Ігнат Оскаравіч Корвін-Мілеўскі

Ігнат Оскаравіч Корвін-Мілеўскі (нар. 27 красавіка 1846, Геранёны — 16 кастрычніка 1926) — польскі грамадскі дзеяч, мастак і калекцыянер.

Ігнат Оскаравіч Корвін-Мілеўскі
Слепаўрон
Слепаўрон
Род дзейнасці гісторык права, калекцыянер мастацтва, палітык, аўтар, дзеяч мастацтваў, мастак
Дата нараджэння 27 красавіка 1846(1846-04-27)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 16 кастрычніка 1926(1926-10-16)[2] (80 гадоў)
Месца смерці
Бацька Оскар Іпалітавіч Корвін-Мілеўскі[d]
Маці Вераніка Воўк-Ланеўская[d]
Альма-матар
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

З 1856 годзе разам з братам Іпалітам жыў у Парыжы, дзе вучыўся ў ліцэі Банапарта. У 1865—1866 гадах браты вучыліся ва ўніверсітэце ў Дэрпце. У 1868 годзе вярнуўся ў Геранёны, дзе жыў да пачатку вучобы ў студыі выяўленчага мастацтва ў Мюнхене (1870). Маляваў вельмі старанна, прымаў удзел у выстаўках. Яго любімымі жанрамі былі партрэт і пейзаж. У 1873 годзе прымаў удзел у Міжнароднай выстаўцы ў Вене, праз год — у Парыжскім салоне.

Бацькі аддалі Лугамавічы і Лаздуны сыну Іпаліту, а маёнтак у Геранёнах — Ігнацію. Ігнацій атрымаў званне графа, меў свой герб, быў кавалерам Мальтыйскага ордэна.

Жыў у Вене і Вільні, пабудаваў палац на італьянскі манер. Пасля 1905 года ажаніўся з Янінай Оструг-Садоўскай, багатай удавой, сваячкай Уладзіслава Умястоўскага, але шлюб іх цягнуўся нядоўга. Праз некалькі гадоў з дапамогай Ватыкана шлюб быў скасаваны.

Пасля гэтага купіў востраў на Адрыятычным моры і яхту. Заказаў у Парыжы вялікія габелены са сваім новым гербам. Сваю яхту назваў «Літва» і плаваў на ёй па Міжземным, Балтыйскім і Паўночным морах, за Паўночны палярны круг да нарвежскіх і рускіх партоў, у Канстанцінопаль, Венецыю, Каір, Амстэрдам, Стакгольм, Гданьск і іншыя месцы.

Ён многа пісаў. Надрукаваў свае нататкі аб падарожжах у 1897 годзе. У 1899 годзе выдаў другую кнігу ўспамінаў. У 1905 годзе апублікаваў некалькі прац, у т. л. «Унутраны крызіс Расіі і народнае прадстаўніцтва», «Голас шляхціца» і інш. У гэтых брашурах крытыкаваў усіх: народных дэмакратаў, сацыялістаў, польскіх патрыётаў, мяшчан, мужыкоў, ксяндзоў, журналістаў, палітыкаў, паслоў і свайго брата Іпаліта, якога не вельмі любіў.

Ігнацій судзіўся з многімі людзьмі, нават з ксяндзом Бародзічам з Суботнікаў. На сваім двары трымаў 20 стражнікаў, якія яго ахоўвалі.

Ігнація найбольш цікавілі гістарычныя карціны і пейзаж. У яго калекцыі налічвалася каля 250 карцін. Асабліва вылучаліся работы Аляксандра Герымскага[ru] (24 штукі), Вінцэнта Вадзіноўскага[ru]. Апошні пісаў карціны толькі для Мілеўскага. На іх адлюстравана жыццё польскага народа і вёскі, яе звычаі, абрады. У калекцыі былі аўтапартрэты А. Герымскага, Я. Матэйкі і інш. Карціны з калекцыі Мілеўскага атрымлівалі ўзнагароды на сусветных выстаўках.

І. К. Корвін-Мілеўскі быў не толькі калекцыянерам. Ён дапамагаў маладым мастакам: выплачваў рэгулярна пенсіі, плаціў за вучобу. У яго былі сяброўскія адносіны з мастакамі старэйшага пакалення. Больш за ўсё ён любіў творы Я. Матэйкі. Хацеў нават паставіць яму бронзавы помнік у Кракаве.

Сваю карцінную галерэю Ігнацій спачатку планаваў размясціць у Кракаве, але да 1893 года галерэя знаходзілася ў яго палацы ў Вільні і заўсёды была адкрыта для наведвальнікаў. У 1895 годзе ён арганізаваў выстаўку сваіх карцін у Вене. Пасля выстаўкі ў Вене Ігнацій меркаваў перавезці карціны ў Берлін ці Геранёны, дзе меў вялікі мураваны будынак. Але пасля разводу з жонкай забраў іх з сабой на востраў Санта-Катарына. У час 1-й Сусветнай вайны многія карціны былі схаваны ў Вене, іншыя — у Віленскім палацы і ў Гандлёвым банку ў Варшаве.

Зноскі

Літаратура правіць

  • Гулідава, В. Грамадзянін свету Ігнацій Корвін-Мілеўскі, ці Мінулае — падмурак дня сённяшняга / В. Гулідава // Іўеўскі край. — 2016. — 7 мая. — № 34. — С. 19.
  • Ігнацій Кароль Корвін-Мілеўскі // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Іўеўскага раёна. — Мінск : БЕЛТА, 2002. — С. 72—74.
  • Смалянiчэнка, А. Ігнацій Кароль Корвін-Мілеўскі // Краязнаўчая газета. — 2010. — № 3 (студзень). — C. 4
  • Смалянічэнка, А. І. Хто такі Ігнацій Кароль Корвін-Мілеўскі? // З гісторыі вякоў і пакаленняў Іўеўскага краю: матэрыялы наукова-практычнай краязнаўчай канферэнцыі / пад рэд. І. П. Крэня. — Гродна: ГрДУ, 1999. — С. 182—185.