Аблога Фларэнцыі

Аблога Фларэнцыі (24 кастрычніка 1529 — 10 жніўня 1530) — завяршальны эпізод вайны Каньякскай лігі, які адбыўся ўжо пасля заключэння міру асноўнымі ўдзельнікамі баявых дзеянняў.

Аблога Фларэнцыі
Асноўны канфлікт: Вайна Каньякскай лігі
На карціне Джорджа Вазары
Дата 24 кастрычніка 1529 — 10 жніўня 1530
Месца Фларэнцыя
Вынік перамога імперскіх сіл
Праціўнікі
Імперыя Карла V Фларэнційская рэспубліка
Камандуючыя
Філібер Шалонскі Франчэска Феручы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Перадгісторыя правіць

Калі ў 1527 годзе ў Фларэнцыі стала вядома пра рабаванне Рыма, гараджане выгналі кардынала Пасерыні — прадстаўніка Папы Клімента VII (свецкае імя — Джуліа Медычы). Уладу над горадам атрымаў новы савет, які выбраў новага ганфаланьера з ліку праціўнікаў Медычы — Нікало Капоні.

Улетку 1528 года Клімент VII вярнуўся ў папскі палац у Рыме і стаў думаць пра тое, як вярнуць Фларэнцыю пад уплыў Медычы. На французаў, якія дагэтуль цярпелі паражэнні, спадзявацца было нельга, і ён вырашыў звярнуцца да Карла V. У 1529 годзе Карл V заключыў пагадненне з папам: Клімент VII абавязаўся каранаваць Карла V у Балонні імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі, а Карл V наўзамен паабяцаў Папе паспрыяць аднаўленню ўлады Медычы ў Фларэнцыі. 5 жніўня 1529 года Францыя, падпісаўшы Камбрэйскі мір, выйшла з вайны, і Фларэнцыя засталася без саюзнікаў.

Карл V даручыў аказаць садзейнічанне Папе прынцу Аранскаму, які камандаваў сіламі Свяшчэннай Рымскай імперыі ў Італіі (таму самаму чалавеку, які за два гады да гэтага разрабаваў Рым). Саракатысячная армія прынца Аранскага, якая складалася галоўным чынам з іспанцаў, увайшла ў Таскану і, спусташаючы землі Фларэнційскай рэспублікі, рушыла на поўнач. 24 кастрычніка яна стала лагерам каля самай Фларэнцыі.

Фларэнцыя даўно рыхтавалася да абароны. Адразу пасля выгнання Пасерыні і сыноў Медычы, якіх ён выхоўваў, фларэнційцы прызначылі інспектарам гарадскіх сцен Мікеланджэла. Ён распарадзіўся працягнуць сцены на поўдзень і абнесці імі ўзгорак Сан-Мініята, з якога праглядаўся цэнтр горада, а таксама прыняць іншыя меры для падрыхтоўкі горада да абароны.

Ход баявых дзеянняў правіць

Калі імперсія пачалі абстрэл горада, высвятлілася, што грамадзяне Фларэнцыі зусім не збіраюцца капітуляваць. Іх баявы дух падтрымала вылазка атрада пад камандаваннем Франчэска Феручы, які ўначы атакаваў ворага і здолеў даставіць у горад запасы харча.

Аднак аблога працягвалася, запасы харча раставалі, у горадзе пачалі распаўсюджвацца хваробы. Улетку Феручы вырашыўся на адчайны крок: пад покрывам цемры ён правёў праз кольцы аблогі групу ўзброеных людзей, і накіраваўся ў сельскія раёны Тасканы, дзе стаў рэкрутаваць войскі. У выніку ён сабраў у Пістоі 3.000 пешых і 500 конных добраахвотнікаў. Разведка паведаміла пра гэта прынцу Аранскаму, і ён на чале вялікага атрада іспанскіх салдат кінуўся на пошукі Феручы. 3 жніўня 1530 года ў час бітвы ў Гавінаны былі забіты як прынц Аранскі, так і Франчэска Феручы, але атрад Феручы быў цалкам разгромлены.

Вестка пра жорсткую расправу над Феручы прывяла Фларэнцыю ў смутак. Галодныя людзі патрабавалі, каб улада над горадам была вернутая Медычы, якія б накармілі іх. Праз шэсць дзён ганфаланьер накіраваў парламенцёраў з заявай аб капітуляцыі горада.

Вынікі і наступствы правіць

Клімент VII дамогся ад Карла V запэўненняў у тым, што з насельніцтвам Фларэнцыі абыйдуцца літасціва, і пасля ўзяцця горада не будзе ўчынена разня, якой асцерагаліся гараджане, памятаючы рабаванне Рыма. Пасля рэстаўрацыі дынастыі Медычы і сыходу імперскай арміі Папа Клімент VII перадаў кіраванне горадам свайму дваццацігадоваму незаконнанароджанаму сыну Алесандра. На наступны дзень пасля прыбыцця ў Фларэнцыю Алесандра быў абвешчаны «главой Фларэнційскай рэспублікі».

Карл V заявіў Кліменту VII, што, паколькі яны цяпер саюзнікі, ад Фларэнцыі патрабуецца паслядоўная знешняя палітыка, якая можа быць забяспечана толькі жорсткай уладай. У выніку Алесандра стаў называцца «герцагам Фларэнційскай рэспублікі». Так у 1532 годзе Фларэнційская рэспубліка ператварылася ў Фларэнційскае герцагства.

Літаратура правіць

  • П.Стратерн «Медичи. Крестные отцы Ренессанса» — Москва «Издательство АСТ», 2010. ISBN 978-5-17-066799-4