Авестыйская мова

Авесты́йская мова (раней вядомая таксама як старажытнабактры́йская або зе́ндская) — адна з моў усходняе падгрупы іранскай групы індаіранскай галіны індаеўрапейскай сям'і моў, вядомая як мова Авесты — літургічных помнікаў зараастрызму — ад якой мова і атрымала сучасна вядомую назву. Як лічыцца, арэал выкарыстання мовы ахопліваў прынамсі такія старажытныя рэгіёны як Сістан (Арахозія), Герат, Мерв і Бактрыя[1]. Яская культура — археалагічная культура на поўдні сучаснага Туркменістана перыяду 1500—1100 гг. да н.э., часта атаясамліваецца з ранняй культурай усходнеіранскіх народаў, апісаных у Авесце[2].

Авестыйская мова
Краіны першапачаткова Дрангіяна, Маргіяна, Бактрыя, Мідыя
Рэгіёны Вялікі Іран, Сярэдняя Азія
Агульная колькасць носьбітаў
  • 0 чал.
Статус мова богаслужэнняў, мёртвая
Вымерла каля VII ст. да н.э., нашчадкаў не мае
Класіфікацыя
Катэгорыя Мовы Еўразіі

Індаеўрапейская сям'я

Індаіранская галіна
Іранская група
Усходнеіранскія мовы
Пісьменнасць Avestan[d] і Gujarati[d]
Моўныя коды
ДАСТ 7.75–97 аве 016
ISO 639-1 ae
ISO 639-2 ave
ISO 639-3 ave
Ethnologue ave
IETF ae
Glottolog aves1237

Статус авестыйскай мовы як мовы набажэнстваў забяспечыў мове трывалае выкарыстанне на доўгі час пасля яе вымірання. Гэтая акалічнасць, а таксама шэраг лінгвістычных прычын дазваляе параўнаць мову з ведыйскай мовай — найстарэйшай з індаарыйскіх моў, якія захаваліся дагэтуль.

Класіфікацыя правіць

Іранская група індаіранскай галіны моў звычайна падзяляецца ў лінгвістыцы на дзве падгрупы — усходне- і заходнеіранскую. Авестыйская мова традыцыйна адносіцца да ўсходняе падгрупы іранскай групы, але некаторымі іншымі даследчыкамі падобны варыянт класіфікацыі аспрэчваецца з прычыны развіцця адрозненняў між усходне- і захдонеіранскімі мовамі ўжо пасля існавання авестыйскай мовы.

Адначасова з гэтым, авестыйская мова не адлюстроўвае тыповыя (паўднёва-)заходнеіранскія інавацыі, ужо прысутныя на той момант у старажытнаперсідскай, таму ў гэтым разуменні аднясенне авестыйскай да ўсходнеіранскіх моў азначае толькі яе класіфікацыю як не-заходнеіранскай[3]. У сваю чаргу, авестыйская мова гістарычна развіла шэраг уласных інавацый, напрыклад, шыпячае вымаўленне ў назоўніку aša, супрацьпастаўленае першапачатковаму /rt/, якое захавалася ў старажытнаперсідскай і санскрыце (arta і rta адпаведна). Іншыя лінгвісты мяркуюць, што авестыйская мова, будучы роднаснай са старажытнаперсідскай, якая належыць да (паўднёва-)заходнеіранскіх моў, складае з гэтаю мовай т.зв. старажытнаіранскую групу[4]. Аднак на карысць уваходжання авестыйскай мовы ў склад усходнеіранскай падгрупы прыводзяцца такія аргументы як геаграфічная ўстаноўка Авесты; сувязь эпічных матываў Авесты з усходнеіранскай эпічнай традыцыяй; традыцыя парсаў, што звязвае выступленні Заратустры; некаторыя асаблівасці мовы Авесты, што звязваюць яе з усходнеіранскімі мовамі — сагдыйскай, харэзмійскай.

Між тым, авестыйская мова блізкароднасная старажытнаперсідскай і, у некаторай ступені, таксама ведыйскай мове[5]. Выказваюцца тэорыі, што мова магла быць блізкай дыялектам, якія пазней леглі ў аснову мовы пушту[6].

Гісторыя правіць

Час існавання старажытнаіранскага дыялекту, які паслужыў асновай для авестыйскай мовы, прыблізна адзначаецца перыядам другой палавіны II тыс. — першай палавіны I тыс. да н.э.

