Іньюпіят (саманазва: Iñupiat, літаральна "сапраўдны чалавек"[1]) — інуіты паўночнай Аляскі. Насяляюць тэрыторыю ад Берынгава мора да мяжы з Канадай. Прыкладная колькасць (2016 г.) - 26 000 чалавек[2].

Іньюпіят
(Iñupiat)
Агульная колькасць 26 тыс. чал. (2016 г.)
Рэгіёны пражывання Аляска
Мова іньюпіятун, кавіярак
Рэлігія хрысціянства, анімізм, шаманізм
Блізкія этнічныя групы іншыя інуіты

Паходжанне правіць

Па культуры і мове іньюпіят блізкі да астатніх інуітаў Канады і Грэнландыі. Аднак, як высветлілі генетыкі, продкамі іньюпіят таксама з'яўляліся палеаэскімосы[3], якія насялялі паўночнаамерыканскую Арктыку да рассялення прадстаўнікоў культуры Туле.

Гісторыя правіць

Да канца XVIII ст. продкі сучасных іньюпіяк уяўлялі сабой некалькі аўтаномных груп інуітаў, кожная з якіх складалася з дзвюх або болей пашыраных сем'яў, што знаходзіліся ў сваяцкіх адносінах. У 1838 - 1848 гг. яны моцна пацярпелі ад голада, так што некаторыя тэрыторыі былі пакінуты і зноў населены выжылымі і прадстаўнікамі суседніх груп[4]. Кантакты з еўрапейцамі пачаліся з 1826 г.[5].

З другой паловы XIX ст. абарыгены паўночнай Аляскі былі ўцягнуты ў камерцыйны лоў кітоў, які некаторы час даваў вялізарныя прыбыткі. Аднак у выніку скарачэння попыту на прадукцыю кітабояў пачаўся эканамічны крызіс. Сацыяльныя змены пачаліся толькі ў другой палове XX ст., калі ўлады Аляскі пачалі адчыняць дзяржаўныя школы і іншыя ўстановы для адукацыі тубыльцаў, выплочваць дапамогу. Асаблівую важнасць меў зямельны акт 1971 г. Ён гарантаваў кампенсацыі за выкарыстанне традыцыйных тэрыторый[6]. Пры гэтым сярод іньюпіят панавалі беспрацоўе і нізкі ўзровень жыцця.

Барацьба за свае правы садзейнічала значнай інтэграцыі інуітаў Аляскі, а таксама распаўсюджанню агульнай тоеснасці.

Культура правіць

Асноўным гаспадарчым заняткам іньюпіят здаўна было паляванне. Яго вялі на працягу года пераважна на марскіх звяроў. Улетку палявалі з каякаў, узімку — з лёду[7]. У летні сезон таксама палявалі на сушы на зайцоў, пясцоў, карыбу, птушак, збіралі птушыныя яйкі, ягады, ядомыя травы і малюскаў. Лоў рыбы адыгрываў пэўнае значэнне для тых, хто ўлетку перамяшчаўся ва ўнутраныя раёны для палявання на карыбу[8]. Паляваннем займаліся дарослыя мужчыны. Збіральніцтвам — жанчыны і дзеці. Перапрацоўкай мяса і скур — жанчыны. На захадзе ў вусцях рэк і на астравах арганізоўваліся месцы абмену таварамі, куды прыязджалі нават з Чукоткі.

Для палявання выкарыстоўвалі некалькі відаў гарпуноў з рознымі навершамі[9], лук і стрэлы[10]. Перамяшчаліся пешшу або з дапамогай каякаў. Узімку каякі памяшчалі на плоскія нарты. Большасць прылад працы выраблялася з косці, таксама апрацоўвалі драўніну, камень, у пазнейшы час — прывезенае звонку жалеза, рабілі простую кераміку. Вопратку шылі са скур.

Адзінай свойскай жывёлай іньюпіят быў сабака. На поўначы Аляскі была распаўсюджана парода аляскінскі маламут[11]. Сабакі транспартавалі грузы, удзельнічалі ў паляванні, узімку знаходзілі палонкі з нерпамі.

Асноўнай сацыяльнай адзінкай з'яўлялася вялікая пашыраная сям'я на чале адзінага гаспадара umialik і яго жонкі nuliaqpak. Яны размяркоўвалі працу і здабычу. Меліся спецыяльныя месцы для збору сям'і qargi. Пашыраныя сем'і аднаго паселішча аб'ядноўваліся ў абшчыну, што кантралявала агульныя паляўнічыя тэрыторыі. У іньюпіят не было правадыроў, аднак мелася абшчынная рада qatizut. Групы паляўнічых або воінаў узначальвалі часовыя правадыры ataniq. Сем'і аднога паселішча знаходзіліся ў сваяцкіх адносінах, абменьваліся шлюбамі, аказвалі ўзаемадапамогу. Кантакты з іншымі паселішчамі і тэрытарыяльнымі групамі былі вельмі абмежаванымі, часцяком скончвааліся крывавымі канфліктамі.

На працягу года жыхары паселішча арганізоўвалі сумесныя святы, якія суправаджаліся песнямі, танцамі, гандлем. Найбольш вядомы музычны інструмент — скураны барабан.

Мова правіць

Лінгвісты вылучаюць на тэрыторыі паўночнай Аляскі 2 інуіцкія мовы — іньюпіятун, кавіярак. Аднак у выніку ізаляванасці асобных паселішчаў кожная з гэтых моў падзяляецца на рэгіянальныя дыялекты.

Рэлігія правіць

Іньюпіят верылі ў магію і шматлікіх духаў. Меўся інстытут шаманаў angatquq. Многія шаманы адначасова з'яўляліся гаспадарамі сям'і. З канца XIX ст. распаўсюджваецца хрысціянства.

Зноскі правіць

  1. Alaska Native Language Center Архівавана 29 ліпеня 2016.
  2. Eskimo, Alaska Inupiat, Northwest in United States
  3. DNA SUGGESTS ALL EARLY ESKIMOS MIGRATED FROM NORTH SLOPE(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 29 ліпеня 2016. Праверана 6 жніўня 2016.
  4. People and the Land: Early Years Архівавана 23 чэрвеня 2010.
  5. The Iñupiaq People of Barrow, Alaska
  6. The Land Claims Settlement Act of 1971 Архівавана 19 мая 2016.
  7. People and the Land: Early Years Архівавана 23 чэрвеня 2010.
  8. ESKIMOS Архівавана 16 ліпеня 2016.
  9. Arctic Harpoons(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 30 лістапада 2021. Праверана 8 жніўня 2016.
  10. Inside the life of the Inuit: Extraordinary photographs document how Alaska's Eskimos survived the cruelest of winters
  11. The Alaskan Malamute--A Brief History