Іосіф Казіміравіч Апанскі

Іосіф Казіміравіч Апанскі (18 ліпеня 1897, Сталярышкі, Вількамірскі павет, Ковенская губерня — 7 чэрвеня 1927, чыг. ст. Ждановічы) — супрацоўнік савецкіх спецслужб. Намеснік паўнамоцнага прадстаўніка АДПУ па Беларускай вайсковай акрузе і адначасова — начальнік Беларускага аддзялення Галоўнага мытнага ўпраўлення СССР. Адзін са стваральнікаў сістэмы палітычнага нагляду ў Беларусі і падрыхтоўшчыкаў спраў супраць беларускай інтэлігенцыі.

Іосіф Казіміравіч Апанскі
Дата нараджэння 18 ліпеня 1897(1897-07-18)
Месца нараджэння
Дата смерці 7 чэрвеня 1927(1927-06-07) (29 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства

Біяграфія правіць

Нарадзіўся 18 ліпеня 1897 года ў в. Сталярышкі Вількамірскага павета Ковенскай губерні (цяпер — у Анікшчайскім раёне Літвы).

З пачаткам Першай сусветнай вайны бежанцам трапіў у Петраград, дзе вучыўся ў рэальным вучылішчы. Далучыўся да рэвалюцыйнага руху. Член РСДРП з 1916 года. У грамадзянскую вайну падпольна працаваў у Беларусі і Літве. У 1919 годзе — член Віленскага ДК КП(б)ЛіБ, выканкама гарсавета, рэўтрыбунала. Пасля — старшыня Мазырскага павятовага рэўкама.

У 1920 годзе — намеснік начальніка асобага аддзелу 16-й Беларуска-Літоўскай арміі. Гэты аддзел сфармаваў справу і расстраляў кіраўніка справамі па харчаванні арміі Фабіяна Шантыра (першага мужа Зоські Верас)[1].

З 1922 года — у надзвычайнай камісіі Петраградскай ваеннай акругі, пасля — у Самары. У 1923 годзе — начальнік Вышэйшай пагранічнай школы АДПУ ў Маскве. Маючы званне камдыва, чытаў курс «Памежная справа і чэкісцкая методыка». У той самы час займаў пасаду памочніка начальніка аддзела пагранічнай аховы і старэйшага памочніка галоўнага інспектара войск АДПУ.

У 1924 годзе — намеснік старшыні Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення пры ЦВК Беларусі, намеснік паўнамоцнага прадстаўніка АДПУ пры СНК СССР па Беларускай вайсковай акрузе і адначасова з 1926 года — кіраўнік Беларускага аддзялення Галоўнага мытнага ўпраўлення СССР.

Адзін з арганізатараў ліквідацыі эсэраўскага руху на Беларусі. Займаўся разгромам арганізацыіі Юркі Лістапада і выстаўленнем на правільны савецкі шлях Якуба Коласа.

7 чэрвеня 1927 года Апанскі разам з кіроўцам АДПУ Голубевым ехаў на дрызіне. Пры нявысветленых абставінах каля чыгуначнай станцыі Ждановічы яна перакулілася, і абодва загінулі. Віну за аварыю ўсклалі на «контррэвалюцыю», а таксама на людзей, зямельныя надзелы якіх прылягалі да чыгункі. Дзве сям’і выслалі ў Архангельскую вобласць РСФСР[2].

Пахаваны разам з кіроўцам у Мінску на Вайсковых могілках. На агульным помніку напісана: «Ад рукі контррэвалюцыі».

Ушанаванне памяці правіць

Імя Апанскага было нададзена адной з вуліц Мазыра. Да 1993 года імя Апанскага мела Кальварыйская вуліца ў Мінску.

Крыніцы правіць

Літаратура правіць