Перыяд існавання авестыйскай мовы прынята ўмоўна падзяляць на два этапы — стара- і раннеавестыйскую мовы. Раннеавестыйская мова не з'яўляецца вынікам эвалюцыі стараавестыйскай мовы, паколькі два храналагічныя этапы адрозніваюцца не толькі часам уласнага існавання, але маюць таксама дыялектныя адрозненні; пры гэтым кожны авестыйскі тэкст, незалежна ад яго прыналежнасці да таго ці іншага храналагічнага этапу мовы, зведваў уласныя змены.

Ужо у канцы IV — у пачатку VI стст. авестыйская мова была мёртвай і выкарыстоўвалася толькі як мова богаслужэнняў, але ў гэтай мове выкарыстоўваецца дагэтуль — парсамі ў Індыі і гебрамі ў Іране.

Пісьменнасць правіць

У III або IV стст. н.э. была распрацавана ўласная сістэма запісу авестыйскай мовы, дагэтуль мова перадавалася выключна вусным шляхам у літургічных мэтах. Тым не менш, першая спроба пісьмовай фіксацыі, ажыццёўленая каля 100 г. да н.э., зроблена адным з алфавітаў на арамейскай аснове, у якім не было сімвалаў для галосных, а сімвалы для зычных маглі перадаваць некалькі гукаў. Гэты тэкст не захаваўся да цяперашняга часу, шматлікія даследчыкі ўвогуле адмаўляюць яго існаванне. Пры Сасанідах адбылася наступная кадыфікацыя Авесты, яна скончылася ў канцы IV — пачатку VI стст. н.э.

Авестыйскае пісьмо мела 53 сімвалы, якія запісваліся справа-налева. Сярод гэтых сімвалаў каля трыццаці з'яўляліся, за кошт дадання разнастайных знакаў, варыяцыямі трынаццаці графем пісьма пехлеві, якія вядомыя з зараастрыйскіх тэкстаў перыяду пасля існавання Сасанідскай імперыі. Гэтыя сімвалы, як і знакі пісьменнасці пехлеві, заснаваныя на сімвалах арамейскага пісьма. Тым не менш, некаторыя іншыя сімвалы, напрыклад знакі для галосных фанем, паходзілі з іншых сістэм пісьменнасці, у асноўным з грэчаскай. Некаторыя іншыя сімвалы, у прыватнасці знакі прыпынку, былі ўласным вынаходніцтвам мовы. Акрамя таго, у авестыйскай пісьменнасці змяшчаўся сімвал, які не меў уласнага гукавага адпаведніка — сімвал для зычнага /l/, але гэты сімвал выкарыстоўваўся для запісу тэкстаў на пазендзе (адзін з відаў пісьменнасці для запісу зараастрыйскіх тэкстаў).

Авестыйскае пісьмо засноўвалася на алфавітным прынцыпе; вялікая колькасць пісьмовых помнікаў сведчыць на карысць таго, што ўладкаванне пісьма ажыццяўлялася так, каб перадаваць вусныя тэксты з вялікай ступенню фанетычнай дакладнасці. Правільнае вымаўленне рэлігійных тэкстаў Авесты дагэтуль лічыцца важным фактарам правядзення богаслужэнняў і пад. Вялікая колькасць графем і іх спалучэнняў тлумачылася неабходнасцю адлюстравання розных пазіцыйных варыянтаў тых ці іншых фанем.

Зараастрыйскія супольнасці Індыі (найбуйнейшыя грамады прадстаўнікоў гэтай рэлігіі з тых, што захаваліся ў свеце) таксама выкарыстоўваюць для перадачы тэкстаў пісьменнасці на аснове старажытнага індыйскага пісьма брахмі. Пачатак развіцця падобных сістэм запісу прыпадае на перыяд каля XII ст. і адзначаецца такімі помнікамі як Нер'ясанг Дхавал і іншымі творамі тагачасных багасловаў; гэтыя рукапісы з'яўляюцца сучаснікамі захаваных пісьмовых помнікаў авестыйскім пісьмом. На сённяшні час авестыйская мова часцей за ўсё запісваецца пісьмом гуджараці, між іншым, гуджараці з'яўляецца традыцыйнай мовай індыйскіх зараастрыйцаў. Некаторыя авестыйскія літары, што не маюць адпаведнага сімвала, утвараюцца шляхам дадання дыякрытычных знакаў: напрыклад, /z/ у слове zaraϑuštra запісваецца як сімвал для /j/ з даданнем кропкі ўнізе.

