Абаліцыянізм (англ.: abolitionism) — рух за адмену рабства ў Злучаных Штатах Амерыкі. Найбольшую ўвагу грамадства абаліцыяністы прыцягнулі ў першай палове ХІХ ст., калі пашыралася тэрыторыя ЗША, у тым ліку і за кошт стварэння новых рабаўладальніцкіх штатаў і пачалося масавае вырошчванне бавоўны на Поўдні краіны. Абаліцыянізм не быў прадстаўлены нейкай адзінай палітычнай партыяй; наадварот гэта быў рух, які складаўся з тысяч дробных арганізацый, аб’яднаных агульнай мэтай - вызваленне ўсіх рабоў у краіне.

Сістэма "бавоўна-рабы" і палажэнне рабоў на Поўдні правіць

У 1830-х гг. на Поўдні ЗША распачаўся прыбытковы бізнес па вытворчасці бавоўны на плантацыях, які спарадзіў гаспадарчую сістэму "бавоўна-рабы" (арыг. "cotton-slave" system). Да гэтага часу плантатары займаліся пераважна развядзеннем тытуню і цукровага трысця. Бавоўна патрабавала больш масавага выкарыстання рабоў. Пры гэтым раней адносіны гаспадароў да сваіх рабоў былі ў некаторай ступені патрыярхальныя: рабы былі ў некаторай ступені членамі сям’і гаспадара, карысталіся яго пратэкцыяй. Паколькі рабы былі ўласнасцю, аб іх здароўі і працаздольнасці дбалі іх гаспадары. Але масавая вытворчасць бавоўны прывяла да пашырэння колькасці загадчыкаў і іх паўнамоцтваў, якія былі зацікаўлены ў пастаянным павелічэнні эксплуатацыі дармавой рабочай сілы і злоўжыванні якіх было цяжка кантраляваць. Такім чынам, выпадкаў празмернай працоўнай эксплуатацыі, здзекаў над правініўшыміся нявольнікамі (ў тым ліку і фізічныя пакаранні за "нявыкананы план"), а таксама выпадкаў прымушэння несвабодных жанчын і дзяўчат да сексуальных кантактаў з белымі гаспадарамі стала ўсё больш. Рабам дазвалялася мець сям’ю, часам гаспадары нявольнікаў самі жанілі іх, але сістэма масавага вырошчвання бавоўны павялічыла колькасць выпадкаў рознічнага продажу рабоў, што азначала раздзяленне сем’яў. Пры скасаванні сістэмы нявольніцтва ва ўсіх штатах ЗША, было б цяжка перавесці такі маштабны бізнес з дармовай працы рабоў на фермерскія гаспадаркі і працу парабкаў без наступстваў для эканомікі ўсёй краіны. Плантатары Поўдня наадварот былі зацікаўлены ў распаўсюджанні баваўняных плантацый і рабскай працы на новыя землі. Усю першую палову ХІХ ст. ішло актыўнае засяленне зямель у заходнім напрамку ад атлантычнага ўзбярэжжа ЗША. Паколькі Сенат ЗША быў прадстаўніцтвам штатаў, новыя штаты ўваходзілі ў склад краіны па сістэме "адзін рабаўладальніцкі-адзін свабодны". Кожны раз далучэнне новых штатаў спараджала напружаныя адносіны паміж рабаўладальніцкім Поўднем і свабоднай Поўначчу.

Пазіцыя і дзейнасць абаліцыяністаў і амерыканская грамадска-палітычная думка правіць

Як ужо адзначалася вышэй, абаліцыянізм быў неаднастайным рухам, які аб’ядноўваў людзей з рознымі грамадскімі і палітычнымі поглядамі вакол ідэі адмены рабства ў ЗША. Далёка не ўсе абаліцыяністы верылі ў ідэю роўнасці людзей чорнай і белай расы[1]. Грамадская думка тагачасных Злучаных Штатаў разглядала індзейцаў і цёмнаскурых людзей як дзікіх і не цывілізаваных. Поўнач мог прыняць як роўнага члена грамадства індзейца ці афраамерыканца толькі калі тыя атрымалі еўрапейскія адукацыю і выхаванне і раздзялялі агульныя каштоўнасці з белымі грамадзянамі паўночных штатаў. У некаторай ступені рух абаліцыяністаў можна параўнаць з рухам "зялёных" ХХ-ХХІ стст: розныя погляды на сутнасць праблемы і розныя праграмы яе рашэння, якія падчас зусім не ўлічваюць наступствы такіх варыянтаў рашэння для эканомікі. Як і сучасныя "зялёныя", абаліцыяністы не мелі шырокай грамадскай падтрымкі ні на Поўначы, ні на Поўдні Злучаных Штатаў, бо поўнае скасаванне рабства магло б прывесці да сур’ёзных эканамічных і палітычных цяжкасцей. Акрамя "баваўнянай" праблемы, скасаванне рабства закранала праблему адчужэння маёмасці: ці разглядаць рабоў як людзей з патэнцыяльнымі правамі і свабодамі, ці як маёмасць, якую можна канфіскаваць толькі ў надзвычайных абставінах і за разумнае ўзнагароджанне? Да таго ж заставалася праблема: што рабіць з вызваленымі рабамі: адправіць усіх у Афрыку (а многія нявольнікі ўжо пакаленнямі жывуць у Амерыцы) ці дазволіць ім застацца і зрабіць іх фермерамі, якія б працавалі на зямлі былых гаспадароў. Таму шырокае кола грамадства, як і палітычная эліта Амерыкі, не цікавілася праблемай вызвалення чорных нявольнікаў.

