпрэсіі ўладаў. Паводле ацэнкі Віленскага ахоўнага аддзела, спачатку «Наша ніва» была больш памяркоўная, чым «Наша доля». Усяго выйшла 6 нумараў «Нашай долі», з якіх 4 былі канфіскаваны. 11.1.1907 паводле судовага рашэння газету закрылі, а рэдактара асудзілі да года турэмнага зняволення ў крэпасці, «з забаронай прымаць на сябе званне рэдактара ці выдаўца якога-небудзь перыядычнага выдання на працягу трох гадоў». І. Тукеркес падаў касацыйную скаргу ў Сенат, а яго маці ўнесла заклад у суме 100 руб. 4-ы аддзел крымінальнага касацыйнага дэпартамента ўрадавага Сената 23.3.1907 адхіліў скаргу, і тады падсудны ўцёк у Парыж, а заклад пайшоў «на ўладкаванне месцаў зняволення». У 1936 г. І. Тукеркес звяртаўся ў Віленскі архіў з просьбай выслаць яму копіі судовай справы і прысуду. Далейшы лёс І. Тукеркеса невядомы.

Зноскі

Літаратура правіць