Лінгвістычная характарыстыка правіць

Фанетыка, фаналогія правіць

Для фанетыкі авестыйскай мовы ўласцівае захаванне звонкіх шыпячых зычных і прысутнасць серыі фрыкатываў у адрозненне ад серыі прыдыхальных у іншых іранскіх мовах. У гэтым артыкуле фанетыка мовы апісваецца на ўзоры транслітарацыі авестыйскай пісьменнасці.

  • Галосныя:
a ā ə ə̄ e ē o ō å ą i ī u ū

Ніжэй прадстаўлены спіс авестыйскіх галосных, размеркаваных паводле іх месца артыкуляцыі. Справа — указанне гука паводле IPA, злева — адпаведны сімвал для гэтага гука ў авестыйскай пісьменнасці, транслітараваны лацінскім алфавітам.

Тып Пярэдняга
рада
Сярэдняга
рада
Задняга
рада
кароткія доўгія кароткія доўгія кароткія доўгія
Верхняга
пад'ёму
i /i/ ī /iː/ u /u/ ū /uː/
Сярэдняга
пад'ёму
e /e/ ē /eː/ ə /ə/ ə̄ /əː/ o /o/ ō /oː/
Ніжняга
пад'ёму
a /a/
ā /aː/ å /ɒː/
Насавыя ą /ã/

Падоўжаныя галосныя былі неістотнымі для сэнсаадрознення, ē, ə̄, ō з'яўляліся толькі варыянтамі фанем.

  • Зычныя:
k g γ x xʷ č ǰ t d δ ϑ t̰ p b β f
ŋ ŋʷ ṇ ń n m y w r s z š ṣ̌ ž h

Плаўныя y і w на ўзор арфаграфіі авестыйскага пісьма часта транскрыбуюцца як ii і uu адпаведна.

Ніжэй прадстаўлена табліца авестыйскіх зычных, размеркаваных паводле іх месца артыкуляцыі. Справа — указанне гука паводле IPA, злева — сімвал авестыйскага пісьма для гэтага гука, транслітараваны на лацінскі алфавіт.

Тып Лабіяльныя Зубныя Альвеалярныя Постальвеалярныя
або палатальныя
Велярныя Лабіявелярныя Глатальныя
Насавыя m /m/ n /n/ ń [ɲ] ŋ /ŋ/ ŋʷ /ŋʷ/
Выбухныя p /p/ b /b/ t /t/ d /d/ č /tʃ/ ǰ /dʒ/ k /k/ g /ɡ/
Фрыкатывы f /ɸ/ β /β/ ϑ /θ/ δ /ð/ s /s/ z /z/ š /ʃ/ ž /ʒ/ x /x/ γ /ɣ/ /xʷ/ h /h/
Апраксіманты y /j/ w /w/
Дрыжачыя r /r/

Часам мяркуецца, што ў стараавестыйскай мове [ð] і [ɣ] з'яўляліся алафонамі /θ/, /x/ адпаведна.

З праіндаіранскага *-rt- у авестыйскай мове развілася шыпячая š, але яго рэалізацыя і фаналагічны статус як адной ці дзвюх фанем застаецца нявысветленым; умовы, пры якіх адбыўся гэты пераход, таксама застаюцца кепска акрэсленымі. Напрыклад, у раннеавестыйскай раўназначна існавалі як ərəta/arəta, якое было вытворным ад aša, альбо, прыкладам, arəti і aši, aməša («бессмяротны») і marəta («смяротны»). У некаторых выпадках падобныя змены адбываліся толькі ў раннеавестыйскай: напрыклад, ранн. pəšūm, але pərətūm (Гаты). Абодва словы з'яўляюцца формамі вінавальнага склону назоўніка «мост», але ў раннеавестыйскай /r t/ зноў паўстае ў назоўным склоне. Некаторымі мовазнаўцамі лічыцца, што š не несла ўласнай гукавай нагрузкі і ўяўляла сабою толькі адзін са спосабаў перадачы /rt/[7]. Іншыя пункты гледжання прапаноўваюць версіі, паводле якіх š з'яўлялася вынікам няправільнага прачытання /r r/ з няпэўнай гукавай нагрузкай, але імаверна прадстаўляла глухі r[8]. Выказваліся меркаванні, што š прадстаўляла ўласную фанему, для якой Г. Мілер увёў сімвал /Ř/, што, згодна з гіпотэзай, вызначаў [r̝̥] (параўн. з глухім алафонам чэшскага ř). На думку Г. Мілера, -rt- аднаўлялася на пісьме, калі між /r/ і /t/ існавала мяжа марфем, і аўтар тэксту пра яе ведаў[9].

