Абухава (Віцебскі раён)

Абухава — вёска ў Віцебскім раёне Віцебскай вобласці, у складзе Варонаўскага сельсавета. Знаходзіцца за 11 км на ўсход ад Віцебска, 16 км ад чыгуначнай станцыі Віцебск.

Вёска
Абухава
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Насельніцтва
  • 8 чал. (2009)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 212
Паштовы індэкс
211341
Аўтамабільны код
2
Абухава на карце Беларусі ±
Абухава (Віцебскі раён) (Беларусь)
Абухава (Віцебскі раён)
Абухава (Віцебскі раён) (Віцебская вобласць)
Абухава (Віцебскі раён)

Гісторыя правіць

У канцы XVII ст. вядома як цэнтр маёнтка ў Віцебскім ваяводстве ВКЛ. У 1717 годзе маёнтак (45 сялянскіх душ мужчынскага полу) прыватная ўласнасць Фядоры і Элеаноры Закрэўскіх. У складзе маёнтка тры вёскі: Абухава, Юзыкі і Зайцава — увогуле 12 сялян-гаспадароў, якія мелі па 1/8—1/4 валокі зямлі і плацілі штогод 5—10 злотых чыншу. 1/3 маёнтка ў складзе вёскі Філіпава (22 рэвізскія сялянскія душы мужчынскага полу і 6 гаспадароў-сялян) належала Францу і Канстанціну Хількевічам.

Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у інкарпаравана ў склад Расійскай імперыі. Уваходзіла ў склад Віцебскага павета Пскоўскай, з 1776 года Полацкай, з 1796 года Беларускай, з 1802 года Віцебскай губерняў. У 1785 годзе сяльцо і вёска. У 1789 маёнтку належала 8273 дзес. 2138 сажняў зямлі.

У 1834 у маёнтку 145 рэвізскіх сялянскіх душ. У 1846 прыватная ўласнасць калежскага асэсара і кавалера памешчыка Дз. Заблоцкага, яму належала 6 вёсак (151 рэвізская сялянская душа), конны млын (500 руб.), карчма (200 руб.), фруктовы сад (300 руб.) У 1847 у вёсцы Абухава 6 двароў, 32 жыхары. У 1878 прыватная ўласнасць памешчыцы М. Заблоцкай, якая мела 500 дзес. зямлі.

На пачатку XX ст. у Каралёўскай воласці Віцебскага павета і губерні. У 1905 вёскі Абухава-1 (11 двароў, 90 жыхароў) і Абухава-2 (2 двары, 17 жыхароў) належалі Друкаўскаму сельскагаспадарчаму таварыству; маёнтак (25 двароў, 130 жыхароў) належаў мяшчанскаму праўленню, якое мела 250 дзес. зямлі. У 1911 земствам адкрыта школа, навучанне вялося на рускай мове.

У 1920 у нацыяналізаваным будынку адкрыта школа 1-й ступені. якую наведвалі дзеці з навакольных вёсак Паляі, Шульцава, Хадулова, Селівоўшчына, Буева, Волкава. Паводле Першага Усесаюзнага перапісу насельніцтва 1926  (руск.), у вёсцы 19 двароў, 94 жыхары, на хутары 25 двароў, 105 жыхароў. У 1928 у вёсцы дзейнічаў вадзяны млын (10 к. с.). У 1939 у Абухава былі пераселены жыхары вёсак Паўлоўшчына і Філіпава.

У час Другой сусветнай вайны на тэрыторыі БССР нямецкія карныя ўлады знішчылі тут 59 двароў і 4 мірных жыхароў. Вывезена ў Германію 15 чал., вярнулася 6. На фронце загінула 12 вяскоўцаў, у партызанах 16.

Пасля вайны вёска адбудавалася. Да 22 снежня 1960 года вёска ўваходзіла ў склад Бабініцкага сельсавета[1].

На 1 студзеня 2003 8 двароў, 10 жыхароў. Вёска ў складзе камунальнага ўнітарнага сельгаспрадпрыемства «Вароны».

Насельніцтва правіць

  • 45 душ мужчынскага полу (1717)
  • 145 рэвізскіх сял. душ (1834)
  • 151 рэвізская сял. душа (1846)
  • 7 гаспадарак, 9 жыхароў (2018)

Зноскі

  1. Рашэнне выканкома Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 22 снежня 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1961, № 4 (924).

Літаратура правіць

  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 10: Віцебская вобласць, кн. 2 / рэдкал.: У. У. Андрыевіч (гал. рэд.) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2019. — 728 с.: іл. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-11-1126-4.
  • З гісторыі населеных пунктаў / Падрых. В. В. Віталева // Памяць: Віцебскі раён: Гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раёнаў Беларусі / Рэдкал.: А. П. Красоўскі [і інш.]; Укл. У. І. Мезенцаў; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2004. — 772 с.: іл. — С. 725—726. — ISBN 985-02-0647-0.