Метады ўздзеяння абаліцыяністаў на грамадства і палітычную ўладу правіць

Каб звярнуць увагу грамадства і ўрада краіны на праблему абаліцыяністы шырока карысталіся друкаваным словам. Напрыклад, адзін з найбольш радыкальных лідараў руху Уільям Ллойд Гарысан заснаваў газету "Ліберэйтар" (The Liberator, літ.: "вызваліцель"), першы нумар якой выйшаў у свет 1 студзеня 1831 г. З дапамогай газеты ён даносіў да шырокай грамадскасці цяжкасці палажэння нявольнікаў Поўдня ва ўсіх падрабязнасцях. І гэта мела пэўны поспех: колькасць абаліцыяністаў у свабодных штатах ЗША пачало расці[2]. Яшчэ адну такую газету, "Нозерн Стар" (у перакладзе на беларускую — "Паўночная зорка"), заснаваў Фрэдэрык Дуглас, беглы чорны раб, прадстаўнік "Масaчусатскага таварыства за адмену рабства" (Massachusetts Anti-Slavery Society).

Таксама час ад часу, асабліва ў 1830-я гг. абаліцыяністы праводзілі кампаніі па складанню петыцый у Кангрэс ЗША і напісанню прыватных пісьмаў з патрабаваннем адмены рабства, як становішча, якое супярэчыла канцэптуальным ідэям Канстытуцыі і Дэкларацыі незалежнасці. У Кангрэсе вяліся спрэчкі аб магчымасці заканадаўча адкласці разгляданне такіх петыцый і лістаў на нявызначана адлеглы тэрмін, што супярэчыла 1-й Папраўцы.

Яшчэ адзін і найбольш вядомы метад барацьбы з нявольніцтвам ажыццяўляла сетка тайных арганізацый абаліцыяністаў. Гэтыя тайныя арганізацыі дапамагалі рабам Поўдня бегчы на Поўнач ЗША альбо ў Канаду. Так згодна некаторым ацэнкам з 1830 па 1860 гг. толькі ў Агайо абаліцыяністы дапамаглі збегчы 40000 нявольнікаў[3].

У 1859 годзе Джон Браўн распачаў няўдалую ўзброеную спробу вызваліць рабоў.

Рэакцыя рабаўладальнікаў правіць

Для рабаўладальнікаў абаліцыяністы ўяўлялі сабой рэальную пагрозу. Асабліва гэта стала зразумела пасля таго як з дапамогай журналістыкі і прэсінгу апошнія здолелі прымусіць урад ЗША і грамадскасць Поўначы змяніць свае адносіны да рабства на Поўдні. Да таго ж абаліцыяністы дапамагалі рабам бегчы з Поўдня і самі, як і беглыя рабы былі недасягальнымі для заканадаўства паўднёвых штатаў.

Адзін з спосабаў барацьбы, якім карысталіся антыабаліцыяністы, — інфармацыйная вайна. Калі ў 1852 г. Гарыет Бічэр Стоў апублікавала кнігу "Хаціна дзядзі Тома", у якой выкрываліся жорсткія стасункі плантатараў да рабоў і нечалавечыя ўмовы працы апошніх, антыабаліцыяністы выдалі некалькі раманаў з абвяржэннем перабольшванняў, апісаных у "Хаціне".

Але магчымасці мірнай барацьбы плантатараў з абаліцыяністамі былі абмежаваны нават пры наяўнасці адносна вялікіх грошаў. Паліцыя мела права арыштоўваць толькі тых абаліцыяністаў, якія непасрэдна дапамагалі рабам бегчы на Поўнач і толькі на тэрыторыі рабаўладальніцкіх штатаў. Канстытуцыя ЗША забараняла якое-небудзь абмежаванне свабоды слова і распаўсюджвання інфармацыі. Таму нярэдка супраць абаліцыяністаў выкарыстоўвалі натоўп. У 1835 г. ў г. Чарльзтаўн (Паўднёвая Караліна) натоўп знішчыў на пошце ўсю агітацыйную літаратуру абаліцыяністаў. А ў 1837 г. ў г. Алтон (Ілінойс) натоўп забіў Э.П.Лавджоя, рэдактара абаляцыянісцкага друку[3].

Перамогі абаліцыяністаў правіць

  • У 1808 годзе пад ціскам абаліцыяністаў Кангрэс ЗША забараніў гандаль нявольнікамі з Афрыкай. Але пасля гэтага заставаліся яшчэ магчымасці ўвозіць рабоў з іншых рэгіёнаў Амерыкі.
  • 1 студзеня 1863 годзе падчас Грамадзянскай вайны Аўраам Лінкальн падпісаў Пракламацыю аб вызваленні рабоў на тэрыторыі, якая яшчэ заставалася пад кантролем арміі канфедэратаў. Дэ-факта, гэта нічога не змяніла, але гэты палітычны захад зрабіў магчымасць поўнага скасавання рабства ў ЗША.
  • 6 снежня 1865 годзе пачала дзейнічаць Трынаццатая папраўка да Канстытуцыі ЗША, якая канчаткова рэалізавала мэту абаліцыяністаў — поўную адмену рабства на ўсёй тэрыторыі Злучаных Штатаў Амерыкі.

Зноскі

  1. Андрэй Берастоўскі. Да гісторыі рабства ў ЗША Архівавана 13 сакавіка 2016.// "Гістарычная праўда"
  2. An Outline on American History. Published by US Information Agency, p.153
  3. а б An Outline on American History. Published by US Information Agency, p.154