  • Дыфтонгі:

У авестыйскай мове існаваў шэраг дыфтонгаў. /ai/ сустракаўся пераважна ў адкрытым складзе, /au/, /au/ — у закрытым.

  • Склад:

У мове колькасна пераважалі адкрытыя склады. У асноўным сустракаліся склады тыпу V, CV, радзей — CCV, дзе C — зычны, V — галосны. Адкрытыя склады гэтак жа частыя ў канцы слова, як і ў яго сярэдзіне. Закрытыя склады сустракаюцца ў любой пазіцыі.

  • Марфаналагічныя чаргаванні:

Колькасныя чаргаванні ў выглядзе гістарычнага чаргавання фанем (агаласоўкі) выступаюць адным з дадатковых сродкаў іменнага і дзеяслоўнага словаўтварэння і словазмянення (у атэматычных парадыгмах як імені, так і дзеяслова). Чаргаванне існуе ў каранёвым складзе (калі аснова каранёвая) і ў суфіксальным (калі аснова вытворная).

Існуе тры ступені чаргавання: слабая (або нулявая), гуна (або поўная ці сярэдняя), урыдгі (або доўгая, узмоцненая). Кожнаму класу граматычных форм прадпісваецца тая ці іншая ступень чаргавання. Гістарычна поўная ступень чаргавання існавала толькі ў націскной пазіцыі, слабая, адпаведна — у ненаціскной.

  • Прасодыя:

Авестыйскае пісьмо не пакінула нейкіх пазначэнняў адносна тону. Аднак след меркаваць, што мова найбольш старажытных частак Авесты мела тон. Напрыклад, у тэкстах Гатаў некаторыя доўгія склады лічацца ў метры за два склады, будучы за тымі, якія ў старыя часы мелі цыркумфлексны тон. У далейшым, імаверна, адбывалася абмежаванне месца тону, неўзабаве ён знік на карысць сілавога націску.

Тыпалагічная характарыстыка правіць

  • Тып выражэння граматычных значэнняў і характар мяжы між марфемамі:

Паводле тыпу выражэння граматычных значэнняў авестыйская мова адносіцца да сінтэтычных моў. Граматычныя значэнні выражаюцца з дапамогай флексій (у тым ліку ўнутраных у іменным скланенні, што сталі вынікам пераўтварэння ступеней агаласовак у атэматычных формах). Парадак следавання марфем з'яўляецца фіксаваным.

zəm-e
зямля-SG.LOC
на зямлі
pus-am
вянок-SG.ACC
bandaya-ta
завязаць.thematic-3.SG.Impf.Med
завязала сабе вянок

У авестыйскай мове прысутнічае семантычная фузія: катэгорыя ліку (адзіночны, парны, множны) выражаецца ў імёнаў кумулятыўна з родам і склонам, а ў асабістых формах дзеясловаў — з станавым і віда-часавымі значэннямі.

  • Тып маркіравання:

Як і ў прэдыкацыі, так і ў іменнай групе маркіраванне залежнаснае.

  • Іменная група
puϑr-a
сын-SG.NOM
ahur-ahe
Агур-SG.GEN
сын Агура
  • Прэдыкацыя
ārmaiti-š
Армаці-SG.NOM
mainy-ū
дух-SG.INSTR
pərəsa-ite
гутарыць.thematic-3SG.Praes.Med
Армаці з духам гутарыць

У дзеяслове выражаецца асоба дзейніка, што, тым не менш, не з'яўляецца дастатковай падставай казаць пра двайное маркіраванне ў прэдыкацыі.

  • Тып ролевай кадзіроўкі:

Авестыйская мова — мова намінатыўнага ладу. Склонам граматычнага суб'екта (дзейніка) з'яўляецца намінатыў, прамога дапаўнення — акузатыў:

kərəsasp-ō
Крсасп-SG.NOM
ǰana-t
забіць.thematic-3SG.Impf.Act
snaviδk-əm
Снавідка-SG.ACC
Крсасп забіў Снавідку
hāu
ён. NOM
xšaya-ta
валадарыць.thematic-3.SG.Perf.Act
paiti
у
būm-īm
зямля-SG.ACC
ён валадарыў на зямлі
y-ō
які [каторы]-SG.NOM
nōit
NEG
pasčaē-ta
спаць.athematic-3.SG.Perf.Act
які не спаў
  • Базавы парадак слоў:

Парадак слоў простага сказа адносна свабодны. Базавым парадкам з'яўляецца SOV — дзейнік-дапаўненне-выказнік. Сувязь слоў у сказе вызначаецца паводле іх марфалагічных прыкмет:


я. DAT
pita
бацька
draonō
дзеля. SG.ACC
frə̄rənao-t
даць.athematic-3SG.Impf.Act
бацька мне долю даў

Марфалогія, сінтаксіс правіць

  • Часціны мовы:

У авестыйскай мове вылучаюцца наступныя семантычна-граматычныя разрады слоў: назоўнік і прыметнік, лічэбнік, прыслоўе, займеннік, дзеяслоў; службовыя часціны мовы: часціны-прыназоўнікі-паслялогі, злучнікі, часціцы — сцвярджальныя, адмоўныя, эмфатычныя.

Паводле спецыфічных парадыгм вылучаюцца дзеясловы, назоўнікі і прыметнікі, асабовыя і неасабовыя займеннікі. Назоўнікі і прыметнікі на марфалагічным узроўні характарызуюцца аднымі і тымі ж катэгорыямі: роду, ліку, склону, на сінтаксічным — залежнасць катэгорыі роду ў прыметнікаў. Да прыметнікаў па фармальных прыкметах можна аднесці парадкавыя лічэбнікі, якія маюць агульныя з імем парадыгмы скланення (напрыклад, лічэбнік «першы» ўзыходзіць да прыметніка fra-tara- — «пярэдні»).

Асабовыя формы дзеяслова адзначаюцца катэгорыямі асобы, ліку, ладу, стану, віда-часавай сістэмай. Неасабовыя формы дзеяслова прадстаўленыя аддзеяслоўнымі імёнамі (дзеепрыметнік, інфінітыў) і характарызуюцца як дзеяслоўнымі, так і іменнымі катэгорыямі.

  • Іменныя катэгорыі:

У авестыйскай мове фіксуецца тры роды: мужчынскі, жаночы і ніякі. Роды выражаюцца або супрацьпастаўленнем тыпаў асноў або супрацьпастаўленнем тыпаў флексій, у атэматычных назоўнікаў і прыметнікаў — таксама супрацьпастаўленнем моцных і слабых форм (каранёвых агаласовак). Супадзенне форм намінатыва-акузатыва ў адзіночным ліку ў імёнаў ніякага роду ў процілегласць імёнам мужчынскага і жаночага родаў можна разглядаць як адлюстраванне супрацьпастаўлення паводле адушаўлёнасці/неадушаўлёнасці.

Склонавыя значэнні фармальна выражаюцца флексіяй і пры дапамозе службовых слоў (прыназоўнікаў/паслялогаў) у спалучэнні з склонавымі формамі. Сярод склонаў выяўляюцца назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, мясцовы, адкладальны і клічны склоны. Захоўваецца гістарычнае супрацьпастаўленне тэматычнага і атэматычнага тыпаў скланення: супрацьпастаўленне некаторых склонавых канчаткаў; сталы характар гукавага аблічча тэматычнай асновы ў парадыгме скланення, чаргаванне ступеней агаласовак у атэматычным тыпе.

Склон Звычайны канчатак a-аснова (м.р./н.р.)
Адз.л. П.л. Мн.л. Адз.л. П.л. Мн.л.
Назоўны -s -ō (-as), -ā -ō (yasn-ō) -a (vīr-a) -a (-yasna)
Клічны - -ō (-as), -ā -a (ahur-a) -a (vīr-a) -a (yasn-a), -ånghō
Вінавальны -em -ō (-as, -ns), -ā -em (ahur-em) -a (vīr-a) -ą (haom-ą)
Творны -byā -bīš -a (ahur-a) -aēibya (vīr-aēibya) -āiš (yasn-āiš)
Давальны -byā -byō (-byas) -āi (ahur-āi) -aēibya (vīr-aēibya) -aēibyō (yasn-aēibyō)
Адкладальны -at -byā -byō -āt (yasn-āt) -aēibya (vīr-aēibya) -aēibyō (yasn-aēibyō)
Родны -ō (-as) -ąm -ahe (ahur-ahe) -ayå (vīr-ayå) -anąm (yasn-anąm)
Мясцовы -i -ō, -yō -su, -hu, -šva -e (yesn-e) -ayō (zast-ayō) -aēšu (vīr-aēšu), -aēšva
  • Дзеяслоўныя катэгорыі:

Вылучаюцца два станы: актыўны (пераходны — дзеянне не для сябе) і медыяльны (дзеянне для сябе). Формы з пасіўным значэннем сустракаюцца ў аорысце, таксама загаднае значэнне выражаецца пры дапамозе актыўных дзеепрыметнікаў перфекта.

Катэгорыя віду складаецца з супрацьпастаўлення трох тыпаў асноў: прэзентнай (працяглае, шматразовае дзеянне), аорыстнай (скончанае, аднаразовае, імгненнае дзеянне) і перфектнай (выніковасць дзеяння).

Катэгорыя часу другарадная ў дачыненні да катэгорыі віду. Часавыя значэнні выяўляюцца толькі ў дзеепрыметніках (будучага, цяперашняга, прошлага часоў) і ў формах індыкатыву (цяперашні, мінулы, даўномінулы час), астатнія лады — пазачасовыя. У асабістых формах дзеяслова катэгорыя часу выражаецца проціпастаўленнем асноў (ад аорыстнай і перфектнай — аорыст, перфект, плюсквамперфект) і асабовых канчаткаў (першасныя — цяперашні час ад прэзентнай асновы, другасныя — імперфект, аорыст (сігматычны, асігматычны), плюсквамперфект ад усіх тыпаў асноў).

У катэгорыі ладу адзначаюцца абвесны, загадны, умоўны лады, аптатыў, ін'юнктыў.

Лексіка правіць

Абсалютная большасць лексікі авестыйскай мовы мае агульнаарыйскае (індаіранскае) паходжанне, на сінхронным узроўні цяжка выявіць запазычанні з іншых іранскіх моў. Некаторыя даследчыкі схільныя бачыць у шэрагу ўласных імёнаў Гатаў антрапонімы скіфскага паходжання.

У сваю чаргу, авестыйская мова ўзбагаціла лексіку іншых народаў, якія вызнавалі зараастрызм. У сучаснай персідскай мове некаторыя словы маюць авестыйскае паходжанне (آتش āteš «агонь» з авест. ātarš, بهشت behešt «рай» з авест. vahišta- (ahu-) «найлепшы (свет)»).

Зноскі

  1. Michael Witzel. The home of the Aryans. — Harvard University. — С. 10.
  2. Mallory, J. P. Yazd culture // Encyclopedia of Indo-European culture. — London: Fitzroy Dearborn Publishers, 1997. — С. 653. — ISBN 978-1-884964-98-5.
  3. Eastern Iranian languages // Encyclopædia Iranica. — 1996.
  4. Hoffmann, Karl. 3 // Avestan language. — Encyclopedia Iranica. — London: Routledge & Kegan Paul, 1989. — С. 47-52.
  5. Hoffmann, K. Avestan language // Encyclopaedia Iranica. — Т. III.
  6. Afghanistan vi. Paṧto // Encyclopædia Iranica. — 1983.
  7. Miller, Gary D. 44 // rt-Clusters in Avestan. — Language. — 1968. — Т. 2.1. — С. 274.
  8. Gray, Louis H. 61 // On Avesta Š = ÁRT, Ṛ́T, ŌI = AI, and Å̄ = Ā(H). — Journal of the American Oriental Society. — 1941. — Т. 2. — С. 102-103.
  9. Miller, Gary D. 44 // rt-Clusters in Avestan. — Language. — 1968. — Т. 2.1. — С. 274-275, 282.

Літаратура правіць

  • Beekes, Robert S. P. A Grammar of Gatha-Avestan. — Leiden: Brill, 1988. — ISBN 90-04-08332-4.
  • Hoffmann, Karl; Forssman, Bernhard. Avestische Laut- und Flexionslehre. — Innsbrucker Beiträge zur Sprachwissenschaft 84. — Institut fur Sprachwissenschaft der Universität Innsbruck, 1996. — ISBN 3-85124-652-7.
  • Виноградова С. П. Авесты язык // Языки мира: Иранские языки. — Восточноиранские языки. — М.: ИНДРИК, 2000. — Т. III. — С. 10-38.
  • Соколов С. Н. Авестийский язык. — М.: Издательство восточной литературы, 1961.

Спасылкі правіць